Наталля Зося Баўтрамюк

boudar-05Заўсёды знаходзіце тут фельетоны Януша Корбеля, а сёння я хацела да вас, Чытачы, звярнуцца. Чаму? Таму, што чытаючы Яго тэксты наўрад ці ведалі вы Яго як чалавека. А варта. Сябравала я з Янушам доўга, ужо трэцюю часць майго жыцця і хачу вам пра яго распавесці.
Пасябравалі мы, калі я закончыла ліцэй, а Яму было шэсцьдзесят. Таму заўсёды гаварыў, што сустракаю гісторыю, але я толькі з таго смяялася, бо ніколі не стаў Ён старыком, заўсёды дзейны і адкрыты на свет.
Януш шмат дзе ў Польшчы жыў за сваё жыццё, а Белавежскую пушчу абраў за сваё месца пятнаццаць гадоў таму назад, бо хацеў за яе змагацца – каб гэтая жамчужына сярод пушчаў, спадчына чалавецтва, ператрывала для наступных пакаленняў. Шмат гадоў быў старшынёю Таварыства Аховы Краявіду, у якім і я дзейнічала.
Прыехаў сюды дзеля прыроды, але не мог не закахацца ў культуру нашых ваколіц. Такім чынам і патрапіў на старонкі Часопіса.
Сам паляк, у адным перапісе насельніцтва запісаўся беларусам, але не ў нацыянальнасці Ён бачыў найбольшую вартасць. Заўсёды асцерагаўся дзялення на сваіх і чужых, вучыў нас, што з такіх падзелаў няма карысці. З другога боку, не намерваўся сябраваць з кожным за цану сваіх поглядаў. Узгадваецца яго „няма капрамісу ў абароне маці – Зямлі”.
Януш гэта чалавек, які да сваёй ідэі ўмеў пераканаць шмат каго і шмат каго заахвоціў да змагання за прыроду. Стараўся абудзіць грама­дзянскую актыўнасць.
Цікава, што я не ведаю нікога, хто меў бы столькі сяброў, колькі меў Януш. Са сваёй харызмай нікога не пакідаў абыякавым (дык і ворагаў напэўна меў, але я не пра іх). Меў у сабе нейкі ўнікальны магнетызм. Пры чым Яго сябры – гэта часта людзі самі па сябе незвычайныя – артысты, навукоўцы, дзеячы. Бянтэжыла мяне і цешыла няраз, што і я магу з імі пазнаёміцца, бо сама, шэрая мышка, баялася б да такіх славутасцяў і адазвацца. А пасьля атрымлівалася, што яны такія цудоўныя, нармальныя людзі…
Думаю, што ўсіх нас да Януша прыцягвала багацце Яго душы. Калі пераглядаю здымкі, якія зрабіў мне Януш, я на ўсіх выглядаю на вельмі шчаслівую. Бо сядзець у Яго доме, піць гарбату, размаўляць доўга і пра ўсё, грэціся аб печку, гэта сапраўднае шчасце. Каб вы бачылі Яго дом! Яго дом гэта працяг Яго асобы. Звычайная простая белавежская хата.
Унутры гэтай хаты рэчаў што­дзённага карыстання няшмат і самыя простыя, а заадно прыгожыя. Старынныя прадметы, нязвыклыя фатаграфіі, карціны, шмат цікавінак прыроды і культуры, але не нейкія грандыёзныя калекцыі, якія госць вымушаны пахваліць перад абедам, а такія дробязі, якія можна заўважыць па дарозе з кухні ў салон і ўсміхнуцца.
Усмешка, можа гэта вось тое, дзякуючы чаму не было між намі бездані гадоў. Калі Януш смяяўсяа, у яго былі такія маладыя вочы! Ну так, Ён быў такі будыст, мінімаліст, змагар, але таксама ж чалавек. Любіў таксама хутка ездзіць на сваёй машыне, а зімой нават дрыфтаваць як юнак. Калісь змагаўся ў рэйдах. А яшчэ аднойчы з сябрамі пабудаваў драўляную хату ў гарах. А яшчэ ўмеў змагацца шабляй ці можа фларэтам. А яшчэ напісаў і выдаў шмат кніжак. А яшчэ быў Ён доктар архітэктуры. А яшчэ ўмеў зрабіць чароўныя здымкі Пушчы. А яшчэ Ён прывёў у Польшчу філазафічны нурт глубокай экалогіі.
А яшчэ Ён мяне навучыў, што той, хто дае, павінен быць удзячны.
Яшчэ хачу пісаць і пісаць, каб ніколі ня трэба было сказаць таго, што Ён памёр тры дні таму назад. Сумую, што многія з вас ніколі ўжо не змогуць пазнаёміцца з Ім асабіста. І спачуваю ўсім сябрам, якіх Ён пакінуў, не паспеўшы развітацца. І перадусім сям’і. Шкада, што не магу ўжо Яго пабачыць. Ён напэўна жартаваў бы з гэтай сваёй смерці, як з нечага зусім несур’ёзнага, як з чарговага працэсу ў прыродзе, які закончыўся, каб даць месца іншым працэсам.
Смейся, Януш, але ведай, што памятаем і памятаць будзем, бу­дзем, будзем!..
(Яўдося) ■boudar-05

Каментарыі

  1. Can I just say what a relief to find someone who actually knows what theyre talking about on the internet. You definitely know how to bring an issue to light and make it important. More people need to read this and understand this side of the story. I cant believe youre not more popular because you definitely have the gift.