Апошні дыктатар, першы прэзыдэнт – Ян Максімюк (7-8/2014)

Цяжка было ўявіць сабе больш ненавіснага палітыка ў Польшчы, чым генэрал Войцэх Ярузэльскі ў 1982 годзе – у тым часе першы сакратар Польскай аб’яднанай рабочай партыі, прэм’ер-міністар і міністар абароны – які 13сьнежня 1981 увёў у краіне ваеннае становішча.

      1982-гі быў, бадай, самым панурым годам у гісторыі польскага «сацыялізму з чалавечым абліччам». На вуліцах гарадоў стаялі танкі і БТР-ы, навіны ў тэлебачаньні чыталі дыктары ў вайсковых уніформах, сам генэрал Ярузэльскі мільгаў у тэлевізары ў чорных акулярах – ну, рыхтык як генэрал-завадатар хунты ў нейкай Балівіі або Сальвадоры.
Мне прыгадваецца папулярны рыфмаваны лёзунг сярод польскай студэнцкай моладзі таго часу: «Orła wrona nie pokona» (арла варона не пераможа). Арол, вядома ж, быў сымбалем незалежніцкіх памкненьняў польскага народу, прыдушанага апошнія 200 гадоў расейскай гегемоніяй – царызмам у ХІХ стагодзьдзі і бальшавізмам у ХХ. А варона – гэта быў сам генэрал Ярузэльскі, «прыслужнік Масквы» і сьмешны камуністычны дыктатар у цёмных акулярах, які стаяў на чале Вайсковай рады нацыянальнага выратаваньня (якая ў польскай мове мела абрэвіятуру, nomen omen, WRON – Wojskowa Rada Ocalenia Narodowego). Да таго ж, паводле чуткі, якая маланкава разышлася ў народзе, продкі Войцеха Ярузэльскага былі шляхтай зь гербам пад назвай Ślepowron, то бок «сьляпы крумкач». Бываюць жа такія нечаканыя супадзеньні ў гісторыі…

Войцех Ярузэльскі на цырымоніі сьвяткаваньня 15-годзьдзя пагадненьняў «Круглага стала», 2004 год
Войцех Ярузэльскі на цырымоніі сьвяткаваньня 15-годзьдзя пагадненьняў «Круглага стала», 2004 год

Неяк тады ніхто з нас, студэнтаў, ня думаў, якім жа чынам патомак шляхецкага роду мог дайсьці да вяршыняў палітычнай і вайсковай кар’еры ў камуністычнай сыстэме. І ніхто з нас ня ведаў, што генэрал Ярузэльскі носіць цёмныя акуляры не таму, што яму захацелася быць падобным на генэрала Аўгуста Піначэта, а таму, што ён трывала пашкодзіў сабе зрок – захварэў невылечна на гэтак званую «сьнежную сьлепату» – калі трапіў у рукі бальшавікоў у 1941 годзе і быў вымушаны секчы тайгу на Алтаі.
Войцех Ярузэльскі, які памёр 25 траўня на 91-м годзе жыцьця, – неадназначная постаць у найноўшай польскай гісторыі. Нават ягоныя палітычныя апанэнты, якіх ён зьняволіў пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча, прызнаюць, што гэта быў ня толькі камуністычны дыктатар, але і палітык вялікага фармату, які ажыцьцявіў у Польшчы ўзорны і бяскроўны пераход ад камуністычнай сыстэмы да дэмакратыі. Некалькі дзясяткаў забітых у сутычках пратэстоўцаў зь міліцыяй падчас ваеннага становішча – гэта, як цяпер падкрэсьлівае шмат хто з польскіх камэнтатараў, непараўнальная цана з той, якую сёньня плацяць украінцы за спробу рэформы сваёй палітычнай сыстэмы.
Польскія гісторыкі, мабыць, ніколі ня прыйдуць да адназначнай
Цяжка было ўявіць сабе больш ненавіснага палітыка ў Польшчы, чым генэрал Войцэх Ярузэльскі ў 1982 годзе – у тым часе першы сакратар Польскай аб’яднанай рабочай партыі, прэм’ер-міністар і міністар абароны – які 13сьнежня 1981 увёў у краіне ваеннае становішча.
высновы наконт таго, ці фактычна трэба было генэралу Ярузэльскаму ўводзіць ваеннае становішча і забараняць «Салідарнасьць», ці можна было абысьціся і бяз гэтага. Пакуль што не існуе пераканаўчых доказаў, што Масква была гатовая ў 1981 годзе правесьці вайсковую інтэрвэнцыю ў Польшчу, каб задушыць «Салідарнасьць». Шмат хто, аднак, лічыць, што саветы маглі гэта зрабіць, і што Ярузэльскі, вывеўшы сваіх салдатаў на вуліцы, пазьбег гэтай інтэрвэнцыі і нацыянальнай трагедыі. Бо ніхто ў Польшчы не сумняецца, што калі б саветы ўвайшлі ў Польшчу ў 1981-м або 1982-м, пачалася б узброеная барацьба і краіна была б залітая крывёю…
Іншыя кажуць, што нават без пагрозы савецкай інтэрвэнцыі ў пачатку 1980-х сытуацыя ў Польшчы няўхільна ішла ў бок «украінскага Майдану», і што Ярузэльскі, увёўшы ваеннае становішча, адабраў у радыкалаў у партыйным кіраўніцтве магчымасьць крывавай расправы з апанэнтамі з «Салідарнасьці» на вуліцы, то бок, Ярузэльскі насамрэч уратаваў Леху Валэнсу і ягоным паплечнікам жыцьцё, ізаляваўшы іх у месцах адасабленьня.
А іншыя кажуць, што ўсё тое дзесяцігодзьдзе – то бок 1980-я – гэта быў змарнаваны для Польшчы час, які не дазволіў краіне пайсьці на шляху паступовых рэформаў сацыялістычнай эканомікі, як гэта адбывалася, напрыклад, у Вугоршчыне…
Паводле аўтарытэтнага апытаньня, праведзенага ў Польшчы ў 2001 годзе, 51% палякаў лічыў, што ўвядзеньне ваеннага становішча Ярузэльскім было правільным крокам; у 2011 годзе гэтае рашэньне ўхвалялі 44% апытаных. Сам генэрал Ярузэльскі па-рознаму тлумачыў ваеннае становішча – раз апраўдваў яго пагрозай савецкага вайсковага ўварваньня і агрэсіўнасьцю «Салідарнасьці», іншым разам пагрозай спыненьня паставак энэрганосьбітаў з СССР і каляпсам польскай эканомікі.
Калі пасьля заканчэньня ягонай палітычнай кар’еры журналісты пыталіся ў яго, чаму ў 1947 годзе ён, вайсковец са шляхецкага роду, уступіў у камуністычную партыю, Ярузэльскі адказаў, што лічыў сацыялізм «добрай рэччу» і што ў тагачаснай палітычнай рэчаіснасьці адзіным шанцам захаваць польскую дзяржаўнасьць ён бачыў палітыка-эканамічны саюз з Масквою.
«Генэрал Ярузэльскі быў трагічнай постацьцю. У сваім жыцьці ён мог выбіраць толькі меншае зло», – сказала прафэсар Ядвіга Станішкіс, вядомы польскі сацыёляг, пасьля сьмерці Войцеха Ярузэльскага.
Іншы польскі сацыёляг, прафэсар Януш Чапінскі, выказаўся пра Ярузэльскага наступным чынам:
«Адносіны да Ярузэльскага ня будуць так адназначна адмоўнымі, як да генэрала Аўгуста Піначэта. Гэта іншы фармат чалавека. Ён не забіваў людзей толькі таму, што баяўся апазыцыі. Ён спрабаваў вырашыць гэтае пытаньне ў белых пальчатках, праз адасабленьне. Ахвяры, зразумела, былі, але гэта не былі ахвяры, якія ён сабе заплянаваў, уводзячы ваеннае становішча».
І ўсё ж пад самы канец палітычнай кар’еры, як здаецца, у генэрала Ярузэльскага зьявілася магчымасьць выбіраць ня толькі паміж рознымі ступенямі зла, але і паміж злом і дабром. І ён гэтай магчымасьцю скарыстаўся. У 1989 годзе Ярузэльскі пагадзіўся на перамовы з апазыцыяй, вядомыя ў найноўшай гісторыі Сярэдняй Эўропы як перамовы за «круглым сталом». Гэтая падзея давяла да першых у сацыялістычным лягеры часткова дэмакратычных выбараў і да дэмантажу камуністычнага ладу ў Польшчы. Ярузэльскі, каб правесьці гэты дэмантаж да канца, пагадзіўся стаць апошнім прэзыдэнтам Народнай Польшчы і першым прэзыдэнтам ІІІ Рэчы Паспалітай, то бок, выканаў ролю і далакопа, і павітухі. А потым, у сьнежні 1990 году, сышоў у цень.
Яму было наканавана пражыць яшчэ амаль чвэрць стагодзьдзя пасьля свайго палітычнага сыходу. Нягледзячы на тое, што ў дачыненьні да яго ў дэмакратычнай Польшчы былі адкрытыя судовыя справы і шмат хто публічна ганьбіў ягоную асобу, Ярузэльскі ніколі публічна не пашкадаваў свайго рашэньня «кінуць» сацыялізм дзеля дэмакратыі. Гэта, што ні кажы, прыкмета палітыка вялікага фармату. Нават калі ў гэтым фармаце знайшлося месца і на цёмныя ды страшнаватыя закуткі…

10 Comments

Comments are closed.