Календарыюм – Лістапад

kalendarium-01Лістапад– гадоў таму

495 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагародку, помніка архітэктуры готыкі.
435 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы ўнівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе.
395 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага.
315 – 1699 г. Пачатак выдавецкай дзейнасьці ў Амстэрдамe беларускага кнігавыдаўца й асьветніка Ільлі Капіевіча, які выдаў там каля 20 навуковых кнігаў.
300 – 25.11.1714 г. каля Наваградка нар. Тамаш Жэброўскі, архітэктар і матэматык. Выкладаў у Віленскай Езуіцкай Акадэміі (1752-1758) і Полацкім калегіюме. Асноўныя працы: езуіцкі касьцёл у Бабруйску (1745-46), будынак езуіцкага калегіюма ў Жодзішках, касьцёл сьв. Ігнацыя, абсэрваторыя езуіцкага калегіюма ў Вільні; кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага кляштара. Памёр 18.03.1758 г.
245 – 1769 г. Пабудова ў Жыровічах каля Слоніма Богаяўленскай і Крыжаўзьдзьвіжанскай цэркваў.
230 – 8.11.1784 г. нар. Тэадор Нарбут (пам. 26.11.1864 г.), гісторык і археоляг, аўтар „Гісторыі літоўскага народа”.
230 – 19.11.1784 г. у Вульцы Бельскага пав. нар. Міхал Баброўскі, слявіст і арыенталіст. У 1822-1824 гг. і 1826-1833 гг. прафэсар Віленскага ўнівэрсытэта, з 1933 г. атрымаў прыход у Шэрашаве, дзе і памёр 3.10.1848 г.
155 – 29.11.1859 г. у в. Корніца каля Белай-Падляшскай нар. Мікалай Янчук (пам. 6.12.1921 г.) выдатны этнограф, фальклярыст, літаратуразнавец, пісьменьнік, прафэсар Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту.
130 – 6.11.1884 г. у в. Мікалаеўшчына каля Стoўбцa нар. Язэп Лёсік (пам. 1.04.1940 г. у Саратаве), выдатны грамадзкі й палітычны дзеяч, мовазнавец, пісьменьнік, пэдагог. У 1911 г. за незалежніцкую дзейнасьць сасланы ў Сібір. Падтрымліваў сувязь з „Нашай Нівай”, са ссылкі вярнуўся ў палове 1917 г., стаў адным з лідэраў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, у 1917-1918 гг. рэдагаваў газэту „Вольная Беларусь”. Адзін з ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Аўтар між іншым „Практычнай граматыкі беларускай мовы”, названай пасьля яе друку „контррэвалюцыйнай”. У 1922 г. быў першы раз арыштаваны бальшавікамі. Чарговы раз быў арыштаваны ў 1930 г., сасланы ў глыб імпэрыі, арыштаваны ў 1938 г. ды закатаваны НКВД.
125 – 22.11.1889 г. у Малышаўцы каля Дубровы-Беластоцкай нар. а. Люцыян Хвецька, каталіцкі сьвятар, ініцыятар і першы рэдактар-выдавец „Крыніцы”, працаваў рэктарам Місіянерскага Інстытуту ў Любліне (1920-1931), пасьля прафэсар духоўнай каталіцкай сэмінарыі ў Пінску. З 1940 г. быў пробашчам у парафіі Хотава каля Стоўбцаў, дзе ў 1944 г. быў катаваны, пасьля чаго 28.04.1944 г. памёр у шпіталі ў Стоўбцах. Пахаваны ў Хотаве пры касцеле.
115 – 1.11.1899 г. у Сялятранцы каля Барысава нар. Міхась Клімковіч, пісьменьнік, аўтар гімна БССР. Памёр 5.11.1954 г.
110 – 5.11.1904 г. у Асецішчах каля Докшыц нар. Надзея Хадасевіч-Лежэ, мастак. З 1924 г. жыла ў Парыжы. Памерла 8.05.1983 г.
105 – 2.11.1909 г. у Прусах Слуцкага пав. нар. Максім Лужанін, паэт, aўтар між іншым паэмаў „Неаплачаны рахунак”, „Галасуе вясна зя вясну”. Памёр 16.08.2001 г. у Менску.
100 – 16.11.1914 г. у Пятровічах каля Сьмілавіч нар. Язэп Семяжон (сапр. Семяжонаў), пісьменьнік і перакладчык. Памёр 16.08.1990 г. у Менску, пахаваны на Паўночных могілках.
100 – 25.11.1914 г. у Дзедзінцы Браслаўскага пав. нар. а. Часлаў Сіповіч, каталіцкі сьвятар усходняга абраду, марыянін. Пасьля ІІ сусьветнай вайны жыў у Лёндане, дзе быў ініцыятарам і заснавальнікам Беларускага дому айцоў марыянаў. Памёр 4.10.1981 г. у Лёндане, пахаваны на могілках сьв. Пянкрата.
90 – 10.11.1924 г. у Вільні памёр а. Міхал Галянкевіч, праваслаўны сьвятар (нар. у 1852? у Бельскім пав.), заангажаваны ў беларускі нацыянальны рух у І сусьветную вайну і пасьля яе.
85 – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўлендзе (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым Беларуска-Амэрыканскага Грамадзкага Цэнтру „Полацак”, якога 18 гадоў быў старшынёй. Памёр 29.10.1993 г.
75 – 1.11.1939 г. былы настаўнік музыкі й дырыжор хору Віленскай Беларускай Гімназіі прыступіў у Беластоку да арганізаваньня прафэсыйнага ансамбля песьні й танца, які зараз называецца Дзяржаўнай Акадэмічнай Капэлай імя Рыгора Шырмы.
70 – 22.11.1944 г. памёр у турме ў Менску Кузьма Чорны (сапр. Мікалай Раманоўскі), пісьменьнік (нар. 24.06.1900 г. у маёнтку Боркі Слуцкага пав.).
65 – 29.11.1949 г у лагеры Тайшэт, Іркуцкай вобласьці памёр кс. Адам Станкевіч – сьвятар, палітычны, рэлігійна-культурны дзеяч. Нар. 6.01.1892 г. у в. Арляняты, Ашмянскага павету. У 1914 г. скончыў Віленскую Каталіцкую Сэмінарыю. Як адзін зь першых ксяндзоў стаў ужываць беларускую мову ў набажэнствах. У 1922 г. быў абраны паслом у польскі Сойм. Быў ініцыятарам, кіраўніком, рэдактарам многіх беларускіх арганізацыяў, публікацыяў. Прасьледаваны польскімі ўладамі. Нямецкую акупацыю перажыў у Вільні, трымаючыся здаля ад акупацыйных уладаў. У 1944 г. не падаўся ў эміграцыю, быў арыштаваны савецкімі ўладамі.
55 – 19.11.1959 г. памёр Мікалай Нікольскі, гісторык, усходазнавец (нар. 13.11.1877 г. у Маскве),дасьледаваў гісторыю Царквы на беларускіх землях; этнаграфію і фальклёр Беларусі, з 1931 г. узначальваў сэктар этнаграфіі і фальклёру Інстытута гісторыі АН Беларусі, у 1937-1953 гг. дырэктар Інстытута.
45 – 8.11.1964 г. памёр Валянцін Волкаў, мастак (нар. 19.04.1881 г. у г. Ялец Ліпецкай вобл.), выкладаў у Віцебскім Мастацкім Тэхнікуме і Беларускім Тэатральна-Мастацкім Інстытуце.
30 – 1.11.1984 г. у Вільні памёр Пётра Сергіевіч, беларускі мастак (нар. у 1900 г. у Стаўрове на Браслаўшчыне). Пахаваны на Антокальскім вайсковым могільніку.
20 – 13.11.1989 г. памёр Фёдар Янкоўскі, мовазнавец і пісьмень-нік (нар. 21.09.1918 г. у в. Клетнае каля Глуска). Аўтар працаў: „Беларускае літаратурнае вымаўленьне” (1976), „Сучасная беларуская мова” (1984), „Гістарычная граматыка беларускай мовы” (1989).
Апрацавалі Лена Глагоўская
і Вячаслаў Харужы ■

10 Comments

Comments are closed.