Мода з бабулінай камоды – Віталь Воранаў (10/2014)

Праз дваццаць гадоў незалежнасьці ў Беларусі паціху зьяўляецца свой дыскурс. Доказам гэтага зьяўляюцца дэбаты пра вышыванкі, якія зацягнуліся на ўсё лета і заангажавалі шырокае кола як камэнтатараў, так і аўдыторыі. На гэтую тэму выказаўся кожны хто не паленаваўся, а тэма вышыванак не сыходзіла са сродкаў масавай інфармацыі на працягу ўсяго цёплага сэзону.

felietonisci-10-02Падляшша ўнесла ў гэтую размову свой яскравы акцэнт, што, дарэчы немалаважна для паўнавартаснай прысутнасьці гэтага рэгіёну на культурніцкай мапе Беларусі. Мінск заўважыў зьяўленьне ў Беластоку брэнду Xoroshe, што ў выніку матэрыялізавалася тэкстам Будзьмы „Вопратка з беларускімі арнамэнтамі заваёўвае Польшчу”. Аднак са сканчэньнем лета спрэчкі пра нацыянальную вопратку не сьціхлі, а наадварот, сьмелым крокам увайшлі, як і належыць сфэры моды, у восеньскі сэзон. Ужо 5-га кастрычніка ў Менску плянуецца правядзеньне Дня Вышыванкі, на якім будуць прадавацца рэчы з нацыянальнай сымболікай. Таму ставіць кропку ў вышыванкавай справе відаць яшчэ зарана, але і рабіць агульныя высновы таксама ня позна.
Вяртаньне вышыванкі і нацыянальных узораў у сучасную моду можа камусьці падацца анахранізмам часу. Маўляў, нацыянальныя строі гэта саламяна-вясковае мінулае і вяртацца да яго ў моцна ўрбанізаванай беларускай рэчаіснасьці ня мае ніякага сэнсу. Але прыхільнікі такой думкі забываюцца пра тое, што вышыванка гэта не гістарычнычна-музэйны артэфакт, але перш за ўсё мода пэўных пэрыядаў беларускай мінуўшчыны. Больш за тое, мода як зрэшты гісторыя ў цэлым, мае цыклічны характар. Невыпадкова, што на подыюмы Парыжу і іншых гарадоў, якія фармуюць вопраткавыя ўпадабаньні ва ўсім сьвеце, зноў і зноў, з пэўнай рэгулярнасьцю, вяртаюцца модныя у 30-х, 60-х, ці 80-х рэчы, пасьля чаго становяцца моднымі нанова. Вышыванка як мода нашых прапрабабуль ці бабуль мае гэткае самае права на вяртаньне на вуліцы нашых гарадоў, як і пышы рыныя ўнізе нагавіцы, клетчатыя спадніцы, ці эксцэнтрычныя капелюшы. Як слушна заўважае заснавальніца падляскай маркі Xoroshe, Магдалена Петрук: „Народныя, рэгіянальныя строі былі надзвычай модныя ў 1914 годзе, жанчыны дзяліліся ўзорамі фартушкоў, вышывалі багата аздобленыя сарочкі, таму што тыя вышыванкі былі не толькі прыгожыя, але і модныя. Мы прывыклі ўспрымаць моду таго часу як штосьці музэйнае, ізаляванае ад катэгорый сучаснага мысленьня, а чаму ўзоры нашых бабуль не маглі б вярнуцца ў форме гарадской моды ў 2014 годзе?”
Цыклічнага характару моды не заўважае толькі той, хто мала ведае пра моду як сацыяльны фэномэн. Мода зьяўляецца і зьнікае, а пасьля вяртаецца ў той ці іншай форме. Мода не кіруецца рацыянальнымі чыньнікамі, а фармуецца густамі яе стваральнікаў, якія з прычыны на абмежаванасьць рэпэртуару пэрыядычна вяртаюцца да таго, што было папулярным у мінулым. З часу камэрцыялізацыі гэтай індустрыі, грамадзкасьць зьяўляецца ўсяго толькі адрасатам модных тэндэнцый, а не іх стваральнікам. Хіба ж мала хто думае, што высокія абцасы папулярныя, таму што хадзіць на іх зручна, або што няспыннае скарачэньне спадніц не выклікае ў той самай грамадзкасьці пэўнага звычаёвага дыскамфорту. Звычаёвасьць, дарэчы, таксама мае цыклічны характар, паколькі спадніцы ўвесь час скарачацца ня могуць і мода на доўгія спадніцы, безумоўна, вернецца разам са зьменай грамадзкай маральнасьці, што здаралася ў мінулым шматкроць. Першай ластаўкай можа быць увядзеньне забароны і высокі штраф за пацалункі ў Венскім мэтро, але пра цыклічнасьць маральнасьці можа іншым разам.
Мода гэта таксама, хоць і прымітыўны ў сваёй форме, супраціў паўсюднай глябалізацыі. Не заўважаць гэтага ў беларускіх умовах было б памылкай, як у Беларусі гэтак і на Падляшшы, дзе беларускасьць размываецца ці аднолькава хутка. Беларуская вышыванка гэта самая простая форма дэклярацыі клянавай прыналежнасьці. Невыпадкова, што вышыванкавая тэма прыйшла да нас з Украіны, дзе адбываюцца бурныя як нацыяўтваральныя, так і нацыяразбуральныя падзеі. Беларускія ўзоры гэта код, для пасланьня якога дастаткова апрануць на сябе кашулю і пайсьці да людзей. Прычым код гэты, у адрозьненьне, напрыклад ад бел-чырвона-белага, або дзяржаўнага сьцяга хутчэй аб’яд-ноўвае, чым раз’ядноўвае апялягетаў той ці іншай вэрсыі нацыянальнай ідэі. Нацыянальныя ўзоры нашмат больш унівэрсальныя за іншыя сымбалі, хоць бы з прычыны на тое, што іх шмат і таму што яны вельмі разнародныя. Прычым, арнамэнтаў не цураюцца ні прадстаўнікі ўлады, ні яе праціўнікі, а таму значэньне вышыванкі ў наш неспакойны час з кожным днём узрастае. Вядома, код не заменіць зьместу, але калі ён правільны, то цалкам верагодна, што можа да гэтага зьместу калісьці прывесьці. Для таго каб шыфр меў значэньне, у ім мусіць быць закладзены канкрэтны, а не нейкі, сэнс.
Нацыянальная вопратка не робіць з беларуса беларуса, так як не робіць ні мова, ні так званая сьвядомасьць. „Формула” вывядзеньня беларуса нашмат больш складаная. У гэтым пляне моду на вопратку можна прынамсі апраўдаць, зноў жа яе цыклічным характарам, чаго немагчыма зрабіць напрыклад у выпадку моды на мову, за якую выступае вялікая частка прагрэсіўнай грамадзкасьці, а зь якой я спрачаюся пры кожнай магчымай нагодзе. Ізноў працытую верш Ларысы Геніюш: „Гаварыць па-беларуску — гэта модна./Мовы маці, кажуць, не забыць./Для мяне ж гэта не модна, толькі родна —/гэта так, як піць, як есць, як жыць…”
Мае рацыю пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч калі піша, што вышыванка не заменіць чытаньня, але гэтаксама кніжкі не заменяць бялізны, ну хіба што ў самым авангардным вымярэньні дызайнэрскіх дзівацтваў. Чытаюць далёка не ўсё, а майткі апранае пераважная большасьць насельніцтва, таму параўноўваньне гэтых дзьвюх сфэр не зусім удалае. Вядома, што глыбіннае, унутранае разьвіцьцё нашмат важнейшае за павярхоўныя, матэрыяльныя знакі, але зьмяніць гэтыя трывалыя, плюс мінус у адзін ці іншы бок, прапорцыі немагчыма. Дэмакратычная большасьць заўжды будзе прымітыўным нэандэртальцам і кніжак чытаць ня будзе, хоць ты абсталюй кожную хату багатай бібліятэкай клясыкі.
Адзінае за што беларус можа не любіць вяртаньня вышываначнага трэнду дык гэта характэрная для нашай эпохі прымітывізацыя і камэрцыялізацыя глыбокай па сваёй сутнасьці традыцыі. Друкаваньне арнамэнтаў на кітайскіх майках і называньне гэтага вышыванкамі можна апраўдаць тым, што ў цыклічнай натуры паўтарэньня прадбачаная і закладзеная зьмена і дапаўненьне, але з пункту гледжаньня традыцыяналізму, такі падыход апраўданьня ня мае. Прадукт адарваны ад рытуалу губляе сваё сакральнае значэньне. Майкі з прынтамі не заменяць кашулю, якую маці з любоўю, доўгімі вечарамі вышывае для свайго дзіцяці, а вышыты на машынцы шлюбны ручнік ніколі не стане сямейным абярэгам. Таму мода на вышыванкі мецьме значэньне толькі тады, калі разам з узорамі будзе адраджацца таксама рытуал, калі дзяўчаты будуць вучыцца ў сваіх бабуль шыць, ткаць і абыходзіцца з матар’ялам, а пасьля перадваць награмаджаныя веды сваім дачкам. Толькі тады вышыванкі стануцца часткай цэласнасьці нацыянальнага сьветаўспрыманьня, а не толькі мінаючай модай.

2 Comments

Comments are closed.