„Гэта значыць, што пісьменства наша краснае жыве!” Пацверджаннем гэтай тэзы з верша Уладзіміра Арлова стаў восьмы выпуск альманаха „Беларус”, які нядаўна пабачыў свет у Амерыцы.
Выданне гэтае мае выключную і ў нейкім сэнсе вузкую функцыю: публікаваць мастацкія тэксты, створаныя літаратарамі, якіх лёс закінуў далёка ад метраполіі. Геаграфія іх пражывання вельмі шырокая – ад Беласточчыны і Палтавы да Аўстраліі, Сібіры і ЗША. Большасць аўтараў альманаха жыве ў Злучаных Штатах, што і зразумела, бо сам альманах заснаваны ў 2007 годзе амерыканскім беларусам Маратам Клакоцкім і працягвае выдавацца ў „горадзе вялікага яблыка”. Трэба адзначыць, што выданне – цалкам безганарарнае і выходзіць на варштат толькі дзякуючы ахвяраванням з усяго свету. Пазначаныя на першых старонках сумы і ахвярадаўцы (калі прыраўнаць нумарыз першага да апошняга) дазваляюць казаць пра ўсё большую актыўнасць мецэнатаў. Так, калі ў 2009 годзе выдаўцу было даслана 780 даляраў, то сёлета лік ахвяраванняў пераваліў за 3000, што не можа не цешыць. Гэта дае надзею і на новы нумар.
Кола аўтараў „Беларуса” даволі трывалае. Прынамсі 15-20 літаратараў публікуюцца ў ім штогод. Ледзь не ў кожным з васьмі нумароў „Беларуса” можна знайсці імёны Лявона Баравога, Ірыны Варабей, Віталя Воранава, Зьмітра Давыдзенкі, Віталя Зайкі, Віктара Кавалеўскага, Цімоха Ліякумовіча, Алега Мінкіна, Пётры Мурзёнка, Сержука Сокалава-Воюша, Макса Шчура, Валянціны Якімовіч. Але гэта не азначае вядомай часопіснай „групаўшчыны”: тут справядліва казаць, што рэдактар друкуе тое, што маецца ў ягоным „партфелі”, бо ніякія ўзроставыя ці то каштоўнасныя арыентыры тут не адыгрываюць вялікай ролі. „Беларус” – альманах для літаратараў рознага веку і часам нават супрацьлеглых поглядаў. Па выданні можна, відаць, прасочваць амаль усе хвалі пасляваеннай эміграцыі (ад 1950-х да 2010-х гадоў), і прыкладная тэматыка і паэтыка іх тэкстаў выразна „паралеляць” з аднагодкамі з метраполіі: тэмы і хібы ў творцаў штотыднёвіка „Літаратура і мастацтва”, бадай, аднолькавыя з дэбютантамі і старажыламі эміграцыйнай літаратурнай супольнасці. Важна тое, што самая гэтая супольнасць існуе і яе нельга адпрэчыць беларускай філалагічнай навуцы (прынамсі, той яе частцы, якая ведае пра існаванне альманаха „Беларус”). Як мінімум некалькі тэкстаў вартыя сур’ёзнага разгляду. На маё гледзішча, у восьмым нумары „Беларуса” гэта тэксты Віталя Воранава, Якуба Лапаткі, Алега Мінкіна, Дзмітрыя Шатыловіча, Макса Шчура і Валянціны Якімовіч. На іх і спыню сваю ўвагу, тым больш што ў кароткай рэцэнзіі ахапіць 21 аўтара немагчыма.
Тэксты гэтых шасці літаратараў выразна падзяляюцца на ўласна літаратурныя і non-fiction. Так, Дзмітрый Шатыловіч і Валянціна Якімовіч выступаюць у ролі мемуарыстаў. Падарожныя нататкі „Геаграфія шчасця” Якуба Лапаткі, безумоўна, упісваюцца ў жанр травелогу. Жанр гэты быў некалі надзвычай папулярны ў літаратараў эміграцыі, але паступова заняпаў (пра гэта нядаўна распавядаў у адмысловым даследаванні Лявон Юрэвіч). Тым не менш тэкст Лапаткі варта аднесці да найбольш яркіх і таленавітых у гэтым жанры, што дасягнута аўтарам праз скрайнюю эмацыйнасць аповеду, іронію ў адносінах да рэчаіснасці і да самога сябе. Гумар, з якім аўтар спазнае новыя для сябе рэаліі Канарскіх выспаў, спалучаны ў яго з гістарычным апісаннем мясцінаў, амаль навуковым (гэты прыём вельмі характэрны для травелогу наагул). Але баланс паміж навуковым і аўтабіяграфічным дыскурсамі захаваны на належным узроўні.
Успаміны Дзмітрыя Шатыловіча не ўпершыню друкуюцца на старонках „Беларуса”. Яны неаднаразова публікаваліся і на радзіме аўтара – Падляшшы, у „Czasopisie” і газеце „Ніва”, выходзілі кнігамі. Для амерыканскага выдання аўтар прапанаваў тэкст „У лябірынце няволі”, які ахоплівае 1943-1944 гады ў ягонай біяграфіі. Мемуары прысвечаны феномену остарбайтарства. Вельмі падрабязна, з узнаўленнем найдрабнейшых дэталяў Дзмітрый Шатыловіч распавядае пра самую методыку вывазу насельніцтва на прымусовыя работы ў Нямеччыну, характар побыту остарбайтараў, умовы іх працы на чужыне. Вядома, усё гэта падаецца на ўласным прыкладзе, але ў поле зроку мемуарыста трапляе за гэты непрацяглы час яшчэ з дзясятак остарбайтараў, пра якіх таксама вядзецца гаворка. Іх умовы жыцця параўноўваюцца з умовамі апавядальніка. Нямала старонак прысвечана і адносінам немцаў да чужынцаў, іх стаўленню да людзей „ненардычнага” паходжання. Успаміны Шатыловіча, бясспрэчна, даюць багаты матэрыял для гісторыкаў – даследчыкаў остарбайтарства.
Зусім іншым па характары тэкстам ёсць мемуары Валянціны Якімовіч. Яны таксама не першы раз з’яўляюцца ў „Беларусе”, але кнігамі яшчэ не выходзілі. Мемуары Валянціны Якімовіч таксама друкуюцца фрагментамі. Нямала старонак у папярэдніх нумарах альманаха было прысвечана сяброўству аўтаркі з Анатолем Сысом. У новым выпуску Валянціна Якімовіч, скажам так, „прыпадае да вытокаў”, распавядаючы пра сваё дзяцінства і паступовае сталенне ў гарадскім пасёлку Касцюкоўка пад Гомелем. Тэкст мемуараў, як і раней, гранічна шчыры і вельмі суб’ектыўны. Гэта тая самая жаночая проза, існаванне якой чамусьці любяць адмаўляць. „Лілея, або Маё юнацтва” – аўтабіяграфія адной дзяўчыны, з узнаўленнем антуражу правінцыйных беларускіх 1960-х. Спадзяюся, выданне мемуараў Валянціны Якімовіч адбудзецца ў самым хуткім часе, бо гэты і ранейшыя яе тэксты, безумоўна, таго вартыя.
Вядомы пісьменнік Алег Мінкін, кожны твор якога варты ўвагі даследчыка, на гэты раз выступае ў жанры дзіцячай драматургіі. Ён прапануе чытачу дзве п’есы – перапрацоўкі беларускіх казак: „Хведар Жылка і сапраўдныя асілкі” і „Як Лыска ваўком быў”. Рэмаркі ў п’есах уключаюць у сябе і парады аўтара, што да дэкарацый і сцэнаграфіі. Драмы Мінкіна могуць быць скарыстаныя самадзейнымі тэатрамі, яны вельмі простыя ў пастаноўцы. Персанажы п’есаў нярэдка вядуць дыялог з дзецьмі-гледачамі, што з’яўляецца для гэтага жанру ледзь не традыцыйным прыёмам, які чамусьці (гэтаксама традыцыйна) рэдка выкарыстоўваецца беларускімі дзіцячымі драматургамі. А дарма.
Цэнтральнымі празаічнымі публікацыямі нумару з’яўляюцца-а апавяданні „Вудзельцы” (націск на другі склад) Віталя Воранава і аповесць „Мінор” Макса Шчура. Аўтары гэтыя не маюць патрэбы ў прадстаўленні, бо даўно з’яўляюцца заўважнымі прадстаўнікамі „новай беларускай прозы”. Кніга апавяданняў Воранава, якая толькі часткова апублікавана ў „Беларусе”, задумана аўтарам як своеасаблівы рымэйк вядомай кнігі Джэймса Джойса „Дублінцы”. Воранаў нярэдка вытрымлівае ў аповедзе і вымогі паэтыкі „Дублінцаў”: нейтральнасць апавядальніка, эпіфанію, парадаксальнасць, недаказанасць, кампазіцыйнае выбудоўванне цыклу аповедаў з тэмы дзяцінства да старасці і смерці. „Вудзельцы” – жыхары роднага Воранаву мястэчка Удзела на Глыбоччыне, але, нягледзячы на гэтую падкрэсленую геаграфічную правінцыйнасць, жарсці ў аповедах кіпяць не меншыя, як у ірландскай сталіцы. Адно толькі ўзнаўляецца там рэальнасць „ліхіх дзевяностых”, а не снабісцкі і пафасны Дублін канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Вось жа, застаецца толькі чакаць выхаду „Вудзельцаў” асобнай кнігай, якая нават на стадыі фрагмента ўжо выклікае немалую цікавасць.
Аповесць Макса Шчура „Мінор”, калі параўноўваць яе з тэкстамі ягонай кнігі „Ліст, знойдзены на папялішчы”, прадстаўляе аўтара крыху па-новаму (зрэшты, як і павінна быць у талковага аўтара). Цяпер гэта менш за ўсё твор-эксперымент з фармальнага боку гледзішча. „Мінор” больш нагадвае эсэ-ўспамін, які, захоўваючы вымогі мемуарнага жанру, паглыбляе чытача не толькі ведамі пра біяграфію аўтара, але і ведамі пра самога сябе. У стылістычным плане „Мінор”, калі шукаць паралелі, бліжэйшы да тэкстаў Генры Мілера, якія, убіраючы ў сябе рэчаіснасць, парадкуюць яе ў скрайне суб’ектыўным ключы, важным, можа быць, найбольш для самога аўтара-стваральніка. Аповед пра адну паездку ў Мюнхен, да старога сябра, ператвараецца для аўтара ў найважнейшы эпізод духоўнай біяграфіі, які стаецца падзелам жыцця: з экзальтаванага і легкадумнага еўрапейца—прыезджага-неафіта ён робіцца ўласна эмігрантам, будучыня якога стаецца цьмянай, і толькі мінулае асвятляе і развейвае гэтую цьмянасць. Аўтабіяграфічны міф, які ствараецца ў аповесці пісьменнікам (у тым ліку ў выніку ўнутранага маналогу апавядальніка, які асэнсоўвае сам працэс, характар і тэматыку пісьма), выходзіць з вузкіх асобасных межаў і кранае больш тонкія матэрыі – такія, як „вечнае вяртанне”.
Такім чынам, у восьмым нумары, як і ў папярэдніх, ёсць што чытаць і ёсць над чым задумацца. Не так ужо й шмат у нас літаратурных часопісаў на беларускай мове (на пальцах можна пералічыць!). „Беларус” выглядае ў іх шэрагу годна і працягвае трымаць марку.
Tsikhan Che
Lt7Isj Very good article. I will be facing some of these issues as well..
Some men on T treeatment have to take regular blood transfusions
too reduce the stickiness” of theior blood.
But patients and physicians must weigh the benefits and dangers of supplying testosterone supplementation to patients based on the advice provided by the FDA and otger research.