Плёткі старой цёткі (11/2014)

pljotki3-02Што мяне да гэтага паддзыгнула, сама ня ведаю. Раніцай тэлефон, бяру слухаўку.
– Гэля ***?
– Ну я.
– Гэта вас з тэлебачаньня турбуюць. Тут нам падказалі, што вы дужа пекна сьпяваць умееце.
– Анягож умею, – сьціпла адказваю я. – У мяне тут быў нядаўна адзін эфнограх, ці як іх там абзываюць. Дужа фальклёрам цікавіўся. Усё запісваў, занатоўваў, пазначаў нешта. Я яму 4 гадзіны па памяці сьпявала. На пятай гадзіне ён, небарака, заснуў, а калі я яго зноў ушчыпнула і сказала, каб запісваў, а не спаў, ён працёр вочы і зьбянтэжана сказаў “Цётка Гэля, ня дам рады”.
– Ну мы да вас тады пад’едзем з камэрай, калі вы ня супраць, – перабілі маю гісторыю тэлевізіёншчыкі.
– Чаго ж мне працівіцца, калі хлопцы харошыя, ды яшчэ з камэрамі, – сказала я і паклала слухаўку, а сама пайшла макіяж надзяваць.
Прыехалі тады хлопцы, камэрамі сваімі з усіх бакоў бакоў аблажылі, а зьверху яшчэ і мікрафон торкаюць, ну я свой марафон і пачала. А яны нешта мык-мык, раз-раз, і ўжо камэры пакуюць. Кажуць:
– Не, мальцы, так дзела ня пойдзе. Або давайце мой фальклёр паказвайце цалком, або не дурыце мне галавы і ідзіце запісвайце якую-небудзь бабу Франю, з-пад нейкага Забалоцьця.
Яны нешта рэпы пачухалі, пакумекалі, цішком параіліся і кажуць:
– Не бядуйце, цётка Гэля. Зараз прышлем да вас яшчэ адну-дзьве экіпы. З імі працягнеце.
pljotki-02Такім чынам сьпявала я ў той дзень тры разы, а калі праз тыдзень тэлевізар гэты ўключыла, падумала, што ласты там на месцы і склею. Пачынаецца, значыцца, беларуская хвілінка, мяне прадстаўляюць Гэля з Грэдэляў, беларуская, панімаеш, баба, фальклёр-шмальклёр, тое-сёе, ледзь я зяпу сваю разяўляю, можа хвіліну якую-дзьве прашмыльгнула, як тут мяне і праўда рэзка абразаюць, ды пачынаюць нешта пра солтыса і граблі расказваць, такая ў іх, разумееце, павага да высокай культуры… І ўсё гэта было б паловай бяды, калі б тут жа, тое самае не паўтарылася ва ўкраінскай хвілінцы, а пасьля яшчэ раз, у „сваёй” – што за такая “свая з гая” – я па сёньняшні дзень яшчэ не раскусіла. І гэта не тое, каб я была супраць сваёй славы, барані Бог!, я ўсімі рукамі нагамі толькі «за». Але ж мяне цяпер на ўсіх беларускіх форумах, як кажа мая ўнучка – забанілі. Ну гэта я ў першую чаргу пра кола вясковых гаспадынь у Грэдэлях. Мусі, бабы славы пазайздросьцілі…

Гэля з Грэдэляў

28 Comments

Comments are closed.