Шведскі місіянер Джон Віт – сябар беларусаў – Сяргей Чыгрын

Dzon1927
Джон Віт, 1927 г.

Беларускі паэт, калекцыянер, музыкант і мастак са Слоніма Гальяш Леўчык (Ілья Ляўкоўвіч) (1880-1944) у 1904 годзе трапіў у Варшаву. Там ён уладкаваўся на працу чарцёжнікам у гарадскі магістрат і наведваў лекцыі ў школе мастацтваў. Жывучы ў Варшаве, беларускі юнак актыўна пачаў знаёміцца з беларусамі, наладжваць розныя сустрэчы, ладзіць вечары і прэзентацыі, перапісвацца з беларусамі іншых краін. Праўда, у Варшаве Гальяш Леўчык жыў не пастаянна, ён часта наведваў родны Слонім, дзе была ў яго невялікая хатка на вуліцы 3 Траўня (цяпер вуліца Чырвонаармейская), прыязджаў таксама і ў Вільню.
У Варшаве Ілья Ляўковіч далучаецца да метадысцкай царквы і актыўна пачынае працаваць на яе карысць. Хутка яго прызначаюць сакратаром метадысцкага Амерыканскага камітэта ў Варшаве. А беларусы ў Варшаве ствараюць сваю арганізацыю – Беларускі камітэт. Відаць, не без дапамогі Гальяша Леўчыка, дзе яго аднагалосна выбіраюць сакратаром праўлення гэтага камітэта. Памяшканне Беларускага камітэта знаходзілася ў Варшаве на вуліцы Макатоўскай, 12, якраз у Доме метадыстаў. Як піша Юры Туронак, „лакалізацыя Беларускага камітэта ў Доме метадыстаў выклікае зразумелую цікавасць. Нячаста здараецца, каб адна арганізацыя трымала бескарысна пад сваім крылом іншую арганізацыю. Гэта наводзіць на думку магчымасць узаемных сувязей, супрацоўніцтва”.
Узаемасувязь метадысцкай царквы Гальяш Леўчык актыўна наладжваў з беларускай інтэлігенцыяй. Ды й сам паэт шмат перакладаў рэлігійнай літаратуры на беларускую мову, якая з’яўлялася ў выданнях „Арфа Сіану”, „Новае жыццё” і „Дух Праўды”. А напачатку 1920-х гадоў Гальяш Леўчык усё робіць дзеля сур’ёзных кантактаў метадысцкай царквы ў Варшаве з беларускай інтэлігенцыяй у Вільні.

У 1924 годзе ў Вільні ствараецца метадысцкі Амерыканскі камітэт. Падобны Камітэт быў створаны і ў Радашковічах. Сюды ўваходзілі такія вялікія асобы, як Аляксандр Уласаў, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Бурсевіч, Адам Більдзюкевіч, Радаслаў Астроўскі, Язэп Гаўрылік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Луцкевіч, Станіслаў Нядзведзкі і іншыя дзеячы. Беларусаў у метадысцкіх камітэтах найперш цікавілі сродкі, каб укладваць іх у беларускія справы. А метадысцкі Амерыканскі камітэт задавальняла тое, што пашыралася кола іх вернікаў на тэрыторыі усходняй Польшчы. Праз гэтыя два камітэты метадысты пачалі авалодваць беларускімі вёскамі і мястэчкамі, у якіх адчынілі шмат метадысцкіх парафій. Асабліва важнай падзеяй для прыхільнікаў метадызму была інспекцыя беларускіх метадысцкіх арганізацый, якую праводзіў шведскі місіянер Джон Віт (Ян Эмануіл Віт). У 1925 годзе ён прыязджае ў вёску Старое Сяло Слонімскага павета (цяпер гэта Зэльвенскі раён). Дык хто ж такі быў Джон Віт? І чаму яму найлепш жылося, працавалася і сябравалася сярод беларусаў?
Джон Віт нарадзіўся ў 1885 годзе сярод зулусаў у Паўднёвай Афрыцы ў сям’і шведскага місіянера. Калі яму споўнілася сем гадоў, сям’я вярнулася на радзіму ў Швецыю. Хлопчык вельмі цікавіўся тэхнікай. Таму яго бацькі адправілі вучыцца ў Германію ў адну з вышэйшых тэхнічных школ. Школу ён закончыў і атрымаў дыплом электраінжынера. Стаў працаваць па спецыяльнасці ў Швейцарыі, Германіі, Амерыцы і Швецыі.

У 1912 годзе Джон Віт прыязджае з сям’ёй у Рыгу, куды яго са Швецыі накіравалі на фабрыку гумовых вырабаў „Праваднік” як загадчыка электрычнай цэнтралі. На фабрыцы тады працавалі 15 тысяч чалавек. Але хутка ў сувязі з пачаткам першай сусветнай вайны, гэта прадпрыемства было эвакуіравана ў Маскву. Усе машыны, прылады і матэрыялы пагрузілі ў сотні вагонаў і адправілі на ўсход. Але ў Маскву вагоны дайшлі не ўсе. Па дарозе шмат іх згубілася. Адны даехалі да Масквы, іншыя трапілі ў Архангельск, Астрахань, Брэст і нават ва Уладзівасток. Таму пра аднаўленне фабрыкі ў тым складзе, якой яна была ў Рызе, і размовы быць не магло. Тады расійскія ўлады вырашылі пабудаваць тры меншыя фабрыкі. Наладжваннем абсталявання гэтых фабрыкаў займаўся і Джон Віт. Па вытворчых справах ён некалькі разоў ездзіў у Швецыю і ў Германію. А сям’ю сваю адвёз у Швейцарыю, скуль, відаць, родам была яго жонка.
У 1916 годзе Джон Віт звольніўся з „Правадніка” і пайшоў працаваць у іншыю фірму, якая мела некалькі прадпрыемстваў у Туркестане. Праз год да яго прыехала і жонка. Але ў Туркестане Вітам жылося не дужа соладка. Трэба было найперш утрымліваць сям’ю, якая была побач: жонка і трое дзяцей, найстарэйшаму сыну ішоў толькі сёмы год. У 1927 годзе на старонках беларускага грамадска-культурнага і літаратурна-мастацкага часопіса дэмакратычнага кірунку, органа ТБШ „Родныя гоні” Джон Віт апублікуе ўспаміны пра сваё вандроўнае жыццё ў Хінскім Туркестане. Артыкул называўся „4 гады сярод туркаў і хінцоў”. Пачатак успамінаў друкаваўся ў No 6 „Родных гоняў”, але больш нумароў гэтага часопіса не выйшла з друку. Таму заканчэнне ўспамінаў Джона Віта так і не з’явілася. А, магчыма, яны друкаваліся дзесьці ў іншым віленскім выданні. Пакуль мне знайсці іх не ўдалося. Але гэта будзе значна пазней.

Dzon_staic
Джон Віт (стаіць трэці справа) з выкладчыкамі беларускіх гімназій сярод беларускай інтэлігенцыі Радашковіч, канец 1920-х гадоў.

Тую складаную сітуацыю, у якую трапіў Джон Віт у Туркестане, немагчыма апісаць. У траўні 1918 года ён захварэў на воспу, а дачка яго – на запаленне лёгкіх і хутка памерла. І толькі праз пэўны час, дзякуючы метадысцкай царкве, Джон Віт вяртаецца ў Еўропу, дзе ён пачаў актыўна займацца грамадска-царкоўнай дзейнасцю. Спачатку ён прыязджае ў Рыгу на пасаду дырэктара дзіцячага служэння Метадысцкай Епіскапальнай Царквы, а потым пераязджае ў вёску Старое Сяло Слонімскага павета дзеля арганізацыі новых суполак, а таксама жыве і ў Вільні.

Заходняй Беларусі, сустракаецца з беларускімі дзеячамі, цікавіцца станам беларускага культурнага і адукацыйнага жыцця. У паездках яго часта суправаджаў Гальяш Леўчык.

У другой палове 1920-х гадоў шведскі місіянер метадыстаў вельмі часта наведвае Вільню, дзе сустракаецца з Радаславам Астроўскім, Браніславам Тарашкевічам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым і Антонам Луцкевічам. Спадар Віт цікавіцца не толькі царкоўнымі справамі, але і праблемамі беларускага нацыянальнага руху. Як піша гісторык Алег Латышонак, з гэтае пары ён стаў самым шчырым заступнікам беларусаў у царкве метадыстаў.

Джон Віт быў вельмі адукаваным чалавекам. Акрамя роднай шведскай мовы, добра валодаў англійскай, нямецкай, польскай. Ведаў рускую мову, хаця яе не любіў. Хутка пачаў вывучаць беларускую мову, стараўся на ёй размаўляць з беларусамі, вучыў і ведаў беларускія народныя песні. Сярод беларусаў яму было добра і дужа цікава. Ён адразу зразумеў праблемы беларускага люду, праблемы беларускай інтэлігенцыі. І колькі ў яго хапала сіл, стараўся дапамагаць беларусам.

Дзякуючы Джону Віту, царква метадыстаў была фундатарам школ і інтэрнатаў у Радашковічах, Вільні, Слоніме, Клецку. Віт трымаў пад кантролем беларускія гімназіі, перад ім рабілі пэўныя справаздачы, інфармавалі яго наконт беларускіх спраў на ніве адукацыі Астроўскі, Рак-Міхайлоўскі, Тарашкевіч, Уласаў, Луцкевіч. Джон Віт пастаянна выяўляў зацікаўленасць вучэбным працэсам, становішчамі вучняў і настаўнікаў, развіццём і станам школьніцтва і беларускай працы ў Польшчы, а таксама беларускім рэлігійным, культурным, нацыянальным і палітычным рухам у Польшчы. Ён вывучаў адносіны і настрой беларусаў да польскай дзяржаўнасці. Сам вельмі часта бываў на Слонімшчыне, у Радашковічах, у Клецку. Аляксандр Уласаў, які ўзначальваў у 1922-1929 гадах Радашковіцкую беларускую гімназію імя Ф.Скарыны, часта запрашаў Джона Віта ў госці. Джон Віт прыязжаў не толькі адзін, але і разам з варшаўскімі метадыстамі, якія дапамагалі арганізоўваць для вучняў інтэрнаты, дзе вучні маглі бясплатна харчавацца і рыхтавацца да заняткаў. Джон Віт хоць і чытаў сумныя споведзі вучням і настаўнікам, але вельмі потым хораша спяваў шведскія народныя песні, спрабаваў разам з вучнямі і настаўнікамі выконваць і беларускія народныя песні. Калектыў гімназіі за гэта яго вельмі любіў і паважаў. Калі ў Радашковічы прыязджаў Джон Віт – у гімназіі было свята.
У Слонімскім павеце шведскі місіянер часта сустракаўся з сябрам пратэстанцкага брацтва, прапаведнікам з Дзярэчына Янам Пятроўскім (1905-2002). У 1935 годзе Ян Пятроўскі ініцыяваў, а затым выдаваў і рэдагаваў беларускамоўны пратэстанцкі часопіс „Сьветач Хрыстовае навукі”, а ў 1937 годзе выдаў брашуру „Нядзельная школа, яе сутнасць і гісторыя”. І ўсё гэта не без дапамогі Джона Віта. Пра яго Ян Пятроўскі пісаў: „Першы раз я спаткаўся з Вітам у Старым Сяле ў 1931 годзе, другі раз – у 1936… Быў ён чалавекам энергічным, рухавым, з дарам здабыцця ўзнання для сябе і сімпатыі сярод шырокага кола беларусаў у Заходняй Беларусі”.

14 верасня 1929 года Джон Віт у чарговы раз наведаў Клецк. Пасля набажэнства ён перадаў для Клецкай беларускай гімназіі грошы для інтэрната…
Усе добрыя справы метадыстаў на карысць беларусаў не вельмі падабаліся палякам. Тым больш, што многія беларусы, якія шчыра сябравалі з Джонам Вітам, з’яўляліся сябрамі БСДГ ці належалі да камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Польская дзяржбяспека пільна сачыла за кожным рухам і справамі, якія адбываліся з удзелам Джона Віта і беларусаў-метадыстаў. І хутка палякі прыйшлі да высновы, што дзейнасць метадыстаў сярод беларусаў наносіць шкоду Польшчы. Аб гэтым яны паведамілі ў Варшаву і папярэдзілі метадысцкі Амерыканскі камітэт. А камітэт у сваю чаргу ў 1931 годзе прымусіў Джона Віта пакінуць Польшчу.

Czasopis_dzie
Часопіс, дзе друкаваліся ўспаміны Джона Віта, Вільня, 1927 г.

Але перш чым пакінуць Заходнюю Беларусь, Джона Віта хваляваў пераклад Евангелля, Новага Запавету і Псалмоў на беларускую мову, а таксама выданне іх асобнымі кніжкамі. І вядома ж, аплата перакладчыкам. А перакладчыкамі гэтых рэлігійных твораў былі Лукаш Дзекуць-Малей (1888-1955) і Антон Луцкевіч (1884-1942). 31 сакавіка 1930 года Джон Віт са Слоніма пісаў Антону Луцкевічу: „Сёння я атрымаў з Берліна ад спадара Хэйга, прадстаўніка Вялікабрытанскага і Замежнага Біблійнага таварыства, ліст з пытаннем, калі скончыцца пераклад Новага Запавету. Яны вельмі жадаюць у бліжэйшы час надрукаваць яго. Я сам толькі што вярнуўся з Варшавы, дзе вырашыў, што я застаюся ў Беларусі толькі да 1-га чэрвеня гэтага года. Пасля гэтага часу я буду працаваць у Швейцарыі. Я вырашыў гэтак толькі дзеля выхавання дзяцей, для якіх няма будучыні ў Польшчы… Паколькі пасля майго ад’езду Вам будзе цяжка трымаць сувязь з Берлінам, у інтарэсах усіх было б, каб пераклад быў завершаны да 1-га чэрвеня…”. 12 жніўня 1930 года Джон Віт паведамляў у пісьме Антону Луцкевічу: „Вельміпаважаны спадар Луцкевіч! Ваш ліст ад 21.VII атрымаў і зараз жа адправіў Ев. Паводле Марка ў Берлін. Дзякуй… Усё аддадзена ў Берлін і спадар Хэйг быў вельмі рады…”. 12 жніўня 1930 года Антон Луцкевіч шчаслівы піша Артуру Хэйгу, што „з вялікай радасцю я атрымаў надрукаваныя ўжо асобнікі Новага Запавету і Псалмоў на беларускай мове. Брытанскае і замежнае біблійнае таварыства гэтым зрабіла вялікую паслугу беларускаму народу – для яго культурна-маральнага адраджэння…”. Усе гэтыя лісты захоўваюцца ў 21-м фондзе рукапіснага аддзела бібліятэкі Акадэміі Навук Літвы. Некаторыя з іх былі ўключаны ў зборнік матэрыялаў, артыкулаў і дакументаў „Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі” (Мн., 2011).

У канцы 1931 года Джон Віт пакідае Заходнюю Беларусь і едзе ў Швейцарыю – на радзіму сваёй жонкі. Але і ў Швейцарыі ён не парывае сувязей з беларускімі грамадскімі актывістамі. Ён перапісваўся з Гальяшом Леўчыкам, Антонам Луцкевічам, Янам Пятроўскім, Лукашом Дзекуць-Малеем. І марыў яшчэ вярнуцца на Беларусь. Але ўсе планы перакрыжавала другая сусветная вайна. Як склаўся лёс Джона Віта і яго сям’і пазней – застаецца загадкай. Я пісаў лісты ў Швецыю і ў Швейцарыю ў пошуках слядоў Джона Віта і яго дзяцей, але адказаў пакуль не атрымаў. Магчыма пасля гэтай публікацыі нехта з Вітаў адгукнецца. Хаця надзеі мала.
Сяргей Чыгрын

3 Comments

Comments are closed.