Так складваецца ў чалавечай цывілізацыі, што гісторыя асобнай краіны павінна стасавацца з дзяржаўнай ідэалогіяй, таму доля аб’ектыўнасці яе часцяком бывае непразрыстай. У жорсткія часы гісторыя „ствараецца”, каб падмацаваць рэжым. Пры гэтым не толькі апускаецца шлагбаум для непажаданых гістарычных прац, але і блакіруюцца напрамкі работы гісторыкаў (або нейтралізуюцца самі шукальнікі ісціны) і знішчаюцца дакументальныя першакрыніцы.
У савецкія часы гісторыя Беларусі (тады – БССР) пачыналася з канцэпцыі „Да рэвалюцыі Беларусь была адсталай ускраінай Расійскай імперыі”. Перабудова „паглыбіла” беларускую гісторыю: яна цяпер пачыналася з таго, што сын ключніцы Уладзімір Вялікі згвалтаваў полацкую княжну Рагнеду і забіў яе бацьку Рагвалода. Трохі пазней для ажыўлення нацыянальнай ідэі дзеячы Княства Літоўскага змянілі ролю прыхадняў-захопнікаў, якія знішчылі сляды сваіх папярэднікаў, на гістарычнае амплуа мясцовых патрыётаў, якія калі і ўступалі ў хаўрус або клаліся пад пратэктарат, дык толькі для карысці краіны.
Цяпер неўпрыкмет зацёрхваецца савецкі перыяд 1970-80-х – параўнанне не на карысць сучаснай хранічна хворай эканоміцы з пастаяннай інфляцыяй і рэгулярнымі крызісамі невідавочнага паходжання.
Прыцягальнасць гістарычнай навукі – у пошуках праўды, якой бы яна ні была. І ва ўсе часы былі падзвіжнікі, якія прыкладалі намаганні, каб расставіць усё на свае месцы.
Удалай спробай разабрацца ў падзеях 75-гадовай даўніны з’яўляецца кніга маладога беларускага вучонага Анатоля Трафімчыка „1939 год і Беларусь: Забытая вайна”, выдадзеная ў 2014 годзе ў выдавецтве А. М. Янушкевіча. Можа падацца, што гэта не тая даўніна, у якой магчыма кардынальна змяніць укаранёнае дзесяцігоддзямі ўяўленне. Аднак 75 гадоў – гэта дыстанцыя „прадзед–унук”, калі пацвердзіць або абвергнуць пісьмовыя сведчанні рэальнай шчырай размовай немагчыма. Светапогляд і прыярытэты грамадства за гэты час таксама мяняюцца кардынальна.
Задача, якую паставіў перад сабой і паспяхова выканаў Анатоль Віктаравіч, пазначана на нахзацы: „паглядзець на пачатак Другой сусветнай вайны з рацыі беларускіх палітычных і нацыянальных інтарэсаў”. Падобны ракурс прывёў аўтара да абгрунтаванай думкі „Другая сусветная вайна пачалася для Беларусі менавіта ў 1939 годзе, а не на два гады пазней пасля нападу Германіі на СССР”. Калі і бачыцца ў гэтай выснове нейкая рэвалюцыйнасць, дык толькі ў параўнанні з гісторыяй СССР, якую вывучалі тры пакаленні беларусаў. Ды яшчэ, магчыма, у разуменні беларусамі вайны ў абавязковай повязі з традыцыйна высокай гібеллю насельніцтва. Трэба сказаць, што калі з архіваў здымаюцца грыфы, інфармацыя з дагэтуль невядомых дакументаў даволі хутка пранікае ў грамадства. Аднак на тое і тэрміны засакрэчвання, каб новыя факты цікавілі ў першую чаргу даследчыкаў. Асобы, якія спрычыніліся да іх стварэння або пэўным чынам зведалі іх дзеянне, зніклі ў плынях часу, ды і сам дзяржаўны лад змяніўся. Тым не менш заўсёды важна не толькі агучыць новае бачанне, але і зацвердзіць яго ў навукова-даследчых працах.
Пошук ісціны, жаданне прасвятліць незразумелыя пытанні або аспекты ідзе ад дзяцінства, калі Сусвет проста павінен быць справядліва і правільна ўладкаваным. Так і для ўраджэнца заходнебеларускай вескі Вялікія Круговічы Анатоля Трафімчыка адпраўнымі пунктамі з’явіліся чутыя ў дзяцінстве загадкавыя выразы „за польскім часам”, „першыя саветы”, за якімі не было ніякіх тлумачэнняў. Хіба толькі фальклорна-гумарыстычная ўзгадка, што „пры Польшчы дзверы каўбасой завязвалі”.
Несумненна, апроч умення працаваць з архівамі, выслухоўваць папярэднікаў-спецыялістаў і раіцца з імі, для гісторыка даследчыка важнымі з’яўляюцца аналітычны розум, інтуіцыя і здольнасць абагульняць шматтэмны і разнамасны матэрыял, уласная незаангажаванасць да вынікаў.
Як і належыць сур’ёзнаму даследчыку, перад тым, як падысці да азначанай тэмы, Анатоль Трафімчык аналізуе папярэднія падзеі: ад заканчэння Першай сусветнай вайны і наступстваў рэвалюцый. І таксама робіць гэта ў ракурсе ўплыву еўрапейскага і сусветнага раскладу на беларускую гісторыю – як непасрэднага, так і верагоднага, бо несумненна, што буфернасць нашай тэрыторыі асабліва задзейнічана падчас перадзелаў, інтрыг вялікіх дзяржаў і дзяржаў-суседзяў. Прычым, ацэньваюцца не толькі факталагічная або дакументальная кампаненты – яшчэ праследжваецца іх узаемаўплыў. Пры тым, што любыя падзеі і іх імавернасць у выніку праецыруюцца на нашу тэрыторыю, эмацыйныя ацэнкі гістарычных асоб, дзяржаў, дзеянняў і выказванняў адсутнічаюць – Анатоль Віктаравіч вытрымлівае нейтралітэт дзеля аб’ектыўнасці.
Трэба сказаць, што гісторыі войн пішуцца хоць і праз некаторы час пасля іх заканчэння, аднак даволі хутка. Таму правамернай уяўляецца некаторая карэкціроўка, дакладней, перамена ракурсу. Тым больш да стварэння гісторыі ў тыя часы краіна не мела ніякага дачынення.
Несумненна, большая ўвага ў кнізе „1939 год і Беларусь: Забытая вайна” нададзена Заходняй Беларусі, бо менавіта гэтая частка была больш рухомай у кантэксце статуса і больш няўстойлівай у сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі насельніцтва. І, напэўна, у перыяд „верасень 1939 – чэрвень 1941” войны для Усходняй і Заходняй Беларусі былі рознымі – па першапачатковай дзяржаўнай прыналежнасці цягам апошніх дзесяцігоддзяў. І нават мяжа паміж імі пасля верасня 1939 годзе не стала ўмоўнай. Што ж, савецкія салдаты ведалі, што ідуць у Польшчу, а заходнія беларусы адчувалі, што гэтым не скончыцца.
Хочацца паўтарыць, што для свядомасці беларусаў вайна – велізарныя чалавечыя і матэрыяльныя страты, змена (часам неаднаразовая) улады і пасляваенныя „калабарацыянісцкія разборкі”. А такія „дробязі”, як поўнае знішчэнне вертыкалі ўлады, эміграцыя, люстрацыя спецыялістаў, высылкі, прызывы ў дагэтуль варожую армію і нават расстрэлы „па падазрэнні ў нелаяльнасці” – звыклыя жыццёвыя калізіі. Пры ўсёй павазе да традыцыйнага нацыянальнага крэда справядлівай падаецца тэза, што гвалт – заўсёды гвалт. Незалежна ад сілы, накірунку і маштабу супраціву. А выжыванне беларуса падчас катаклізмаў, якія здараюцца на нашай тэрыторыі – у жартоўна-дзіцячым закліку „Хавайся ў бульбу!”, што падчас міждзяржаўных перыпетый рэалізуецца партызанскімі або падпольнымі згуртаваннямі.
У Анатоля Трафімчыка да форм рэпрэсій агульначалавечы, а не нацыянальны падыход: даследчык разглядае іх ад фізічнага знішчэння і арышту да звальнення і навязвання ідэалогіі. А ў якасці прыкладаў супраціву і падаўлення яго ўладамі даследчык бярэ канкрэтны сектар: сферу асветы і навучання як паказальны зрэз грамадства.
Кніга „1939 год і Беларусь: Забытая вайна” не загрувашчана спецыяльнай тэрміналогіяй. Аднак і не грашыць спрошчанасцю дзеля папулярызацыі. Унутраны камертон дазволіў аўтару беспамылкова выбраць патрэбныя інтанацыі, пазбегнуць ментарства і не парушыць раўнавагу непрадузятасці. І адначасова Анатоль Трафімчык не выкладае патрэбныя яму аргументы, а паказвае абстаноўку ў цэлым і прапануе адсачыць заўважаныя ім тэндэнцыі і прыйсці да аналагічных высноў.
Такі адкрыты расклад робіць даследванне даступным не толькі для навукоўцаў, а і для аматараў гісторыі.
Не хацелася б спыняцца на падрабязных аспектах або прыводзіць асобныя цытаты: аб’ем кнігі „1939 год і Беларусь: Забытая вайна” не такі вялікі, каб канспектаваць яе ў рэцэнзіях, а наклад не такі і малы, каб не было магчымасці яе знайсці тым, хто мае інтарэс да ўласнай гісторыі.
2 Comments
Comments are closed.
With almost everything which appears to be developing throughout this particular subject material, a significant percentage of perspectives happen to be quite exciting. Having said that, I beg your pardon, because I do not give credence to your whole suggestion, all be it exhilarating none the less. It appears to everyone that your opinions are generally not entirely rationalized and in reality you are your self not even thoroughly convinced of the point. In any event I did appreciate looking at it.
k7haSQ Really enjoyed this post.Really looking forward to read more. Want more.