Філуменія – гэта…
Тыя, чыё маленства прайшло ў 1940-х—1970-х гадах, добра памятаюць той час, калі амаль кожны з іх збіраў этыкеткі ад запалкавых карабкоў. Асабліва вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Некаторыя захоўвалі цэлыя карабкі з рознымі этыкеткамі, іншыя этыкеткі зрывалі з карабкоў і наклейвалі ў альбомы. Захоўвалі ўсе свае калекцыі ў розных кардонных упакоўках ці ў шуфлядках сталоў. Часта мяняліся этыкеткамі паміж сябрамі і зайздросцілі таму, у каго была лепшая калекцыя або рэдкая этыкетка. Нават прыносілі ў школу, дзе рабілі абмен. З узростам гэтая прага гублялася, а калекцыі іх бацькі выкідвалі на сметнік ці палілі ў печках. Праўда, не ўсе спакойна развітваліся са сваімі калекцыямі запалак. Некаторыя людзі ўсё жыццё калекцыяніруюць запалкі ці этыкеткі ад запалак і маюць вялікія калекцыі. Тыя, хто займаецца калекцыяніраваннем запалкавых этыкетак ці карабкоў ад запалак называюць філуменістамі, а калекцыяніраванне этыкетак з карабкоў ад запалак, запалкавых карабкоў, буклетаў (кніжак-запалак) і іншых прадметаў, звязаных з запалкамі, называецца філуменіяй (ад грэцкага „phileo” – люблю і лацінскага „lumen” – агонь ці святло)
Сёння філуменія не з’яўляецца распаўсюджаным хобі, як, напрыклад, калекцыяніраванне манет, паштовых марак, паштовак, самавараў, прасаў, але аматары гэтай навукі працягваюць развіваць сваю калекцыю. Хачу адзначыць, што кошт на запалкавыя этыкеткі і запалкі XIX стагоддзя нічуць не ніжэйшы чым, напрыклад, на банкноты ці манеты гэтага перыяду. На аўкцыёнах сёння можна убачыць, што калекцыі этыкетак і запалак амаль заўсёды знаходзяць сваіх пакупнікоў, бо гэта таксама антыкварыят, які расце ў цане.
Аднак я сёння хачу распавесці не пра гэта, а пра беларускамоўную філуменію. Менавіта пра беларускамоўныя этыкеткі на запалкавых карабках. Тым больш, што вытвочасць запалак на тэрыторыі Беларусі мае даўнюю гісторыю. А першы прыватныя запалкавыя фабрыкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явіліся ў канцы другой паловы XIX стагоддзя. Іншая справа, што этыкеткі на запалкавых карабках тады не былі напісаны на беларускай мове. І толькі ў 1920-х—1930-х гадах з’явіліся першыя беларускамоўныя запалкі.
Запалкі з Барысава
У 1901 годзе ў Новабарысаве была заснавана фабрыка „Бярэзіна” Ісідорам Берманам. Яе першая прадукцыя пайшла на экспарт у 1906 годзе. Усе этыкеткі на запалкавых карабках друкаваліся на рускай і польскай мовах, а таксама на агельскай і персідскай. Восенню 1917 года ў Барысаўскі раён прыйшла савецкая ўлада і „Бярэзіна” была нацыяналізавана. Потым зноў мянялася ўлада, але запалкавая фабрыка працавала. У 1920 годзе фабрыка ў Новабарысаве атрымала новую назву „Чырвоная Бярэзіна”. У гэты час этыкеткі на запалках пачалі з’яўляцца і на беларускай мове. З аднаго боку запалак быў тэкст па-беларуску, з другога – па-руску. Напрыклад, на этыкетках Новабарысаўскай фабрыкі ў 1924-1926 гадах было напісана: „Дзяржаўная серніковая фабрыка „Чырвоная Бярэзіна”. БССР ВСНХ. Новабарысаў Беларусь”. І намаляваны герб БССР.
У 1926-1929 гадах „Чырвоная Бярэзіна” актыўна пачала выпускаць запалкі з беларускамоўнымі этыкеткамі. На адным баку запалак, напрыклад, было напісана: „Бел.Дзярж.Серніковы трэст. Фабрыка сернічак „Чырвоная Бярэзіна”. ВСНГ. Новабарысаў, БССР. Цана 1 1/2 к.”. І быў намаляваны караблік, а з іншага боку – зорачкі і чорна-белыя квадрацікі.
Са снежня 1929 года ў Новабарысаве пачала працаваць новая пабудаваная фабрыка, якую назвалі „Пралетарская Перамога”. Фабрыка выпускала запалкі на рускай і беларускай мовах. Але большасць з іх былі на роднай мове. З 1930 года Беларускае запалкавае аб’яднанне ўпершыню на этыкетках Новабарысаў пачало пісаць праз злучок: Н.-Барысаў і Нова-Барысаў.
З 20 па 29 красавіка 1932 года адбыўся IX з’езд прафсаюзаў СССР. Да гэтай падзеі фабрыка «Пралетарская Перамога” выпусціла на беларускай мове дзве памятныя этыкеткі. На адной з іх было напісана: „Ударны выпуск імя 9-га Зьезду Прафсаюзаў. Тэхніка ў пэрыяд рэканструкцыі вырашае ўсё. Ф-ка запалак „Пралет.Перамога” г. Н.-Барысаў. БССР. Цана 2 кап.”. На другой змешчаны такі тэкст: „Ударны выпуск імя 9-га Зьезду Прафсаюзаў. СССР. Ударная брыгада сусьветнага пралетарыяту. Ф-ка запалак „Пралет.Перамога” г. Н.-Барысаў. БССР. Цана 2 кап.”.
Запалкавая фабрыка „Пралетарская Перамога” ў 1930-я гады шмат выпускала запалак з беларускамоўнымі этыкеткамі. Але ўсе яны былі напісаны ў бальшавіцкім духу. Напрыклад, на запалках у 1933-1934 гадах было напісана так: „Дэлегату Усесаюзнага злёту ўдарнікаў пільшчыкаў, бракераў і пілаточаў – ад калектыва рабочых ІТР Бярэзінскага камбіната – бальшэвіцкае прывітанне. БССР, Нова-Барысаў”.
У 1934 годзе быў забіты сакратар Ленінградскага абкама ВКП (б) Сяргей Кіраў. Пачаліся масавыя рэпрэсіі партыйных і гаспадарчых кіраўнікоў. Гэтая кампанія ў СССР называлася „яжоўшчына”, па прозвішчу наркама ўнутраных спраў Яжова. Адначасова, сотні заводаў і фабрыкаў перайменавалі ў гонар Кірава. Сюды патрапіла і „Пралетарская Перамога”, якую перайменавалі ў 1935 годзе ў „Фабрыку імя таварыша Кірава”. Фабрыка таварыша Кірава таксама старалася выпускаць запалкі на беларускай мове з рознымі савецкімі афармленнямі і лозунгамі. Хутка з запалак знікла слова „таварыш” і фабрыка пачала называцца проста імя Кірава.
У 1949 годзе выйшлі па-беларуску запалкі, прысвечаныя 30-годдзю БССР. У 1950 годзе фабрыка імя Кірава выпусціла запалкі з малюнкам на якім адлюстраваны быў танец „Лявоніха” і шэраг іншых.
Пасля 1953 года запалкавая фабрыка імя Кірава (потым гэта будзе фанерна-запалкавы камбінат, цяпер – ААТ „Барысаўдрэў”) пачала рэдка звяртацца да беларускай мовы. Але ў 1958 годзе фанерна-запалкавы камбінат у Барысаве выпусціў серыю беларускамоўных этыкетак, прысвечаных 40-годдзю Савецкай Беларусі. У 1964 годзе выйшла серыя беларускамоўных прыгожых этыкетак, прысвечаных 20-годдзю вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама серыя беларускіх запалак з нагоды 20-годдзя вызвалення Беларусі.
Беларускамоўных этыкетак заслужыў у 1961 годзе і Чырвоны Крыж БССР – выйшла серыя запалак з нагоды 40-годдзя таварыства Чырвонага Крыжа БССР, а таксама заклікі, каб людзі ўступалі ў члены таварыства Чырвонага Крыжа.
У 1961 годзе Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат выпусціў некалькі відаў запалак, якія рэкламавалі творы беларускіх літаратараў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Піліпа Пестрака, Янкі Брыля, Зінаіды Бандарынай, Аляксея Кулакоўскага, Віталя Вольскага, Яна Скрыгана і іншых пісьменнікаў і заклікалі іх купляць праз кнігу-поштай. Добрая была ідэя.
Рэкламаваў Барысаўскі камбінат у 1961 годзе і беларускія газеты „Звязда” і „Чырвоную змену”. На розных этыкетках беларусы маглі прачытаць такія беларускія тэксты: „Выпісвайце „Звязду”; „Чытайце „Звязду”, пішыце ў яе”; „Чытайце „Чырвоную змену”; „Выпісвайце газету „Чырвоная змена”. Да 45-годдзя „Чырвонай змены” камбінат таксама выпусціў запалкі з беларускамоўнай этыкеткай „Чырвонай змене” – 45 год. Выпісвайце і чытайце сваю камсамольскую газету”.
У 1970-х –1990-х гадах вельмі рэдка з барысаўскага прадпрыемства трапляла беларускае слова на этыкеткі карабкоў запалак. А цяпер ужо на працягу амаль 20 гадоў мовы роднай на прадукцыі ААТ „Барысаўдрэў” амаль не знойдзеш. Некалькі каляровых запалак са словамі „Квітней Беларусь!” выйшла з вартштату камбіната пару гадоў таму. Але з іншых бакоў гэтых карабкоў тэкст пададзены па-руску.
Запалкі з Пінска
Мне не трапілі ў рукі запалкі з беларускамоўнымі этыкеткамі з пінскіх фабрык 1900-х—1930-х гадоў. Хаця першая запалкавая фабрыка ў Пінску „Вулкан” была заснавана Луі Гершманам у 1892 годзе. Потым яна згарэла. А тое, што ад яе засталося, выкупіў яўрэй Іосіф Гальперн. Ён аднавіў фабрыку пад назвай „Прагрэс-Вулкан”. Але гэтыя прадпрыемствы не выпусцілі ніводнага карабка запалак на беларускай мове.
Пасля 1920 года Пінск знаходзіўся пад Польшчай. І пра беларускую мову на запалках і думаць не маглі. У верасні 1939 года ў Пінск прыйшла савецкая ўлада. І запалкавая фабрыка атрымала назву імя 20 верасня ў гонар уваходу войск Чырвонай Арміі ў Пінск. Але хутка фабрыка стала называцца інакш, а менавіта: Пінская запалкавая фабрыка імя 17 верасня.
Да пачатку Другой сусветнай вайны фабрыка імя 17 верасня выпусціла толькі адзін від запалак з беларускамоўнай этыкеткай. І гэта этыкетка была прысвечана Сталіну – „Слава Сталіну”. Калі б можна было друкаваць партрэты „вождя”, то, магчыма, на этыкетцы быў бы партрэт Сталіна, але гэтага ў той час рабіць катэгарычна забаранялася.
У гады Другой сусветнай вайны запалкавая фабрыка не спыняла сваёй працы і выпускала прадукцыю пад кантролем нямецкай акупацыйнай адміністрацыі. Скажу яшчэ, што за немцамі беларуская мова была роўнай з нямецкай. Таму і запалкі ў 1941-1944 гадах выпускаліся на нямецкай і беларускай мовах. Найбольш было выпушчана запалак з выяваю нямецкага салдата ў касцы. Зверху над малюнкам на нямецкай мове было напісана: „Streichholzfobrik in Pinsk”, а ўнізе пад малюнкам быў тэкст па-беларуску: „Фабрыка сярнічкоў у Пінску”. І гэтымі запалкамі карысталіся ўсе: і партызаны, і немцы, і сяляне ў вёсках, і падпольшчыкі разам з немцамі прыкурвалі свае папяросы, і ў храмах ад іх запальвалі свечкі…
Пасля вайны фабрыка 17 верасня выпусціла некалькі запалак з беларускамоўнымі этыкеткамі. На іх быў надрукаваны розны невялікі тэкст і малюнкі: то герб БССР, то юнак, які бяжыць, то рабочы і сялянка з сярпом і молатам, а на адной з этыкетак быў змешчаны тэкст „Наша марка” і намаляваны зубр. Усе гэтыя этыкеткі асаблівай цікавасці для філуменістаў не ўяўляюць, хіба толькі тым, што яны былі выпушчаныя па-беларуску і ў 1940-х—1950-х гадах.
Арыгінальная этыкетка на беларускай мове з’явілася ў 1947-1953 гадах. Яна была прысвечана каларадскаму жуку. На этыкетках быў намаляваны каларадскі жук і напісаны тэкст: „Выяўляйце шкодніка бульбы – каларадскага жука, паведамляйце аграному”.
У 1958 годзе Пінская запалкавая фабрыка выпусціла серыю беларускамоўных этыкетак на запалках, прысвечаных 40-годдзю Савецкай Беларусі. На ўсіх іх напісаны альбо лічба 40, альбо стаяць гады: 1919-1959 і розны невялікі тэкст.
У Мінску ў 1967 годзе адбывалася трэцяя зімовая спартакіяда прафсаюзаў БССР. Да гэтай нагоды ўжо Пінскі фанерна-запалкавы камбінат выпусціў тры беларускамоўныя этыкеткі.
Да 80-годдзя газеты „Звязда” прадпрыемства „Пінскдрэў” падаравала этыкетку з малюнкам звязды калядоўшчыкаў і з тэкстам: „Беларускай газеце Звязда – 80”. Выпускаліся ў Пінску яшчэ некалькі запалак з беларускамоўнымі этыкеткамі, але іх было няшмат. Цяпер холдынгавая кампанія „Пінскдрэў” беларускамоўных запалак амаль не выпускае.
Запалкі з Рэчыцы
Запалкавую фабрыку „Днепр” у Рэчыцы арганізавалі браты Шышкіны ў 1898 годзе. У 1908 годзе гаспадаром фабрыкі былі С.Цімафееў і яго сыны.
У 1919 годзе запалкавую фабрыку „Днепр” нацыяналізавалі. А ў кастрычніку 1930 года яе перайменавалі ў фабрыку „Х гадоў Кастрычніка”. Падчас Другой сусветнай вайны запалкавую фабрыку з Рычыцы эвакуіравалі ў Барнаул (Расія). Усяго да 1941 года на гэтай фабрыцы было выпушчана 65 этыкетак, сярод якіх і шмат беларускамоўных. Цяпер у Рэчыцы запалак не выпускаюць.
Этыкеткі запалкавай фабрыкі „Днепр” ці „Дняпро” друкаваліся ў асноўным на беларускай мове. Праўда, на этыкетках трапляліся і рускія словы. Напрыклад, на адной этыкетцы напісана: „Беларускі сернікавы трэст. Гомель. СССР. Ультиматум. Фабрыка „Днепр”. Рэчыца. Цана 1 кап.”. На іншай этыкетцы слова Речыца, пісалася праз літару Е. А калі фабрыку перайменавалі ў фабрыку „Х гадоў Кастрычніка”, то пісалі і „Х Октябр”, і „Х Окцябр”, і „Х Кастрычнік” і „Х Октябрь”. Большая палова малюнкаў гэтай фабрыкі была падобна на малюнкі іншых беларускіх запалкавых фабрык 1930-х гадоў. Але былі і цікавыя этыкеткі з асаблівымі малюнкамі. На адной з этыкетак, напрыклад, мастак намаляваў чалавека з молатам, які разбівае ланцуг, накінуты вакол глобуса. І тэкст на этыкетцы: „Бел. дзярж. запалкавы трэст. Фабрыка „Х-ы Кастрычнік”. БССР Рэчыца ВСНГ. Цана 1 ”. Запалкі з такімі этыкеткамі выпускаліся ў 1930 годзе.
На многіх этыкетках публікаваліся розныя заклікі. У 1933 годзе з’явілася этыкетка ў гонар 15-га з’езда кампартыі Беларусі. Была і этыкетка з такім тэкстам: „Белзапалаб’яднаньне ВСНГ БССР. Ударны выпуск 9-му зьезду прафсаюзаў СССР – ударная брыгада сусьветнага пролетарыяту. Ф-ка „Х Кастрычнік”. Рэчыца Цана 2 к.”.
Выключную па сваёй грамадскай значнасці і хуткую па тым часе фабрыка „Х Кастрычнік” выпусціла запалкавую этыкетку, прысвечаную гераічнай эпапеі чалюскінцаў, калі з лядовага палону быў вывезены на самалётах 101 чалавек. Этыкетка была на дзвюх мовах. Вось яе тэкст: „Наркомлес Галоўспічпром. Ф-ка „ Х Октябр” г. Рэчыца, БССР. У коробку 52 шт. Цана 3 кап”. Гэта быў 1934 год.
У 1937 годзе фабрыка „Х Кастрычнік” выпускае запалкі, прысвечаныя 20-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі з наступным тэкстам: „Наркомлес БССР Фанзапалкпром. ХХ год кастрычніка. Ф-ка Х окцябр. г. Рэчыца. ОСТ 8293. У кар.52 шт. Цана 2 кап.”.
У 1933-1936 гадах шмат беларускамоўных этыкетак выйшла з вялікімі літарамі СССР.
Запалкі з Гомеля
Заснавальнікам і ўласнікам Гомельскай запалкавай фабрыкі, якая знаходзілася ў вёсцы Панурова Чарнігаўскай вобласці ў 1879 годзе быў яўрэй Вітэнберг. Але пасля пажару, гаспадар перанёс фабрыку ў пасёлак Новабеліца недалёка ад Гомеля. У 1892 годзе Вітэнбер назваў сваю фабрыку „Везувій”.
У 1903 годзе фабрыка стала ўласнасцю і Вітэнберга і Дунаеўскага. Запалак прадпрыемства выпускала шмат, яны актыўна экспарціраваліся ў Персію і краіны Бліжняга Усходу.
У 1918 года, пасля кастрычніцкага перавароту ў Расіі, запалкавая фабрыка ў Новабеліцы стала называцца „Полымя рэвалюцыі”, але праз некалькі месяцаў ёй вярнулі старую назву „Везувій”. Калі ўзнікла Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР), фабрыку „Везувій” нацыяналізавалі, але назву старую ёй пакінулі. 8 красавіка 1937 года Гомельскі фанерны завод і запалкавую фабрыку „Везувій” аб’ядналі ў Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат.
У гады Другой сусветнай вайны камбінат эвакуіравалі ў расійскі горад Барнаул. А пасля вызвалення Гомеля ў лістападзе 1943 года, запалкавае прадпрыемства ў Гомелі зноў аднавілі. Цяпер у горадзе над Сожам запалкаў ужо не выпускаюць.
Да 1930 года фабрыка „Везувій” не выпускала беларускамоўных этыкеткаў на запалкавых карабках. І толькі ў 1930 годзе выйшлі першыя беларускамоўныя этыкеткі з тэкстам: „Белзапалкаб’яднаньне БССР Ф-ка „Вэзуві” Горад Новабеліца Цана 2 кап.”. І быў намаляваны малюнак, падобны на герб СССР. Такая самая падобная беларуская этыкетка выпускалася вельмі шмат разоў, на якой толькі мяняўся кошт запалак: 1 кап. і 3 кап. А таксама па-рознаму была напісана Новабеліца: то Н.-Беліца, то г. Нова-Беліца, то горад Новабеліца.
У 1934-1936 гадах у фабрыкі „Везувій” з’явіліся новыя этыкеткі, на якіх быў намаляваны вялікі паветраны шар з зоркаю і з літарамі СССР. А таксама з такім тэкстам: „Наркомлес Галоўзапалкпром Ф-ка „Везувій” г. Нова-Барысаў, БССР У карабку 52 шт. Цана 3 кап.”.
У 1937 годзе на фабрыцы „Везувій” выпускаюцца запалкі з беларускамоўнай этыкеткай, прысвечанай розным савецкім экспедыцыям на Паўночны полюс і палётам у Антарктыду.
Перад пачаткам Другой сусветнай вайны фабрыка „Везувій” выпусціла яшчэ шэраг беларускамоўных этыкетак. А пасля вайны на беларускай мове этыкетак на запалкавых карабках у Гомелі стала выпускацца мала. Гомельская фанерна-запалкавая фабрыка выпусціла шмат падобных этыкетак, якія выпускалі іншыя запалкавыя фабрыкі Беларусі, найперш гэта – прысвечаныя Трэцяй зімовай спартакіядзе прафсаюзаў БССР у Мінску, 40-годдзю БССР і некаторыя іншыя.
У 1957 годзе на фанерна-запалкавай фабрыцы ў Гомелі з’явіліся запалкі, на якіх вялікім шрыфтом было напісана: БССР 75 штук…
Янка Купала і Якуб Колас у філуменіі
Меў рацыю аршанскі калекцыянер Алесь Сярожкін, калі апублікаваў у газеце „Беларускі калекцыянер” за люты 2005 года свой „Дадатак да энцыклапедычнага даведніка”. У ім аўтар напісаў, што „гартаючы старонкі энцыклапедычнага даведніка „Янка Купала”, які выйшаў з друку ў Мінску ў 1986 годзе, дарэмна будзеце шукаць там раздзел філуменія, каб даведацца, якія этыкеткі ад запалак прысвечаны беларускаму песняру. Ёсць там раздзел філакартыя, дзе падаюцца звесткі пра паштоўкі з выявай Купалы. Раздзелу фалерыстыка няма, але ёсць артыкулы пра купалаўскія значкі і медалі”.
Сапраўды, аўтары-складальнікі Купалаўскай энцыклапедыі ці ўвогуле нічога не ведалі пра Купалаўскую філуменію, ці то палічылі, што гэтыя звесткі не вартыя, каб іх уключыць у энцыклапедыю. Але, калі змяшчаюцца артыкулы па адных галінах калекцыяніравання, то трэба абавязкова публікаваць іншыя. Таму вельмі дарэчы там быў бы раздзел, прысвечаны Купалаўскай філуменіі.
У 1967 годзе Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат да 85-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы выпусціў серыю запалак з этыкеткамі. На адной з этыкетак адлюстраваны партрэт песняра, які павернуты направа. Пад ім чорнай фарбай напісаны тэкст: „85 год з дня нараджэння Янкі Купалы”. Тэкст акруглены ў правы бок.
На другой этыкетцы адлюстравана хата ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Янка Купала. На трэцяй этыкетцы змешчаны здымак музея Янкі Купалы ў Мінску.
Пінскі фанерна-запалкавы камбінат таксама ў 1967 годзе выдаў аднатыповую серыю падобным этыкетак на запалках. Але надпіс „85 год з дня нараджэння Янкі Купалы” на гэтых этыкетках напісаны зялёным і сінім колерамі.
Да 90-годдзя Янкі Купалы Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат у 1972 годзе выпусціў запалкі з партрэтам Янкі Купалы і тэкстам: „90 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы”, а таксама з музеем Янку Купалы ў Мінску і хатай у Вязынцы, дзе ён нарадзіўся.
У 1961 годзе Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат распачаў выпускаць серыю этыкетак на якіх рэкламаваліся творы беларускіх пісьменнікаў. Выйшла з друку і этыкетка, прысвечаная Янку Купалу з тэкстам: „Янка Купала. Падпісвайцеся ў кнігарнях БССР на збор твораў Я.Купалы ў 6 тамах”. На этыкетцы таксама змешчаны купалаўскі гусляр і іншыя героі купалаўскіх твораў.
У 1962 годзе да 80-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат выдаў некалькі запалкавых этыкетак, прысвечаных гэтаму юбілею. Усе яны выйшлі пад адным загалоўкам „80 год з дня нараджэння народнага паэта БССР Якуба Коласа”. На розных этыкетках былі змешчаны хата ў вёсцы Акінчыцы, дзе нарадзіўся Якуб Колас, Мінскі літаратурны музей Якуба Коласа, Плошча Якуба Коласа ў Мінску і вокладка кнігі „На ростанях”.
Да 90-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, у 1972 годзе гэты самы Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат выпусціў зноў некалькі відаў этыкетак на запалках. На іх адлюстраваны партрэт песняра павернуты направа, малюнкі філіяла літаратурнага музея ў вёсцы Мікалаўшчына Стаўбцоўскага раёна, тэатра Якуба Коласа ў Віцебску, фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР, Мікалаеўшчынскай школы імя Якуба Коласа, літаратурнага музея імя Якуба Коласа ў Мінску.
У 1962 годзе Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат да 80-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа разрэкламаваў на этыкетках яго мастацкі твор „На ростанях”. А годам раней гэты камбінат выпусціў запалкі з такім заклікам: „Якуб Колас. Падпісвайцеся ў кнігарнях БССР на збор твораў Я.Коласа ў 12 тамах”.
Пастскрыптум
Сёння ў Беларусі запалкі выпускаюць два вялікіх прадпрыемствы – холдынгавая кампанія „Пінскдрэў” і ААТ „Барысаўдрэў”, а таксама прыватнае прадпрыемства „Каралева агню”. Спрабуе выпускаць сувенірныя запалкі на магніціках і прыватны прадпрымальнік Ерашэнка Г.І. Калі спадар Ерашэнка выпусціў шмат сувенірных запалак з каляровымі этыкеткамі, на якіх лацінкай напісана Minsk Belarus, то вышэй згаданыя прадпрыемствы да беларускамоўных этыкетак на запалках адносяцца неяк гідліва. „Барысаўдрэў” і „Пінскдрэў” у апошнія два гады выпусцілі серыю цікавых каляровых этыкетак, прысвечаных гербам гарадоў Рэспублікі Беларусь, узнагародам і зброі Перамогі, а таксама запалкавым галаваломкам. На вялікі жаль, усе яны пабачылі свет толькі на рускай мове.
Сяргей Чыгрын
а чаму б не праілюстраваць матэрыял?
Дабавілі 🙂 больш у папяровым выданні!
https://wpdlazielonych.pl/
Albo…
Z końcem roku rezygnujemy z platformy WordPress na rzecz profesjonalnej strony. Ale dzięki za info!
YU1Kug Simply a smiling visitor here to share the love (:, btw outstanding style and design.
“Hi, i think that i saw you visited my weblog thus i came to return the favor.I’m attempting to find things to improve my site!I suppose its ok to use some of your ideas!!”
I truly appreciate this article post.Really thank you! Much obliged.
Thank you ever so for you blog post.Much thanks again. Keep writing.
Wow, great post.Really thank you! Great.
Very neat article.Really thank you! Cool.
wow, awesome article post.Really looking forward to read more. Cool.
Very neat blog article.Really thank you! Really Cool.