Васіль Петручук, Крышынкі

(69. )
Пішу Вам, спадар рэдактар Юрка Хмялеўскі, бо толькі Вы крыху мяне разумееце, а ва ўсякім выпадку не ўспрымеце мяне як якогасьці хама, які толькі чакае, каб кагосьці скрыўдзіць і мець гонар што хтосьці праз яго церпіць часам невыносны боль. Я крытыкі не баўяся ў «парадчных» ілгуноў. Лганне можа выступаць толькі перад судом, калі трэба абараняцца, але не тады, калі хочацца абліць гноем Богу духа віннага чалавека, каб яму падарваць апінію ды пазбавіць яго гонару.

Вы ў студзеньскім «Часопісе» напісалі вось што цытую: «Выняткам ёсць Васіль Петручук да сёння прысутны на нашых старонках. У «Пожні» выданай таксама па-польску („Ściernisko”), а пасля ў «Крышынках» у фабулярны спосаб апісаў сярмяжны свет свайго дзяцінства, праведзенага паміж Бельскам і Гайнаўкай. Грамадзяне маюць да яго прэтэнзію што ў кніжках адкрыў галечу, прымітывізм і адсталасць (…). Сябры найперш гэтае бесканечнае апавяданне Петручука ўспрынялі як данос на мачаху і радню за тое, што ў дзяцінстве згатавалі яму нечалавечы лёс».
Гэта лічу прыхільным мне і справядлівым. Але маімі сябрамі па пяру з’яўляецца Літаб’яднанне «Белавежа», а не Мікалай Панфілюк ці Уладзімір Хіліманюк з Тафілаўцаў. Адзін пісаў у «Ніву» пра тое, што якая я сволач ён добра ведае, бо хадзіў са мной у школу ў Дубічах, у якой я ні дня ніколі не быў, а другі пісаў усюды, і нават Вам. І нават Вы не далі яму павучальнага адпору, а іншыя, не толькі беларускія сродкі масавай інфармацыі, але і «Tygodnik Podlaski”, наязджалі яго і находзілі ды дзякавалі Богу за тое, што дазоліў пабачыць любімага героя. Калі хочаце візуальнага пацвярджэння, то загляньце ў альбом «Час і людзі 1956 – 2006», там пабачыце колькі адлюстраванняў «пачота» Панфілюка і мяне. І гэта сведчыць аб тым, што дурнем права не напісана. Любімым героем стаў асобень, да якога страціў цярплівасць нават сам шаноўны спадар Георгій Валкавыцкі называючы Панфілюка Панам Філюком.

Агромную прыкрасць я перажываю, бо калі кампетэнтныя людзі даведаўшыся якія глупствы пляце асобень, які ўжо лічыць сябе святым (пісьмо да мяне – «Бога не ўвядзеш у рай не пападзеш, бо баран ты першы сведчаць твае вершы») прачытаўшы тое, што генерал Гудэрыян ў 1939 годзе знайшоўся ў Дубічах, бо заблудзіў, або якраз тады калі Дубічы, Грабавец і ваколіца былі запоўнены танкамі генерала Гудэрыяна, польскія жаўнеры якія дзесьці вырваліся з акружэння ці плену, пайшлі ў Дубічы пахарчавацца – як бы ўспрынялі напісанае? Што камандзір корпуса пайшоў да бацькі слаўнага карэспандэнта прасіць начлегу або хлеба? А то ж не, бо што напіша Пан Філюк гэта ўсё праўда, – таму што ён усіх аднавяскоўцаў і мяне абліваў памыямі.

Я прачытаўшы штосьці такое паехаў у Дубічы, дзе сустрэў якраз парадачнага чалавека і паказаў яму газету, у якой Панфілюк дае інтэрв’ю. «Так? Но то ўступі да мяне і прачытаеш, а я паслухаю», але бачыць, што якасьці не так: «Можа быць а можа не быць» дык кажа: «Ну, чытай, што ты там прывюоз». Калі я прачытаў, мой скептык сказаў: «Васька, ей Богу, каб ты росказвав а не чытав, я б табе ніколі не паверыў. Тая сволоч завшэ хваліў і народную ўладу і партыю, ганіў Пілсудскага і санацыйную Польшчу. Праўду кажа толькі тады, калі гаворыць тое, што былі выпадкі, калі ў нас абдзіралі польскіх жаўнераў з мундзіраў, але гэта рабілі ягоныя дзядзькі, званы Лярчышынымі і толькі яны, але гэта былі злодзеі і разбойнікі».

Спадар ЮркаХмялеўскі, я ўжо даволі даўно зацяўся з пісаннем, палічыўшы ўжо, што нікому яно непатрэбнае і непатрэбнае на самай справе. Бо людзі якасьці пазбыліся і забыліся аб іх чалавечай нядолі. Цяпер сталі ўсе разумнымі і як могуць ілгуць, што не было так каб што ім бракавала. А толькі я, непрадбачлівы, што можа мяне спаткаць у жыцці, узяў ды заняўся паправай свету, паказаўшы свой лёс такім якім ён ёсць, каб людзі сталі лепшымі, а сам стаў найгоршым. А я ж ведаў, што колькі б я аб сваім жыцці не пісаў, то і так усяго не напішу, бо так падрабязна пісаць не ўмею, і нават асцерагаўся каб не застацца графаманам. Я думаў, што напісаў праўду, людзі гэта ўспрымуць як рэчаіснасць і буду мець сатысфакцыю за трагічнае перажытае. І так яно было б, бо цудоўныя рэцэнзіі ў прэсе ад людзей у вышэйшых сферах адны пахалы і ўзнагароды. Але што ж, знайшоўся чалавек, які каб апраўдаць сваю эрудыцыю, прыслаў мне пісьмо, у якім абліў мяне з галавы да ног смярдзючымі памыямі і на канец дадаў, што калі б ён хацеў, то ў дзень напісаў бы дзвесце такіх вершыкаў як Ян Павел ІІ. Ну, і ці ж я ведаўшы ягоную ў нас пазіцыю і апінію, мог з ім змагацца?

А калі гаворка пра ягоных дзядзькоў, то гэтага, што яны былі злодзеямі, як казаў мне іх зямляк, я не ведаў, але аб разбойніцтве аднаго з іх я сам пераканаўся як малы хлопчык. Калі ў дзядулевай хаце, дзе цёця Матрона была паннай, на вечарынках была моладзь, я вырваўшыся ад калыскі туды забег. Калі спявалі і смяяліся, я слухаў. Але мне захацелася есці і я з вялікай хаты праз анкер пайшоў у кухню: можа на стале кавалачак хлеба ляжыць, то тайком яго з’ем, бо саромеўся ў цёці папрасіць. Раптам пабачыў, як у анкеры на ложку Мяфодзій душыў Гезавую Тоньку, і я захіхатаў. Тады Мяфодзій чобатам урэзаў мне ў грудзі так, што я залацеў на кухню пад лаўку ў бабіны гаршкі. Мне дух забіла, але нічога не паламалася і абышлося без рэха. Будучы ўжо карэспандэнтам «Нівы», калісьці штосьці аб гэтым напісаў, а падчас салідарніцкай свабоды Мікалай Панфілюк спытаўся ў мяне ў адным з пісем, ці памятаю як Лярчышыны б’юць і ці маю зубы цэлыя. А гэта значыла, каб я пільнаваўся.

Так ці сяк, то той славуты пісьманосец дасягнуў сваёй мэты ў тым, што я дагэтуль жыву нервамі і ніхто не ведае колькі начэй я не даспаў і колькі выпіў лякарстваў на супакаенне і які маю стан здароўя, хаця яшчэ дыхаю. Дасягнуў сваёй мэты тым, што людзі не чыталі таго, што я пісаў, а слухалі што гаворыць іх пісьманосец. Нават паважаны паэт Віктар Швед пераканаўся ў маёй подласці, бо калісьці пры якойсьці сустрэчы спытаўся ў мяне: «Васіль, ты так наракаеш на мачаху, а людзі гавораць інакш. Я быў у Тафілаўцах, то адна жанчына мне сказала, што ты хадзіў у школу нармальна арануты і абуты. Яна ведае, бо з табою вучылася». А я Віктару сказаў, што трэба было ў яе спытацца, якія каўбасы я прыносіў у школу, то яшчэ больш даведаўся б. І дадаў: «Віктар, калі б ты прачытаў хаця б маю «Пожню», то ведаў бы, што я ані дня ані нават гадзіны ніколі не быў у дубіцкай школе, а ты прыхіляешся да якойсьці задрыпанкі якая лжэ як Панфілюк ёй скажа, бо я ані яе, ані Хіліманюка не ведаю. А гэта ж людзі якія Богу моляцца ў царкве і дома, а як выконваюць Божыя запаветы? Гнояць чалавека, які ніколі ім нічога дрэннага не зрабіў».

Шаноўны спадар Рэдактар, Вы адным кароткім сказам далі мне магчымасць, без ніякіх алюзій запытаць заклятых і… праклатых ворагоў, што б яны зрабілі ў такіх справах, якія я пераносіў як дзіцё і падростак, ды далёка няпоўна апісаў праўду, за якую прысягаў на гроб мамы, якая нічога не бачыла і нічога не ведае, а ўсе, хто павінен быў сяк-так мною заняцца, бо ж быў я такім малым і бездапаможным як іншыя дзеці, а не крыўдзіць як бы я да іх прыйшоў на сілу. Вось вам пару прыкладаў з кожнага дня маіх пакут.

Бацькі пайшлі ў поле, пакінуўшы нам тром на цэлы дзень місачку куці з малаком. Мы – я, Іван і Нінка, пад маю каманду – лыжка мне, лыжка табе і лыжка табе з’елі яе мо пару гадзін пасля выхаду бацькоў у поле і нават да вечара не мелі кусочка хлеба, бо прадбачлівая мама вынесла яго ў камору каб я не зжэр. І нават ане пакінулі вады ў хаце. Калі дзеці захацелі піць, я пачаў камбінаваць як ім выцягнуць вады з калодзежа. Пабаяўся выцягаць вядром, цвік у тычцы якой цягалі ваду варушыўся, і я ведаў што вядро ўпушчу. Давай узяў квартачку, вушкам зачапіў з цвік і квартачка з яго зляцела, набрала вады і пайшла на дно. Я ўжо злякаўся, бо ведаў, што са мной бедзе вечарам і не ведаў што рабіць, чакаў, што будзе, аж пакуль людзі не вярталіся з поля. Калі пабачыў, што ідуць нашы, не вытрымаў і гайда да бабулі. А дзяцей пакінуў на падворку. Таўкуся ў бабулі, якая мае сваіх дамашніх унукаў, але як гэта я, нічога не гавару. Бабуля дала мне паесці кулешыку з малаком і адправіла дамоў, бо бацькі палягаюць спаць і засунуць дзверы.

Уваходжу на падворак, а мамуня да мяне з тычкаю, пытаецца дзе квартачка, і тою тычкаю па галаве раз-другі, то я ў плач і ўпаў у сені, а яна за мною. І лупіць усё па спіне і па галаве. Я ўжо не ведаю ў чым справа, але тут паказаўся бацька і пачаў мяне душыць за горла, хіба каб я не вішчаў. Далей я не ведаю як было з квартачкай і што яны рабілі. Я ляжаў у сенях на вышчарбленым таку, аж пакуль не пачуў, што стала цішыня, значыць, павячэралі і палягалі спаць. Тады я звалокся з току, бо ўжо холадна стала і павалокся ў кучу да цялятка, бо бачыў, што там знайду сухое месца ў куточку і засну. Рана ўстаю з бярлогі і бачу, што нічога не бачу, а чую, што падворак жыве. Вобмацкам выходжу на двор і чую сонца, але яго не бачу. Раптам чую вядомы голас мамуні: О, сучы сын сычуга (гэта сыч да квадрату), ужэ дэсь уліез у пшчолы і гада покусалі, добрэ так сучому сыновы. Крычала гучна, каб суседзі чулі, бо ж убачаць мяне апухшага і могуць здагадацца, чаго ўчора вечарам вішчаў.

 

(Працяг будзе) ■

7 Comments

  • That is very attention-grabbing, You are an overly skilled blogger. I’ve joined your rss feed and look ahead to in search of more of your wonderful post. Additionally, I’ve shared your site in my social networks!

  • Exercise, diet, and supplementation can maaybe hold off
    the effects of aging and all the other issues with low testosterone more than you believe.

  • I have been browsing online greater than 3 hours these
    days, yet I by no means discovered any attention-grabbing article like yours.
    It is beautiful value sufficient for me.
    Personally, if all web owners and bloggers made excellent content material as you did, the internet shall be a lot more useful than ever before.

  • Knowing where your testosterone injections are coming from,
    andd many guys detail vital and so essential yet, so readily circumvented thee standards by
    which theey are created.

Comments are closed.