Календарыюм. Ліпень-жнівень – гадоў таму.

kalendarium-011015 – у ліпені 1000 г. памерла князёўна полацкая, вялікая княгіня кіеўская Рагнеда. Разам з сынам Ізяславам адрадзіла беларускую, крывіцкую дзяржаву – Полацкае Княства. Першая ігуменьня ў Беларусі, у манастве – Анастасія.
755 – 13 ліпеня 1260 г. войскі старабеларускай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага разбілі крыжакоў каля возера Дурбе.
745 – 1270 г. пачатак панаваньня ў Вялікім Княстве Літоўскім князя Трайдэна (Трайдзеня), які ўзмоцніў старабеларускую дзяржаву (пам. у 1282 г.).
625 – 14 жніўня 1385 г. была падпісана ў Крэве персанальная вунія паміж вялікім князем Ягайлам (хрысьціянскае-праваслаўнае імя Якаў) і парадстаўнікамі Каралеўства Польскага.
605 – 15 ліпеня 1410 г. Грунвальдзкая бітва. Войскі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага разбілі крыжацкія войскі ды іх саюзьнікаў.
495 – 1.08.1520 г. нар. Жыгімонт ІІ Аўгуст, вялікі князь ВКЛ у 1548-1572 гг. і кароль Польшчы з 1548 г., ініцыятар Люблінскай уніі 1569 г. Пам. 23.06.1572 г.
485 – у 1530 г. нарадзіўся Сымон Будны, выдатны асьветнік, пісьменьнік, грамадзкі ды рэлігійны дзеяч. Аўтар філязофска-тэалягічнага твору „Пра найважнейшыя артыкулы хрысьціянскай веры”. Памёр (быў забіты) 13.11.1593 г. у Вішневе.
400 – 3.08.1615 г. пам. Кшыштаф Мікалай Дарагастайскі (нар. 2.03.1562 г.), дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, кальвініст, аўтар кнігі „Гіпіка” (1603) – першага ў Рэчы Паспалітай дапаможніка па конегадоўлі; каля 1615 г. у маёнтку Ашмяна Мураваная на яго сродкі была заснаваная друкарня.
335 – 25.08.1680 г. пам. Сімяон Полацкі (нар. у1629 г.), беларускі паэт і асьветнік, рэлігійны дзеяч.
300 – 6.08.1715 г. у Гембулах Лідскага пав. нар. Мацей Догель, гісторык-археограф, прававед, аўтар „Дыпламатычнага кодэксу Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ў 3 тамах (1758-1764)”. Пам. 24.02.1760 г.
175 – 25.07.1840 г. у в. Азяты каля Жабінкі нар. Юльян Крачкоўскі, беларускі фальклярыст, этнограф, гісторык, пэдагог. Памёр 27.07.1903 г.
175 – 6.08.1840 г. у Калацічах каля Глуска нар. Альгерд Абуховіч, пачынальнік жанру байкі ў беларускай літаратуры. Памёр 22.08.1899 г. Пахаваны ў Слуцку.
170 – 12.08.1845 г. пам. Юзаф Маралёўскі (нар. 5.03.1777 г. у Гарадку каля Віцебска), паэт і пэдагог. Закончыў езуіцкі калегіюм у Полацку, быў настаўнікам у езуіцкіх калегіюмах, у 1818 г. пераехаў на Валынь.
160 – 19.07.1855 г. пам. Тамаш Зан (нар. 21.12.1796 г. у Мясоце Нава­градзкага пав.), паэт-рамантык, сябра Адама Міцкевіча. З 1841 г. жыў у Кахачыне каля Оршы. Пахаваны ў Смалянах – магіла захавалася.
155 – 21.07.1860 г. у маёнтку Ярылаўка Гродзенскай губ. нар. Антон Каменскі, ілюстратар і графік. Вучыўся ў Мастацкай акадэміі ў Пецярбурзе і ў Акадэміі Юльяна ў Парыжы, з 1894 г. жыў у Варшаве, супрацоўнічаў з „Tygodnikiem Ilustrowanym”, дзе зьмяшчаў свае працы, у час першай сусьветнай вайны быў у Парыжы, вярнуўся у 1919 г. у Варшаву. Пам. 12.09.1933 г. і пахаваны на Павонзках.
135 – 20.07.1880 г. у Слоніме нар. Гальяш Леўчык, беларускі паэт, аўтар зборніка «Чыжык беларускі» (Вільня 1922). Жыў у Варшаве, дзе загінуў у час вайны ў 1944 г.
130 – 30.08.1885 г. пам. Юльян Корсак (нар. 13.02.1806 г. у Слоніме), паэт і перакладчык, з 1829 г. жыў у Пецярбурзе, у 1830 г. вярнуўся ў в. Страла каля Дзятлава. Апошнія гады жыцьця правёў у Наваградку.
125 – 28.07.1890 г. у Рушчанах на Беласточчыне нар. Язэп Рэшаць, каталіцкі сьвятар і беларускі дзеяч. Памёр 15.02.1958 г. у ЗША.
125 – 9.08.1890 г. у в. Чамяры каля Слоніма нар. Максім Бурсевіч, дзеяч Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Расстраляны саветамі 3.11.1937 г.
120 – 23.08.1895 г. пам. Міхал Эльвіра Андрыёлі (нар. 2.11.1836 г. у Вільні), мастак, удзельнік студзеньскага паўстаньня, пасьля якога жыў у Парыжы і ў Лондане. У 1866 г. вярнуўся на радзіму і быў сасланы ў Сібір. Жыў у Вятцы. У 1871 г. вярнуўся адтуль і пасяліўся ў Варшаве, быў ілюстратарам „Kłosów” i „Tygodnika Ilustrowanego”. Ілюстраваў творы м. інш. У. Сыракомлі, Э. Ажэшкі, Ю. І. Крашэўскага, А. Міцкевіча.
115 – 10.07.1900 г. у вёсцы Стаўрова, Браслаўскага павету нар. Пётра Сергіевіч, выдатны беларускі мастак. Вядомыя яго творы „Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў”, „К. Каліноўскі і В. Врублеўскі робяць агляд паўстанцаў», маляваў пэйзажы Віленшчыны. Памёр 1.11.1984 г. у Вільні, пахаваны на Антокальскім вайсковым могільніку.
115 – 15.07.1900 г. у вёсцы Агароднікі, Вілейскага павету нарадзіўся Уладзімір Дубоўка, выдатны беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, палымяны абаронца роднай мовы. Друкавацца пачаў з 1921 г. Арыштаваны НКВД 20.07.1930 г., сасланы ў глыб Расіі. З 1937 г. вязень ГУЛАГ-у. Выйшаў на волю ў палове 50-ых гадоў. Памёр 20.03.1976 г.
110 – 6.07.1905 г. нарадзіўся Пятро Глебка паэт, грамадзкі дзеяч. Друкаваўся з1925 г. Адзін з самых адданых выхваляльнікаў камунізму ды Сталіна. Памёр 18.12.1969 г.
105 – 3.07. 1910 г. у вёсцы Міхнаўка каля Ляўкова Старога на Беласточчыне нарадзіўся Аляксей Грыцук, грамадзкі дзеяч, гісторык, літаратуразнавец, настаўнік. З 1948 г. жыў у Канадзе, з’яўляўся шматгадовым старшынёй Згуртаваньня Беларусаў Канады. Памёр 30.05.1976 г.
105 – 27.07.1910 г. пам. Уладыслаў Дыбоўскі (нар. 18.04.1838 г. у Адамарыне Вілейскага пав.), заолаг, батанік, палеантоляг, мінералог і фальклярыст. Закончыў Дэрпцкі унівэрсытэт, у якім працаваў з 1871 г., у 1878 г. пераехаў у Наваградчыну, дасьледаваў флёру і фаўну Наваградчыны, збіраў беларускі фальклёр.
105 – 7.08.1910 г. нарадзіўся Генадзь Цітовіч, выдатны дзеяч беларускага харавога мастацтва, кампазітар, дырыжор. Сабраў ды апрацаваў многа беларускіх народных песьняў. Заснавальнік і кіраўнік Дзяржаўнага Акадэмічнага Хору Беларусі (зараз хору прысвоена ягонае імя). Памёр 20.06.1986 г.
105 – 9.08.1910 г. у былым маёнтку Жлобаўцы нарадзілася Ларыса Геніюш (дзявочае прозьвішча Міклашэвіч), выдатная паэтка, грамадзкі дзеяч, адраджэнец. Друкавалася з 1939 г. Першы яе паэтычны зборнік „Ад родных ніў” быў выдадзены ў Празе ў 1942 г. У 1948 г. разам з мужам Янкам былі пазбаўлены Чэхаславацкага грамадзянства ды былі арыштаваны НКВД. Неўзабаве Вярхоўны суд БССР прысудзіў ім 25 год папраўча-працоўных лагераў. Выйшла на волю ў 1956 г., жыла (без грамадзянства) у Зэльве на Гарадзеншчыне, шмат пісала. Памерла 7.03.1983 г., пахавана на Зэльвенскім могільніку.
100 – 7.08.1915 г. перастала выходзіць „Наша Ніва” (друкавалася з 10.11.1906 г.). Часопіс адыграў найважнейшую ролю ў беларускім адраджэньні пачатку XX ст.
100 – 28.08.1915 г. у в. Бойдаты на Гарадзеншчыне нарадзіўся Часлаў Найдзюк, грамадзкі дзеяч. Дзеяч Беларускага Студэнцкага Саюзу ў міжваеннай Вільні, арганізатар беларускага жыцьця ў Каліфорніі (ЗША). Памёр 28.03.1995 г.
95 – 28.07.1920 г. у Кракаве памёр Алесь Гарун (Прушынскі – нар. 11.03.1887 г. у фальварку Новы Двор пад Менскам), беларускі паэт. Пахаваны ў Кракаве на Ракавіцкіх могілках.
95 – 1.08.1920 г. абвешчана Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі.
95 – 14.08.1920 г. т. зв. „Цуд над Віслай” у польска-савецкай вайне. Пачатак паразаў Чырвонай Арміі.
90 – 19.08.1925 г. у Вільні выйшаў з друку першы нумар газэты „Жыцьцё Беларуса” (выдавалася 3 разы ў тыдзень), рэдагаванай Я. Туркевічам. Зьвязана яна была зь Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамадой. Апошні нумар у выніку рэпрэсіі ўладаў быў выдадзены 12.11.1925 г.
70 – 25.07.1945 г. памёр на дызентэрыю на адным з этапаў падчас зьняволеньня НКВД д-р Станіслаў Грынкевіч, лекар, культурна-грамадзка-палітычны дзеяч, пісьменьнік, cвядомы Беларус. Нарадзіўся 2.02.1902 г. у Новым Двары на Сакольшчыне.
60 – 23.08.1955 г. у Братыславе памёр Іван Краскоўскі (нар. 24.06.1880 г. у Дубічах Бельскага павету на Беласточчыне), дзеяч нацыянальнага руху, быў між іншым у 1920 г. старшынёй Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні, з 1922 г. дырэктарам Дзьвінскай Беларускай Гімназіі.
30 – 15.08.1985 г. памёр у ЗША Часлаў Будзька, беларускі грамадзкі дзеяч, гісторык, настаўнік (нар. 29.06.1913 г. у Вільні).
25 – 27.07.1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю Аб Дзяржаўным Сувэрэнітэце БССР. Дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь да 1995 г.
25 – у начы з 12 на 13 ліпеня 1990 г. была падпалена ды згарэла царква Праабражэньня Гасподняга на
Сьв. Гары Грабарцы.
25 – 13-15 ліпеня 1990 г. у Гарадку адбыўся І Фэстываль Музыкі Маладой Беларусі сарганізаваны Беларускім Аб’яднаньнем Студэнтаў ды Гмінным Асяродкам Культуры ў Гарадку. Выступалі між іншым Сяржук Сокалаў-Воюш, гурты „Уліс”, „Мроя”.
20 – 7.08.1995 г. памёр Максім Танк (сапраўднае прозьвішча Яўген Скурко) паэт, грамадзкі дзеяч (нар. 17.09.1912 у в. Пількаўшчына на Вілейшчыне).
Апрацавалі Лена Глагоўская
і Вячаслаў Харужы ■

11 Comments

Comments are closed.