Травень – гадоў таму
640 – у траўні 1377 г. памёр вялікі князь Аляксандар Альгерд (нар. каля 1296 г.), у манастве прыняў імя Аляксей.
255 – 15.05.1762 г. у Несьвіжы памёр Міхал Казімір Радзівіл „Рыбанька” (нар. 13.06.1702 г. ), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мэцэнат. У 1726 г. распачаў аднаўленьне замку ў Несьвіжы, збуранага швэдамі ў 1706 г., у 1750 г. аднавіў дзейнасьць Несьвіжскай друкарні і адкрыў корпус кадэтаў. Заснаваў першыя ў Беларусі мануфактуры, м. інш.: фаянсавую ў Новым Сьвержні, пэрсіярню (шаўковых паясоў) у Слуцку, і супольна з жонкай Уршуляй сарганізаваў тэатр ды музычную, вакальную і балетную школы.
220 – 10(21).05.1797 г. нар. Дамінік Стэфановіч, музыкант настаўнік Станіслава Манюшкі, у 1820 – 1837 гг. – кіраўнік Мінскага гарадзкога аркестра, у 1848 – 1865 гг. выкладаў музыку і харавыя сьпевы ў Менскай гімназіі і прыватным жаночым пансыёне. Памёр каля 1870 г.
215 – 6.05.1802 г. каля Кобрына нар. Станіслаў Горскі (пам. 3.05.1864 г.), прыродазнавец, мэдык, пэдагог. Выкладаў ва ўнівэрсытэце, а потым у мэдыка-хірургічнай акадэміі ў Вільні. Як адзін з першых апісаў расьліннасьць Белавежскай пушчы.
175 – 12.05.1842 г. у Парыжы памёр Валенты Ваньковіч (нар. 14.02.1800 г. у Калюжыцах на Меншчыне), мастак, аўтар вядомага партрэта Адама Міцкевіча „Міцкевіч на скале Аюдаг”. Закончыў Полацкі езуіцкі калегіум і Віленскі унівэрсытэт (1824 г.), а ў 1827 г. – Пецярбургскую мастацкую акадэмію. Затым жыў у Менску, меў майстэрню ў Сьляпянцы. У 1839 г. зьехаў у Парыж. Пахаваны на тамтэйшых могілках Манмартр.
140 – 3.05.1877 г. у фальварку Іваноўшчына Лепельскага павету нар. Антон Грыневіч (арыштаваны ў 1933 г., памёр у савецкім лагеры 8.12.1937 г.), фальклярыст, кампазытар, пэдагог, выдавец. Удзельнік суполкі „Загляне сонца і ў наша ваконца”. У 1910-1912 гадах выдаў два тамы кніжкі „Беларускія песьні з нотамі”. Выдаў у 1923 г. у Вільні першы беларускі падручнік па музыцы „Навука сьпеву”. Таксама зьяўляецца аўтарам зборнікаў песень: „Народны сьпеўнік”, „Школьны сьпеўнік”, „Беларускі дзіцячы сьпеўнік”. Зьбіраў фальклёр на Палесьсі і ў Падзьвіньні. З 1925 г. жыў у савецкай Беларусі.
135 – 15.05.1882 г. нар. Уладыслаў Галубок (расстраляны саветамі 28.09.1937 г.), адзін з заснавальнікаў сучаснага беларускага тэатру, драматург, акцёр, рэжысёр.
115– 20.05.1902 г. у в. Каралішчавічы Менскага павету нар. Язэп Пушча (сапр. Іосіф Плашчынскі, пам. 14.09.1964 г.), паэт, настаўнік, адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднаньня „Узвышша”. У 1930 г. будучы студэнтам быў арыштаваны савецкімі ворганамі бясьпекі і сасланы ў Сібір. У 1941 г. мабілізаваны ў савецкую армію. Пражыў вайну, змог паявіцца ў Беларусі толькі пасьля 1956 г.
90 – 30.05.1927 г. у Менску нар. Вітаўт Кіпель, актыўны грамадзкі дзеяч, гісторык. Пасьля ІІ сусьветнай вайны жыве ў эміграцыі. Выпускнік Лювэнскага Унівэрсытэту (геоляг), Ратгерскага Унівэрсытэту (бібліятэказнаўства). Актыўна дзейнічаў і дзейнічае ў беларускім грамадзка-палітычным ды навуковым жыцьці. З 1982 г. узначальвае Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва. У 1993 г. была выдадзена ягоная абшырная манаграфія „Беларусы ў ЗША”, а ў 2015 яго успаміны «Жыць і дзеіць». Віншуем з прыгожым юбілеем!
75 – 25.05.1942 г. у лагеры памёр Іван Замоцін (нар. 1.11.1873 г. у Крывуліне Цьвярской губ.) літаратуразнавец. З 1908 г. быў прафэсарам Варшаўскага ўнівэрсытэта, з 1922 г. – Беларускага дзяржоўнага ўнівэрсытэта ў Менску. У 1937 г. быў арыштаваны і асуджаны на 8 год выпраўленча-працоўных лагераў.
30 – 25.05.1987 г. памёр у ЗША Аўген Калубовіч-Каханоўскі (нар. 5.03.1910 г. у Ціхінічах, Рагачоўскага павету), гісторык, палітычны дзеяч, настаўнік. Падчас нямецкай акупацыі кіраваў Аддзелам Культуры Беларускай Цэнтральнай Рады. Аўтар між іншым прац „Мова ў гісторыі беларускага пісьменства”, „Айцы БССР і іхны лёс”, успамінаў „На крыжовай дарозе”.
25 – 23.05.1992 г. памёр у ЗША Уладзімір Бакуновіч (нар. 10.12.1926 г. у Малых Сьцяблевічах, Лунінецкага павету), грамадзкі дзеяч, эканаміст. Выпускнік Лювэнскага Унівэрсытэту. Дзейнічаў у БАЗА і Радзе БНР, між іншым быў журналістам газэты „Бацькаўшчына”.
Апрацавалі Лена Глагоўская і Вячаслаў Харужы