Календарыюм

kalЛістапад – гадоў таму:

390 – 13.11.1625 г. памёр Саламон Рысіньскі (нар. каля 1560 г. у Рысіне на Полаччыне), філёзаф, паэт і настаўнік. Сваю радзіму называў „Лейкарасіяй” (Беларусь). Настаўнічаў м. інш. у Гданьску і ў гарадах Нямеччыны (да 1587 г.). З 1600 г. служыў настаўнікам і паэтам у Радзівілаў, пісаў філязафічныя расправы, меў цесныя сувязі з арыянамі.

270 – 30.11.1745 г. у Мерачоўшчыне на Палесьсі нар. Андрэй Тадэўш Бонавэнтура Касьцюшка, палітычны і вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік паўстаньня 1794 г. Памёр 15.10.1817 г. у Салюры ў Швайцарыі. Зараз яго родны дом адбудаваны.

230 – 19.11.1785 г. у вёсцы Волька Выганоўская каля Орлі нар. Міхал Баброўскі (пам. 3.10.1848 г. у Шэрашаве), выдатны беларускі вучоны – беларусазнаўца, арыенталіст, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту.

220 – 25.11.1795 г. кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трону на карысьць расійскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ. Рэч Паспаліта спыніла сваё дзяржаўнае існаваньне.

215 – 6.11.1800 г. у маёнтку Аборак каля Маладэчна нар. Леанард Ходзька, выдавец, гісторык, публіцыст, бібліёграф. Вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце (1816-1817), быў членам таварыства філярэтаў. У 1819-1822 гг. быў сакратаром Міхала Клеафаса Агінскага ў Залесьсі, у 1822 г. эміграваў за мяжу, з 1826 г. жыў у Парыжы. Напісаў м. інш.: паэму „Залесьсе” (1821), біяграфію А.Т.Б. Касьцюшкі (1837), выдаў м. інш.: зборнікі твораў Адама Міцкевіча (1828), мэмуары Агінскага (1827-1828). Памёр 12.03.1871 г.

190 – 17.11.1825 г. у маёнтку Пятроўскае Цьвярской губерні памёр Зарыян Далэнга-Хадакоўскі (сапр. Адам Чарноцкі – нар. 24.12.1784 г. у Гайне на Лагойшчыне), пачынальнік беларускай і наогул славянскай археалёгіі, фальклярыстыкі, этнаграфіі і дыялекталёгіі.

160 – 26.11.1855 г. памёр у Канстантынаполі Адам Міцкевіч (нар. 24.12.1798 г. у Завосьсі каля Наваградка), выдатны паэт-рамантык.

140 – 11.11.1875 г. у Менску нар. Альбэрт Паўловіч (пам. 17.03.1951 г. у Курску) пісьменьнік. Літаратурную дзейнасьць пачаў у канцы XIX ст., друкаваўся з 1907 г. у „Нашай Ніве”. У 1910 г. у віленскім выдавецтве „Палачанін” выйшаў ягоны першы зборнік „Снапок”. Пісаў гумарыстычныя творы, вершы для дзяцей.

130 – 12.11.1885 г. у Чорным каля Рэчыцы нар. Міхаіл Грамыка (пам. 1.07.1969 г. у Хімках Маскоўскай вобл.), геоляг, географ, пісьменьнік. Прасьледаваны савецкімі органамі бясьпекі, з 1930 г. па 1953 г. на прымусовым пасяленьні ў Сібіры. Літаратурныя творы друкавалія з 1907 г., аўтар выдадзенай у 1923 г. „Пачатковай геаграфіі”.

110 – 1.11.1905 г. у в. Баброўня Гарадзенскага павету нар. Міхась Васілёк (сапраўднае прозьвішча Касьцевіч, пам. 3.09.1960 г. у Гародні), пісьменьнік, дзеяч нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. Друкаваўся з 1926 г., арганізаваў на Ськідзельшчыне гурткі Таварыства Беларускай Школы ды Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. У верасьні 1939 г. будучы жаўнерам Войска Польскага трапіў у нямецкі палон, дзе разам з Янкам Брылём вёў нацыянальную працу сярод палонных беларускага паходжаньня. Пасьля вайны жыў на Гарадзеншчыне.

110 – 22.11.1905 г. у Гародні нар. Мсьціслаў Аляхновіч, мовазнавец. Закончыў гуманістычны і праўны факультэты Віленскага ўнівэрсытэта. Пасьля ІІ сусьветнай вайны кіраваў Дзяржаўнай Рэпатрыяцыйнай Управай (Państwowy Urząd Repatriacyjny). З 1949 г. працаваў навукова ў Лодзінскім унівэрсытэце, дасьледаваў рускую мову і займаўся беларускім фальклёрам і мовай у ХІХ ст. Памёр 24.07.1982 г. у Лодзі. У 1986 г. была выдадзена яго доктарская дысэртацыя „Polscy badacze folkloru i języka białoruskiego w XIX w.”

105 – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.

100 – 1.11.1915 г. нар. у Покаршаве на Случчыне Міхась Кавыль (сапр. Язэп Лешчанка), беларускі эміграцыйны паэт, з 1944 г. на эміграцыі, сьпярша ў Нямеччыне, з 1950 г. – у ЗША. Выдаў кнігі паэзіі: „Ростань” (1947), „Пад зорамі белымі” (1954), „Першая рана” (1960), „Цяжкія думы” (1961), „Міжагнёўе” (1990).

100 – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.

95 – 27.11.1920 г. пачаліся першыя баі беларускіх вайсковых фарміраваньняў на Случчыне. У палове лістапада адбыўся зьезд партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў, які акрэсьліў Случчыну як частку тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі ды заклікаў да агульнабеларускага змаганьня супраць бальшавіцкай улады, за беларускую незалежную дзяржаву. Вайсковыя дзеяньні закончыліся ў другой палове сьнежня 1920 г. бальшавіцкай збройнай перамогай. У баях удзельнічаў беларускі батальён зь Беласточчыны, які ўзначальваў ураджэнец Гарадка Мікола Дзямідаў.

90 – 18.11.1925 г. у Вільні выйшаў з друку першы нумар газэты „Беларуская Ніва”, якая зьяўлялася прэсавым грамадзка-палітычным органам Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Фактычным рэдактарам быў Янка Бабровіч. Паяўлялася 3 разы ў тыдзень, было выдадзена 35 нумары. Зьмяшчаліся на яе старонках карэспандэнцыі зь Беласточчыны.

90 – 25-29.11.1925 г. адбыўся ў Менску І Усебеларускі зьезд паэтаў і пісьменьнікаў аб’яднаньня „Маладняк”.

85 – 1.11.1930 г. быў надрукаваны ў Вільні першы нумар часопіса „Беларускі Кліч” рэдагаванага Б. Кляпацкім.

85 – 2.11.1930 г. у вёсцы Бандары нар. Аляксандр Баршчэўскі (Алесь Барскі) паэт, літаратуразнавец, перакладчык, вучоны. Друкуецца з 1956 г., аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў, паэм, навуковых артыкулаў, унівэрсытэцкіх ды школьных падручнікаў. Шматгадовы старшыня „Белавежы”, ГП БГКТ. Віншуем з юбілеем!

85 – 26.11.1930 г. у Оршы нарадзіўся Уладзімір Караткевіч (пам. 25.07.1984 г.) выдатны беларускі пісьменьнік, стваральнік беларускага гістарычнага рамана. Друкаваўся з 1955 г., больш вядомыя творы: „Цыганскі кароль” (1961), „Дзікае паляваньне караля Стаха” (1964), „Каласы пад сярпом тваім” (1968), „Чорны замак Альшанскі” (1983).

75 – 6.11.1940 г. памёр у Вільні Лявон Вітан-Дубейкаўскі, архітэктар, грамадзкі дзеяч (нар. 7.07.1869 г. у в. Дубейкава Мсьціслаўскага павету). Пахаваны на могілках Росы.

45 – 24.11.1970 г. памёр у Вільні Адольф Клімовіч, беларускі нацыянальны дзеяч. Пахаваны на парахвіяльным могільніку ў Клюшчанах.

35 – 6.11.1980 г. памёр у Нью Ёрку Станіслаў Станкевіч (нар. 23.02.1907 г. у Арлянятах на Ашмяншчыне), нацыянальны дзеяч, журналіст, гісторык, літаратуразнавец.

30 – 20.11.1985 г. памёр у Беластоку Юрка Геніюш (нар. 21.10.1935 г. у Зэльве), лекар, пісьменьнік, сын Ларысы Геніюш. Дэбютаваў як празаік у „Ніве”.

Апрацавалі Лена Глагоўская
і Вячаслаў Харужы

82 Comments

Comments are closed.