Паэма пра родную вёску – Cяргей Чыгрын

O
Мiкола Несцярэўскі каля магілы маці ў Дзятлаве, 2013 год

Гэту паэму напісаў мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кераміст, скульптар, жывапісец, сябра Саюза беларускіх мастакоў Мікола Несцярэўскі. Вядома, спадар Мікола далёка не паэт, ён, найперш, вялікі беларускі мастак. У свой час скончыў Гродзенскае культасветвучылішча (1959), Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут (1969). Працаваў інструктарам Дома культуры, мастаком-афарміцелем на прамкамбінаце ў Дзятлаве, настаўнікам працы, малявання і чарчэння ў Дзятлаўскай сярэдняй школе, галоўным мастаком Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі, вучэбным майстрам мастацкай керамікі Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута, мастаком Мінскага мастацка-прамысловага камбіната (1969 – 1991).

Творы Міколы Несцярэўскага (кераміка, скульптура, жывапіс) экспануюцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, у Гродзенскім гістарычным музеі, Дзятлаўскім краязнаўчым музеі, у музеях за межамі Беларусі, знаходзяцца ў многіх грамадскіх памяшканнях і прыватных аматарскіх калекцыях. Мікола Несцярэўскі аўтар дэкаратыўных пано і скульптур, якія ўпрыгожваюць станцыю метро „Плошча Якуба Коласа” ў Мінску, знаходзяцца ў паліклініцы Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, у памяшканнях завода „Інтэграл” і Мінскага аэрапарта № 2, кафэ „Бульбяная” (Мінск), у гастраноме „Мінск”. Ён стварыў вялікую колькасць скульптурных твораў, алейных палотнаў, медальерных партрэтаў, у якіх бачыцца Беларусь і яе адраджэнне. У 1991, 1996, 2001, 2006 гадах у Мінскім Палацы мастацтваў праходзілі яго юбілейныя выстаўкі. У Старадарожскім музеі Мінскай вобласці экспануюцца партрэты-барэльефы ў кераміцы каралёў і князёў Вялікага Княства Літоўскага, усяго – 39 партрэтаў.

Мікола Несцярэўскі нарадзіўся каля Беластока ў вёсцы Бацюты, якую не па ўласнаму жаданню пакінуў з сям’ёй пасля другой сусветнай вайны. Бацькі мелі 25 гектараў зямлі, большую частку з якой складала паша, і хлопчыку з самага ранняга дзяцінства даводзілася пасвіць чужых кароў. Бралі іх на сваю пашу за грошы і, такім чынам, зараблялі лішнюю капейку, такую неабходную ў гаспадарцы.

У сем гадоў Коля пайшоў у школу, якая знаходзілася за некалькі кіламетраў ад вёскі. Выкладанне вялося на польскай мове. Мікалаю Лаўрэнцьевічу добра запомніліся многія польскія вершы і апавяданні, малітвы, што прымушаў адказваць ксёндз, які часта наведваў школу. Дома ж гаварылі па-беларуску, „па-простаму”, таму што бацькі лічылі сябе беларусамі, праваслаўнымі.
Калі пачалася вайна, у жыцці сям’і мала што змянілася: працавалі на зямлі, здавалі падатак ужо не польскай уладзе, а нямецкай. У 1945 годзе сям’я пераехала ў Дзятлава. Беласток застаўся пад Польшчай, і на беларусаў, хоць яны былі карэннымі жыхарамі тых мясцін, глядзелі як на нейкіх ворагаў. Але потым усё змянілася…

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Мiкола Несцярэўскі дорыць партрэт Рыгора Барадуліна Дзятлаўскаму краязнаўчаму музею, 2013 год

 

Сёння спадар Мікола мае ўжо 84 гады. Усё жыццё ён сумуе па роднай вёсцы. Неяк мастак перадаў мне сваю паэму „Бацюты”. Я яе ўважліва прачытаў і прыйшоў да высновы, што яе трэба абавязкова апублікаваць. Калі ацэньваць твор з літаратурнага боку, то да яго будзе шмат нараканняў, але паэма мае найперш гістарычную каштоўнасць. Бо „Бацюты” – гэта боль душы аўтара, гэта настальгія па маленькай радзіме, па маленству, па тых людзях, якія да другой сусветнай вайны і падчас вайны жылі побач, бо іх норавы, іх праца, іх звычаі аўтару памятаюцца ўсё жыццё.

На вобразе беларускіх Бацютаў Мікола Несцярэўскі паказаў жыццё заходнебеларускай вёскі ў 1930-х-1940-х гадах, працу беларусаў, іх захапленні і хваляванні. У паэме „Бацюты” добра бачна, што беларусы заўсёды любілі сваю зямлю, працу на ёй, сваю сядзібу і сваіх людзей. Яны найбольш баяліся войнаў, перасяленняў, эміграцый і бежанства. Для іх родная зямелька – як зморанаму пасцелька, бо ў сваёй хаце і вуглы дапамагаюць, бо ў сваёй хаце і качарга маці, а ў сваім краі, як у раі…
Паэму „Бацюты” Міколы Несцярэўскага прапаную чытачам „Сzasopisа”.

9 Comments

Comments are closed.