Сякая-такая рэцэнзія – Віталь Воранаў

felietonisci-10-02У канцы ліпеня 2013 г. па беларускіх СМІ прайшла навіна, што на польскім аўкцыёне Allegro прадаецца рукапіс XIX ст., які паўстаў на паўднёва-заходніх тэрыторыях Беларусі. Паводле апісання прадаўца, ананімны аўтар вершаў на польскай і „рускай” мове паходзіў з тэрыторыі Польскага Каралеўства, якое было часткай Расійскай Імперыі.

Як выявілася большасць вершаў напісаныя сапраўды на польскай мове, а тры творы ў зборніку напісаныя на загародзкай гаворцы, то бок на берасцейска-пінскай гаворцы заходнепалескага дыялекту. Гэта ўжо пацвердзіў і сам Фёдар Клімчук, які дарэчы тэрмін загародзкія гаворкі ўвёў у навуковую мову яшчэ ў 70-х гадах.

Для дакладнага аналізу рукапісу спатрэбіцца яшчэ нямала часу, але пэўныя факты можна ўжо канстатаваць. Зроблены ў форме сшытку рукапіс мае назву „Nie Każdemu Wolno” (Ня кожнаму дазволена). На тытульнай старонцы віднее падназва „Siakie-takie utwory, Niedołęgi autora.” (Сякія-такія творы, Недалугі аўтара). У сшытку 138 непранумараваных старонак, з якіх 122 запісаныя, а 16 пакінутыя пустымі. У сшытку таксама нямала вырваных старонак, на што ўказваюць сляды адарваных картак і адсутнасць вершаў нумар XIII, XIV, XV, XVII, XVIII, XXIII, XXIV, XXV, XXVI, XXVII і XLII. Агулам у сшытку 34 пранумараваныя рымскімі лічбамі, вершаваныя творы, запісаныя старанным, каліграфічным почыркам. На кожнай старонцы, у верхнім правым куце адціснута пячатка, на якой бачны часткова чытэльны надпіс «****веркская N° Фабрика».
У польскай мове аўтара заўважнае характэрнае „крэсовае” адценне беларускай мовы таго перыяду. Зрэшты сам аўтар шматразова ў тэксе, адкрыта адносіць сябе да Літвы. У тэкстах сустракаюцца такія словы і фразы як: nie ma rozhoworów, robić pokupki, bumaszka, na wyprzódki, obów. Апрача гэтага, у вершах выступаюць словы ў „фанетычным” запісе, на прыклад „*deżdż” (магчыма пад уплывам беларускага дождж), замест арфаграфічна правільнага „deszcz”, што можа сведчыць пра другаснасць польскай мовы ў жыцці аўтара. Нягледзячы на відавочную хрысціянскую арыентаванасць, у вершах заўважныя таксама паганскія вобразы (мара) і павер’і беларускага Палесся.

Пераважная большасць вершаў напісаныя на лёгкую, жартоўную тэматыку. Лірычны герой прадстаўляе цэлую панараму жыцця беларускай правінцыі XIX ст. Паколькі аўтар пазіцыюе сябе як набожнага каталіка, то вершы, як і значная частка літаратуры таго перыяду, часта маюць маралізатарскі ўхіл. У сваіх творах аўтар нярэдка наракае на сваю нялёгкую долю, беднасьць, а таксама пакуты душы і сэрца прынесеныя атрутным каханьнем. Некаторыя творы зьяўляюцца любоўнымі прысьвячэньнямі нейкай С. У сшытку сустракаюцца таксама гумарыстычныя, часам напоўненыя эротыкай, а нават брудным гумарам, „фрашкі”. Дадаткова ў зборніку можна знайсці загадкі, з пададзенымі аўтарам адказамі.

Магчыма з замілавання да гульні словам і да пэўнае лаканічнасці, аўтар замест слова часта пакідае шматкроп’е. З гэтым літаратурным прыёмам, дарэчы, звязаная самая цікавая загадка сшытку – імя аўтара. Паэт не пакінуў будучых чытачоў без шарады нават у гэтым аспекце. У адным вершы знаходзім наступныя радкі:
Otóż taką radę –
Którą ci udziela –
Przyjmij od F…..
Swego przyjaciela…

З гэтага фрагмэнту вынікае, што імя аўтара пачынаецца на літару Ф, але пэўнасці што да канкрэтнага імені быць не можа. Аднак ужо на наступнай старонцы загадка здаецца быць адгаданай ужо з высокай доляй упэўненасці. Зашыфраванае імя аўтара – Францішак.

Lepszy swój kątek –
domowy zaciszek –
Tego ci życzy przyjazny F…..

Аднак гэта яшчэ не ўсё, што наконт свайго імя падказвае нам аўтар. У зборнік укладзены дадатковы, непранумараваны, не прычэплены, двустаронкавы аркуш з вершам „Raj i piekło” (Рай і пекла), які датуецца 28 траўня 1888 г. і з’яўляецца найстарэйшым знойдзеным запісам аўтара. Напісаны ў Гарадзішчы верш падпісаны ініцыяламі F. C… То бок можна сцвярджаць што імя аўтара Францішак, а прозвішча пачынаецца на літару Ц, або, што нават больш верагодна з-за сваёй пашыранасці, Ч. Хоць поўным адпаведнікам літары Ч у польскай мове павінны быць літары „Cz”, а другая літара аўтарам не пазначаная, то ў тэксце ёсць доказ таго, што аўтар выкарыстоўвае ў такіх выпадках адну літару. Напрыклад верш прысвечаны Шчэпану, пазначаны як „Do S”, а не „Do Sz”.
Апрача гэтых падказак наконт свайго імя, аўтар пакідае яшчэ некалькі звестак пра імёны апісаных асобаў. Такім чынам чытач даведваецца пра Юзафа Р., вікарыя касцёла ў Новай-Мышы. Аўтар у адмоўным тоне апісвае таксама пэўнага пана, які прыехаў у Новую-Мыш з Валыні:
Honor jego tak czysta
rzadkość w owym czasie,
Jak bywają żydowskie…
po szabasie.

Прозьвішча пана аўтар не выяўляе, але падказвае чытачу ягоную мянушку – Свіння:

Zaczyna się on od Ś,
a na A. się kończy,
Litery – w, i, n, i –
poprzednie dwie łączą.

Апрача гэтага, у іншым вершы, аўтар апісвае гісторыю арганістага Гарадзішчацкага касцёла, апаведзеную знаёмым арганістага – Янам Шышко.

Сярод вершаваных показак, фрашак, святочных прысвячэнняў і іншых вершаў у стылі „гавэнды”, вылучаецца некалькі асаблівых, глыбокіх па зместу і вобразных па тэматыцы твораў. У адным з вершаў лірычны герой становіцца 5-рублёвай „крэдыткай” (банкнот). Фальшывая крэдытка апавядае пра свой кароткі, нешчасьлівы лёс, пра пераход з рук у рукі, і ўрэшце смерць праз спаленне. Апошні, напісаны на далучаным аркушы, верш ёсць даволі пашыраным у літаратуры, але цікава прадстаўленым матывам „страчанага раю”. Аўтар параўноўвае адну і тую ж сядзібу, тое якой яна была ў час яго маладосці і як заняпала праз гады, калі апісваецца яе гаротны стан. Безумоўна, вельмі цікавым, а адначасна самым аб’ёмным вершам з’яўляецца твор пад назвай „Powieść o Babie i Żabie i inne”. Па сваёй стылістыцы верш вельмі нагадвае Шляхціца „Завальню, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага. Твор перапоўнены чарамі, таямнічымі здарэннямі, і паганскім фальклорам.

Іншым, вартым пільнай увагі творам ёсць верш нумар XLIV, які называецца „Надзвычайны Рыцар”. У ім прадстаўленыя прыгоды святога Юрыя, які з Божага загаду, рушыў у пагоню за д’яблам. Cьвяты Юры апісаны наступным чынам:
Jakiż to rycerz na białym koniu
I dokąd spieszy tak żwawo?
Ma hełm na czole,
trzyma miecz w dłoni,
Cały pokryty kurzawą?!..

Сьвяты Юры імкне ў след за д’яблам, які аб’яўляецца ў розных гарадах Еўропы, дзе дрэннымі парадамі зводзіць і баламуціць мясцовае насельніцтва. Маршрут пагоні пралягае праз такія гарады як Лондан, Парыж, Кракаў і Львоў. Апошнім горадам дзе аб’яўляецца чорт ёсць Масква, а шлях святога Юрыя ў Маскву вядзе праз Літву. Урэшце святы Юры знаходзіць д’ябла, які ператвараецца ў змія і гіне з рукі рыцара. У апошніх радках аўтар звяртае ўвагу на тое, што дрэнны ўплыў шатана бачны ў розных народах і па сённяшні дзень. Так, напрыклад, сярод маскоўцаў, паводле аўтара, пануе хамства, зладзейства і хлусня, якія яны пашыраюць на іншыя, заваяваныя імі народы. У апошніх радках верша, лірычны герой звяртаецца да Літвы.

Płacz i ty Litwo – O Litwo miła!
– Niech was Bóg wskrzesi
swą dłonią –
Coś na pamiątkę herb zaszczyciła
Świętego męża pogonią!!!…

Верш гэты напісаны быў у Гарадзішчы, 22 лістапада 1885 г.

Урэшце пэўны ўнёсак у вызначэнне аўтара гэтых радкоў можа зрабіць аналіз маршрутаў яго паездак, зроблены менавіта на падставе подпісаў пад вершамі. Першы запіс зроблены 26 жніўня 1860 г. у Новай-Мышы, пад Баранавічамі, а апошні 28 траўня 1888 г. у Гарадзішчы, на гістарычнай Наваградчыне. На працягу дваццаці васьмі гадоў сваёй творчасці аўтар больш, ці менш працягла перабываў у Грыбаўшчызьне (на Сакольшчыне), Любанічах (на Наваградчыне) і Луніне (на Палессі). Сярод іншага ў вершах аўтар таксама згадвае польскі Скробаў (Skrobów) i Пінск. Парафразуючы папулярную прыказку „У Пінску ўсё па-свінску” аўтар піша пра надзвычай адмоўны фактар правядзення праз гэты горад і праз частку Палесся чыгункі.

У сувязі з цывілізацыйнай зменай інфраструктуры краю, аўтар заклапочаны пагрозай знікнення спрадвечнага, непаўторнага духу раней недаступнага рэгіёну.

Новая знаходка можа прынесці яшчэ шмат цікавага ў агульную карціну Беларусі XIX ст. Асабліва важным у гэтым плане можа быць вызначэнне аўтара рукапісу, а таксама падрабязны літаратурны аналіз знойдзеных твораў.

4 Comments

Comments are closed.