Калі ў 1920-х—1930-х гадах Заходняя Беларусь апынулася пад Польшчай, амаль у кожнай беларускай вёсцы дзейнічалі падпольныя моладзевыя ячэйкі. Сябры ячэек, а гэта ў асноўным былі юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 15 да 25 гадоў, выступалі супраць вялікіх непасільных падаткаў, дамагаліся ад польскіх уладаў адкрыцця беларускіх школ, пісалі ці друкавалі на шапірографе лістоўкі і распаўсюджвалі іх па вёсках і хутарах, адкрывалі бібліятэкі-чытальні і г.д. Сярод актывістаў ячэек на Слонімшчыне ў той час быў і 17-гадовы юнак з вёскі Юхнавічы, Леанід Бялькевіч.
Хлопец быў малапісьменны, бо не хапала грошай на вучобу. Таму самаадукацыяй займаўся сам. Вельмі шмат чытаў, асабліва любіў творы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Менавіта яны натхнялі юнака самому паспрабаваць пісаць. Ён браў паперу, аловак і знікаў на некалькі гадзін. На ўлонні роднай прыроды, каля аднаго стройнага клёна, пісаў паэтычныя радкі. А потым іх акуратна перапісваў у асобныя сшыткі. А каб ніхто не здагадваўся, пад вершамі ставіў подпіс: Леанід Клён.
У той час па ўсёй Заходняй Беларусі пашыраўся патрыятычны рух, асабліва сярод беларускай моладзі. Пачала дзейнічаць легальная арганізацыя – Беларуская сялянска-рабочая грамада. Каб стрымаць яе рост, урад Пілсуцкага ў студзені 1927 года разграміў Грамаду. Пачаліся масавыя арышты грамадаўцаў і актывістаў.
У 1928 годзе на Слонімшчыне арыштавалі і Леаніда Бялькевіча. Спачатку яго прывезлі ў Міжэвіцкі пастарунак паліцыі, а потым у Слонімскую дэфензіву. Там юнака моцна катавалі. Паліцыянты стараліся біць Леаніда так, каб яму моцна балела і нідзе не было відаць знаку катаванняў. Яму клалі на грудзі дошку і па дошцы білі цяжкай жалезнай гірай. Вязень кашляў кроўю, а вонкавых прыкмет пабояў не было.
Пасля ўсіх здзекаў, Леанід хутка захварэў на сухоты. Але турэмшчыкі датэрмінова яго выкінулі з турмы, каб не памёр за кратамі. Пазней дэфензіўшчыкі так зрабілі і з другім слонімскім юнаком-змагаром за беларускасць Уладзімірам Бялько (1911-1933). Ён выдаваў падпольную газету „Піянер”, пісаў вершы. Юнака з вёскі Мяльканавічы таксама катавалі ў турме, а потым адправілі дамоў, дзе ён хутка і памёр. На жаль, „Піянера” і вершаў Уладзіміра Бялько не захавалася.
Вярнуўшыся з-за кратаў у родную вёску Юхнавічы, Леанід Бялькевіч радаваўся вясноваму сонцу, радаваўся, што паліцыя дома не змагла знайсці некалькі яго сшыткаў з вершамі, якія ён хаваў пад саламянай страхой. А там былі напісаны вершы, прысвечаныя роднай прыродзе, вёсцы, сябрам, а таксама актывістам Грамады Максіму Бурсевічу і Браніславу Тарашкевічу. І хай яны не вельмі дасканалыя ў мастацкіх адносінах, але для гісторыі літаратуры яны маюць сваё гістарычнае значэнне, таму іх нельга выкінуць, як словы з песні. Вось некалькі радкоў, напрыклад, з верша, прысвечанага Браніславу Тарашкевічу:Вельмі гоняць цябе часта,
Не даюць казаць прамоў,
Бо ты есць адзін з найлепшых
Беларускіх змагароў…
Гонар, гонар табе, браця,
Ад усіх тваіх братоў…
Ад усіх, што плачуць слёзна
Пад няволяй у паноў.
Пасля зняволення, Леанід Бялькевіч з кожным днём слабеў, сухоты грызлі яго цела. А 16 сакавіка 1931 года юнака не стала.
Пасля смерці Леаніда, яго старэйшы брат Іван шмат гадоў зберагаў сшыткі з вершамі Клёна. А калі не стала і Івана – сшыткі з рук у рукі перадаваліся жыхарамі вёскі Юхнавічы. А потым яны наогул зніклі. І толькі гадоў пяць таму, адна з вясковых жанчын прынесла ў рэдакцыю „Газеты Слонімскай”, дзе я працаваў, некалькі асобных спісаных чарнілам лістоў з вершамі юнака. Аказалася, што гэта лісты з тых самых сшыткаў вершаў паэта, якія ён захоўваў. На адзінаццаці ўцалелых лістах паперы прыгожым почыркам напісана шмат вершаваных радкоў. Яны вельмі розныя ў мастацкіх адносінах, але тэматыка іх даволі разнастайная. Гэта вершы „Зімняя ноч у вёсцы”, „Школа ў Мяльканавічах”, „У калыбелі”, „Беларуска”, „Раб” і іншыя. Пад некаторымі стаяць гады, пачынаючы з 1926-га і да 1931-га. Лежачы хворы ў ложку, Леанід Клён працягваў пісаць паэтычныя радкі і занатоўваць іх у свае сшыткі. Некалькі лепшых вершаў Леаніда Клёна прапаную чытачам „Czasopisu”.
У турме
Ледзь сонца часамі загляне
І вецер праз краты ўляціць,
Успомніцца дзень на паляне,
Як ярка раса зіхаціць.
Як птушка пад неба ўзлятае,
Вясёлую песню пяе.
О сэрца! Пара залатая –
Далёкія мары твае.
Пакінь успаміны на потым,
Хоць дні прад вачыма ўстаюць.
А мур прыціскае, каб з потам
Асесці на душу маю…
Смяюцца паганыя каты
Над доляй працоўных людзей.
На нашай крыві вы багаты, –
Расплата настане, прыйдзе!
1928 г.
Мы чакаем
лепшых дзён
Неба бровы свае хмурыць,
Рассцілаецца імгла,
Адным словам, дзень пануры,
Нібы восень залягла.
Жыць без сонейка не міла,
Нібы цісне цяжкі сон,
Жыццё збліжана з магілай –
Мы ж чакаем лепшых дзён.
І таму ў душы надзея
Узнялася, узрасла.
Чую: дух мой маладзее,
Хачу ветру просьбу слаць.
Падзьмі, ветрыку, з дубровы
Нам – пакутнікам зямлі,
Памажы сарваць аковы,
Каб свабодна зажылі…
1929 г.
Будзе прабуджэнне
Усё маўчыць наўкола,
Як бы паўмірала.
Што цвіло учора –
І таго не стала.
Але што жывое
З таго сну прачнецца,
Ветрам над зямлёю
Вольна пранясецца.
Траўку закалыша,
Хмаркі ў свет пагоніць.
Пыл рване на полі,
Ў лесе загамоніць…
То не сон-дрымота
Нас апанавала,
Гэту цемру сее
Панская навала.
Народ, узнімайся,
Разбівай кайданы!
Выпрамляйце плечы,
Хто быў закаваны!
Забурляць зноў рэчкі,
Зашумяць раслінкі,
Туманы рассыплюць
Дробных слёз расінкі.
Як у цёмных хатах
Жыццё марнавалі,
Ў гады маладыя
З голаду ўміралі.
Як гналі ў астрогі,
Каб думку скаваці,
Слёзы пралівалі
І сёстры, і маці.
Як над нашай песняй
Кпілі бессардэчна,
Як тапталі мову,
Каб знішчыць навечна.
Як свістала пуга
Па сялянскіх спінах,
Як хлеб забіралі,
А нам – еш мякіну.
Як мы ад хваробаў
Лячыліся самі,
Як мы з адным грошам
Ішлі ва ўсе крамы…
Ўсё складзем у песню,
Заспяваем смела,
Каб няслося рэха,
Над зямлёй грымела.
1929 г.
Развітанне
Усе лепшыя думкі і мары
Я у сшытак пасеяць хацеў,
Душою у творчым разгары
Усё ахапіць летуцеў.
Ды мала мне часу і сілы
Ўдзяліла ў змаганні жыццё.
Ў палёце апошні раз крылы
Свае я яшчэ распасцёр.
Не скажа ніхто, што я здрадзіў,
У бітве пакінуў сяброў.
Я гасну, як сонца у садзе,
Як промні, распырскваю кроў.
1931 г.
iK9wuh This is one awesome blog post.Really thank you! Fantastic.
I truly appreciate this blog post. Want more.
Thanks for sharing, this is a fantastic blog post.Much thanks again. Great.
Very good blog post.Really looking forward to read more.
I cannot thank you enough for the article post.Much thanks again.
Awesome article.Much thanks again. Want more.
I truly appreciate this article.Thanks Again. Will read on…
Thanks a lot for the blog article.Really looking forward to read more. Really Cool.