Сярожа Пастушок на старонках „Заранкі”, Сяргей Чыгрын

Пад псеўданімам Сярожа Пастушок у канцы 1920-х – пачатку 1940-х гадоў у друку выступаў беларускі паэт Сяргей Крывец (1909-1945). Той самы Сяргей Крывец, які ў 1933 г. з Мастоўшчыны пераехаў у Беласток, дзе і пражыў свае апошнія 12 гадоў.

Siarhiej_Krywiec
Сяргей Крывец

Язэп Палубятка ў беларускім беластоцкім тыднёвіку „Ніва” (12.02.2012) распавёў пра Сяргея Крыўца і пра яго беластоцкі творчы ўзлёт, а таксама апублікаваў нізку вершаў паэта, якія ён напісаў у Беластоку. Вершы гэтыя былі апублікаваны ў адзіным зборніку паэта „Дубок”, які пабачыў свет у мінскім выдавецтве „Беларусь” у 1972 годзе. Зборнік рыхтаваў і напісаў прадмову да яго Рыгор Шырма пад рэдакцыяй Максіма Танка.
Праўда, Язэп Палубятка памыліўся, калі напісаў, што Сяргей Крывец у 1944 годзе, пасля вызвалення Беластока, быў мабілізаваны ў савецкае войска, а ў красавіку 1944 года, падчас штурму Гдыні, быў цяжка паранены, і 29 красавіка 1944 года памёр. Паэт, сапраўды, быў паранены, але ў красавіку 1945 года. Каля Гдыні яму адарвала нагу нямецкім снарадам, а 28 красавіка 1945 года ён у шпіталі памёр. Яму тады было толькі 36 гадоў.
Сяргей Крывец нарадзіўся ў вёсцы Дубна Гродзенскага павета (цяпер Мастоўскі раён). У 1915 года маці з дзецьмі выгналі ў бежанства ў Саратаўскую вобласць Расіі. У бежанстве хлопчык вучыўся ў школе, маляваў, сам пачаў вывучаць мовы. На Бацькаўшчыну Крыўцы вярнуліся ў 1921 годзе. Вяртанне было цяжкім і бедным. Сяргей наймаўся і ў пастухі, і ў парабкі, і ў цесляры.
У 1925 годзе юнака выбіраюць сакратаром гуртка Таварыства беларускай школы. Ён пачаў праводзіць шырокую культурна-асветную работу на вёсцы, шмат чытаў, пазнаёміўся з Рыгорам Шырмам, Максімам Танкам, іншымі літаратарамі Заходняй Беларусі. Самастойна вывучыў і добра ведаў беларускую, рускую, польскую і нямецкую мовы. А калі брат у яго спытаўся неяк, навошта яму нямецкая мова, Сяргей адказаў, што хоча ў арыгінале прачытаць Гётэ і Шылера.
У 1930 годзе Сяргей Крывец падаўся з вёскі ў Гародню, дзе ўладкаваўся працаваць цесляром, а потым пераехаў у Беласток. А ў 1940 годзе паступіў у Беластоцкі педінстытут.
У 1927 годзе ў Вільні пачаў выдавацца ілюстраваны дзіцячы часопіс „Заранка”. Рэдактарам-выдаўцом яго была Зоська Верас. У часопісе друкаваліся творы заходнебеларускіх пісьменнікаў, казкі, дасланыя чытачамі, вершы дзяцей, пераклады, малюнкі, розныя конкурсы і краязнаўча-пазнавальныя матэрыялы. Напісаў туды першае пісьмо ў 1927 годзе і Сяргей Крывец, але падпісаўся псеўданімам Сярожа Пастушок. Ён даслаў у рэдакцыю свой першы верш. У рубрыцы „Наша пошта” у № 7 з’явілася паведамленне: „Верш змяшчаем. Пішы, што будзеш рабіць зімой”. Верш „Што за шчасце, што за доля…” – гэта першы апублікаваны твор Сяргея Крыўца. Дарэчы, гэты верш чамусьці Рыгор Шырма не ўключыў у кнігу вершаў Сяргея Крыўца „Дубок”. Паэт у першым вершы марыў мець кавалак уласнай зямлі, карову, шмат збожжа, а таксама хацеў вучыцца ў беларускай школе:

Што за шчасце, што за доля
Меці свой кавалак поля,
Сваю ўласну ніўку,
Сваю хатку і садочак,
І гародчыку кусочак,
І коніка Сіўку.
Мець кароўку і цялушку,
Збожжа поўную кадушку,
Але я не маю
Ані хаткі ні гароду,
Ані нават свайго плоту.
І як жыць не знаю.
Каб я меў хоць сваю хатку,
Пакінуў бы ў дома матку.
І… у свет далёка…
У свет далёка я пайшоў бы,
Жыццё лепшае знайшоў бы,
Як Рыгор з Санока.
Чым па свеце валачыцца,
Лепей трэ было вучыцца
Разам з дзяцьмі ў школе.
Ні па-польску, ні па-руску,
Я хачу па-беларуску
На роднае мове.
Хоць не вераць цяпер людзі,
Але гэта праўда будзе,
Што мне часта сніцца,
Як дажджэмся сваёй волі,
Я не буду пасвіць болей,
А буду вучыцца.
Гэта надта велька крыўда,
Што мне трэба пасвіць быдла,
Але жыці трудна.
Бо не маю свайго поля,
Але прыйдзе лепша доля,
Хоць ідзе марудна.

Adzin z numarou
Адзін з нумароў часопіса „Заранка”, дзе пачынаў друкавацца Сяргей Крывец

Вясковы Пастушок быў вельмі ўзрадаваны першай пеблікацыяй, ён прасіў рэдакцыю, каб яму прыслалі часопіс. І нават на выданне адправіў каля 2 злотых. Рэдакцыя выслала яму „Заранку”. Але Пастушок не атрымаў. Ён зноў напісаў ліст і паведаміў, што „Заранку” так і не атрымаў. Тады рэдакцыя паўторна выслала часопіс Пастушку, а рэдактар часопіса Зоська Верас у рубрыцы „Наша пошта” паведаміла: „На гэты раз „Заранку” вышлем „палецоным” пакетам, мо’ хоць так яна дойдзе. 1зл. 70 гр. ад цябе атрымалі, таксама лісты, а „Заранка” ўвесь час пасылалася. Апроч таго былі высланы два лісты, як адказы на твае пытанні. Дзе гэта ўсё магло дзецца. Мо твой адрас не правідловы”.

Wiersz Kryuca
Верш Сяргея Крыўца на старонцы часопіса „Заранка”, 1928 г., № 4

Пазней Зоська Верас выслала Сяргею Крыўцу ўсе нумары „Заранкі” за 1927 год. Па першых вершах, паэтка і выдавец заўважыла, што на Мастоўшчыне жыве вельмі таленавіты самародак. Яе хвалявала, каб ён не знік, каб атрымаў пэўную адукацыю і меў працу. У „Нашай пошце” Зоська Верас пыталася: „Напішы нам, ці маеш магчымасць, хоць крыху вучыцца і ці ёсць дзе дастаць беларускія кніжкі для чытання? Прысылай нам сваіх вершаў болей. Ахвотна будзем іх пераглядаць і што добрае змяшчаць. Шчыра жадаем табе, каб ты меў магчымасць вучыцца і развівацца” (1928, № 4).
У №4 за 1928 год на старонках часопіса быў апублікаваны яшчэ адзін верш Сярожы Пастушка пра моладзь. Яго таксама няма ў зборніку „Дубок”. Верш гучыць так:

Моладзь, моладзь, ўся надзея
Маткі Беларусі!
Наша першая ідэя:
Смелымі быць мусім.
Мусім стаць нагамі цвёрда
На родную зямельку,
З болем трэ’ бароцца горда
Змагчы труднасць вельку.
Мусім выставіці грудзі
Нявыгодзе смела,
Каб з нас потым выйшлі людзі,
Каб з нас вышла дзела.
Будзем слабых бараніці,
Праўды дамагацца,
І ў згодзі брацкай жыці,
За волю змагацца.
Дружна возьмемся за дзела
З раннняю зарою,
І наперад пойдзем смела
Моцнаю сцяною.
Гэй, да працы люд свабодны!
Браты і сястронкі,
Хай ляціць наш гімн народны
Ува ўсе старонкі.
Няхай зыкам сваім вольным
Ўскалыхне паветра,
Каб пачуў яго цвет польны,
Роднай пушчы нетра.

У 1929 годзе Сярожа Пастушок па-ранейшаму шчыра сябруе з „Заранкай”. А Зоська Верас у „Нашай пошце” ўсё пыталася: „… Ці ўжо вучышся ў сталяра? Пішы ў „Заранку”. І вясковы юнак пісаў. У першым нумары за 1929 год „Заранка” друкуе пераклад Сярожы Пастушка з польскай мовы абразка „Удзячнасць дзікага” на беларускую мову. Сюжэт абразка вельмі надуманы, але ён цікава чытаецца. Некалі беднай індыянцы адна жанчына ахвяравала залатую манетку. Прайшло шмат гадоў. І сын некалі беднай індыянкі стаў багатым чалавекам. Ён знайшоў тую жанчыну і прынёс ёй у знак падзякі за залатую манетку 25 тысяч франкаў. На дабро – адказаў дабром. Вось такі сюжэцік таго абразка, які пераклаў Сярожа Пастушок.
У 1931 годзе вясковы паэт дасылае ў „Заранку” загадкі і круцігалоўкі, якія сам складае і выдумляе. Першы нумар часопіса нават некаторыя з іх апублікаваў.
Але хутка „Заранка” спыняе сваё існаванне. А Сярожа Пастушок (Сяргей Крывец) пераязджае з роднай вёскі Дубна ў Гародню, а потым у Беласток.