Успаміны з 1992 г. Дзмітры Шатыловіч

us-031 ліпеня нечакана прыехаў да мяне ранкам аўтамашынай з двума сваймі знаёмымі немцамі з Нямеччыны з Хагена Уладзімір Ганскі, у якога я ў 1984 г. гасціў з жонкай амаль два тыдні і які мне пасля ў Індыю прыслаў 2 кнігі на рускай мове расейскіх дэсідэнтаў, аднаго з якіх выгналі з СССР на Захад, а другі сам уцёк з СССР. Госці папрасілі ў мяне, каб я іх завёз і паказаў ім базар на Стадыёне Дзесяцігоддзя, аб якім пішуць у нямецкіх газетах.

Уладзімір Ганскі радзіўся ў Маскве. Яго бацька быў рускім немцам, а яго матка паходзіла з рускіх дваран. Яна была сваячкай з маткай ўнучкі царскага контр-адмірала Анатолія Конанава Таццянай Ершовай ва Францыі ў Брус. Таццяна была сваячкай маёй жонкі па бацьку,  а для маё жонкі Таццяна была сваячкай па матцы. Да яе мы ездзілі ў 1975 г. Таццяна калісь нас з ім пазнаёміла. Продкам яго маткі і маткі Таццяны Ершовай быў царскі генерал-маёр з аховы рускага цара Аляксандра ІІ, Дворжыцкі Андрыан, які быў паранены ў час замаху на жыццё цара Аляксандра ІІ. Бацьку Уладзіміра Ганскага Бруно расстралялі ў СССР у 1937 г. у час сталінскай чысткі, а Уладзімір у 1942 г. папаў, як савецкі салдат, са сваім братам, у нямецкі палон. Яго бацка навучыў яго гаварыць па-нямецку. І калі немцы дзесь на Белаларусі гналі яго брата як палоннага да працы, напалі на іх савецкія партызаны і ў перастрэлцы яго забілі. Уладзімір тады ўступіў у Рускую Вызваленчую Армію, ,,РОА” і ў Чэхаславакіі ў 1945 г. ён папаў у савецкі палон як нямецкі салдат. Ён не прызнаваўся ў палоне, нават нямецкім салдатам палонным, што ён рускі, што быў у ,,РОА” і што ведае рускую мову. Таму выжыў.

І пры Хрушчове яго, як нямецкага палоннага, выслалі ў Нямеччыну. У Гагене былі яго сваякі па бацьку, якіх адрас ён ведаў і ён там затрымаўся, і там жыў, працаваў на фабрыцы і меў пенсію нямецкага франтавіка-ветэрана. Яго малодшая сястра жыла ў Маскве, была заўзятай камуністкай і з ім не хацела нават перапісвацца. Аднак яе сыны без згоды маткі з ім перапісваліся. Аднак у 1908 г. паведамілі мяне з Гагена аб яго смерці, а пасля пацвердзіла, што ён памёр, Таццяна Ершова з Францыі.

Стадыён Дзесяцігоддзя ў ПНР пачалі будаваць у Варшаве ў жніўні 1954 г., на правым беразе ракі Віслы, калі я ўжо пачаў працаваць у ,,Энергапраекце” ў Варшаве. Да ліпеня 1955 г ён быў амаль гатовы і ад даты 22 ліпеня 1954 г., ад дзесяцігоддзя ПНР, назвалі яго Стадыёнам Дзесяцігоддзя. Пабудавалі пры ім вакзал электрычнай чыгункі і даязджалі туды элекрычныя цягнікі і аўтобусы на аўтобусны вакзал блізка чыгуначнага вакзала. Спачатку на стадыёне праходзілі важнейшыя спартыўныя імпрэзы, пасля ў 1960-1970 гадах улады ПНР праводзілі там на ім кожны год Святы дажынак. І 08.09.1968 г. у час свята дажынак пры У. Гамулцы на Стадыёне Дзесяцігоддзя пратэстуючы супраць уваходу войск СССР і Варшаўскага Дагавора ў Чэхаславакію падпаліўся на смерць Рышард Сівец. На гэтым Стадыёне праводзіліся розныя канцэрты і пасля 1980 г. ён страціў спартыўнае значэнне, а пасля 1989 г. пачалі туды прыязджаць гандляры і прадаваць свае тавары, і ўжо ў 1992 г. Стадыён Дзесяцігоддзя на плошчы 38 гектараў стаў самым вялікім і вядомым Базарам Еўропы. Таргавалі на ім больш чым пяць тысяч фірм. Пасля 1989 г. не адна прафесія ў Польшчы не была такой рэнтабельнай, як гандаль. Прыязджалі на гэты базар нават людзі з Афрыкі. Многа было там армян, рускіх, беларусаў, украінцаў і іншых грамадзян СССР.

Завёз я майго знаёмага У. Ганскага і яго сяброў немцаў на стадыён, паглядзелі яны на натоўпы людзей на базары, пахадзілі, нічога цікавага там не купілі. Помню, адзін немец купіў там новую шапку савецкага палкоўніка і забраў яе з сабою ў Нямеччыну. Прыехалі пасля да мяне са Стадыёна, з’елі абед і паехалі ў Беласток да майго зяця Валянціна, які калісь некалькі раз працаваў у Хаген і жыў бясплатна на кватэры У. Ганскага. У яго яны тады былі толькі два дні і вярнуліся дамоў.

4 ліпеня прыехала да мяне дачка Ірэна з сынамі,  у мяне пераначавалі і 5 ліпеня паехаў я разам з імі вечарам у спальным вагоне цягніком у дом адпачынку „Энергапраекта” ў Свінавусце, дзе я выкупіў у маім бюро ў „Энергапраекце” 2 пакоі. У адным пакоі я спаў са старэйным унукам Лукой, у другім – Ірэна з Грыгорыем. Мая жонка засталася ў Варшаве. Сталаваліся мы ў Доме Адпачынку ,,Энергетык”.
Як год раней, мы правялі два тыдні над морам. Два разы, 11 і 15 ліпеня, мы ездзілі ў Нямеччыну праз граніцу, бо маю два штэмпелі ў маім старым пашпарце, якія ставілі тады на граніцы з Нямеччынай. Помню, пабачылі мы там гарадок Альбек, яго пляж, горад і магазіны, цікавыя старыя будынкі ля пляжа, прыгожы мол са скрынкавым гадзіннікам і пасля горад Цірхоў.

А іншыя дні правялі мы на пляжы і ў горадзе Свінавусце. 20 ліпеня мы ў спальным вагоне цягніком вярнуліся ў Варшаву і 22 ліпеня Ірэна паехала з сынамі цягніком у Беласток.
Пасля вотуму недаверу прэзідэнта Леха Валэнсы ноччу з 4 на 5 чэрвеня да ўрада Яна Альшэўсага і пасля яго адстаўкі стаў прэм’ер-міністрам Польшчы Вальдэмар Паўляк, які за 33 дні не мог стварыць новага ўрада. І калі я з дачкой і ўнукамі быў у Свінавусці, Сейм Польшчы выбраў 10 ліпеня Ганну Сухоцкую прэм’ер-міністрам, і тая 11 ліпеня стварыла новы ўрад Польшчы.
16 ліпеня Вярхоўны Савет Расійскай Федэрацыі рэабілітаваў казацтва.
17 ліпеня дэпутаты славацкага парламента прагаласавалі за выхад Славакіі са складу Чахаславакіі і стварэнне незалежнай дзяржавы Славакіі.
22 ліпеня Абхазія аб’явіла незалежнасць ад Грузіі.

Ад 25 ліпеня да 9 жніўня ў Барселоне (Іспанія) прайшля XXV летняя Алімпіяда. Каманды былых савецкіх рэспублік выступалі там у Аб’яднанай Камандзе і заваявалі на Алімпіядзе найбольш медалёў: залатых – 45, срэбных – 38 і бронзавых – 29. Каманды ЗША атрымалі: залатых медалёў – 37, срэбных – 39, бронзавых –37, Германія атрымала: залатых медалёў – 33, срэбных – 21 і бронзавых –28.
27 ліпеня наступіў у РФ старт касмічнага карабля ,,Саюз ТМ-15” з касманаўтамі А. Я. Салаўёвым, С. В. Андрэевым і грамадзянінам Францыі Мішэлем Таніні. Француз Мішэль Таніні вярнуўся на Зямлю на касмічным караблі ,,Саюз ТМ-14” 10 жніўня з касманаўтамі А. Віктарэнкам і А. Келерым, а А. Салаўёў і С. Андрэеў вярнуліся на зямлю на касмічным караблі ,,Саюз ТМ-15” 1 лютага 1993 г.
30 ліпеня Сейм Польшчы ўстанавіў дзень 15 жніўня Святам Польскага Войска, як памяць па Варшаўскай Бітве 1920 г. з бальшавікамі. Ад 7 кастрычніка 1950 г. да 30 ліпеня 1992 г. Святам Польскага Войска быў дзень 13 жніўня, як памяць дня бітвы Народнага Польскага Войска з вермахтам пад Леніна ў Беларусі. Ад 1947 г да 7.10. 1950 г. Святам Народнага Польскага Войска быў дзень 9 мая, як памяць дня капітуляцыі
немцаў у 1945 г.

31 ліпеня Грузію прынялі ў ААН.
31 ліпеня ля Катманду (Непал) ў катастрофе самалёта А-310-300 згінула 113 асоб.
31 ліпеня ў катастрофе пасажырскага самалёта Як-42 у кітайскім Нанкіне згінула 108 асоб.
31 ліпеня наступіў у ЗША старт (STS-46) па праграме Спейс Шатл і 12 палёт шатла ,,Атлантыс” з касманаўтамі Лорэнам Шрыверам, Андру Аленам, Клодам Нікольем (швейцарцам), Маршам Джэферым, Хофманам Франклінaм Чанг-Дыаз i Франкa Малерба (Італія).

1 жніўня польскі Сейм прыняў Малую Канстытуцыю аб узаемных адносінах паміж заканадаўчай і выканаўчай уладамі Польшчы, а таксама аб муніцыпалітэце. Малая Канстытуцыя аказалася законам цьмяным, шматзначным і стварала магчымасць рознай інтэрпрэтацыі, якую выкарыстоўваў начальнік Канцылярыі Прэзідэнта Леха Валэнсы – Лех Фаландыш. То тады паявіліся так званыя прэзідэнцкія ведамствы і не ведалі каго прэзідэнт можа прызначыць на пасаду, а каго звольніць
і калі можа распусціць парламент. Пяць год абавязвання Малой Канстытуцыі былі чорным перыядам для польскай палітыкі.
6 жніўня ўрад РФ патрабаваў ад прыбалтыйскіх дзяржаў 7,7 мільярдаў долараў за выхад расійскіх войск з іх тэрыторыі.
10 жніўня ў пажары Натэцкай пушчы ў Вялікапольшчы згарэла 5 770 гектараў лесу.
14 жніўня грузінскае войска ўвайшло ў Абхазію. Пачалася грузінска-абхазская вайна. Абхазцам пачалі памагаць добраахвотнікі з Каўказа, чачэнцы, асетынцы і іншыя.
26 жніўня прэм’ер-міністры Чэхіі Вацлаў Клаус
і Славакі Уладзімір Меч’яр падпісалі ў Брне пагадненне аб падзеле ад 1 студзеня 1993 г. Чэхаславакіі на Славакію і Чэхію.
27 жніўня ў катастрофе самалёта Ту-134 у расiйскім Іванаве згінула 84 асобы.
29 жніўня ў зону канфлікта ў Прыднэстроўі ўвайшло войска РФ.
1 верасня была прынятая канстытуцыя Славакіі.
1 верасня ў загадкавых абставінах ноччу замардавалі 82-гадoвaга былога прэм’ер-міністра ПНР Пятра Ярашэвіча і яго другую жонку Аліцыю Сольскую ў іх доме ў Аніне каля Варшавы. Забойцаў да сённяшніх дзён не знайшлі.
1 верасня журналіст журнала ,,Упрост” і ,,Выбарчай газеты” Яраслаў Зентара выйшаў з дома ў Познані ў гадз. 8,40 на працу і прапаў. Да сённяшняга дня не знайшлі яго цела і яго забойцаў.
4 верасня за карупцыю засудзілі на 7 год турмы балгарскага кіраўніка камуністычнай партыі Фёдара Жыўкова.
12 верасня наступіў у ЗША 50-й старт (STS-47) па праграме Спейс Шатл і 2-і палёт шатла ,,Індэвор”. Першы раз у космас выляцела шлюбная пара – Марк Лі
і Джэйн Дэйвіс і першая афраамерыканка Мэй Джэмісан.
23 верасня на палігоне ў Невадзе ЗША прявялі пробу атамнай зброі.
22 верасня перанеслі рэліквіі св. Мучаніка Дзіцяткі Гаўрыіла з Гродна да праваслаўнага сабора св. Мікалая ў Беластоку.
23 верасня ад нечаканай паводкі ва Францыі згінула 80 асоб.
25 верасня спынена вайну паміж Азербейджанам і Арменіяй у Нагорным Карабаху.
28 верасня ў катастрофе пакістанскага А300 каля Катманду згінула 167 асоб.
28 верасня прыехаў з візітам у Польшчу прэм’ер-міністр Літвы.
29 верасня з афіцыйным візітам прыехаў у Польшчу прэм’ер-міністр Галандыі.
1 кастрычніка пры ядзернай аварыі на ліцейным заводзе горада Віцебска 20 рабочых заразіліся радыёнуклідамі.
Ад 1 да 6 кастрычніка прайшла бітва за Гагру ў Абхазіі паміж грузінскім войскам, якое заняло ў жніўні Абхазію, а абхазцамі і добраахвотнікамі з Канфедэрацыі горскіх народаў, дзе брала ўдзел многа чачэнцаў з Шамілем Басаевым. Абхазцы з добраахвотнікамі з Канфедэрацыі выгналі грузінаў з Гагры, а пасля з Абхазіі.
2 кастрычніка ў турме ў Карандыру ў Сан-Паўлу ў Бразіліі ў час паўстання вязняў дайшло да іх ,,разні”, у якой згінула 111 вязняў.
4 кастрычніка ў авіякатастрофе ў Амстэрдаме, дзе самалёт Боінг-747 упаў на дом, згінула 42 асобы.
8 кастрычніка астатнія савецкія салдаты выехалі з Польшчы.
9 кастрычніка паўстаў Народны рух Беларусіі.
12 кастрычніка рымскі папа Ян Павел ІІ наведаў Дамінікану.
12 кастрычніка ад землятрусу ў Егіпце згінула 545 людзей, 651 было параненых і 50 тысяч жыхароў засталося без прытулку.
13 кастрычніка прэм’ер-міністрам Украіны стаў Леанід Кучма.
14 кастрычніка кіраўнік расійскіх архіваў Рудольф Піхоя парадаў прэзідэнту Польшчы Леху Валэнсе дакументы катыньскіх злачынстваў схаваных у ,,спецыяльнай папцы №1”. Між імі перадаў нататку кіраўніка НКУС Лаўрэнція Берыі да І. Сталіна з прапановай расстрэлу польскіх палонных з сакавіка 1940 г. з подпісамі Сталіна, Варашылава, Молатава і Мікаяна.
15 кастрычніка серыйнага забойцу і канібала Андрэя Чэкацілу суд у РФ прыгаварыў на смяротнае пакаранне за 53 забойствы.
17 кастрычніка прынялі ў Польшчы Малую Канстытуцыю.
22 кастрычніка наступіў у ЗША 51-ы старт (STS-52) па праграме Спейс Шатл і 13 палёт шатла ,,Калумбія” з касманаўтамі Джэймсам Уэзербім, Майклам Бейкерам, Уільямам Шэпердам, Тамарай Джэрніган, Чарлзам Вічам і касманаўтам з Канады Стывенам МакЛейнам.
28 кастрычніка пакінулі Свінавусце астатнія баявыя адзінкі савецкага флота.
30 кастрычніка да 1 лістапада прайшла ў Анголе ліквідацыя апазіцыі. Актывісты кіруючай партыі МПЛА забілі 10 тысяч апазіцыянераў УНІТА і лідар партыі МПЛА Жозе Эдуарду душ Сантуш стаў прэзідэнтам Анголы без другога тура выбараў.
31 кастрычніка папа рымскі Ян Павел ІІ рэабілітаваў вучонага Галілеа Галілея, пакаранага каталіцкай інквізіцыяй і каталіцкім касцёлам за ерась бо прызнаваў ён праўдзівай тэорыю Каперніка аб руху планет вакол Сонца, а не руху планет і Сонца вакол Зямлі, як цвярдзіў касцёл.
1 лістапада турэцкае войска ў атаках на забароненую ў Турцыі партыю Курдыстана ўвайлo ў Ірак і забілaбольш чым 1000 курдаў.
3 лістапада прэзідэнтам ў ЗША быў вабраны кандыдат з Дэмакратычнай Партыі Біл Клінтан.
11 лістапада англіканскі касцёл прымае згоду, каб жанчыны былі святарамі.
14 лістапада ў катастрофе самалёта Як-40 ў Нячангу ва В’етнаме гіне 30 асоб.
15 лістапада ў катастрофе самалёта ІЛ-18Д ля Порто Плата ў Дамініканскай Рэспубліцы гіне 34 асобы.
24 лістапада ў катастрофе самалёта Боінга 737 у Кітаі ў раёне Куангсі гіне 141 асоба.
25 лістапада ў Чэхаславакіі ў парламенце прагаласавалі за падзел дзяржавы на Чэхію і Славакію ад 1 студзеня 1993 г.
28 лістапада Азербейджан, Афганістан, Казахстан, Кыргызстан. Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан прынялі ў Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва.
30 лістапада ў чыгуначнай катастрофе каля Амстэрдама гіне 5 асоб.
2 снежня быў 52 старт у ЗША( STS-53) па праграме Спейс Шатл і 15 палёт шатла ,,Дыскаверы” з касманаўтамі Дэвідам Уолкерам, Робертам Кабанам, Гійонам Блуфердам, Джэймсам Восам і Майклам Кліфардам. Палёт быў арганізаваны для Міністэрства Абароны ЗША.
2 снежня ў Англіі працаўнікамі кампаніі Сэма быў высланы першы ў свеце SMS.
6 снежня ў Індыі індыйскія экстрэмісты разбурылі мячэць Бабры з XVI стагоддзя ў горадзе Айодх’я, што давяло да хваляванняў у розных раёнах дзяржавы,
у якіх згінула больш чым 1500 людзей.
8 снежня пачала ў Польшчы абавязваць так званая Малая Канстытуцыя.
9 снежня матросы ЗША, якіх скіравала туды ААН, занялі пляжы ў Самалі.
12 снежня ў землятрусе на востраве Флорэс ў Інданезіі згінула 2 500 людзей.
14 снежня катастрофа самалёта Мі-8 у Абхазіі каля вёскі Лата.
21 снежня ў катастрофе галандскага самалёта ДЦ-10 у партугальскім Фара згінула 56 асоб.
22 снежня ў катастрофе самалёта Боінга 727 у Трыпалісе ў Лівіі згінулa 157 асоб.
27 снежня амерыканская ваенная авіацыя збіла баявы самалёт Ірака.

У 1992 г. Беларусь прынялі ў ОБСЕ і МВФ і ў іншыя міжнародныя арганізацыі, у дзяржаве развіваўся бізнес, паявіліся беларускія рублі, спірт ,,Рояль” і ,,Санта-Барбара» і высокая інфляцыя.
У Польшчы беспрацоўе ў снежні дасягнула да 14,3%. У сувязі з тым рос лік бяздомных, якіх не лічылі, аднак журналісты ацэньвалі іх колькасць на 150 тысяч. Павялічвалі лік бяздомных ліквідацыя рабочых гатэляў пры фабрыках, беспрацоўе і ліквідацыя многіх прадпрыемстваў. У гарадах стала ноччу небяспечна хадзіць, бо нападалі і рабавалі. На жанчын і старэйшых людзей часта нападалі нават у дзень. Рабаўнікі слядзілі за тымі, хто браў грошы ў банку і ў дзень на іх нападалі і рабавалі. Па статыстыцы колькасць сцверджаных у Польшчы злачынстваў у 1992 г. вырасла ад 1984 г. на 38,3% і было іх 881 076. Забойстваў у Польшчы ў 1992 г. было 989. Расла ў Польшчы колькасць самагубстваў. У 1992 г. па статыстыцы было ў Польшчы 5 453 самагубствы. Зімой бяздомныя гінулі ад марозу. Нараджальнасць насельніцтва ў Польшчы падала. У 1991 была яна – 3,7 %, а 1992 – 3.2 %, каб у 2001 г дайсці да 0.1 %, і ад 2002 г.
у Польшчы стала больш людзей паміраць чым нараджацца. Найбольшая нараджальнасць насельніцтва – 19,5% была ў Польшчы ў 1953 і 1955 гадах, калі людзі не баяліся беспрацоўя. Найменш памерла людзей у Польшчы ў 1960 г. – 224 200, найбольш у 1991 г. – 405700. У 1992 г. памерла ў Польшчы 394 700 людзей.

Працяг будзе ■

5 Comments

Comments are closed.