Францішак Аляхновіч – сам аб сабе

У красавіку 1942 году, амаль за цэлы год да 60-годзьдзя Францішка Аляхновіча, зьвярнуўся я да яго з просьбай, каб ён напісаў для беларускае прэсы сваю аўтабіяграфію. Дзеля таго, што біяграфічных вестак аб Ф. Аляхновічу ў нашай літаратуры было мала, апублікаваньне аўтабіяграфіі пісьменьніка, напярэдадні ягонага 60-гадовага юбілею, было-б дужа пажаданым і карысным. Аднак, Ф. Аляхновіч ніяк ня мог узяцца за напісаньне сваёй аўтабіяграфіі і лістом ад 1-га траўня 1942 году паведаміў мяне, што яму «пакуль-што цяжка пісаць аб сабе».
Калі я гэткім ягоным адказам не задаволіўся і ў новым настойлівым сваім пісьме давёў яму, што ў жыцьці кожнага чалавека ёсьць шмат гэткіх момантаў, аб якіх ніводзін біограф ня мае ніякае магчымасьці даведацца, калі аб гэтых момантах не раскажа сам чалавек, які іх перажыў, дык Ф. Аляхновіч 15-га ліпеня 1942 году прыслаў мне вялікі друкаваны лацінкай на пішучай машынцы ліст-успаміны, асьветліў некалькі момантаў з свайго багатага рознымі падзеямі жыцьця. Гэты ліст меў агульны назоў – «Замест аўтабіяграфіі – крыху успамінаў». На пачатку ліста зварот да мяне і некалькі уступных паясьняльных радкоў, а далей на 8 вялікіх аркушах было 12 кароценькіх успамінаў-малюначкаў, з якіх першыя 6 апісваюць здарэньні 1902-1903 гадоў, 7-мы малюначак з 1910-1913 гадоў, 8-мы, 9-ты, 10-ты і 11-ты малюначак прысьвечаны 1922 году, а апошні 12-ты нарыс апавядае аб 1940 годзе.
Гэтыя ўспаміны я выкарыстаў для складаньня біяграфіі Ф. Аляхновіча, напісаньне якой, аднак, на вялікі мой жаль, пасоўвалася наперад дужа марудна і заняла ўвесь канец 1942 году і большую палову 1943 году, бо толькі пасьля шматлікіх прыпамінаньняў атрымліваў я ад перагружанага працай пісьменьніка патрэбныя мне дакладныя весткі аб яго бацькох і дзеду ды аб жыцьці самога пісьменьніка. Толькі 18 -га верасьня 1943 году змог я, нарэшце, закончыць ягоную біяграфію і, пасьля перадруку яе на машынцы, пераслаць яму на перагляд, каб унікнуць якіх-колечы недакладнасьцяў. Перагледжаная Ф. Аляхновічам ягоная біяграфія была 24-га кастрычніка 1943 году надрукавана ў № 40 беластоцкае газэты «Новая Дарога», а сёлета ў № 6 (42) часопісу «Новы Шлях», зьявілася яна з некаторымі папраўкамі і скарачэньнямі.
Пасьля дачаснае трагічнае сьмерці Францішка Алекна-Аляхновіча, якая сталася ад рукі забойцы-тэрарыста 3-га сакавіка 1944 году, перагледзеў я яшчэ раз ягонае пісьмо-ўспаміны ад 15-га ліпеня 1943 году і прышоў да перакананьня, што цяпер якраз начасе даць яго ў друк, як дадатак да ягонае біяграфіі. Дужа цікавае пісьмо гэтае зьмяшчаецца ніжэй цалкам, у тым выглядзе, як яно было да мяне прыслана Ф. Аляхновічам у 1942 годзе.

Замест біяграфіі – крыху ўспамінаў.

Паважаны Спадар Езавітаў!
Просіце мяне, каб я напісаў сваю аўтабіяграфію. Трудна гэта, або, проста кажучы, нялоўка. Вярнуўшыся з Салаўкоў, я ўжо гэтулькі пісаў аб сабе і аб сваіх пержываньнях, што ўжо, далібог, нязручна яшчэ больш пісаць аб сабе.
Адзін з маіх прыяцеляў казаў мне раз:
– Ты, Франук, любіш стукнуцца лобам аб сьценку, а пасьля дзівуешся, што выскачыў сіняк і баліць…
Можа ён добра казаў. Шмат разоў я «стукаўся» лобам аб сьценку. Наймацней стукнуўся, калі паехаў у Менск «будаваць беларускі дом».
Але лёс, аднак, мяне шкадуе. Ужо, здаецца, ніякага ратунку няма, ужо прапаў чалавек – ажно раптам прыходзіць вызваленьне.
І выходзіць паводле пагаворкі: няма такога зла, якое ня кончыцца дабром.
Дык вось, калі хочаце, напішу тут Вам крыху маіх трагі-камічных перажываньняў, якія на маё шчасьце добра, аднак, усе канчаліся.
Калі што з гэтага можаце выкарыстаць – карыстайце.
І. У гімназіі.
Вучыўся я блага. Яшчэ да 3-й клясы, пакуль меў рэпэтытараў, дык сяк-так, але ў 4-й і 5-й клясах ужо зусім дрэнна.
Сыпаліся «двойкі» і «едзініцы», запісывалі мяне ў «штрафны журнал» за «упартае невыкананьне лекцый» – і, урэшце, прасядзеўшы па 2 гады ў чацвертай і пятай клясе, я быў выкінуты з гімназіі за дрэнныя «ўсьпехі».
Запісаўся ў хіміка-тэхнічную школу. Але і тут – тое самае…
А ў галаве ўжо даўно сядзела думка: ехаць у драматычную школу. Калі ўжо гэтая думка ўлезе ў галаву, дык і калом яе ня выб’еш. Праўда, калом ніхто ня выбіваў, але затое ўсе – і сваякі, і прыяцелі – казалі адно: раней трэба скончыць хімічную школу, а пасьля ўжо думаць аб сцэне.
Але-ж на які чорт мне гэтая хімія! Хімічныя формулы ня лезуць у галаву…
Але куды ехаць? Мяне цягнула на захад. Заграніцу. У Кракаў…
2. Без загранічнага пашпарту.
Загранічны пашпарт каштуе 25 залатых рублёў. А ў мяне ў кішані ўсяго 15 рублёў. Я ведаў, што праз граніцу людзі прабіраюцца неяк без пашпарту. У Кракаве былі мае прыяцелі, якія раней за мяне выехалі таксама без пашпарту.
Я сеў на цягнік – і паехаў.
Ёсьць сцэнічны абразок Г. Запольскай у адным акце, пад назовам «У Горнай Дамброве». Гэтая Дамброва – прыгранічнае мястэчка, дзе ёсьць каменавугольныя шахты. Я, ня доўга думаючы, паехаў у гэтую Дамброву.
Раніца. Малое, пакрытае вугольным пылам мястэчка. Па драцяных паветравых лініях снуюць вагончыкі. Рабочы люд ідзе да працы.
А я з чамаданчыкам у руцэ іду… ня ведаю куды.
Адзін у чужой старонцы, ніводнай душы знаёмай.
Па дарозе шынок. Думаю: зайду, абдумаю сваё палажэньне, можа з кім параюся.
У шынку шмат народу. Работнікі п’юць гарэлку, закусваюць, адны сьпяшаюцца да працы, іншыя ідуць з працы.
Я сяджу пры сваім століку пры бутэльцы піва і ня ведаю, што рабіць. Нарэшце злавіўшы мамэнт, калі народу было мала, я падышоў да гаспадара і пытаюся:
– Скажэце, як-бы мне прабрацца заграніцу?
Гаспадар паглядзеў на мяне ўважна, але ня надта зьдзівіўся. Падумаў хвіліну і кажа:
– Пасядзеце яшчэ крыху, пачакайце. Хутка павінен сюды прыйсьці адзін мой знаёмы. Магчыма, што ён гэта вам наладзіць.
Чакаю. У шынку ўжо парадзела. Навакол мяне ўжо пустыя столікі. Дзьверы адчыняюцца. Уваходзіць нейкі чалавек. Вопратка зьнішчана. Твар п’яніцы. Немалады ўжо. Гадоў пад пяцьдзесят.
Гаспадар, паказваючы на мяне, нешта яму шапоча. Незнаёмы глянуў у мой бок. Кіўнуў мне пальцам. Я падыходжу.
– Вось гэты пан мог-бы вам дапамагчы. Пазнаёмцеся, пагутарце.
Знаёмімся:
– Аляхновіч…
– Кулеша…
– Дык, калі ласка, сядзем… Прашу да майго століка…
– З прыемнасьцю…
– Можа вып’ем па чарцы?
– Калі ласка.
– Чым закусім? Можа гарачыя сардэлькі?
– Не зашкодзіць.
Выпілі. Закусілі. Пачалі гаварыць аб справе.
– Чаго вы едзеце?
Хачу запісацца ў драматычную школу ў Кракаве.
«Новая Дарога», № 14(100), 2.04.1944 г., с. 3

Чаму-ж без загранічнага пашпарту?

– Ня маю грошаў на пашпарт.
Выпілі яшчэ. Закусілі. Пачала вытварацца між намі атмасфэра даверу і сымпатыі.
– Гм… Добра – кажа мой знаёмы – я магу вам даць свой пропуск, але трэба тры дні пачакаць. Праз тры дні толькі ў гміне выдадуць мне.
– Ох, толькі праз тры дні!
– Але. Бо, бачыце, мы, прыгранічныя жыхары маем права чатыры разы ў год браць пропуск на выезд заграніцу. Як я браў апошні раз, яшчэ не прайшло тры месяцы. Трэба пачакаць. Пачакайце. Тут я вам падракамандую недарагі заездны двор.
– Але мне трудна чакаць. Я маю вельмі мала грошай… А колькі вам трэба заплаціць?
–- Ну, калі ў вас мала грошай… Ну, неяк згаворымся… Ведаеце што: давайце, вып’ем яшчэ па чарцы!
Я ўздыхнуў і заказаў яшчэ гарэлкі і гарачых сардэлькаў.

«Дзядзька» і «пляменьнік»

– Бачу, што вы добры хлапец – кажа пан Кулеша – я ўсё наладжу. Будзе добра. Цяпер пойдзем да маіх прыяцеляў. Яны ведаюць, што я маю ў Варшаве пляменьніка… Вы скажаце, што вы мой пляменьнік. Там мы з гэтага поваду яшчэ вып’ем…
І стары п’яніца хітра мне падмігнуў.
Пашлі. Прыйшлі ў хату нейкага шаўца.
– Ведаеце што? – пачаў весела мой праваднік – вось неспадзеўка! Сягоньня прыехаў з Варшавы мой пляменьнік… Гэтулькі часу! Ужо больш за дзесяць гадоў, як я яго ня бачыў. Вырас хлопец, праўда? Я-б яго і не спазнаў… А як падобны да маёй сястры! Цяпер хоча ехаць у Кракаў, у драматычную школу… Франусь! знаёмся з маімі прыяцелямі, гэта добрыя людзі…
З гэтай радасьці паявілася гарэлка, закуска, піва. Спачатку мне было нязручна ў гэтай ролі «пляменьніка», але хутка прызвычаіўся, называў пана Кулешу «вуяшэк», расказваў нешта аб жыцьці ягонай сястры, якой я ніколі ў вочы ня бачыў.
Запрасілі мяне на начлег.
Назаўтра зьявіўся Кулеша, ізноў забраў мяне з сабой да іншых сваіх знаёмых – і гэтак прайшлі тры дні.
Калі я прыпомніў яму аб загранічным пропуску, ён пачаў намаўляць мяне, каб я яшчэ застаўся ў Дамброве, але мне было гэтага даволі. Кулеша, дзякуючы маёй прысутнасьці, меў аказыю адведаць сваіх знаёмых і напівацца.
Чалавек, які ня сее, ня жне, а жыве на Божым сьвеце нейкім цудам.
Усюды ёсьць свае Шылы!
Нарэшце, ёсьць «пшэпустка». У ёй напісана: Андрэй Кулеша, 45 гадоў. Мой новы знаёмы прыяцель дрыжачай рукой перарабляе чацьвёрку на двойку. Выходзіць 25 гадоў. Мне ўсяго толькі 19. Але ўсё-ж больш праўдападобна. Бо я – 19 гадовы хлапчук – на 45 гадовага чалавека ніяк ня выглядаў.
Кулеша праводзіў мяне на вагзал. Мы праз гэтыя дні ўжо зжыліся з сабой, што я сапраўды ўжо меў да яго сэнтымэнт блізкі да таго, які адчувае пляменьнік да свайго дзядзькі. Абодва мы ўвайшлі ў свае ролі.
На вакзале сардэчна пацалаваліся на разьвітаньне.
– Памятуй, Франусь! – казаў Кулеша перад самым адыходам цягніка: – як прыедзеш у Кракаў, затрымайся ў «Хрысьціянскай Гасподзе» на Клепажу. Там танна і добра.

У Кракаве

Кракаў. Вечар. На вуліцах гараць ліхтарні. Ужо я разьмяняў астаўшыеся ў мяне рублі (ня шмат!) на аўстрыйскія кроны. Стаю з сваім чамаданчыкам у руцэ і бязрадна гляджу не вуліцу. Стаіць рад звозчыцкіх карэтак. Я клічу:
– Дорожкаж!
Маўчаньне.
Яшчэ раз:
– Дорожкаж!
Нехта мне кажа:
– Вы, мусіць, прыехалі з заграніцы. У нас клічуць: фіякер…
Клічу:
– Фіякер!
Адзін з возьнікаў сьцебануў пугай, пад’ехаў.
Я даю адрас:
– «Хрысьціянская Гаспода» на Клепажу.
Адзін – два павароты і карэтка затрымалася.
Чаму-ж я не пайшоў пехатой! Гэта-ж так было блізка!..

У гасподзе

У начлежцы, у даволі вялізным пакоі восем, ці болей ложкаў. На адным з іх лёг я.
Уначы нехта мяне тузае:
– Вашы дакуманты?
Нада мной стаіць нейкі ягомасьць у чорным паліце, у круглым цьвёрдым капялюшы. На румяным твары тырчаць вусы.
– Вашы дакуманты?
Выцягваю свой расейскі пашпарт.
– Як вы пераехалі граніцу:
Я паказываю пропуск.
Паліцэйскі агент хаця ня ўмее чытаць па-расейску, але гэтулькі разьбіраецца, што бачыць: на пашпарце прозьвішча – Аляхновіч, а на пропуску – Кулеша.
– Тут розныя прозьвішчы! Што гэта значыць?
– Вельмі проста – кажу шчыра: – я прыехаў з чужым пропускам.
– Чаму ня маеце загранічнага пашпарту?
– Бо дорага каштуе.
– З якой мэтай прыехалі?
– Запісацца ў драматычную школу.
– Апранайцеся. Пойдзем!
– За каго вы мяне прыймаеце? Вы мусіць думаеце, што я нейкі злачынца?
– О, у мяне добрае вока. Я бачу, што вы за птушка! Апранайцеся хутчэй!
І мы пайшлі. Ужо ноч. Вуліцы пустыя. Дзе-ні-дзе сьвецяцца вокны начной кавярні.

Першы раз у астрозе.

Адчынілася нейкая брама. Узялі мой чамаданчык. Забралі капялюш, палку, шэлькі. Упіхнулі ў нейкую закратаваную капуру, дзе на голых нарах спалі нейкія абарванцы…
Сумныя думкі. Вось як кончылася маё падарожжа! Я ў астрозе! Што цяпер будзе? Можа прыдзецца гэтак сядзець цэлыя гады?…
На другі дзень раніцай мяне паклікалі ў канцылярыю. Кароткія допыты: хто я? Чаго прыехаў? З чаго буду жыць?
Кажу, што маю матку ў Вільні, якая прышле мне грошы, як напішу свой адрыс.
Пераначаваўшы частку ночы у «Хрысьціянкай Гасподзе», частку ў вастрозе, я ўжо на волі…

Рэдактар на Лукішках.

1910-ты год. Я ўжо ў Вільні. Паезьдзіў пару гадоў з тэатрам па розных гарадох і зноў апынуўся ў сваім родным горадзе. Працую як рэпартэр у віленскіх газэтах. Пасьля выдаў свой тыднёвы гумарыстычны часапіс. Маю ўжо 26 гадоў.
Але за адзін артыкул улада зачыніла мой тыднёвік. Абвінавачваюць мяне у «стремлении к нистпровержению существующего строя», у «возложении хулы на бесплотныя силы небесныя».
Чакаю, калі мяне паклічуць да сьледчага.
Прыйшла паперка, каб я заўтра зьявіўся. Ведаю, чым гэта пахне. У гэты самы дзень сядаю ў цягнік і еду ізноў у Аўстрыю. Але цяпер ужо не на Дамброву, але на Сасновец. Гэтаксама, як і першы раз, пераяжджаю я граніцу. Зноў працую на сцэне.

1 Comment

  • Good site! I truly love how it is easy on my eyes and the data are well written. I am wondering how I could be notified whenever a new post has been made. I have subscribed to your RSS feed which must do the trick! Have a nice day!

Comments are closed.