Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара

У Беларусі бываю звычайна як мінімум адзін раз у год. Раней ездзіў туды – перавжна ў суседнюю Гродзеншчыну ў рамках культурнага абмену – з гарадоцкімі калектывамі як дырэктар тамашняга дому культуры. Тыя афіцыйныя паездкі – ці то ў Слонім, ці ў Бераставіцу, а таксама ў Кобрын пад Бярэсцем – былі добрай нагодай, каб спазнаць і звычайнае жыццё нашых суродзічаў.

Кожны раз, калі еду ў Беларусь, найбольш мне цікава, ці мы з імі яшчэ адна нацыя, ці ўжо не. На жаль, нягледзячы на падобны тут і там вобраз штодзённага жыцця, з кожным годам менш і менш у нас супольнага. Вось ужо звыш 70-ці гадоў жывем у розных дзяржавах, а цяпер і ў іншых грамадскіх, эканамічных і палітычных умовах. Штучна раздзяліла нас паміж сабою непахісная мяжа – мур. Скутак таго такі, што мы такія розныя ўжо па менталітэту. Найбольш падзейнічала тут тое, што яны – за Свіслаччу – здаўна жывуць у рускай, а мы на Беласточчыне ў польскай моўнай прасторы. Хаця суадносіны паміж намі, на шчасце, застаюцца сяброўскімі, нягледзячы на халодныя цяпер палітычныя адносіны Варшавы і Мінска. А і ўсё-такі жывая яшчэ памяць пра нашу супольную гісторыю і супольны пакутніцкі лёс.

Роўна пяць гадоў таму ўзначальваў я дэлегацыю з Гарадка на святкаваннях Дня перамогі ў Бераставіцы. Цяпер 9 мая пабываў я ў суседнім Ваўкавыску як прадстаўнік бургомістра Міхалова, якое з гэтым горадам мае падпісаны дагавор аб трансгранічным супрацоўніцтве. Ваўкавыск, як і ўся Беларуь, з маштабным размахам гучна адзначыў 70-тую гадавіну заканчэння ІІ-ой сусветнай вайны.

70 кіламетраў прыйшлося нам ехаць некалькі гадзін, бо трэба было, аднак, сваё адстаяць на той жа цвёрдай мяжы ў Баброўніках, хаця папраўдзе ніякай чаргі не было. На шчасце, у апошні момант удалося нам даехаць на месца. Перад гатэлем «Берёзка» ад дзвюх гадзін чакала нас жанчына з райвыканкаму. Мы хуценька пасяліліся і адразу падаліся на могілкі ва ўрочышчы Парахоўня, дзе наперададні свята адбылося ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу ў гонар ахвяр нацызму. Прывітаў нас мой добры знаёмы, старшыня райвыканкаму Міхал Сіцько, які раней быў на такой жа пасадзе ў Бераставіцы. Жалобны мітынг прайшоў у стылі нязменным з савецкіх часоў. Апрача мясцовых уладаў, ветэранаў, дэлегацыяў з прадпрыемстваў і натоўпу вучняў прысутны быў таксама праваслаўны святар. Каталіцкага ксяндзя не было, хаця быў запрошаны. Але аніякіх малітваў, як гэта звычайна прынята ў нас, тут праграма не прадбачвала. Толькі зрэдку хтосьці перахрысціўся склаўшы кветкі, у тым ліку мы з Міхалова, калі на гранітным падмурку помніка ўсклалі чырвоныя гваздзікі.

Пасля ўсе падаліся на памятныя кватэры, у якіх пахаваны тысячы расстраляных нацыстамі савецкіх салдатаў, партызанаў і мірных жыхароў Ваўкавыскай зямлі. Сярод ахвяр найбольш было яўрэяў. І толькі на дошцы на помніку ім прысвечаным, а пастаўленым пасля вайны нейкай арганізацыяй з Ізраіля, заўважыў я надпісы на беларускай мове, як двухмоўныя з ідыш. На астатніх – усё па-руску. Мемарыяльны комплекс распаложыны на аграмадных гарадскіх могілках, дзе перамешаны з сабою праваслаўныя і каталіцкія магілы. Там захаваліся яшчэ зрэдку надпісы і на польскай мове, як след даваеннай Польшчы, у якой межах была тады Валкавышчына. Многія прозвішчы там пахаваных, калісь і цяпер – праваслаўных і католікаў – такія ж як і ў ваколіцах Гарадка і Міхалова – Лукша, Сэвастыянік, Госцік, Грэсь…

Падчас мерапрыемства здарыўся маленькі інцыдэнт. Нейкая бабуля, калі побач яе праходзілі чыноўнікі, раптам крыкнула: „Эта сабе яны здзелалі!”. Мела прэтэнзіі да арганізатараў, што „не далі транспарту”, каб на могілкі маглі даехаць звычайныя жыхары. На яе крык ніхто не зрэагаваў, калона прайшла побач моўчкі.

Назаўтра, у дзень свята, адбыліся галоўныя мерапрыемствы. На ўсіх каналах тэлебачання паказвалі як не парады ў Мінску і ў Маскве, то ваенныя фільмы ці святочныя канцэрты. Увесь Ваўкавыск быў прыбраны, людзі віталіся словамі „с празьніком” – рыхтык як у нас падчас царкоўных святаў. У поўдзень ля „вечнага агню” адбыўся шматлюдны святочны мітынг. Яшчэ раз усклалі мы чырвоныя гваздзікі і прыкланіліся. Побач сядзела жменька ўжо ветэранаў з бліскучымі медалямі на грудзях. У раёне засталося іх жывых ўсяго толькі некалькі дзесяткаў. Лёгка палічыць, што падчас вайны былі яны яшчэ падлеткамі. Уключылі іх у рады ветэраны, бо дзейнічалі ў падполлі або ў партызанцы. Франтавікоў амаль ужо няма сярод жывых.

Пасля сфармавалася шэсце з духавым аркестрам наперадзе і цэнтральнымі вуліцамі Ваўкавыска ўсе падаліся на гарадскую плошчу – на штодзень там велізарная стаянка для аўтамашын. Тут адбыўся шматгадзінны канцэрт з удзелам калектываў з усяго раёна. Пасля кароткага выступлення старшыні Міхала Міхайлавіча ўзяць голас папрасілі і мяне („Юрэка Хмелевскаго”). Як адзіны прамаўляў я па-беларуску. У сваім выступленні прыгадаў супольныя гістарычныя карані Міхалоўскай і Ваўкавыскай земляў, аднолькавае мінулае яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Найбольш увагі прысвяціў я, вядома, памяці пра вайну 1939-1945 г.г. Сказаў, што нам – народжаным ужо ў мірны час – цяжка цяпер уявіць, пра што тады прайшлі нашы бацькі, дзяды і прадзеды. Цяпер, калі ў Еўропе і ў свеце надалей чуваць стрэлы і выбухі, тыя жудасныя падзеі павінны быць для нас усіх перасцярогай. Ваўкавышчан заклікаў я жыць з намі як добрыя суседзі і супрацоўнічаць у грамадскай, культурнай і таксама эканамічнай галінах. Заахвочваў супольна выкарыстоўваць магчымасці, якія дае прыналежнасць Польшчы да Еўрасаюза.

За багатым застоллем у час вячэры спрабаваў я з гаспадарамі пагутарыць менш афіцыйна. Так склалася, што нашымі „куратарамі” былі мясцовыя працаўнікі неакамсамолу – Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Хлопцы, якім ужо далёка за трыццаць гадоў, палітычных тэм стараліся не кранаць, а і мы занадта гэтым не цікавіліся. Час ад часу, аднак, праяўлялі яны сваю вялікую падтрымку для цяперашняга становішча ў Беларусі. – Нічога, што заробкі ў Польшчы крыху вышэйшыя, а цэны многіх тавараў ніжэйшыя, – гаварылі яны, – але нас менш каштуе жыллё. Самае важнае, каб быў спакой, а не так як ва Украіне. А Расія ласкі не робіць, што танней нам пастаўляе газ. Мы ж заплацілі аграмадную цану, каб Савецкі Саюз асвабадзіць ад фашызму.

Аднаго ўсё-такі нашым суседзям можам пазайздросціць – пенсійнага ўзросту. Жанчыны ідуць у іх на пенсію ўжо ў 55 гадоў, а мужчыны ў 60…

Пры нагодзе візіту ў Ваўкавыску спытаў я недзе дзесяць выпадковых асоб пра Радыё Рацыя, якое між іншым і туды транслюецца. Толькі дзве жанчыны сказалі, што ведаюць пра такое радыё, а адна прызналася, што часам нават яго слухае. Астатнія адказвалі, што пра Рацыю наогул нічога не ведаюць. У касцёле, у які зайшлі мы перад ад’ездам, у руках нейкага мужчыны згледзеў я лістоўку з распіскай праграмы Белсату. Імша служылася на польскай мове, толькі некалькі інфармацыйных слоў ксёндз сказаў па-руску. Увесь велізарны касцёл быў шчыльна запоўнены вернікамі.