Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара. (3/2015)

Jerzy ChmielewskiЯк штогод, сярэдзіна зімы прайшла на нашай Беласточчыне пад знакам беларускай песні. Ужо 46-ты раз БГКТ правяло агляды, якія – для павышэння рангу мерапрыемства – у палове 1990-х пераназваны былі фестывалем. Элімінацыі сёлета пачаліся ў канцы студзеня ў Сямятычах, а пасля кожны тыдзень праходзілі яшчэ ў Дуброве на Сакольшчыне, Беластоку, Бельску ды Гайнаўцы. З усіх гэтых паветаў прыняло ў іх удзел агулам каля 600 асоб – 113 салістаў, дуэтаў, трыо, калектываў і хароў.

За гэтым фестывалем уважліва сачу я здаўна. Ад некалькіх гадоў як дырэктар Дому культуры ў Гарадку на агляды езджу з тутэйшымі калектывамі. Пад сваёй апекай маю іх шмат – пэўна найбольш з усіх гмінаў на Падляшшы. Зразумела, маю на ўвазе калектывы, якія спяваюць па-беларуску не толькі на заказ (або паказ), скажам, дзеля такога фестывалю. Не, гарадоцкія самадзейныя спевакі і музыкі надта даражаць беларускай песняй, бо беларуская культура – соль іх зямлі. Для іх фестываль БГКТ – свята, да якога рыхтуюцца яшчэ з восені.

І што тут не казаць, але з ніякай гміны ў гэтым мерапрыемстве не прымае ўдзелу столькі калектываў што з Гарадка. Сёлета ў велізарным аўтобусе, што звазіў іх на раённы агляд у Беластоку, ледзь усе памясціліся. Да элімінацый прыступіла адсюль агулам ажно сем г.зв. выканаўчых адзінак (акрэсленне БГКТ) – шэсць калектываў і дзве салісткі. На цэнтральны агляд ізноў прыйшлося здымаць такі ж аўтобус, бо амаль усе закваліфікаваліся. Гарадок – гэта сапраўды нейкі феномен беларускай песні на Беласточчыне.

Стала ўжо шматгадовай традыцыяй, што адборачныя агляды ды фінальны канцэрт пачынаюцца творам „Мой Беластоцкі край” на словы Алеся Барскага, крыху прызабытага ўжо нашага паэта, дзеяча БГКТ і навукоўца, якому цяпер амаль 85 гадоў. У час афіцыйнага адкрыцця, на жаль, пра яго нават словам не ўспамінаюць. На аглядзе ў Беластоку прысутны быў затое іншы наш вядомы паэт, старэйшы сябра Барскага, Віктар Швед, які ў гэтым месяцы будзе адзначаць сваё 90-годдзе (ужо цяпер Шаноўнага Юбіляра сардэчна віншую ад імя ўсёй нашай рэдакцыі). Намеснік старшыні БГКТ Васіль Сегень, адкрываючы мерапрыемства, прывітаў яго на роўні з іншымі пачэснымі гасцямі ды выказаў некалькі цёплых слоў. Спадар Віктар быў гэтым узрушаны, паколькі ў папярэдніх гадах арганізатары пра яго нават не заікнуліся. Шмат песняў, што гучаць са сцэны, а на штодзень па радыё, якраз на словы паэзіі менавіта Віктара Шведа. Добра было б, каб вядучыя канцэрт публіку пра гэта інфармавалі.

У гэтым годзе быў гэта ўжо „XXII Агульнапольскі фестываль „Беларуская песня 2015”. На маю думку слова „агульнапольскі” магло б тут не быць. Бо ці ж ёсць яшчэ нейкія частковыя такія фестывалі ў Польшчы? Нават у нашых суродзічаў за мяжою слова „ўсебеларускі” даўно выйшла з ужытку.

Я ніколі не крытыкаваў і не крытыкую гэты незвычайны фестываль, які з’яўляецца адным з важнейшых паказальнікаў нашай беларускай тоеснасці. Але прытым ёсць ён таксама сацыялагічнай з’явай, якая даволі ярка паказвае, што менавіта зараз адбываецца з нашай нацыянальнай меншасцю і нашай беларускай культурай.

Пасля сёлетняга выпуску арганізатары з БГКТ урэшце самі заўважылі тое, што ад некалькіх гадоў пішу пра фестываль на старонках „Ч”, а з чым раней яны аніяк не пагаджаліся, усхвальваючы толькі пад нябёсы адно велічыню мерапрыемства. Тымчасам нельга ўжо не заўважаць, што з году ў год падчас фестывалю штораз менш аўтэнтызму – сапраўднай жывой беларускай песні і музыкі, якія былі б сапраўды блізкімі нашай беластоцкай душы. Тое, што амаль цалкам выпала ўжо са сцэны аўтэнтычная фальклорная песня – рэч цалкам натуральная. Тут прычына абiектыўная, бо жывыя яе носьбіты проста вымерлі. Моладзь гэтай традыці не пераняла, бо яе штосьці такое проста не цікавіць. Трэба яшчэ заўважыць, што падобнае адбылося і з фальклорам іншых нацый. У нашым выпадку на шчасце яшчэ не ўсё страчана і забыта. Фальклорныя беларускія песні Беласточчыны цалкам добра ўдакументаваны. Вялікая ў гэтым заслуга Сцяпана Копы, вядомага музыколага і калекцыянера нашых песень. Вось толькі што выйшаў яго чарговы зборнік – другі том спеўніка „Беларускія песні Сакольскай зямлі”.

Бельская „Жэмэрва”, якая дзейнічае пры Музеі малой айчыны ў Студзіводах, гэта бадай адзіны ўжо калектыў, што пераняў шматвяковую спявачую традыцыю вясковага наваколля і выконвае – м.інш. архаічным г.зв. „белым спевам” – аўтэнтычныя даўнія песні ў мясцовым беларуска-палескім дыялекце. Нізкі паклон ім за гэта, тым больш што ў калектыве спявае гарадская ўжо моладзь.

Узровень сёлетняга фестывалю беларускай песні не быў высокі. І гэта не толькі маё меркаванне, але і некалькіх музычных інструктараў, з якімі я гаварыў пасля адборачных канцэртаў. Надта сціпла гучаць песні без жывой інструментальнай музыкі. Нормай ужо стала, што калектывы спяваюць толькі пад гармонік, або – найчасцей – штучную электронную музыку. На гэтым фоне выразна вылучалася „мая” капэла „Хутар” з Гарадка. І сапраўды, падчас раённага конкурсу не было ёй роўных у сваёй катэгорыі (сучасная песня, вакальна-інструментальныя калектывы). Аднак, на цэнтральных элімінацыях камісія прызнала Хутару ўжо не першае, але трэцяе месца. Прытым музыкантаў – „натуршчыкаў” з Гарадка выперадзілі гурты, якія дапамагалі сябе музычным „падкладам”, а на канцэртах часта наогул спяваюць з плейбека. На нізкую канчатковую ацэнку выступу Хутара, магчыма, паўплывала… палітыка. Бо калектыў праспяваў песню забароненага ў Беларусі Зміцера Вайцюшкевіча. Гэта быў вядомы гіт „Мой сусед” і ў выкананні „Хутару” фестывальнай публіцы вельмі падабаўся. Камісія на аглядзе ў Беластоку мабыць нават не ведала, з чыйго рэпертуару ёсць гэтая песня. Але на цэнтральным аглядзе ў Гайнаўцы „польскую” камісію дапоўнілі тры спецыялісты з Беларусі, што працуюць у дзяржаўных музычных установах. Адзін з іх пасля выступу „Хутара” падышоў да саліста Яна Карповіча і сказаў, што „такія песні слухае ён толькі ў хаце”.

Трэба верыць, што свята беларускай песні і наогул беларуская культура на Падляшшы пазбудзецца ўрэшце палітыкі. Ага, а ў песні „Мой сусед” няма нават крышынкі палітычнага зместу, нават у нейкім глыбокім кантэксце.

6 Comments

Comments are closed.