Пра героя беларускага народнага падання – Машэку, які змагаўся супраць сацыяльнай несправядлівасці, а таксама быў высакародным разбойнікам, першым напісаў народны паэт Беларусі Янка Купала. 2 ліпеня 1913 года ў Акопах ён завяршыў сваю выдатную паэму „Магіла льва”. Народны паэт тады вельмі творча выкарыстаў у рамантычным стылі фальклорны сюжэт пра Машэку. Паводле падання, каля магілы забітага Машэкі некалі ўзнік горад Магілёў.
Герой Купалавай паэмы – волат, асілак, які нікому ніколі не рабіў крыўды. Але раптам усё змянілася, калі да яго прыйшло каханне. Ад здрады сваёй каханай Наталькі Машэка проста вар’яцее:
З дня ў дзень
хмурней ён станавіўся,
Расла ў ім помста, як змяя…
У гэтым і была бяда і трагедыя Машэкі, што асабістая крыўда прывяла яго не ў народныя заступнікі, а ў крывавыя разбойнікі-адзіночкі, што супрацьпаставіў сябе не толькі багатырам, але і ўсяму навакольнаму свету.
Да вобразу Машэкі ў беларускай літаратуры звярталіся яшчэ Уладзімір Караткевіч, які напісаў верш „Машэка” і апублікаваў у ліпеньскім нумары часопіса „Полымя” за 1955 год і Віталь Вольскі ў сваёй п’есе „Машэка”, якая была пастаўлена ў 1954 годзе. А Еўсцігней Міровіч напісаў і паставіў п’есу „Машэка” ў 1923 годзе. Паводле паэмы Янкі Купалы і п’есы Еўсцігнея Міровіча кампазітар Рыгор Пукст стварыў оперу „Машэка”.
Зусім нядаўна беларускі драматург Сяргей Кавалёў напісаў п’есу „Легенда пра Машэку”. У гэтым сцэнічным паданні дзея адбываецца ў другой палове ХII стагоддзя ў Прыдняпроўі. Чытачы ў п’есе зноў сустракаюцца з Машэкам, а таксама з яго каханай нявестай Любавай, з ваяводам Богшам, з сялянамі, разбойнікамі і іншымі героямі. Паэт Фелікс Баторын пазнаёміў чытачоў часопіса „Дзеяслоў” у 2013 годзе са сваёй паэмай пра Машэку. І шэраг іншых прыкладаў можна прыводзіць, хто з беларускіх літаратараў звяртаўся да вобраза Машэкі. І, вядома ж, усіх іх натхніла „Магіла льва” Янкі Купалы. Новага, на жаль, у вобразе Машэкі ніхто ў беларускай літаратуры пасля нашага песняра не адкрыў, не стварыў.
Не зрабіў вялікага адкрыцця ў сваім „Машэку” і яшчэ адзін малавядомы сёння заходнебеларускі паэт, драматург і публіцыст Аўген Бартуль. Дзесяткі ягоных твораў (многія ён падпісваў псеўданімам А. Бужанскі) раскіданы па шматлікіх былых заходнебеларускіх выданнях. Сярод іх – і паэма „Машэка”, якая была апублікавана ў літаратурна-грамадскім часопісе „Беларуская культура” ў № 2-3 за 1927 год. Дарэчы, выйшлі толькі тры нумары ў двух кнігах гэтага выдання, якое рэдагаваў Францішак Умястоўскі (1882-1940).
У „Беларускай культуры” і была апублікавана паэма Аўгена Бартуля „Машэка”, без права перадруку ў іншым якім-небудзь выданні. Вядома ж, паэма Бартуля нашмат слабейшая за паэму Янкі Купалы. Магчыма, Бартуль, калі прачытаў паэму „Магіла льва”, натхніўся на напісанне сваёй паэмы, дзе вобраз Машэкі Аўген Бартуль паказаў, як героя, які абараняў простых людзей, а калі Машэку зарэзала дзяўчына, то „засталісь бедакі без заступніка, без заступніка, без даглядчыка”.
Прапаную чытачам „Сzasopisu” паэму Аўгена Бартуля „Машэка”. А таксама хачу трохі прыгадаць пра гэтага здольнага і забытага сёння літаратара, звесткі пра якога ўдалося адшукаць.
У „Гісторыі беларускай савецкай літаратуры”, выдадзенай у Мінску ў 1964 годзе, Уладзімір Калеснік пісаў: „Галоўнай фігурай сярод нацыянал-дэмакратаў быў Казімір Сваяк. На яго арыетаваліся А. Бартуль, Ф. Грышкевіч і некаторыя іншыя”. У рускамоўным выданні гэтай кнігі (1977) сказана, што „дань эстетским вывертам отдавали начинающие авторы из студенческой молодёжи (Е. Бартуль, Ф. Гришкевич и др)”. Каментарый тут, відаць, непатрэбны. Адно скажу, што з вершамі Франука Грышкевіча беларускі чытач ужо знаёмы. Аўтар гэтых радкоў у 1999 годзе падрыхтаваў і выдаў у Беластоку кнігу „Вяртанне да сваіх”, куды ўвайшлі творы Станіслава Грынкевіча, Франука Грышкевіча і Уладыслава Казлоўшчыка. Не менш здольным за гэтых заходнебеларускіх літаратараў быў і яшчэ адзін рамантык у якога „бунтавала кроў бунтарная” і быў „хто духам малады” – Аўген Бартуль. Праўда, у чэрвеньскім нумары выдатнага часопіса „Першацвет” (на жаль, ён ужо не выдаецца) за 1993 год мне ўдалося апублікаваць невялікую згадку і некалькі вершаў Аўгена Бартуля. Але за гэты час адшукана дзесяткі новых твораў і звестак пра яго.
З аўтабіяграфіі Аўгена Бартуля, напісанай на польскай мове, і якая захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы (ф.175, воп.2, спр. 556, арк.29), стала вядома, што Аўген Бартуль нарадзіўся ў Пецярбургу 26 лютага 1908 года. Ягоным бацькам быў фармацэўт Данат Бартуль, які працаваў у аптэцы Пелля ў Пецярбургу, а маці – Юлія Бонфельдт была хатняй гаспадыняй. У 1917 годзе Аўген Бартуль паступіў у першы клас школы імя Сестранцэвіча пры касцёле святога Станіслава. Але праз год хлопчык пакінуў вучобу, таму што ягоныя бацькі, у сувязі з рэвалюцыйнымі хваляваннямі і голадам, выехалі на радзіму ў Віцебскую губерню Дзісенскі павет Прыдруйскую гміну, дзе ў іх быў кавалак зямлі, на якой яны і пасяліліся.
Да восені 1922 года Аўгена дома вучыў бацька. А потым юны Бартуль паступіў ў пяты клас Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, якую закончыў у 1926 годзе. Пасля заканчэння гімназіі, стаў слухачом матэматчына-прыродазнаўчага факультэта Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, на якім вывучаў хімію на працягу аднаго года. А потым быў залічаны студэнтам прыродазнаўчага факультэта. Праўда, у 1928 годзе юнак перавёўся на юрыдычны факультэт універсітэта.
Калі вучыўся Аўген Бартуль у Вільні, на Дзісеншчыне памерлі яго бацькі. Апекавацца юнаком стаў просты селянін з Латвіі Уладзіслаў Камараневіч. Магчыма, гэта быў нейкі сваяк Бартуляў.
У 1931 годзе, пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта, Аўген Бартуль атрымаў званне магістар права. Працаваў следчым на Лідчыне і ў Вільні.
Пісаць па-беларуску пачаў тады, калі вучыўся ў Дзвінскай беларускай гімназіі. А першыя творы ў друку з’явіліся ў 1925 годзе. З вершамі, артыкуламі і лірычнымі замалёўкамі выступаў у шматлікіх калектыўных зборніках, альманахах, у часопісах „Шлях моладзі”, „Калоссе”, „Студэнцкая думка” і іншых заходнебеларускіх выданнях. На жаль, у канцы 1930-х гадоў Аўген Бартуль пакінуў пісаць, а таксама нікому не дазваляў перадрукоўваць свае творы. А калі гэта хто рабіў без дазволу, справа нават магла дайсці да суда. Чаму назаўсёды развітаўся з пяром таленавіты беларускі юнак, цяжка адказаць. Маленькая адгадка наконт гэтага выплывае толькі з успамінаў Максіма Танка („Лісткі календара”): „Каля „Бара Акацімскага” ледзь не напароўся на Х. Ільяшэвіча і А. Бартуля – не так даўно яшчэ двух славутых паэтаў (быў гэта 1935 год. – С.Ч.). Першы, стаўшы ценем Р. Астроўскага, п’е, спыніўшыся на нейкім раздарожжы паэзіі і непаэзіі, піша свае анемічныя, выхалашчаныя вершы; другі, як яго вусаты патрон, які, даехаўшы ў свой час на трамваі да прыпынку „Незалежнасць”, развітаўся з сацыялізмам, дабраўшыся да панскага карыта, развітаўся са сваім былым радыкалізмам і вершамі і зараз памагае пракурору пісаць акты абвінавачання супраць нас. Помню, у 1930 годзе мяне з імі пазнаёміла сястра Лю – Зося. А Бартуль тады, здаецца, адзначаў пяцігоддзе сваёй літаратурнай дзейнасці… Другая сустрэча была праз год, калі мяне ў наручніках прывезлі з Глыбокага ў Вільнюскі акруговы суд і прывялі на допыт да следчага, у пакоі якога я неспадзявана ўбачыў А. Бартуля. Ён увесь час, пакуль мяне дапытвалі, сядзеў за сталом, апусціўшы галаву, не адрываючы вачэй ад нейкіх папер. І вось – трэцяя сустрэча з памочнікам следчага. Добра, што не заўважылі мяне. Я спыніўся каля вітрыны кніжнага магазіна, у якой, быццам у люстры, бачыў, як яны перайшлі на другую старану вуліцы. Ля старой камяніцы, дзе, здаецца, мясцілася калісьці славутая друкарня Мамонічаў, стаяла некалькі рамізнікаў. Удвух яны, уваліўшыся ў сані, паехалі ў бок Нямецкай вуліцы. Можа, куды зноў піць…”.
У гады Другой сусветнай вайны Аўген Бартуль жыў і працаваў на Лідчыне. Адсюль ён пісьмова звярнуўся да старшыні Віленскага беларускага камітэта доктара-стаматолага Баляслава Грабінскага, каб той выслаў яму ліст-пацвярджэнне, што Бартуль з’яўляецца беларускім пісьменнікам. На што Баляслаў Грабінскі хутка даў адказ: „Ці не запозна вы пра гэта ўспомнілі?..”. А пасля вайны след Аўгена Бартуля губляецца дзесьці на Захадзе.
Да сказанага вышэй хочацца ўсё ж дадаць, што які б ні быў жыццёвы і творчы шлях Аўгена Бартуля, з гісторыі беларускай літаратуры гэтае імя выкрасліць немагчыма. А быў ён вельмі таленавітым чалавекам, ім напісана сотні вершаў, паэм, драматычных твораў і празаічных абразкоў. Усе яны чакаюць асобнага выдання.
Сяргей Чыгрын
Аўген Бартуль
МАШЭКА
Ціха ў даль Дняпро сіні коціцца,
Ў задуменейку не шамочыцца:
Па ім хвалі бягуць-завіваюцца,
Дый у мора яны ўсе спяшаюцца.
І зялёны бор расшумеўся, гудзе,
Ой, не добра ўкруг, хіба быць бядзе!
З лесу цёмнага, безбярэжнага
Выхадзіў з яго дый асілачак
Сам Машэка, бедакоў ён заступнічак,
Бо у тыя часы над зямелькаю,
Над крывіцкаю, над старэнькаю
Багачы і баяры разгулівалі,
Як бярозу сялян дый аблуплівалі,
Што рабіць бедакам – пакараліся,
А баяры з усіх насміхаліся.
А Машэка ў той час сам артайнічаў,
І зямельку-сыру паварачываў,
Засяваў і збіраў хлеба ўволячку
Дый не змог ён глядзець на нядолечку,
На баяраў ліхіх, на разбойнікаў.
І пачаў ён збіраці ахвотнікаў.
У прасторы глухія, агромныя
І адтуль ён баяраў навучываў
І людзей паважаці прывучываў,
Харомы іх палацы разбіваючы
І братоў сваіх дый баронячы.
Але ў сэрца яго запаўзла туга,
Ой, Машэка ты, дый сялян слуга,
Іх слуга, ты мур, іх заступнічак
І народу свайго ты асілачак,
І на што ты яе чарнабровую,
І на што ты яе урадзівую,
За правы дый за праўду ваюючы,
Што бяду яна дый тугу табе
Дасць, не глянуўшы, узамен сябе…
І выходзіў Машэка на Дняпро-раку,
Палажыў на мячу ён асілак-руку:
І ўзабраўся Дняпро, зашумеў яму,
Словы ласкавы зашаптаў яму,
А Машэка сам адазваўся-сказаў,
Да старога Дняпра такі сказ трымаў:
„Эх, Дняпро, ты Дняпро, рака вольная,
Не такая, як мы, ты бяздольная.
На сабе ты нясеш шмат багацейка,
Але што табе, мілы брацейка.
Я паскарджуся – раскажу табе,
Аб сваёй тузе, аб сваёй жальбе.
Маё сэрцайка прывязалася,
У красуню яно закахалася,
І яна мяне дык пакінула
І баярына дый нямілага
Пакахала дзяўчына, аддалася,
У царкве яна з ім павянчалася.
Чуеш, стары Дняпро, як званочкі звіняць,
Маладыя ўжо ад вянца ляцяць,
Як званочкі звіняць, пералівамі,
Як над борам гудзяць, дый над нівамі.
Адбяру я яе, мусіць быці ў мяне,
А ня згодзіцца – яе смерць не міне”.
І пабег у лес дый Машэка сам,
І малойчыкаў дый склікаў ён там.
А Дняпро-рака дый ўзбурлілася –
Па ім хваля ўраз завіхрылася.
І зялёны бор расшумеўся – гудзе,
Ой, не добра ўкруг, хіба быць бядзе.
Ні па возеры селязенька плывець,
А баярыч сам сваю жонку вязець,
Дый не цёмная хмара па небе ідзець,
А Машэка сам малайцоў вядзець.
Калі гойкнулі, калі крыкнулі!
І не буйны вятры з неба веялі,
І не дробны дождж з неба падае,
А Машэка баярыча забівае ў бары.
Распускае сваіх ён малойчыкаў,
Сваіх добрых сяброў і памочнікаў.
І дзяўчыну ён сам у стан вядзе –
Ой, не добра ўкруг, хіба быць бядзе.
А красуня сама прыгалубілася,
Да Машэкі яна прытулілася,
Кажа: „Сілай мяне, дый баяравіч
Да вянца пацягнуў, не пытаючы,
Я ж кахаю цябе, мой асілачак,
Абарона мая, мой заступнічак”.
Цалаваў ён яе ў вочы-зоранькі,
Дый у грудзі яе лебядзіныя,
Абыймаў ён дзяўчыну-малодачку
І туліў ён яе, ясну зорачку.
І забыўся ўвесь свет пра каханае,
Дый ад ворага адабранае.
Не зязюлька кукавала ў бары,
Толькі зразу павеялі буйнай сілы вятры,
Пацямнела ў вачах у Машэкі ўраз:
Ой, доля-ліха, ой благі жа ты час,
Яго мілая, дый ласкаючы,
Прытуляючыся, абыймаючы,
Усадзіла яму ў буйна сэрцайка нож…
І упаў на зямлю ён ўміраючы,
Уміраючы, заціхаючы…
Узыграўся Дняпро, зашумеў стары,
Забурліла вада, узняліся вятры,
Засталісь бедакі без заступніка,
Без заступніка, без даглядчыка.
…Закапалі яго у зямелечку,
Закапалі яго – сваю сілачку,
Пахавалі яго, курган ўзносячы,
І Машэку свайго дый шануючы,
Магілаю Льва называлі курган,
Яны плачучы, прычытаючы…
Над магілаю, над асілкаваю
Удалыя яго, дый малойчыкі
будаваліся,
Магілёвам сядзібы іх
называліся.
1927 г.
Hi there! This post couldn’t be written any better! Reading through this post reminds me of my previous room mate! He always kept talking about this. I will forward this article to him. Pretty sure he will have a good read. Thank you for sharing!
XoxQuh Please forgive my English.Wow, fantastic blog layout! How lengthy have you been running a blog for? you made blogging glance easy. The entire look of your website is fantastic, let alone the content!
Im obliged for the blog.Much thanks again. Keep writing.
A Coxx hazard regression analysis, which fixed for 17 baseline variables, was performed to establish
any association between three and testosterone supplementation -year outcomes of departure, nonfatal heart attack and
stroke.
3Ux53R http://www.FyLitCl7Pf7ojQdDUOLQOuaxTXbj5iNG.com
Very informative post.Really looking forward to read more. Great.