Чаржынскі і Казань – Сяргей Чыгрын

Беларускі літаратуразнавец, крытык, лексікограф і педагог Уладыслаў Чаржынскі (1897-1974) нарадзіўся на Беласточчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў у народным вучылішчы. Скончыў Мінскую гімназію і Белдзяржуніверсітэт. Працаваў настаўнікам на Лагойшчыне, а таксама выкладчыкам у Інстытуце беларускай культуры і ў Камуністычным універсітэце Беларусі. З 1922 года пачаў выступаць з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. А з 1925 года супрацоўнічаў з часопісам „Полымя”.

Уладыслаў Чаржынскі, фота канца 1930-х гадоў Уладыслаў Чаржынскі пад сваім уласным прозвішчам, а таксама пад псеўданімамі Ул. Дзяржынскі і Улідзе друкаваў артыкулы, у якіх даваў грунтоўны эстэтычны аналіз, як асобных мастацкіх твораў, так і літаратурнага працэсу ў цэлым. Многія яго матэрыялы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, Янкі Журбы і іншым беларускім пісьменнікам, уражваюць і сёння глыбінёй і жывасцю даследчыцкай думкі, аргументаванасцю і пластычнасцю стылю. Працы Уладыслава Чаржынскага каштоўныя сёння яшчэ тым, што ў супярэчлівы і жорсткі час канца 1920-х гадоў у сваіх ацэнках ён кіраваўся эстэтычнымі крытэрыямі, а не вульгарна-сацыялагічнымі догмамі. Вельмі шкада, што беларусы ў 1930 годзе страцілі вельмі таленавітага, разважлівага і аб’ектыўнага крытыка. Яго крытычныя артыкулы і даследаванні параскіданы па выданнях 1920-1930-х гадоў. Ці не пара ўжо іх сабраць пад адну вокладку і выдаць?..
19 лютага 1925 года была створана літаратурная секцыя Інбелкульту (40 сяброў), якая потым аб’ядналася з секцыяй беларускай мовы. Сакратаром аб’яднанай секцыі быў Уладыслаў Чаржынскі. Ім жа апрацоўваліся матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры для кніг прафесара М. Янчука, Я. Барычэўскага, А. Вазнясенскага. А ў 1926 годзе ён разам з Максімам Гарэцкім і Паўлам Караваем падрыхтаваў і выдаў дапаможнік „Выпісы з беларускае літаратуры XIX — пачатку ХХ стагоддзя”. Праўда, у Мінску ў 1928 годзе выйшла і асобным выданнем праца Уладыслава Чаржынскага „Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі”. І, як піша Аўген Калубовіч у сваёй кнізе „На крыжовай дарозе” (Мн., 1994. С. 87), Чаржынскі з’яўляецца таксама аўтарам „Слоўніка гісторыка-грамадазнаўчых тэрмінаў”.

Czarzynski_1960
Уладыслаў Чаржынскі, фота канца 1960-х гадоў

Ссылка ў Казань

28 чэрвеня 1930 года Уладыслаў Чаржынскі быў арыштаваны ДПУ БССР па справе „Саюза вызвалення Беларусі”. Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго выслалі ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. Праз 4 гады нашага земляка вызвалілі ад высылкі, але рэабілітавалі яго толькі пасля смерці ў 1988 годзе.
З Татарстана больш Уладыслаў Чаржынскі на Бацькаўшчыну не вярнуўся. Але ці поўнасцю адышоў ён ад літаратурнай і крытычнай дзейнасці — цяжка сказаць. Тым не менш, беларускімі пісьменнікамі і роднай літаратурай ён моцна цікавіўся і тады, калі 40 гадоў жыў у сталіцы Татарстана.

wypisak
Выпіска з прыгавора дырэктара Казанскага дзяржаўнага медінстытута

У архівах і музеях Казані адшукаў цікавыя звесткі пра Уладыслава Чаржынскага. У архіве Казанскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта захоўваюцца дзве асабістыя справы Уладыслава Чаржынскага за перыяд 1933-1946 гадоў і 1950-1971 гадоў. Найбольш каштоўнымі дакументамі з’яўляюцца асабісты лісток па ўліку кадраў і характарыстыкі Чаржынскага, розныя загады, справаздачы і выпіскі, фотаздымкі і іншыя матэрыялы. Знойдзена таксама аўтабіяграфія нашага земляка, якая напісаная ім асабіста 27 красавіка 1943 года: „Нарадзіўся я ў 1897 годзе ў былой Гродзенскай губерні Сакольскага павета, вёсцы Стара-Каменная (па іншых крыніцах Старакаменная — С.Ч.) у сялянскай сям’і. У бацькі майго было 5 дзесяцін зямлі, якую ён апрацоўваў сам асабіста пры дапамозе сваёй сям’і. Пачатковую адукацыю я атрымаў у пачатковым народным вучылішчы, пасля заканчэння якога паступіў у Гродзенскую казённую гімназію, дзе і вучыўся да 1914 года (пасля яе эвакуацыі перавёўся ў Мінскую гімназію — С.Ч.). Матэрыяльную дапамогу атрымліваў ад старэйшага брата, які знаходзіўся на заробках у Амерыцы. У 1915 годзе мая радзіма была акупіраваная нямецкімі войскамі. Я паехаў у Ленінград, дзе і працягваў сваю адукацыю. У 1917 годзе я пераехаў у Мінск і да 1920 года працаваў хатнім настаўнікам у Вілейскім павеце. У 1921 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне, якое скончыў у 1925 годзе. У час вучобы ва ўніверсітэце, працаваў у беларускім дзяржаўным выдавецтве і выкладаў на рабфаку ўніверсітэта. З 1925 года працаваў у якасці навуковага супрацоўніка ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у Беларускай Акадэміі Навук. Адначасова выкладаў у Беларускім камуністычным універсітэце. У 1930 годзе я быў адміністратыўна высланы з Мінска ў горад Казань, тэрмінам на пяць гадоў. У Казані з 1931г. да 1935 года я працаваў метадыстам у Інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і ў педагагічным інстытуце. З 1933 года па сумяшчальніцтву працаваў выкладчыкам у Казанскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце (да 1936 года), а затым да 1940 года штатным выкладчыкам. З 1940 года штатную пасаду выкладчыка займаю ў Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, а ў КДМІ працую па сумяшчальніцтву”.
У медыцынскіх навучальных установах Казані Уладыслаў Чаржынскі выкладаў латынь, нямецкую і рускую мовы. Пра гэта гавораць розныя загады і выпіскі з загадаў кіраўнікоў навучальных устаноў Казані. А знойдзеная характарыстыка на выкладчыка кафедры замежных моваў Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута Чаржынскага Уладыслава Вікенцьевіча дае поўнае ўяўленне пра гэтага выкладчыка і чалавека наогул: „Чаржынскі У.В., які працаваў выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута з 1 верасня 1933 года і вызвалены з працы 1 снежня 1947 года, як сумяшчальнік, у сувязі з яго асноўнай працай у Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, 1 верасня 1950 года быў зноў залічаны выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, дзе і працуе па сённяшні час. Тав. Чаржынскі У.В., кваліфікаваны, вопытны і дысцыплінаваны педагог, адносіцца з любоўю і стараннасцю да сваёй работы. Прымае актыўны ўдзел у метадычнай рабоце кафедры, выступаў на пасяджэннях кафедры з дакладамі па пытаннях методыкі выкладання моў. Чаржынскі У.В. сістэматычна займаецца павышэннем свайго ідэйна-палітычнага ўзроўню, актыўна ўдзельнічае на занятках, якія арганізавалі для выкладчыкаў кафедры, хто самастойна вывучае гісторыю СССР. Пастаянна працуе над удасканаленнем сваёй вытворчай кваліфікацыі, прымае ўдзел у рабоце кафедры над складаннем дапаможнікаў па нямецкай мове для медыкаў. Сярод таварышаў па працы і студэнтаў тав.Чаржынскі У.В. карыстаецца заслужаным аўтарытэтам”.

Kazansko_medinstytut
Казанскі медінстытут, дзе працаваў Уладыслаў Чаржынскі

Сярод выяўленых казанскіх дакументаў ёсць і цікавая выпіска з загада № 91 рэктара Казанскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга медыцынскага інстытута імя С.В.Курашова ад 19 мая 1967 года. У ёй гаворыцца, што ў „сувязі з 70-годдзем і 45-годдзем педагагічнай дзейнасці, з якіх 35 гадоў аддадзена падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў у стаматалагічным і медыцынскім інстытутах Казані, за бездакорную творчую працу, чулыя і прынцыповыя адносіны да студэнтаў старшаму выкладчыку У.В.Чаржынскаму аб’явіць падзяку з занясеннем у асабістую справу. Падстава: прапанова заг. кафедры К.Л.Раскіна. Рэктар інстытута — прафесар Х.Хамітаў”. Дарэчы, у той час у Казанскіх медыцынскіх навучальных установах працавала вельмі многа ўраджэнцаў Беларусі, асабліва шмат было яўрэяў. Той самы Канэль Раскін быў родам з-пад Оршы, Ісак Алуф быў родам з Полацка і іншыя. Магчыма, дзякуючы іх дапамозе, Уладыслаў Чаржынскі ў 1930-х гадах і ўладкаваўся на працу ў Казанскі медінстытут. А, магчыма, дзякуючы яго жонцы Чэрні Плаўнік.
У чэрвені 1971 года Уладыслаў Чаржынскі напісаў на імя рэктара заяву „вызваліць яго ад займаемай пасады ў сувязі з уходам на пенсію”. Тым больш, што яму ўжо было тады 74 гады. Рэктар задаволіў просьбу Чаржынскага.
У Казані Уладыслаў Чаржынскі пражыў яшчэ тры гады і 2 красавіка 1974 года яго не стала. Там яго і пахавалі на Арскіх могілках.

Янка Купала  і Уладыслаў Чаржынскі

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску захоўваюцца купалаўскія запісы (адз. зах. 459-461) маскоўскіх і казанскіх тэлефонаў і адрасоў асоб, з якімі паэт быў звязаны па службовых і асабістых справах. Сярод адрасоў Казані знаходжу і каардынаты Чаржынскага: „Чаржынскі. Держинского, 15, кв. 8”. У лістападзе 1941 года Янка Купала прыехаў у Татарстан і пасяліўся разам з Уладыславай Францаўнай непадалёку ад Казані ў пасёлку Пячышчы ў дырэктара мельзавода І.Я.Наякшына. Тут ён жыў і час ад часу наведваў Казань, дзе спыняўся ў гасцініцы „Татарстан”. З Наякшынымі Купала шчыра сябраваў, яны разам нават сустракалі новы 1942 год на кватэры Юдзіных у г. Верхнім Услоне.
Янка Купала часта выступаў на мітынгах, па радыё, з дакладамі сярод беларускай і татарскай інтэлігенцыі, пісаў вершы і прадмовы. Заходзіў ён у госці і да сям’і Чаржынскіх. Дарэчы, жонкаю Уладыслава Чаржынскага была родная сястра Змітрака Бядулі — Чэрня Плаўнік.
З Уладыславам Чаржынскім Янка Купала ў Казані шмат гутарыў, яны вялі размовы пра вайну, пра 1920-1930-я гады і рэпрэсіі, а таксама пра літаратуру.
4 мая 1942 года Янка Купала зноў сустрэўся з сям’ёй Чаржынскіх, якая наведала яго ў Пячышчах. Песняр падараваў Чаржынскім сваю кнігу вершаў і паэм „От сердца”, што выйшла на рускай мове ў Маскве. На кнізе Купала напісаў „Дарагім Чаржынскім на памяць. Янка Купала. Пячышчы. 4.V.1942 г.”
18 чэрвеня Янка Купала пакінуў Татарстан і прыехаў у Маскву, дзе праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы «Масква».

93 Comments

Comments are closed.