Вярталася я неяк ад далёкай сваячкі з Гданьска назад дамоў у Грэдэлі. Пакуль усе плёткі бельскія і падбельскія з ёй не перацёрлі, то не выправілася, а таму крыху запазнілася на вакзал. Паспела аднак забегчы ў першы вагон, думаю дзякаваць богу, білет у кандуктара куплю. Каб ён скіс, той кандуктар, і той цягнік тонканосы!.. Паўпенсіі з мяне паліцай пракляты здзёр, бо выявілася што гэта нейкая там Піндуліна. Я на ўсю гэтую Піндуліну гвалтам пачала раўсці, а яна такая ціхая, што мяне мусіць у хвасце цягніка чулі. Заплаціць усё ж прыйшлося, бо пачалі пагражаць што выкінуць на хуткасці 200 км. Дурная я, трэба было не плаціць і хай бы выкідалі на рамонтным участку, бо як пазней заўважыла, там хуткасць на гадзіну як у нашага старога грэдэльскага каня. Але мондрая Гэля па шкодзе.
Ну, думаю, скуралупы мяне злупілі, дай я хоць раз у жыцці ў люксе пакачаюся. Села, азіраюся, з кім тут языка завязаць, ажно глядзь, каля мяне высокай рангі чын, і то з нашых падляшскіх беларусоў. Называць яго не буду, бо хачу надалей мець уступ на гала-канцэрты, у тэатры і на іншыя такія пасядзелкі. Піндуліна плыве, цішыня, прыемны халадок, дыванкі чырвоныя, рыхтык як у мяне ў сенях пасцеленыя. Едзем мы, едзем, а ў беларусоў ёсць такое няпісанае правіла, што пакуль Монькі (калі едзеш з поўначы) ці скажам Шэпетава (калі з захаду) не мінеш, то адзін да другога не прызнаемся і па-беларуску, барані бог, не азываемся. А тут толкам яшчэ нават ад Гданьска не ад’ехаліся, як сусед мой ні з таго ні з сяго, ды яшчэ свойскімі мацюкамі раптам як не загне… Я, каб хоць неяк выратаваць сітуацыю, кажу: „Пан выбачы. Не ест пан в дому.” А ён прыпадымае туфлю і пасаромлены, ужо па-польску будзе казаць: „Не вежэм, але в гувно вдэпнолэм, на пэроне”. Гляджу, ажно і праўда, і тут раптам як дасць па ноздрах, ды па ўсёй Піндуліне як расцягнецца. Ну, думаю, дзякуй табе землячок, за сабачнік за паўпенсіі. Больш чым паўцягніка пустога, але плацкарт ёсць плацкарт, нямецкія парадкі, хоць ты затхніся.
Тут жа паведамілі кандуктару, кандуктар націснуў адмысловы гузік і выклікаў прыбіральшчыцу. Усё хутка, з дапамогай адмысловых, пазалочаных італьянскіх шуфялёў прыбралі і дыванок нават нечым папшыкалі, але ад смуроду канчаткова пазбыліся калі ўжо пад’язджалі да мэты. Думаю сабе, пракаментаваць ці пачакаць да Монек. Але майму папутчыку трохі пашанцавала, бо калі замест „Беласток” я пачула „Канцавая станцыя Варшава Цэнтральна, дзякуй за супольнае падарожжа”, то забыўшыся на ўсе пісаныя і няпісаныя правілы абклала чыгуначнікаў трох’ярусным з праслоечкай. І толькі гэты на мяне вачыма лыпае і яшчэ абурана кажа: „Пані выбачы. Варшава Цэнтральна”.
Гэля з Варшавы Цэнтральнай
2 Comments
Comments are closed.
Hi my friend! I want to say that this article is amazing, nice written and include almost all significant infos. I would like to see more posts like this.
A low fat diet is most likelyy goong to be full of a butal enemyy and
sugar to your testosterone levels.