Рудня. Гісторыя кахання – Міра Лукша

Веры Казбярук з Рудні, у дзявоцтве Рыгаровіч, адно наймацней трымаецца ў памяці: яе хрышчоная матулька. Кацярына Янушка была дваюрадная Верына сястра. Сустракаемся ў Верынай кватэры ў блёку ў Бандарах, на „аседлі”, там, куды пасялілі вялікую частку жыхароў вёсак, прапаўшых пад чашай Семяноўскага возера. Дачка Веры, Марыя Хлябіч, штогод збірае жыхароў Рудні ля крыжа прысвячанага загінулай вёсцы. У Марусі засталіся вершы, напісаныя Кацяй Янушка, адной з першых тутэйшых бізнесвумен, па-руску. У папцы з вершамі выведзенымі чорным атрамантам прыгожым почыркам ёсць таксама верш Віктару Шведу, беларускаму паэту (яго сочинения читаются в каждой избе). Кацярына Рыгаровіч, 1903 года нараджэння, сваю рускую мову прывезла з бежанства. Каця рускую школу ў Петраградзе кончыла, была медсястрой, абарочвалася ў культурнай кампаніі, шмат чытала. Стройная, высокая, дама.
– Пра бандарскае жыццё пісала, пісала і вершы-лісты, як для „пявіцы Зыкінай”, – кажа Марыся. – «Дарагому ўнучку Міхаілу» – гэта майму брату. І як сястра Аляксандра ў Аўстралію выехала, і для мяне – для „ўнучкі Мані”. Пісала мне ў Беласток пісьмо, як я вучылася. Пісала «фацэцыю», як у нас бацюшку выбіралі… Пра тутэйшае жыццё пісала.
– Я пра сябе цяпер не думаю, – пацірае свае стомленыя вочы бабуля Вера. – Думаю, каб заступіла ноч і дзень пачаўся. Пяць лет як мой чалавек ляжыць. Мы самі з Радні паходзім, нас „Плячакамі” называлалі, на тым грудку, што мост быў, ведаеш, дзе гэты мост, – то мы тым у доле былі. Там сем хатаў было нашых. А ў маёй памяці – адно мая матулька…

Z_babulaj
Марыя Хлябіч і яе маці Вера Казбярук

Прыехаў да Каці Сцёпа…

Як я знала, што ён ужо ў Нараўцы, і едзе на фуры са сваёй маці на наш грудок. Бягу! – мы тут скраю жылі, хата наша першая была, а матульчына праз пару хатаў. А яна якраз у той момант падала і руку паламала. Угледзела я іх, як уязджалі ў нашу гулачку. Дзівімся, блізка не падходзім. Сцёпава маці была пасля ў Каці, яна яе глядзела яна тут у яе і ўмярла… Каця выйшла: „Сцёпа, разьве эта ты?” – кажа, а аж мне плакаць хочацца. Здымае Сцёпа капялюш з галавы. Спаткаліся са Сцёпам праз столькі гадоў! Хадзіў да яе да вайны столькі гадоў. Пасля, як выехаў у Амерыку, маўчаў. І як вярнуўся, дык у Рудні з год пажыў, можа і больш, а нарэшце паехаў, казаў: „Я тут замерзну. Там у Амерыцы няма марозу, а тут такі холад!”. Яшчэ летнік пакінуў майму айчыму А матулька так пасля жыла, таргавала і ў Міхалове, мела там сваю краму.
– Скляповаю была Каця Янушка, – прыгадвае Клаўдзік Казбярук з Бандароў. – Баявая кабета. Бізнесменка. Разбіралася ў эканоміцы. Лічыла, памятаю: ноль-один. Наймала на краму ў Рудні першую хату ў Болтрыка-„Сушкава”. Казалі, да яе прыехаў той Сцёпа-амерыканец. Я там не ведаю, калі ён выехаў у тую Амерыку, адны кажуць, што быў ён нямецкім паліцыянтам, іншыя, што ў свет з’ехаў яшчэ перад вайною, а іншыя, што ў Андэрса служыў, біўся пад Монтэ-Касіна. Прыехаў, калі можна было ўжо прыязджаць. Больш за сорак гадоў яго не было. Каця сваю маленькую хатку мела. Прыехаў Сцёпа да наша „кулка”, замовіў бетонныя слупкі для плоту, сетку, на бела тую Каціну хатку памалявалі. Мы тыя слупкі нагрузілі аж на тры трактары: папіць будзе нагода: амерыканец прыехаў, Каця такая добрая баба, літар паставіць! Пакладзем тыя слупкі не так каб адзін на адзін, але каб амерыканца ашукаць, што столькі навезлі! На адну прычэпу ўсё ўлезла б! І наш кіраўнік з паперамі, каб разлічыцца, а найбольш каб пабачыць амерыканца і загуляць. І Каця таксама хацела нарачоным пахваліцца. Так і было. Пасля той Сцяпан смяяўся: уся ваша фірма прыехала, сядзелі ўвесь дзень аж зашарэла! У іх у Амерыцы з нагоды такіх слупкоў адбылося б вяселле, – столькі мы выпілі. Усе суседзі прыйшлі!
Сцёпа ведаў Кацю пакуль паехаў першы раз у Амерыку, яшчэ з паненкі. Калі вярнуліся былі з Расіі, жылі ў Боўтрыках, бо хатаў нашых не было па той, калісьняй вайне. Яны пабудавалі хату ў Рудні. Пасля Сцёпа з Амерыкі даведаўся, Кацін брат напісаў яму, што і Рудня ёсць, што Каця зноў жыве ў Рудні. Але сказаў: ён там жанаты, мае там сям’ю, мае дачку ў Амерыцы.
Каця, калі Сцяпан з’ехаў быў у Амерыку першы раз, кінулася ў працу. Пазнаёмілася з Лявонам Янушкам з Хадароўкі. Лявон прыехаў быў да Рыгаровічаў і стаў прасіцца, па-нашаму: „Дзядзя Восіп, памажэце мне з Касенькай ажаніцца”. А яна, Касенька, ездзіла з братам Пецем, па тавар у краму. Служыла ў жыдоў. Завязе анучы тыя, што назбірае, Пеця ў Беласток, нябярэ сялёдак, хусток прывязе… Пасля адкрыў краму ў Бандарах. Я мамятаю, тады ягоны Янак быў малы, а я крыху большая, яны на мяне называлі „бальшая Верка” (я з 1926 года). Мая мама вярнулася з Расіі ў 1921 годзе. У бежанстве былі ў Петрарадзе. Таму Пецю называлі „Петраградскім”. А Лявон меў сваю краму ў Хадароўцы. Убачыў быў Кацю, калі з братам прыехала па тавар. Спадабалася. Выйшла замуж Каця за Лявона Янушку. 11 гадоў жыла і працавала ў краме ў Хадароўцы. Лявон захварэў сухотамі і памёр. Каця вярнулася была ў Рудню, калі яе брат Пятро вярнуўся з Нямеччыны…
– Колькі Каця пра Сцёпу напісала! Цэлы альбом-кнігу вершаў склала! І пра тое вяртанне да яе Сцёпы праз дзесяткі гадоў. Я яе бачыла, чытала, – прызнаецца Вера і спаглядае на папачку з апошнімі творамі Каці Янушка. – Але тую матульчыну кнігу ў мяне забралі, і яна цяпер у Беластоку ў спадчынікаў Янка Рыгаровіча, сына Кацінага брата Пятра… Жыла яна з намі.

ka
Каця Янушка

Жыццё было ўсялякае

Людзі жывуць, жывыць і пасварацца ў радзіне… Пеця, матульчын брат, у немца быў. Якраз у нас тут хадзілі парцізаны. А Пеця меў краму ў Бандарах, у Назаркавых. Я ў мае маладыя гады памагала яму грошы складаць, як ён ездзіў за ганучніка, такія часы былі: па сёлах ездзіў, прадаваў сялёдкі з бочкі… У вайну прыехаў быў ад немца Пеця ў плашчы, пайшоў да кагось у вёску. Пасля бандзіты моцна нас скрыўдзілі; наша радзіна з Барначчыны як выехала, як немцы іх спалілі, і Забрады гарэлі… Акурат жніво было, мы дзівімся: такі велькі агонь! Маміна родная сястра да нас уцякла, у Слабодцы жылі… Пеця прыехаў, пабачыў, якое ту горэ… Тыя бандзіты! – яны не ўсім бандзіты, але я іх называю так як трэба; яны забралі ў нас дзежку саланіны, што маміна сястра з сынам з Барначчыны прывезла. Я пайшла раненька па ваду, бачу: у нас склеп адчынены. Думаю: а што гэта там такое!?. Заглядаю ў склеп. А нам тую саланіну ўсю забралі, адно кусочкі пакінулі нашым барнацкім бежанцам.. Тыя „парцізаны” гнездзіліся на гэтым нашым грудку. Я ўсё бачыла, ды нічога мы не казалі, бо за немцам усім страшна. Забралі былі якраз перад Вялікдзень, перад Вялікім постам, Колю Плечакова, павялі. Сабаку застрэлілі, у нас з хлява забралі свінню. Тамара Колева прыбегла, а ў нас сядзела поўна хата мужчын. Вось Пеця ішоў з вёскі, парцізаны той плашч, што ў ім прыехаў у водпуск з Нямеччыны, забралі. З яго крамы парцізаны ўзялі ўвесь тавар. Забраў Пеця сваю польку-Мальвіну ў шаліновай хустцы і паехаў назад у Нямеччыну. А Кацю Янушка пасля вайны пасадзілі ў сакольскую турму „за супрацоўніцтва з немцамі”.
– І ў турму да матулькі я ездзіла. За тую „współpracę z Niemcami”. Па-нямецку гаварыць умела. Мо дзе які вершык апублікавала ў час акупацыі? Ці мо за тое, што брат паехаў сам у Нямеччыну? Пасля вайны пасадзілі.
– Сцёпа вярнуўся ў Амерыкі аж у сямідзесятыя гады, у пачатках, бо ў 1976 годзе пачалі ўжо „вывлашчаць” Рудню, – адакладняе Маруся. – нашы пераехалі ў 1986 годзе, у „блёкі”. А пачылі выкідаць ужо ў 1976, 1978 годзе.

– Мы апошнія выехалі

з нашага грудка, – уздыхае Вера. – Ой, Божа мой, што там гаварыць, усяго было! У бежанстве мой тата памёр, калі мне было паўгода. Мама перажывала – трое дзяцей у Расіі! Мама вярнулався сюды, а брат, дзядзя Ваня, застаўся ў Саратаве… Але рэшта Плячакоў вярнулася на гэты грудок у Рудні… Адбудаваліся. Было ў нас шэсць кароў, то Трахімчук кажа: нашто вы гэту жывіну скупоўваеце?! Калісь рабілі! Хацелася, каб было ўсяго многа. А цяпер рукі, ногі паадымала… У нас гаспадарка была велька, найбольшая як на Рудню. 10 гектараў, а з альшынаю, з лонкамі было 14. У адзін год так папала, што стаяў яшчэ стог сена старога, дык мы тыя шэсць кароў купілі. Смяяўся Бяглюк; а дзе вы сена будзеце кісіць? Нашто было мне даіць тыя шэсць кароў рукамі? А яшчэ колькі дараблялі. Да вывозкі. Дзярно вазіў. Меліярацыю начыналі ў 1963, 1964 год. Прыходзіць да нас Лаўрэш Косцік: „Вазьмеце вы кацылярыю дахаты!” Як я вазьму канцылярыю, калі я не дам рады вырабіцца з работаю? Хату якраз я бяліла. Стары прыходзіць дахаты, і кажа: найгорш з харчамі, бо хата то е. Кіраўніку хата спадабалася. „Z jakimi krzakami? To my może wytniemy?” Дык і сталаваліся, мне было добра з панамі, не зачыняла, не абакралі, найвышай хлеб спяку, як выплата, то з’ядуць раз-два той хлеб. І смятана тым панам так смакавала. Былі Ярмоц, Самойлік і Куснер. Пайшлі потым да іншых, і зноў вярнуліся. Пасля, калі ўжо возера рыхтавалі, тыя паны прыйшлі да нас і кажуць: „Musicie uciekać”. Боўтрыкі затаплялі, то мы яшчэ ў Рудні былі. Вада падыходзіла пад Косцеву хату, Коля памагаў выносіць, ужо кладку рабілі да Боўтрык. Сцяпан Кардаш на парозе сядзеў, не мог нікуды выйсці. А хто то хацеў кідаць хату! Той Сцяпан урэшце здурэў, жонку выганяў, жонка ў скрыні спала. Цяпер ходзіць па Беластоку. Мы запісаліся да Бандароў. Нашы тыя паны хацелі, каб мы запісаліся на Луку, да Стоцкіх. Каб хаты перацягнуць, каб будынкі свае адкупіць. На адны таргі паехалі, але пасля кінулі. Нас на вельмі мала выцанілі. Я паехала ў Беласток да Ніны і да Колі, кажу Колю: „Хату пакінулі нам, каб мы перабудоўваліся”. А ён кажа так: „Дайце сабе спокуй, бо мяне не пусцяць з паліцыі на ўрлёпы! Ці вы тую хату будзеце цягаць самі?”. Блёкі ўжо былі, мы прыйшлі апошнія да блёку. Ужо на Коляды былі гатовыя, тры разы егдзілі, усё пазабіралі. Каляду елі першы раз ужо тут. Закалолі адразу двое свіней, прадалі астатніх ужо кароў, каня… Бацька, Коля, пайшоў плачучы ў Боўтрыкі сказаць што няма ўжо кароў. Ён і коней так любіў!
Кацярына Рыгаровіч-Янушка памерла ў 1988 годзе. У 1985 г. паявіўся яе адзіны верш у „Ніве” – пра мір, па-руску. У вершы (з 1968 года) Віктару Шведу напісала: Я умру – как все умирают. Жизнь исчезнет моя без следа. Над могилой моей одинокой зашумит ветерок иногда…

 

pierasialency - Kopia
Перасяленцы на бандарскім „аседлі”

1 Comment

  • Your style is so unique compared to many other people. Thank you for publishing when you have the opportunity,Guess I will just make this bookmarked.2

Comments are closed.