Я не герой сваёй эпохі.

Яго галава была вельмі цяжкая, так ніколі яшчэ не балела. Зусім перабольшыў, дурань! Ах, як баліць! Ці гэта ён адбывае падарожжа самалётам? Праўда, меў ён ляцець у Амерыку, там хацеў папрацаваць і вярнуцца. Ну, ён так хацеў, штосьці там думаў пра гэта, але каб так адразу ў самалёт і ляцець? Страціў мо розум, ці што…

dub
Фота Міры Лукшы

Якраз Максім Лутоўскі выйшаў на ганак хаты сваіх бацькоў і прытрымаўся парэнчы сходаў. Дом быў вялікім будынкам, з шэрагам акон, крыху нагадваў колішні панскі двор. Чакаць, думаў ледзь стаяўшы на лесвіцы, то ж я ў нейкую Амерыку і не выбраўся. З нейкай цяжкасцю Максім прыгадаў сабе выпадкі сённяшняга дня і схапіўся за галаву, які ён смешны! Быў на факультэце і стаў магістрам эканоміі, а пасля пайшлі цэлай камандай у клуб. Папілі здорава! Памятаў, Караліна прычапілася, хацела гаварыць аб іхніх адносінах… Загадаў ёй адысці, паляпаў па спіне і на канец прытрымаў за руку. Хацеў хутчэй да хлопцаў, гарэлкі ці піва напіцца, а тая не адпускала. На канец сказаў ёй, што не маюць аб чым думаць, што паміж імі штосьці стаіць. Ну і меў плач дзяўчыны, якая так яго палюбіла.
Цяпер ведаў, дзе ён, скуль ён і чаму так яму баліць галава. Найлепш было б пакласціся спаць, каб не чуць гэтага калыхання ў галаве. Не будзе ён думаць і аналізаваць сваіх паводзін наконт Караліны. Яна адазвецца ў нейкі дзень і тады цвяроза паскладваюць што там паміж імі. Адчыніў вялікія і цяжкія, драўляныя дзверы і ўкаціўся ў сярэдзіну. Адбіваючыся ад сцяны да сцяны, Максім дабраўся ў свой пакой. Дзякуй Богу, што яго дахаты калега адвёз! Шмат дарогі з горада ў яго мясцінку. Ну і ёсць. Хлопец упаў на салідны драўляны ложак, нават не распранаўся. Не меў сілы. Хто будзе мець прэтэнзіі, ён ужо магістр, абараніўся на пяцёрку. А цяпер адпачываць…
Хтосьці пастукаў у акно, вельмі далікатна, баязліва. Можа вецер галінкаю гуляў, а людзі як людзі, зараз прыдумаюць сабе нейкія страшылкі… Стукатанне не моўкла і чалавек ляжаўшы ў прыемна цёплай пасцелі рашыў расплюшчыць вочы.
Пры флігелі стаяла дзяўчынка і цярпліва стукала ў акно. Ён звар’яцеў, не адчыняе, а яна ніколі не падыдзе да парадных сходаў. Хутчэй тут замерзне і пахаваюць яе на вясковых могілках у найпрыгажэйшай сукенцы побач маці ў сямейнай грабніцы. Цяпер пастукала кулаком, і гэта дало рэзультат. Прачнуўся! – узыдхнула светлавалосая прыгажуня. Стаяла пад акном хвілін сорак! Акно расчынілася і паказаўся прыгожы твар бацькавага аканома.
Максім вельмі хацеў даведацца, як ён трапіў у іншае месца. Здавалася, што памяць вярнулася яму на ганку хаты і ён спакойна паклаўся спаць. Зараз, аднак, прачнуўся і пачуў неспадзяваны пах паленых дроў. І зноў стукатанне, цяпер гучнае і выразнае. Устаў раптоўна і зноў жаласна схапіўся за галаву. Яна была надалей цяжкаватая і алкаголь напэўна кружыў у арганізме. Вось і маеш вынікі выпівання! Не выцверазеў. Зачапіўся аб крэсла. Дзіўная рэч, у яго пакоі не было ніякіх крэсел! Заспанымі вачыма азірнуўся навокал і не мог зразумець, што за сон. Шэрань пакрывала шыбу невялікага акна, так што не бачыў, хто стаіць з акном. Прыадчыніў акно, і холад уварваўся ў пакой.
– Цябе маглі б падпаліць! – наракала незнаёмая дзяўчына. Акутаная акуратнай хустай, апранутая зусім нямодна, быццам з іншай эпохі, дзеўка выглядала вельмі асабліва. Ну а што ён? Паглядзеў на свае штаны. Не джынсы, у якіх баляваў, а цёмныя штаны ў абцяжку. Адкуль іх узяў і каму ўдалося іх нацягнуць на яго? Даў сабе ўдосталь! Значыць, алкаголь не для яго. Праўду казала маці, то такія рэчы – для мудрай галавы.
– Ты папіў, Максім! Я чую! – расхвалявалася дзяўчына.
– Так, але я не ведаю, адкуль ты ведаеш аб гэтым. І дзе я апынуўся?
– Трымайце, нябёсы! Бачыла, як бацька даставаў бутэльку.
– Чый бацька?
– Мы ж гаварылі, трэба ранкам дабрацца ў Белавеж. Потым усе даведаюцца.
Максім здурэў. Фатальна здарылася, што раней не адмаўляўся, а так – напіўся і маеш, прыйшоў у чужую хату, пазнаёміўся з бацькам гэтай дзяўчыны і яшчэ выпіваў з ім! От, ліха!
– Чакай, дзяўчынка, – апёр рукі на падваконніку. – Ты ведаеш, як мяне завуць і выглядае, што шмат іншых рэчаў, але я бачу цябе першы раз. І не прапамінаю сабе, як я сюды ўвогуле трапіў. Знаемся ад вечара а ты хочаш каб я з табою ехаў у Белавеж. І што там?..
Дзяўчына адчыніла шырока вочы і паклала рукі на клубах. Напэўна, не спадабалася ёй тое, што ён сказаў.
– Ты, мяне, хлопец, – слова „хлопец” вымавіла асабліва, – вывядзеш з сябе. Хутчэй, коней я ўвязала пры дарозе, а калі будзеш марудзіць, паеду адна, а табе крэсцік.
Дзяўчына кранулася з месца і адышла некалькі крокаў. Максім выхіліўся за акно. Сукня дзяўчыны была незвычайная, і ўсё тут было сенсацыйным. І чамусь прыйшло яму ў галаву, што трэба ісці за светлавалосай. Прынамсі пабачыць ён, дзе апынуўся, гэта вельмі цікава. А цяпер загадку трэба развязаць. Ну і дахаты дабрацца. Выскачыў з акна і зрабіў некалькі крокаў, азірнуўшыся на будынак у якім спаў. Драўляны, надзіва падобны на прыдворскія флігелі. А навокал лес, яго пушча. Белавежская пушча, калі яны выбіраюцца ў Белавеж. Чакаць. Чакаць… Што яна сказала? Коні? Свет перакуліўся дагары нагамі. Нашто каму звяры, калі конская сіла ў машыне? Аднак людзі бываюць усялякія…
Максім дагнаў дзяўчыну, якая, убачыўшы яго побач сябе, усміхнулася ўлагоджана.
– Дурань! – сканстатавала. – Як стаяў, так упаў і заснуў.
Пакруціла галавой, а ён прыглядаўся да яе твару. Красуня.
– Увесь двор будзе насміхацца.
Хлопец глянуў на сваю адзежыну і даўся дзіву. Ну што за апранахі! І яна ў гэтай сукні…
– Слухай, – пачаў Максім. – Я ўчора напіўся. Святкаваў сваю магістэрку, але якасьці, якасьці… трапіў дахаты. А што я тут раблю?
– Максім, мо ты ўдарыўся? Учора мінуў год як ты з намі.
– З вамі? Гэта з кім?
– Доктара! – тэатральна крыкнула дзяўчына, прыклала сваю далонь да яго ілба і махнула галавой.
– Ты, Максіме, для мяне найдаражэйшы ў свеце, таму я прашу, не выпівай больш і зрабі з сабой парадак. Калі ты маеш даведацца, чаму вырэзваюць нашу Пушчу, ты павінен быць цвярозым і разумным. А ты цяпер – гультай!
– Добра, значыць, я праспаў цэлы год. Так разумею?
Дзяўчына гучна засмяялася.
Максім падумаўшы глыбока сцвердзіў, што ён надалей у сне.
Дайшлі да звяроў, прыгожых і дагледжаных, і Максім спалохаўся. Ён ніколі не прабаваў гэтага спорту. І ў што ён улез? Аднак, хаця баяўся, падсадзіў дзяўчыну на каня і… Здзівіўся, як лёгка закінуў ступак у стрэмя і ўскочыў на сядло. І цуда – Максім ведаў, як паводзіць сябе, каб конь добра ішоў!
Дзяўчына кінула на Максіма зусім панскім паглядам:
– А, я ведала, што табе гэта добра зробіць.
Максім з маналогу дзяўчыны дадумаўся, што маюць яго за кіруючага маёнткам, а двор у якім служыць завуць Лутоўня. Ага, значыцца, так: ён напіўся і заснуў, але гэта не кашмар. Тут адбылося нешта незвычайнае. Яго кінула ў іншую эпоху, ці што? А дзяўчына, значыцца, Аня, дачка гаспадара Лутоўні. Максім увасобіўся ў ролю чалавека, аб жыцці якога нічога не ведаў. Вось такая гісторыя! Прытым адбываецца штосьці цікавае і яны наважылі зрабіць нейкае расследаванне. Як ён меў ад гэтага адмовіцца? Амаль ужо прывык да бліскучай весткі, што ён гэта не ён, а хтосьці зусім не Максімаў, хаця таксама гучаць іхнія імёны і прозвішча.
Максімава фантазія калісьці схільвалася ў тыя старыя часы, ён цікавіўся сваімі прашчурамі, але не памятаў, каб хтосьці з продкаў быў дворскім аканомам. Адзін быў лекар, другі слуга ў двары, трэці – манах…
– Слухай, успомні, чаго мы так едзем.
Рашыў прыняць удзел у гэтай прыгоде. І выкарыстаць час, запамятаць усё. Дашукаецца пасля, хто тут хто і для чаго. Хіба што не вернецца…
– Я катэгарычна пратэстую! Там палацовыя будаўнічыя вырэзваюць нашу даброву. Усю пушчу знішчаць!
– А мы нейкія хвасты, што на­думалі ім у гэтым перашкодзіць?
Ён цяпер хацеў смяяцца. Зразумеў. Гэта канец дзевятнаццатага стагоддзя. Будуюць царскую паляўнічую рэзідэнцыю.
– Ну, Максім, – збянтэжылася і пачырванела дзяўчына, – хаця б пабачыць…
– Ты ведаеш, што за сто гадоў будуць эколагі, якія будуць абараняць пушчу перад такімі будаўнічымі. А палац будзе знішчаны.
Цяпер смяялася яна.
– З цябе някепскі жартаўнік, я ведаю. Такога ты яшчэ не выдумляў.
Прыехалі ў Белавеж. Яна была зусім інакшая, чым вядомая Максіму. На горачцы ўзносілася вялікая канструкцыя. Царскі палац.
Цуда! Максім разявіў рот.
– Бачыш, як гэта можна знішчыць? Трэба гневу гасподняга да разбурэння гэтага.
– Не трэба, – сказаў засмучаны Максім. – Хопіць крыху людзей, у якіх няма парадку ў галаве. Або вайна…
– Сёння ты філасофствуеш…
– А сюды ўзлезці можна?..
– Я ўжо ўпэўнена, што ты сапраўды ўдарыўся ў галаву. Давай, да бабулі Зіны. Яна знойдзе на цябе сілу!
– Як гэта?
– Так як і на мне, як я прыхварэла.
Павяла красуня Максіма да простай хаты, за якой валіўся плот. Пры самай сцяне сядзела маленькая, сухая жанчына. Пазнала дзяўчыну. Аня абняла старушку як родную бабулю і абцалавала ёй шчокі. На Максіма бабка паглядзела насцярожана.
– І бачыш, што тут робіцца? – спыталася ў яго.
– Цар строит себе чудо, – сказаў Максім.
– І што будзе з намі? Пойдзем усе, рабы, рабіць. Работаць, работаць, і ўсю жызнь пасвяшчаць.
– Гэта ненадоўга, – сказаў бабулі Максім.
– Анулька, ты ідзі, нарві парэчкі. Зварыце кампоту.
Максіма старуха ўзяла за руку павяла да сваіх парогаў.
– Ты не павінен тут быці, – яна была строгая і сур’ёзная. – Бесы, цьфу, чарты, адыдзіце! – махнула рукою, а Максіма перанялі дрыжыкі…
– Яе зваліла з ног, а мне пачала балець галава, круціліся самалёты ў ілбе, нядобра зрабілася, – расказваў Ані Максім. – Я хацеў накрычаць на бабулю, а мне мову адняло! У галаве палац, дубы, коні, флігель двара ў Лутоўні…
– Максіме, з табою зноў бяда, – уздыхнула дзяўчына.
Адплюшчыў вочы і ўбачыў белую столь.
– Падумаеш, адукаваны чалавек! Але! „Прашчай розум, здраствуй дурната!” Андрэй, твой сын у цябе ўдаўся, я з ім не маю нічога супольнага! – лямантавала маці.
Максім меў ахвоту выпіць усю ваду свету.
– І пабач! Хадзі пабач! – клікала маці Максімавага бацьку. Значыць, ён у сябе, а ўсё гэта быў сон! – Глянь, Андрэй, што ён на сябе надзеў! Скуль ён такое ўзяў?!. У тэатры, ці што? Нават не разбуўся!
Прыйшоў бацька і ледзь на яго глянуў. Відаць, сын выглядаў камедна! Але! Максім устаў і адчуў, як сэрца хутчэй працуе. На нагах меў высокія боты Максіма, аканома Лутоўні.
– Халера! – аблаяўся пад носам, бо маці клікала ўжо ўсю радню, каб пабачылі, як Максім адсвяткаваў сваю магістэрку.

2 Comments

  • Good site! I truly love how it is easy on my eyes and the data are well written. I’m wondering how I could be notified when a new post has been made. I have subscribed to your RSS which must do the trick! Have a nice day!

  • Thus, due to these testosterone side effects,
    one should avoid taking testosterone supplements or
    drugs, particularly if the person iss enduring benign prostatic
    hypertrophy (BPH), bleeding disorders, higfh cholesterol, aany type of cancer, liver or kidney disease,
    heart disease, etc.

Comments are closed.