Календарыюм. Чэрвень – гадоў таму.

kalendarium-01Чэрвень – гадоў таму
496 – у 1519 г. Францыск Скарына выдае ў Празе „Кнігу Руф”, „Кнігу Эсфір”, „Кнігу Плач Іераміі”.
355 – 28.06.1660 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага і польскія разбілі каля вёскі Палонка, Слонімскага павету войскі расейскага агрэсара (камандуючы Іван Хаванскі).
190 – 7.06.1825 г. у Тургелях нар. Эдвард Паўловіч, мэмуарыст, мастак, асьветнік. Дзяцінства правёў на Наваградчыне, вучыўся ў Жыровічах, Слоніме, Слуцку. У Вільні вучыўся маляваньня ў Канута Русецкага і К. Рыпінскага, у 1853 г. закончыў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. З 1859 г. выкладаў у Наваградзкай гімназіі, у 1860 г. заснаваў самадзейны тэатр, пісаў карэспандэнцыі ў розныя газэты. За ўдзел у студзенскім паўстаньні быў сасланы ў глыб Расеі, у 1867 г. вярнуўся ў Наваградак. З 1870 г. жыў у Львове, дзе падрыхтаваў і выдаў каталогі фондаў музэя Любамірскіх. Пісаў успаміны, сярод якіх найбольш вядомыя: „Wspomnienia znad Wilii i Niemna” (1882). Памёр 10.02.1909 г. у Львове.
180 – 9(21).06.1835 г. у Пушках каля Дукштаў памёр Ян Рустэм (нар. у 1762 г. у Стамбуле), мастак, стваральнік Віленскай мастацкай школы. Вучыўся ў Варшаве ў Я. Норбліна і М. Бачарэлі і ў Нямеччыне (1788-1790). У 1798-1832 гг. выкладаў у Віленскім унівэрсытэце. Яго вучнямі былі м. інш.: І. Аляшкевіч, В. Ваньковіч, Я. Дамэль, Н. Орда, К. Русецкі, І. Хруцкі. Маляваў пераважна партрэты, м. інш.: Т. Зана, А. Сьнядэцкага, Я. Сьнядэцкага, Я. Лялевэля.
145 – выданьне у 1870 г. у Санкт Пецярбурзе „Слоўніка беларускай мовы” („Словарь белорусскаго наречія”) складзенага Іванам Насовічам.
120 – 12.06.1895 г. у фальварку Кур’янаўшчына Вілейскага пав. нар. Леапольд Родзевіч, беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч, друкавўся з 1912 г. ў „Нашай Ніве”, рэдагаваў беларускія газэты ў Вільні: „Беларускі Звон”, „Наша будучыня” (1922-1923), з 1921 г. дзеяч Беларускай Рэвалюцыйнай Арганізацыі, з 1923 г. у БССР, у гг. 1925-1934 – рэдактар газэты „Чырвоны сьцяг” і часопіса „Бальшавік”, працаваў у Камісіі па вывучэньні Заходняй Беларусі пры АН БССР, быў рэпрэсіраваны, праўдападобна расстраляны ў 1938 г. Аўтар п’ес: “Пакрыўджаныя”, “Блуднікі”, „Збянтэжаны Саўка”, „Пасланец”, „Багаты і бедны”, „Досьвіткі”, „Кавалі”, „Конскі партрэт”, зборнікаў вершаў: „Беларусь” (1922), „На паняволеных гонях” (1928), зборнікаў апавяданьняў “Рэвалюцыйным шляхам” (1928), “Вогнішча барацьбы” (1930).
115 – 14.06.1900 г. у в. Несьцеравічы, Ваўкавыскага павету нар. Міхась Забэйда-Суміцкі – сьпявак, пэдагог. Разам зь сям’ёй знайшоўся ў бежанстве ў Сібіры. У 1929 г. скончыў Харбінскі Унівэрсытэт. У 1935 г. вярнуўся на бацькаўшчыну. У 1936-1940 гг. быў салістам Варшаўскага Радыё. Адыграў вялікую ролю ў папулярызацыі беларускай музычнай культуры ў сьвеце. З траўня 1940 г. жыў у Празе, працаваў у Нацыянальным Тэатры. Утрымоўваў пастаянны кантакт зь Беларусьсю, Беласточчынай, выдатнымі людзьмі беларускай культуры (Р. Шырмам, М. Танкам, У. Караткевічам ды іншымі). Памёр 21.12.1981 г. у Празе, пахаваны на Альшанскіх могілках.
115 – 24.06.1900 г. у маёнтку Боркі, Слуцкага павету нар. Кузьма Чорны (сапраўднае прозьвішча Мікалай Раманоўскі, пам 22.11.1944 г.) выдатны пісьменьнік-празаік, драматург, публіцыст).
110 – 15.06.1905 г. у г. Веліж, Віцебскай губэрні. нар. Юрка Віцьбіч (сапраўднае прозьвішча Георгій Шчарбакоў) – пісьменьнік. Закончыў гімназію. Друкаваўся з 1929 г. У час нямецкай акупацыі праяўляў вялікую пісьменьніцкую актыўнасьць, ягоныя творы былі друкаваны ў многіх часопісах. Выдаў у той час два зборнікі публіцыстыкі „Вяліскія паўстанцы” ды „Нацыянальныя Сьвятыні”. У Нямеччыне ў 1946 годзе разам з Н. Арсеньневай стварыў літаратурнае аб’яднаньне „Шыпшына”, якога стаў старшынёй. Пасьля жыў у ЗША. Актыўнасьць праяўляў таксама ў галіне журналістыкі. Многа ягоных твораў было надрукаваных у „Беларусе”, „Новым рускім слове”. Памёр 4.01.1975 г.
110 – 25.06.1905 г. у Пуцілкавічах каля Ушачы на Віцебшчыне нар. Пятрусь Броўка, выдатны беларускі паэт, пачаў друкавацца ў 1926 г. у газэце „Чырвоная Полаччына”; аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, м. інш.: „Гады як шторм” (1930), „Паэзія” (1932), „Вясна радзімы” (1937), „Шляхамі баравымі” (1940), „Вершы і паэмы” (1946), „Далёка ад дому” (1960), „Вершы і паэмы” (1966), „Калі ласка” (1972), „Мая радзіма” (1985). Памёр 24.03.1980 г. у Менску.
90 – 26.06.1925 г. у Паўднёвым Востраве каля Крынак нар. Міхась Хмялеўскі, беларускі журналіст і грамадскі дзеяч. Звыш 30-ці гадоў працаваў у беластоцкай Ніве – ад самога яе пачатку аж да свайго адыходу на пенсію ў 1988 г. Быў таксама штатным дзеячам Беларускага Грамадска-Культурнага Таварыства. Віншуем з юбілеем!
90 – 25.06.1925 г. быў заснаваны ў польскім Сойме новы пасольскі клюб пад назовам Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада. Клюб даў пачатак партыі ды аграмаднаму грамадзкаму руху.
90 – 27.06.1925 г. у Нізку Узьдзенскага раёна на Меншчыне нар. Лідзія Арабей, беларуская пісьменьніца і літаратуразнавец, у 1956 г. выдала даследаваньне „Цётка (Алаіза Пашкевіч)”, аўтар зборнікаў аповесьцяў і апавяданьняў, м. інш.: „Мера часу” (1962), „Экзамен” (1963), „Ваўчкі” (1972), „Паласа дажджу” (1984), „Пошукі кахання” (1987).
80 – 3.06.1935 г. у Мачулішчы Крупскага раёна нар. Васіль Зуёнак, паэт, пачаў друкавацца з 1954 г., аўтар зборнікаў паэзіі, м. інш.: „Крэсіва” (1960), „Нача” (1975), „Маўчанне травы” (1980), „Світальныя птушкі” (1982), „Жніўны дзень: Выбранае” (1985), „Лета трывожных дажджоў” (1990).
65 – 6.06.1950 г. у Клянах Дубровенскага раёна нар. Аляксей Дудараў, сучасны беларускі драматург.
45 – 9.06.1970 г. у Нью-Ёрку памёр епіскап Беларускай Аўтакефальнай Царквы Васілій (Уладзімір Тамашчык – нар. 15.04.1900 г. у Вялікіх Азяранах на Беласточчыне), ад 20-ых гадоў звязаны з беларускім рухам у Польшчы і Чэхаславаччыне, у час ІІ сусьветнай вайны дзейнічаў у Беларускім Камітэце ў Беластоку. Быў намесьнікам рэдактара „Новай Дарогі”, з 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне; 23.04.1949 г. пастрыгся ў манахі і прыняў імя Васілій, з 1951 г. у ЗША, актыўны дзеяч беларускага царкоўнага і грамадзкага жыцьця на эміграцыі.
Апрацавалі Лена Глагоўская
і Вячаслаў Харужы ■