Сакрат Яновіч. Акно

51220460d5bb7_oAкно

Як толькі перастаў я поўзаць малечаю па хаце i пачаў хадзіць, памятаю акно. Яно вабіла мяне святлом i таемнымі гукамі. Даставаўся я да яго з бядою, але неадступна. Ужо прадчуваў i нават разумеў, што свет не канчаецца ў сенях, i аднекуль заходзяць да нас людзі, цёткі з дарункамі цукеркаў. Мне вельмі хацелася ўбачыць – менавіта – адкуль яны i як; a яшчэ, якія ў ix хаты, бо чуў, што таксама маюць свае…
Акно снілася. Тады я вылятаў цераз яго бабульчыным анёлам i зачаравана прынюхваўся месяцавай бондзе з пахамі велікоднага пірага. Зоркі, калі спрабоўваў лізнуць каторую, прынаджвалі смакам ландрынак. Не баяўся вышыні, не ведаючы, што такая ёсць.
Прачнуўшыся, жальна плакаў. Пакуль прыйшла вясна i мацерка вывела мяне на сонца.
На падворышчы я разгубіўся, бы зайчаня, што адбеглася ад гнязда пад мяжою ў шырокае поле. Першае, што ўгледзеў быў з пярэпалаху – гэта куры з пеўнем i парасяты, што смачна прысмакталіся адно каля аднаго да цыцак рохкаючай мацёры. Моцна здзіўлены, я не спадзяваўся, каб намаляваныя ў дзіцячай кніжцы тыя стварэнні напраўду жылі! Пасля дзівіўся што ні дзень усё чымсьці іншым, урэшце пажарам стадолаў ад грымотнага гневу Бозі.
У травень з чэрвенем ды ў ліпень са жніўнем, гуляючы не выходзіў з сенакоснае аселіцы з капуснымі загонамі, над якімі мільгацелі бялюсенькія матылі. Азіраўся на нашу хатку з рассмяяным акном, рагатліва расчыненым, і ветрык навейваў адтуль попахі смажаных скварак з цыбуляю… Тлусты арамат у перадабедак, калі вядома, што вось дакіпае рассыпістая бульба і ўжо адстаўлена з агню пад фаеркамі пліты гарачая страва з маладзістага шчаўю і з скабкаю свінога мяса. Ад прыступу першабытнага голаду, які магчымы толькі ў таго, хто расце і дужэе, гнаўся з архетыпным крыкам: „Мама, я хачу есці!”

Мой малы генезіс

У дваццатым стагоддзі аднойчы жыць давялося. У самых пачатках славянскага ўсходу, у Крынках. У азіяцкія аднак тут зімы, хоць лета час-часом залятае сюды ад Элады. Мікраполісны гімназіён у нас тады – памятаецца – размяшчаўся ў драўляным асабняку колішняга медыка іудзейскага (забілі яго былі рыжыя германе). У юнацтва маё ўрокі ў ім давалі варвары, падвучаныя з мясцовых багатыроў. Яны, праўда, чулі нават пра Сакрата ды ягонага вучня Платона, але ўсё ж шчыра не спадзяваліся, што як хрысціяне пакланяюцца жыду Ісусу…
У той – пасля вялікае вайны акурат – росквіт прымітыўнае цывілізацыі ў тутэйшым старонні надарылася немалая ўдача халопам і плебеям. Ім, зрэшты, заўсёды даволі шчасця з хлеба, віна, пропаведзі; у такім клімаце яшчэ і з жытла. Горадзец іх – Беласток, у нечым кшталтам Афінаў з графаманскім падабенствам Акропалю, у выглядзе чырвонасцяжнае будыніны на валасную меру. Прышываныя дочкі бульбаносыя Карынфа аблюбавалі венерную Кракаўскую вуліцу (па-кашэчаму ўтульную).
Жывецца, вось, бы запацеламу Сізіфу пад гарою.
Вельмі практычна прытым не бярэм у галаву выпадковасць свайго ў кожнага з’яўлення на свет. I таго, таксама, што нараджаемся, каб памерці. Намагаемся затое на сэнс уласнага існавання – хто паўжыцця на куплю аўтамашыны аддае, іншы на бабы растрачваецца; бывае, на гарэлку ўсянютка прасадзіць або ў саладосць скандалаў кінецца; камусьці горб вырасце ад службы вернае… Тлумачыцца тое і тое, і дзесятае, папулярным махлярствам, дбайнасцю менавіта пра ясную долю дзецям родным. А яны ж, наследкі тыя, толькі ў плямёнаў першабытных паўтараюць бацькаў лёс, аб чым ужо ведалі ў белакаменную старажытнасць.
Можна сказаць: і славяне прыдумалі душу… Няпраўда, аднак жа, што і пекла з раем. Няма пэўнасці, дарэчы, ці гэта вынаходніцтва якраз эмацыянальных элінаў у супражжы з рацыянальнымі рымлянамі. Разам з тым досыць камічна гаварыць пра бяссмерце выпадковага. Нашто чалавеку вечнасць? Каб швэндацца неўміручым турыстам пасля зямное натруджанасці?
Бунтарны Ізраіль, пляжаны кесарамі, паспеў ашчаслівіць нас Богам Адзіным. Сын Яго – будзе дзве тысячы гадоў ад банальнага ў тую пару распяцця – надарэмна вучыць дурняў розуму, варагоў прыяцельству, багатых спагаднасці. Але, прынамсі, Богаайца баімся па паганскай традыцыі, замест хрысціянскай любові ўсімі ўсіх. Таму перспектыва раю звузілася ва утопію, а вароты ў пекла нядбайна расчыненыя.
З дзіцячай упартасцю вяртаецца пытанне: а нашто ўсё гэта? Жыццё на зямлі дзеля неба? Зямное ў імя незямнога? Такіх сумненняў не наглядаецца ў галодных і халодных. У гэтым, відаць, і адказ. Адназначны, бы арганізм. I кпіна лірыкі смерці, усё роўна што папрок паэтам ды фанатыкам.
Аднаму Богу вядомая сутнасць свету, з чым я гатоў пагадзіцца. Бо ставіць пад пытанне Сусвет гэтак жа бяссэнсава, як і свае нарадзіны.

Рэмінісцэнцыі

Табе пад пяцьдзесят. Ты: дабіўся для сябе невытлумачальна больш, чымсьці магло прысніцца табе, вырастаючаму на падпанка ў гады свае далёкія, калі для ўсіх тады пачынаўся гэты новы свет, і вось завяршаецца наша стагоддзе, пра якое некалі запытаюць: а чаму яно было такое – і ваеннае і дабрабытнае?
…На Багача слівы пасмуглелі. На іх папырскаў быў дожджык і яны выглядалі незвычайна сакаўнымі. I ад таго яшчэ, можа быць, што дзень жа святочны і пры гэтым ціхі ўпалудзень ды барвовы на зыходзе; парумяненая лістота, пахацяць выспелыя агароды.
Ад самюткага рання суседка спраўляла хрэсьбіны. На траве каля ганка яе, па-прыгараднаму вымаджанага дома паразлягаліся напоеныя мужчыны (храплі – у белых кашулях і ў чорных касцюмах, ад якіх яны трохі, як пінгвіны якія). З расчыненых вокан, што на паверсе, з-за далікацтва фіранак у іх далятала сварня ў застоллі, звяглівая і нясціхная (так, калі застануцца за чаркамі адны бабы). Таму вельмі дарэчы было пайсці адсюль у малінавы закутак і прысесці там сабе на камяні, выгратым сонцам. У настроі, які не параўнаць з адпачынкам ратая або з існаваннем толькі, такім безпачуццёвым. Відаць поле, як прасціраецца яно ад запушчанага парку, маянтковага. Яго прыгажосць бачыш ты ў раптоўным цудзе песні ці ў малітве верша, – панскімі вачыма культуры, памятай. Не-е трасучы гной, і не за плугам…
Засланяючы нанач спальны пакой, угледзіш месяц. Заўважыўшы яго фазу, табе падумаецца, што час прамінае ў нейкім чаканні, аднак жа, бяжыць ён, быццам па-зайчынаму вяртаючыся ў тое ж месца і ўсё роўна што выгледжваючы вочы за кімсьці. Ці дзіва, чаму тваё жыццё не зусім каб патрэбнае, здасца яно табе да крыўднасці выпадковым, хоць і не хапае дзеля яго дня ды з вечарам…
У летняе ўставанне, у той перадспякотны халадок бярэ ахвота папрацаваць – з радасным жаданнем быць прысутным у жывым, зялёным і светлым. У балаціне, што пад Лісіным Грудам, крычыць тамашняя птушка. Ты ўспомніш аднакласніка з паўзабытай вялікагарадской школы; ён, зарабіўшы мільёны, памёр ад рака.
Цябе гняце прымус закончыць сваё незакончанае, бо яно далося, хаця і ў звычнай табе хамутнай натузе, праз плойму гадоў шэра-шэрых, і ты баішся, каб не апусціць залішне рук. Гэткі спех – твая змора і дакучнасць. Уласцівасць безвыходнага.
У замглёнасці ўзлесся ў бок Пачапка пасецца дзікі звер. Відацьме алень. Чаму ён якраз навідавоку? Гэта ж так небяспечна для яго, апынуцца ў полі зроку чалавека!..
Эх, аўтамашынай паімчацца б табе па шашы ў майскім дрэўі! Панаднейшы смак ад таго, калі ты далей, у глыбі мураванай Польшчы, альбо ў па-заходняму акуратным замежжы. У бацькоўскім жа старонні дагніваюць пакінутыя вёскі, якімі, а каб не, зацікавяцца археолагі зацюканасці ды бядоты. Куды прападае людская праца? – палі зарастаюць хмызам, украпівелыя сядзібы нагадваюць сабою колішнія могілкі з руінаю капліцы, а ўнукам нашым манерным і не ў здогад нават тое, што ёсць ў іх дзяды ды прадзеды… Народ мой хворы бяспамяццю таксама.
Яблык падае блізка ад яблыні. Гэта так, як лёс маці паўтараецца ў дачцэ, праўда, па-свойму… Хвалімся, галытва ўчарашняя, вялізным кавалкам хлеба, нарэшце і катэджамі з мансардамі, каб папанстваваць, не цямячы чамусьці, што знакі багацця сталі не тыя і што ўсё гэтак жа міражныя яны для нас. Мінулае нацыі, бы абсалютная ісціна або прыцягненне зямное, што моцна трымае нас, – помсліва ці як, не дае нам выпраставацца, пазбыцца анамаліі росту.
У Крынскай пушчы ўпаткацьмеш паляны з вывараценямі і лугі, ад хараства якіх затрымціць табе ўваччу. Адзін лес старасць упрыгожвае, і ён веквечны. Будзе мець рацыю той, хто прыраўняе да яго культуру (без яе свет сам не ведаў бы пра сябе, пра тое, што ён быў і ёсць!). Сядзеш, каб ногі табе адышлі, збоч ад сенакоснай траскоты касілак і на строме рэчкі ў лозах, над тою яе затокаю, у якой вудзяць маладых шчупакоў. Вада бруіцца ў ёй у водарасцях, а цябе пранізвае заедлівае: ну чаму гэта мы, чаму забедныя і забедныя?! Дападаем да сваіх шанцаў, а яны, аказваецца, высмактаныя… Ачышчаючы з галчыных гнёздаў комін і апухі, ты дзівіўся, што знаходзіў у іх засушаны трупок піскляняці, як заўсёды адно заморанае.
Еўропа нам даўно за гарамі. Нічога не скажаш, не мужыку ж палацы ў галаве (прынята гаварыць у высокім тоне). А па шчырасці, дык куды прасцей усенька ў нас адбываецца – а будзь ты сабе кім хочаш, абы грашавітым! Нішто ёсць усё золата і блакіт дня, тамы кнігаў ды старцаў развагі, сама існасць існасці, – хлісні долі нашай над нашымі, мазаля яе і ганьбы пакаштуй. Вымавіш тады: разумею, – і аціхнеш утомна, без болю (бо ён у таго толькі, хто не пагаджаецца).
Племя маё нагамі дапераду выносяць унукі ягоныя, тыя ж пачужэлыя, і пажыткамі дзеляцца. А мо і застанецца пасля яго ўсяго сытасць бяздумная, якой будзе выгода параю? Калі так, дык пажартавала з нас асвячоная эпоха ўсеўладная, быццам ласкавая пані яснавяльможная калісьці, што служкаў сваіх віншавала імянінна ды за стол свой запрасіла, а мы так жа цяпер наеліся за ім ажно да адрыжкі, усё роўна што за ўсе вякі мінулыя, а як жа глумныя над намі!.. ■