Для дзяцей. Гісторыя Кукі

Першым, што пабачыла птушанятка, было зялёнае, аблітае летнім сонца лісце. Малеча зацікаўлена высунула дзюбку са шкарлупінкі яйка, заміргала жоўтымі вочкамі і энергічна раздзяўбла шкарлупінку да канца.
Сонечныя прамяні ў адзін момант высушылі рэдкі пух птушаняці, якое неўзабаве пачало рухаць маленькімі, аголенымі крыльцамі, нязграбна іх раскідваючы. Яно насалоджвалася павевамі цёплага паветра, якое ахінала далікатны пух. Тады птушанятка заўважыла, што ў гняздзе ўжо сядзелі тры іншыя істоты, якія да яго ўважліва прыглядаліся.
– Гэй! – азвалася адна з іх. – Ты хто?
Вылупленая толькі што малеча адвярнула галоўку, бо не магла адказаць на гэтае пытанне.
– Ты непадобная да нас, – сказала другое птушаня.
– Менавіта, – падтакнула трэцяе.
– Няхай вырашыць наша мама, – піскнулі яны ў
адзін голас. – Яна якраз падлятае.
Мама пліска прысела на галіне ля гнязда, яе чорныя вочы заблішчэлі ад здзіўлення, як толькі яна пабачыла апошняе птушанё, якое ўрэшце вылупілася.
– Хто ты і адкуль з’явілася ў нашым гняздзе? – неспакойна зашчабятала пліска.
– Я не ведаю, – пахіліла галоўку птушанятка. – Я прачнулася ў маёй шкарлупінцы, пачала яе дзяўбці і яна трэснула. Потым я пачула шум лесу і спеў ветру. Гэта ўсё здарылася ў гэтым гняздзе, чаму тады гэта не мой дом?
– Хвілінку, – мама пліска збіралася з думкамі. – Няма сумневаў, ты і сапраўды птушанятка, але зусім не выглядаеш падобна да маіх дзяцей. Так як ты не належыш да сям’і, наш дом не можа быць тваім.
– Але ў мяне няма іншага, – сумна піскнула птушанятка. – А, можа я магу ў вас застацца? – спытала яно з надзеяй.
Пліска падумала, а пасля рашуча пакруціла галавою.
– Ты вырасцеш хутчэй за маіх дзяцей, я гэта ўжо цяпер бачу. Гняздо не змесціць вас усіх, таму вы будзеце піхацца, пакуль мае бедненькія дзеткі не выпадуць. Я не магу да гэтага дапусціць. Ідзі сабе адсюль!
У маленькага чужынца ў гняздзе плісак пацяклі слёзы з вачэй. Усхліпваючы, птушанё нязграбна выбралася з гнязда, пасунулася ўздоўж галінкі і скочыла на ніжэйшы сук. Не пацэліла! Птушачка ў роспачы замахала крыльцамі, але ж яна яшчэ не ўмела лятаць! Падаючы, яна апынулася пасярод высокае травы і там, урэшце, вярнула раўнавагу. Адважна вандруючы наперад, яна дайшла да землянога капца і пачала на яго караскацца.
– Гэй там! – перапалохаў яе сярдзіты голас. – Што гэта за манеры?
Здавалася, што голас гучаў з капца. І праўда, з яго вяршыні паказаўся спярша чорны носік, а пасля і пыска з заплюшчанымі вачыма.
– Хто…Ты хто такі? – спытала перапужаная птушачка, а яе крыльцы задрыжэлі.
– Як хто? Крот! – буркнула чорная істота, яшчэ больш высоўваючыся з капца, і пагражаючы птушаняці моцнай лапай. – Хуліган!
– Выбачайце, – жаласна заплакала малеча. – Я не хацела зрабіць нічога благога.
Аднак крот злосна працягваў:
– А калі б я патаптаў табе дом? Табе б такое спадабалася?
– Я не ведаю, – уздыхнула птушанё. – У мяне няма дому.
– Як гэта? – здзівіўся крот, які стаў цяпер больш ветлівым. – Чакай, чакай, гэта немагчыма! У кожнага ёсць нейкі дом.
Ён намагаўся распазнаць, што гэта за істота прытаілася пад яго капцом, але меў надта слабыя вочы. Можа гэта нейкі выключна малы гатунак крата?
– Я табе дапамагу, – сказаў ён са спачуваннем. — Ты можаш пасяліцца ў адным з маіх капцоў.
– У капцы? Яшчэ чаго! – над іх галовамі раздаўся пісклівы голас з дрэва побач. – Гэта ж зязюля. І да таго, вельмі маленькая. Хто бачыў зязюлю, якая жыве разам з кратом? Дзе такое бачылі?
– Я кепска бачу, як я казаў, – тлумачыўся крот, – Але, прынамсі, я стараюся дапамагчы, спадарыня вавёрка. А што ты зробіш для гэтае малечы?
Вёрткая рудая жывёліна з пушыстым хвастом, спярша абабегла пень дрэва, а пасля пачала кружыцца вакол зязюлі.
– Дапамагчы? Рудзя таксама можа дапамагчы, – пранізліва піскнула вавёрка. – Я жыву ў дупле, там, высока, – яна паказала на дрэва. – Зязюлечка, ты можаш пасяліцца са мною, калі хочаш.
Вавёрка завяршыла свой танец і знерухомела ў чаканні перад птушаняткам, якое бездапаможна звесіла свае слабыя неапераныя крыльцы.
– З вялікай ахвотаю, але як я туды забяруся? Я ж не ўмею лятаць.
– Ах! Праўда? – пакруціла носам з недаверам вавёрка. – Дзе гэта чулі, каб зязюля не ўмела лятаць?
Цяпер ужо крот аказаўся больш растаропным.
– Дык ты ж сама казала, што гэта птушанё, – прамармытаў крот. – Яна проста яшчэ не навучылася лятаць, і да таго ж яна самотная. Мы павінны быць да яе ветлівымі і сардэчнымі.
– Мы можам быць ветлівымі, але гэта не дапаможа знайсці яе дом.
Рудзя спахапілася і маланкава абабегла вакол дрэва некалькі разоў, пасля чаго спынілася пад самым носам у крата.
– Тое, што мы мусім зрабіць для гэтае малечы перш за ўсё – гэта знайсці ёй дом.
Раптам яна выгукнула:
– Уцякаем! Уцякаем! Ідзе ляснік.
Невядома калі вавёрка знікла ў дупле. Крот таксама слізгануў у капец і зязюлька засталася адна. На ўсялякі выпадак яна замахала крыльцамі, але ў яе нічога не атрымалася – яна проста не магла лятаць. Перапужаная птушачка разглядалася з трывогай у пошуках нейкага схову… Чырвоны грыб з белымі кропкамі на капелюшы быў, на жаль, надта малым, каб пад ім схавацца. Не было таксама гусцейшых зараснікаў, і нават найбольш нізкая галіна звісала завысока, каб на яе магла ўскочыць маленькая зязюлька. Таму малеча прытулілася да спарахлелага пня і замерла ў чаканні. І ў самы час! Цяжкім крокам падышоў ляснік, і быў ён не адзін. Разам з ім была дзяўчынка ў чырвоных чаравічках.
– Дзядуля, дзядуля, тут сядзіць птушачка! – дзяўчынка ўзрушана паклікала дзядулю і паказала на здранцвелую ад перапуду істоту.
Ляснік асцярожна падняў птушанё і паглядзеў уверх, у кроны дрэваў. Аднак, выглядала на тое, што не было ніякага гнязда. Не чуваць было і птушынага крыку. Ляснік сказаў дзяўчынцы:
– Бачыш, унучка, – патлумачыў ён, – гэта бяздомная зязюлька. Ані мама, ані тата не паклапоцяцца пра яе. У зязюляў так ёсць, яны падкідваюць свае яйкі іншым птушкам. Нейкая птушыная маці яе выседзела, а пасля выкінула з гнязда. Цяпер гэтае малое не мае шанцаў каб выжыць.
– Мы ж можам яе забраць у леснічоўку, – запрапанавала дзяўчынка. – Я паклапачуся пра яе. Накармлю, напаю і абагрэю.
– Гэта вялікая адказнасць, любая мая, – сур’ёзна адказаў дзядуля. – Ты ўпэўненая, што хочаш дапамагчы гэтай маленькай зязюльцы?
– Так. Так, хачу! – крыкнула дзяўчынка. – Яна такая бедная і самотная.
– Што ж, паспрабуй, – вырашыў ляснік. – Выхаваць гэтую малечу так, каб яна навучылася лятаць і самастойна жыць, не будзе лёгка.
“Вазьмі мяне! Вазьмі мяне з сабою!” – прасіла зязюлянё ў думках. – “Я ўсё зраблю, каб выжыць, бо я хачу слухаць шэлест лісця, адчуваць подых ветру і лятаць… лятаць…”. І так сталася. Дзяўчынка асцярожна агарнула птушанё анучкай і панесла ў леснічоўку.
– Ты ўжо ведаеш, як яе назавеш? – пачула зязюлянё голас лесніка.
– Вядома, што так, – адказала шчаслівая дзяўчынка. – Калі гэта зязюлька, і яна кукае, дык ясна, што яе трэба назваць “Кукі”.

2 Comments

Comments are closed.