Гайнаўка. Культура на музейных сходах, Міраслава Кастанчук

Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы 7 чэрвеня запрасіў гайнавян і гасцей прыпушчанскага горада на чарговае – адзінаннацатае – мерапрыемства з цыкла беларускіх этнаграфічных фэстаў пад назвай «Культура на сходах музея».

Першы белэтнафэст «Культура на музейных сходах» тычыўся ільняных кашуль – аўдыторыі быў запрэзентаваны калісьні працэс выканання кашуль, пачынаючы з апрацоўкі льну. На фэсце «Сонца ў саломцы» прэзентавалася саломапляценне, а ў час імпрэзы «Не святыя гаршкі лепяць» выраб глінянага посуду. Фэст «Свята беларускага хлеба» тычыўся традыцыйнай выпечкі хлеба, а падчас «Сто твараў лазы» паказвалі выплятанне з лазы. Былі яны ў пагоду арганізаваны на пляцы за музеем, а ў выпадку благога надвор’я – у будынку музея, як асенні «Бульбафэст». Фэсты праходзяць як заўжды пад знакам беларускай музыкі і традыцыйных рамёстваў. Майстры па салома- і лозапляценні, разьбяры, кавалі, ганчары і ткачыхі маюць нагоду прадставіць сваё майстэрства перад жыхарамі і турыстамі, тлумна сабранымі на пляцы каля сядзібы беларускага культурага цэнтра пасярод павятовага прыпушчанскага горада. Гледачы маглі паспрабаваць сваіх сіл, напрыклад, пры кроснах, за ганчарным кругом, а таксама пакаштаваць стравы з бульбы, між іншым смажаныя бульбяныя аладкі і бабку, запіўшы смакоцце кіслым малаком. На музейным пляцы сталі таксама крамкі з рукадзеллем і беларускай літаратурай. За сцэны заспявалі беларускія гурты: „Калебка» (Дзіцячы сад № 1 у Гайнаўцы), Сунічкі (Белавежа), Ручаёк (Белавежа), Мэтро (Гайнаўка), тэатральна-мызычная група яка працуе пры асацыяцыі АБ БА (Беласток), АРТ ПРОНАР (Нарва), RETRO BEATS (Гайнаўка), Нарва (Нарва), мінскі бойс-банд «Гурма» які выступіў у Польшчы ўпершыню і захапіў публіку. Зоркай беларускага этнафестывалю быў Зміцер Вайцюшкевіч са сваім гуртом «WZ ORKIESTRA». Партёрамі арганізатара з’яўляліся Культурны цэнтр Беларусі, Гайнаўскі дом культуры, улады гміны Нараўка, следчы арышт у Гайнаўцы, Культурнае Аб’яднанне TYBEL, а патранажам ахапілі яго Радыё Рацыя і Радыё Беласток ды аб’яднанне «Ніколі больш».

IMG_7397
Спявае гайнаўская „калебка”, Фота Міраславы Кастанчук

Распавядае дырэктар установы Тамаш Ціханюк: „Цэлы нядзельны сонечны дзень працягвалася беларуская імпрэза з беларускай музыкай, з беларускім словам, з беларускім рамяством. У рамках нашага фестывалю адбываюцца практычныя заняткі па розных жанрах, па розных рамёствах, традыцыйных для беларускага народа. Ткацтва, ганчарства, лазапляценне, саломапляценне і дрэваапрацоўка на даўні лад гэта ўжо рэдкасць не толькі сярод кампактна пражываючых на Беласточчыне беларусаў, але ўжо выконванне даўніх страў з мясцовай адметнасцю прынамсі на Гайнаўшчыне адраджаецца ў галіне турызму, як у агратурыстычных кватэрах, так і ў мясцовых рэстаранах і пунктах грамадскага харчавання”.
У рамках сёлетняга фестывалю адбылася яшчэ прэзентацыя выставы мастачкі беларускай выцінанкі Вольгі Бабурынай „Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ў выцінанцы”, якую можна наведаць у музеі да канца ліпеня 2015 г.

IMG_7408
Вучыцца ткаць у Ірэны Ігнацюк Паўліна Скепка, дырыжорка, Фота Міраславы Кастанчук

Пані Зоя Майстрвіч з Рэдут паказвае як плесці посуд з саломкі Клаўдзіі Сасне.
– Ты, відаць з тамашніх бакоў? – пытаюся ў вучаніцы чацвёртага класа ПШ н-р 4 з Беластока, якая спраўна ўтыкае металёвую вялікую іголку з працягнутым праз дзірку лыкам.
– Не, я з Беластока, але мой тата родам з Шарнёў. Наша пані ад беларускай мовы, Аліна Ваўранюк, таксама род вядзе з Шарнёў. А ў мяне ёсць беларускія кнігі для дзяцей, між іншым пра мышку Пік-Пік.
– Вядзі ігоку роўненька, каб не парвалася тая хлюбка, – раіць майстрыха і паэтэса спадарыня Зоя. – І цяпер пхай пад тое вочка, а сюдою выцягвай. А цяпер пад сіэтае вочка… А сіэтэ ўкрунуты…
За ганчарным колам сядзіць майстра Міраслаў Пяхоўскі з вёскі славутай чорным чарнавескім хлебам, кавальствам і чорным ганчарствам – з Чорнай Всі Касцельнай (тры кіламетры ад Чорнай-Беластоцкай) – са Шляху мастацкага народнага рукадзелля.
– Гэтую чару ты зрабіў хутка? – пытаюся ў хлопца, які сушыць на сонцы свой выраб.
– Хутка! – адказвае гайнавянін Дам’ян Сахарчук. – Ужо трэці раз бяруся за ганчарскую справу. Выпальваць тут не будзем. Высушу на сонцы, забяру выраб дахаты…
– А хто тут тчэ? Пані Ірэна Ігнацюк са Старога Ляўкова.

IMG_7401
Фота Міраславы Кастанчук
IMG_7417
Фота Міраславы Кастанчук

– І кожны тчэ хто хоча, – смяецца вядомая ткачыха, здунка і ўладальніца агратурыстычнай гаспадаркі, маці вядомых не толькі ў Ляўковае валейбалістаў. Яна за кроснамі – яны тутэйшыя, музейныя, а на імпрэзу ў Саколі ў сераду спадарыня Ірэна складзе і завязе свае, хатнія. – І агатурызм ідзе ў мяне добра, людзей шмат цікавіцца нашай ваколіцай. Сёння таксам дыван харошы добра я прадала.
За станком спадарыні Ірэны зусім спраўна тчэ калыровы ходнік-дыванок Паўліна Скепка, свежаспечаны дырыжор хароў пасля кіеўскай школы. Дапытваемся – з каторых Скепкаў яна: нараўчанскіх, ляўкоўскіх, альхоўскіх?.. А не, курашаўскіх, чыжоўскіх. Спраўна бегае чаўнычок з каляровай шматкай. А дзе Паўліна спявае? – бо ў такім прыгожым народным адзенні. – Дзе хочацца, там і спяваю, – смяецца.
– А мой унучак, Каміль, таксама дырыгентуру штудзіруе, – хваліцца пажылая глядачка. – Усе тут так любяць спяваць, музыку любяць…
З-за стэнду з кроснамі пах смажаных дранікаў, з палаткі пад зялёным дашком, вабіць вялікую чаргу аматараў бульбяных страў. Бабка ўжо знікла. Спраўна пякуць дранікі настаўніца беларускай мовы Анна Франкоўская і Магда Кос – «самыя лепшы кухаркі на Беласточчыне». Быў момант, калі прылавак пуставаў – яшчэ дзерлі новую бульбу (сёння машынай, дома – рукамі) і рыхтавалі склад да аладкаў – да бульбы – цыбулю, часнок, соль, перац, універсальны алей… – Расходавалі мы 60 кілаграмаў бульбы, але ўсё яшчэ стаіць чарга ахвотных пакаштаваць дранікі, – кажа зарумянелая ад патэльні Аня.
Дзеткі ад згуртавання АБ БА праспявалі песні між іншым рыхатвваныя да дыску «Кацячыя гісторыі». – Я яшчэ з імі не спяваю, бо я яшчэ канчаю толькі першы клас, – уздыхае Ніка Паўлоўская. – Такі харошы «аркестр» у нашай школе, у ПШ н-р 4 у Беластоку! А гэта тэатральны гурток «Гульня ў тэатр»! Кожны хоча ў ім выступаць!
Працаўнікі і сімпатыкамі музея прадавалі беларускія кніжкі, дыскі і сувеніры. Уладзімір Ціханюк частаваў вяндлінамі сваёй вытворчасці. Агнешцы Ціханюк найбольш падабаўся стэнд з выбарамі і заняткамі, якія папанавала аб’яднанне «Яны, гэта мы» з Гайнаўкі, дзе між іншым дзеці пад наглядам дарослых асоб размалёўваюць сумкі…

IMG_7409
І старыя, і малыя любяць родную песню, Фота Міраславы Кастанчук

У свойскай атмасферы, пры выдатным надвор’і, жыхары Гайнаўкі, іх сваякі і турысты гулялі да позняга вечара. Рышулі ў танец асбаліва старэйшыя, калі са сцэны пачалі выступаць калектывы «Метро», «Нарва» і «Арт-Пронар». Спевы і музыка весялілі публіку ў цэнтры Гайнаўкі аж шэсць гадзін. Мерапрыемства «Культура на музейных сходах» – зусім не «музейнае», а жывое-беларускае, Eжо ўрасло ў традыцыю цішэючага, даўней прамысловага горада на ўскраіне Белавежскай пушчы.

10 Comments

Comments are closed.