Барды ў лістападзе

bardy_budzma_0026
Уручэнне ўзнагародаў. На жаль, выканаўцы складалі і значную частку публікі (Фота – budzma.org)

Упершыню толькі ў лістападзе прайшоў ХХІІ Фестываль беларускай аўтарскай ды бардаўскай песні „Бардаўская Восень”. Хаця на пачатку месяца, несумненна, далося адчуць від лістападаўскай дэпрэсіі – так мастацкай, як і псіхічнай. Са сцэны ўспомнілі адышоўшых беларусаў, а будынак бельскага ДК уражваў пустэчай. У рэшце рэшт, гэта быў адзін з самых паспяховых фестываляў у ягонай больш за дваццацігадовай гісторыі.

Шчыты – Звяз у карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры, арганізацыя якая раней называлася Звязам беларускай моладзі, падрыхтавала і правяла мерапрыемства на прафесійным узроўні. У верасні ў Менску паспрабавалі сваіх сілаў тыя, каго раней абралі пасля адслухоўвання музычных заявак. Лепшыя кваліфікаваліся, каб паказаць свой талент на Падляшшы.

На працягу многіх гадоў на конкурснай сцэне Бардаўскай восені, як правіла, выступаюць маладыя, да таго часта эксперыментуючы. Гэта несумненна сведчыць аб развіцці аўтраскай песні на беларускай мове. Іх кароткі побыт на Беласточчыне мае стварыць – як кажа Дзіма Вайцюшкевіч – патрэбны клімат музычнай сям’і. Адмысловай, таму што беларускамоўнай. З амаль сарака выступоўцаў журы ў складзе Кася Камоцкая, Алег Хаменка, Міхал Анемпадыстаў, Сяргей Будкін і вышэйзгаданы Вайцюшкевіч абралі лепшых каб паказаць іх беластоцкай публіцы.

Без узнагароды дахаты вярнуліся прадстаўнікі падляшскай сцэны – дуэт Хахлакі. Іх выступ як першых у конкурсе пакінуў жах на тварах многіх прысутных. Мне спадабалася мужнасць хлопцаў і эмацыянальнае перажыванне за беларускі лёс у час дэградацыі беларускага грамадства на Беласточчыне. Шкадаваў, што нікому – хаця бы мне – не далі сваіх тэкстаў да праверкі, каб выправіць паланізмы ды русізмы (калі гэта не было наўмысным).

Гран-пры сёлетняга фестывалю атрымаў дуэт Хмарка на траве. Прэмія Радыё Рацыя пайшла ў рукі Наталлі Нікіцінай, узнагарода ад таварыства Бельскай кааліцыі дуэту Yulany, а бельскі стараста сваю прэмію ўручыў Стасу Сілцы.

Не хаваў я свайго здзіўлення ацэнкай журы ў складзе Анемпадыстаў, Вайцюшкевіч таксама дырэктар бельскага белліцэя Андрэй Сцэпанюк. Як неафіцыйна даведаўся, усе яны былі вельмі паслядоўнымі ў гэтым годзе. Здзіўленне прызнаў таксама ў гутарцы са мной Алесь Зайцаў, лідар Босага сонца, які займаўся правядзеннем адборачнага канцэрту і шмат клапаціўся за канкурсантаў на месцы. На яго думку, крытэрый мінскага канцэрта быў ускладзены як адказнасць за выбар прафесіяналаў, адным словам, лепшых. Падчас музычных спаборніцтваў у Бельскім доме культуры журы паставіла за прынцып для ацэнкі само выкананне і агульнае ўражанне – незалежна ад тэхнічнай падрыхтоўкі. У размове высветлілася, што мы абое ставілі на гурт Тэлепорт, вельмі цікавы праект, які, магчыма, нават не патрабаваў прызнання ў час сёлетняй Бардаўскай.

Абодва дуэты пераможцаў прадставілі сябе правільна – у кантэксце двух дзесяцігоддзяў фестывалю – нават вышэй сярэдняга. Канчаткова яны не ўзбудзілі нейкага пад’ёму, а іх музыка характарызавалася мінімалізмам песень складзеных на чатыры акорды, запраўленых тонкім жаночым голасам. Стас Сілка з Новаполацка сёлета выпусціў свой дыск „Песні для глуханемых”. Станоўча ўразіў амерыканскі лад свабоды ў сонграйтэрскай песні. Можа хлопец стаць нашым Бобам Дыланам. Не даспадобы мне быў выступ Наталлі Нікіцінай з ненастроенай гітарай, хаця раней мне гэта не турбавала. Хоць сам конкурс стаяў на высокім узроўні, так выбар пераможцаў мяне расчараваў. Значна цікавей было потым.

Аўдыторыю фестывалю можна падзяліць на два лагеры – тых, хто вешае нос наракаючы, што кожны год выступаюць тыя ж самыя, і тых, якія кожны год чакаюць сустрэчы з тымі ж самымі музыкамі, якія прывозяць з сабой новыя альбомы. Абедзве групы маюць рацыю толькі збольшага. Фестываль адкрывае новыя прасторы для акустычнай музыкі і яны ўплываюць першым чынам на развіццё Бардаўскай. Адным з такіх выканаўцаў, без сумневу, з’яўляецца дуэт Наві. Простыя аранжацыі ў стылі поп пра каханне аналагічныя да тых якія паўстаюць кругом у свеце на англійскай мове. Беларускія музыкі паказваюць, што можна ствараць якасную музыку на высокім узроўні для падлеткаў і спяваць на роднай мове.

Такім чынам як Наві другі раз запар выступіў мінулагодні лаўрэат Сяргей Башлыкевіч. Сапраўдная бомба! Барадаты чувак з патэнцыялам вялікага барда з нязвыклым пачуццём гумару, пагружаны ў класікаў беларускай мовы, прытым вельмі свежы ў музычным сэнсе. Ён дагэтуль для мяне – адно з найбольшых адкрыццяў фестывалю. Чалавек які бярэ гітару і пачынае свой перформенс без розніцы – на сцэне ці на вуліцы. Пакідае ўражанне, што належыць да мінулай эпохі бардаў пісаных вялікім Б. У фае я пачуў жарт са спасылкай на прозвішча артыста як спалучэнне лепшага з Вайцюшкевіча ды Шалкевіча.

12247944_1028889763808816_1488634179459666880_o
Ilo&Friends – лепшы музычны брэнд беларусаў Падляшша (Фота Давіда Гайкі)

Бардаўская восень гэта таксама адносна новыя асобы, якія сёння складаюць воблічча фестывалю. Не магу сабе ўявіць бардаў без Яўгена Барышнікава, з якім знаёміўся ў студзіводскім музеі іграючы на дудах. Мне падабаецца інэлектуальны падыход аўтара, які выдатна ўмее перадаць як інструмент, так і вакал. Гітаровыя імправізацыі Яўгена гучаць як з часоў ВКЛ, яны проста эпічныя як тэмы якія кранае – спалучаючы асобы адышоўшых сяброў, герояў ды казачную міфалогію. Барышнікаў робіць аўтарскую песню ў Беларусі больш якаснай.

На бельскай сцэне прэзентаваўся таксама леташні пераможца – Аляксандр Ясінскі з ягоным трыо. Шоў аказаўся моцна эксперыментальным. Я абмяжуюся да выказвання, што гэта прафесійныя музыкі якія добра гуляюць. Канцэрт Ilo&Friends суправаджалі пажаданні бубначу гурта, Андрэю Грэсю, якому ў дзень канцэрта нарадзілася дачка. Ілона з сябрамі гэта дагэтуль лепшы музычны брэнд беларусаў Падляшша, а таксама добры экспартны прадукт.

На канец зоркі і нешта новае. Упершыню на сцэне Бардаўскай восені ў акустычным варыянце выступіў вядомы прыхільнікам Басовішча гурт БН з Бярозы. Хлопцы зайралі правільна, можа без феерверкаў, але шчыра, ад сэрца. Пашана ім за тое што робяць! Зміцер Вайцюшкевіч на гэты раз сабраў сціплы аркестр, каб прадставіць свае ўласныя інтэрпрэтацыі твораў вядомага чэшскага барда Яраміра Нагавіцы. Не было сюрпрызаў, традыцыйна як і кожны год, новы альбом ад „самага творчага беларускага музыкі”, як Дзіма сам пра сябе жартоўна кажа.

Босае Сонца нагадвае мне ў асноўным апошнія гады фестывалю, таму што няма магчымасцяў хлопцаў паслухаць у іншых месцах. Шкада, таму што ў іх высокі творчы патэнцыял. У гэтым годзе яны прапанавалі падляшскай публіцы новы альбом Unplugged2, даволі разнастайны, які пацвярджае стабільнае месца каманды на беларускай музычнай сцэне. Алесь Зайцаў са сваімі музыкамі шукаюць інспірацыяў і гэта цешыць. Адна з новых песняў з’яўляецца коверам песні культавай групы з Ісландіі Сігур Рос. Іх музычныя прапановы гучаць вельмі гарманічна з беларускім словам і яны бескампрамісна з поспехам будуюць сучасную культуру ў Беларусі.

Завяршаючы ацэнку сёлетняга фестывалю, выкажу крыху горкасці, якую адчуваў на працягу ўсіх канцэртаў Бардаўскай Восені, з якой ад 15 год я эмацыянальна звязаны. З нейкай трывогай прынаў да ведама нізкую яўку на кацэрце ў пятніцу. „Прыйдуць у суботу на зорак” – я падумаў. Не прыйшлі. У зале Бельскага дома культуры палічыў каля 40 чалавек. Дзе ж наша бельская інтэлігэнцыя? Яшчэ пару год назад, калі нехта спазняўся, з-за натоўпу не мог увайсці нават у дзверы канцэрт-залы.

Сёлетняя аўдыторыя ў асноўным склалася з выканаўцаў, якія прыйшлі паслухаць перад або пасля сваіх выступаў. Усё як на нашых беларускіх мерапрыемствах, арганізаваных для дзяцей і моладзі, у час якіх усе чакаюць сваёй чаргі выступу са сваімі бацькамі седзячы ў канцэрт-зале. Нешта не так. Я памятаю барды часоў, калі вучыўся ў белліцэі, на фестываль ішлі знаёмыя, якіх цяжка было лічыць дзейнымі беларусамі. Глядзелі з цікаўнасцю і таму, што мала што адбывалася ў горадзе. Гэтай моладзі зараз няма, яна непрысутная. Не прыязджае аўтобус з Гайнаўкі як тады. Ліцэісты з беларускага клуба дапамагаюць арганізатарам як валанцёры, але ж гэта малая жменька. Шукаў прычын такой рэчаіснасці і дайшоў да вываду, што можа справа ў трансляцыі? Ужо некалькі гадоў ідзе вяшчане ўжывую на хвалях Радыё Рацыя, кожны можа слухаць не выходзячы з хаты. Праўда – такая ў нас прычына?

Магчыма, некаторым проста не захацелася прыйсці, калі бардаўская песня прыйшла да іх у хату? Канцэрты, якія суправаджалі фестываль у Беластоку, Орлі, Нарве ці Шчытах-Дзенцялове, тэарэтычна таксама адводзяць ад наведвання бельскай сцэны. Але апрача Беластока канцэрты па вялікім рахунку не цешацца такой папулярнасцю. Я гэта выдатна разумею, мясцовасці невялікія, якія, на вялікі жаль, выміраюць. У малой зале будынку Падляшскай оперы і Філармоніі ў Беластоку я налічыў каля 130 чалавек. Сустрэў шмат знаёмых жыхароў горада, якіх не было ў Бельску. Канцэрт у многім быў вельмі паспяховым, ён класна ўпісваецца ў беластоцкі каляндар падзей.

Балюча мне, калі назіраю за бягучай роляй Бельска для фестывалю, які быў там заснаваны і дагэтуль асацыюецца з горадам. Фіналісты з усёй Беларусі сустракаюцца восеньскімі вечарамі ў будынку, які здаўна трэба рамантаваць. Апладысменты зыходзяць з пустых крэслаў. З цяжкім сэрцам прапанаваў я арганізатарам фестывалю, які ладзіцца пры падтрымцы польскага міністра адміністрацыі і лічбавізацыі, пакласці большы націск на беластоцкую аўдыторыю ў наступным годзе. Бардаўская восень на мой погляд усё ж з’яўляецца самым прэстыжным бельскім фэстам, які стаіць на высокім мастацкім узроўні. Нельга яго страціць.

Тамаш Суліма

15 Comments

Comments are closed.