Гішпанка закаханая ў беларушчыне

zdymakangela
Ангела Эспіноса Руіз

Калі я прыехала на Кафедру Беларусістыкі Варшаўскага Універсітэта на канферэнцыю пра Беларусь у навуковым дыскурсе, кінулася мне ў вочы чарнявая дзяўчына ў арыгінальнай вышыванай блюзцы. Да таго вельмі ветлівая запрапанавала аднесьці маё паліто ў сакратарыят. Як вечарам аказалася – гэтая дзяўчынка Ангела Эспіноса Руіз, студэнтка беларусістыкі, родам з Гішпаніі. Да таго піша вершы па- беларуску і ў Менску выйшаў нядаўна зборнік яе паэзіі «Раяль ля мора». На канферэнцыі было шмат цікавых дакладчыкаў з няменш цікавымі дакладамі, але на мне найбольшае ўражаньне зрабіла беларускамоўная Гішпанка, якая згадзілася крыху расказаць пра сваё захапленьне беларускай мовай.

 

Лена Глагоўская: Адкуль вы родам?

Ангела Эспіноса Руіз: Я нарадзілася 6 лютага 1993 г. у Малазе (Гішпанія). Гэта даволі вялікі горад на поўдні Гішпаніі, на беразе мора. Скончыла бакалаўр па славянскай філологіі ў Гранадзе, потым пераехала ў Варшаву, паступіла на магістратуру і вывучаю беларусістыку.

Як захапіліся беларускай мовай?

– Цытую трохі сябе, бо нядаўна напісала вялікі тэкст пра гэта. Прабачце, што на тарашкевіцы: Пачну з таго, што ў мяне з падлеткавых гадоў ёсьць вельмі добрыя беларускія сябры, дзякуючы каму я даведалася, што існуе такая краіна. (Не, трохі перабольшваю. На занятках геаграфіі нам казалі, што „вось тут Беларусь, а сталіца – Мінск”. Цяпер я кажу „Менск”, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя). Нягледзячы на гэта, мовай я пачала цікавіцца даволі позна, калі пасьля выбараў 2010-га году я напісала невялічкі артыкул (http://belarusinfocus.info/upload/uploads1346834174.pdf), якім перамагла ў конкурсе „Беларусь у фокусе”. Мяне запрасілі сюды, у Варшаву, на ўзнагароджаньне, і тады я ўпершыню пазнаёмілася зь беларускамоўнымі беларусамі (канкрэтна з журналістамі, якія таксама наведалі гэтае мерапрыемства). Маё спатканьне зь беларушчынаю было каханьнем зь першага погляду. Якая мэлядычнасьць! Якая прыгажосьць! Якія носьбіты прыемныя! Я адразу вырашыла вывучыць гэтую мову (хаця пачала трошкі пазьней), і ўжо падсьвядома ведала, што я хачу прысьвяціць сваё жыцьцё менавіта гэтай справе. Далей я пачала зьбіраць матэрыялы. У Гішпаніі іх вельмі мала (а дакладней ніякіх няма), таму надта доўга гэтым займалася. Амаль усё было па-руску, і таму была вымушаная вельмі добра вывучыць і яе, каб была магчымасьць вывучыць чарговую мову на ейнай аснове, разумееце? Шкада, напэўна, што шмат пазабывала, а цяпер зь мяне, калі па-руску, дык толькі трасянка, і зь цяжкасьцю. У выніку, пачала вывучаць беларускую мову толькі напрыканцы 2013 году – тры гады таму.

Як выглядаў гэты працэс?

– Мне вельмі й вельмі цяжка было вучыцца, калі пачынала. Не было з кім размаўляць – гадзінамі гаварыла зь люстэркам, каб пакрысе выпраўляць сваё жудаснае вымаўленьне (дзе ж я магла чуць жывую мову?). Днямі чытала творы клясыкаў літаратуры, у пачатку не разумеючы амаль нічога. Магла забывацца есьці, малавата спаць, не схадзіць у душ (фу!) некалькі дзён запар, калі перад носам была кніга Багдановіча, Купалы, Коласа, Караткевіча. Пачала сьпяваць па-беларуску, вы бачылі відэа, і пісаць-пісаць-пісаць… Так усё пачалося. Мяне заўважылі, я пачала друкавацца і працягвала пісаць вершы (і трохі прозы, і нават тэатральная п’еса ёсьць) на беларускай мове. Некаторыя людзі нават чытаюць гэтыя мае творы зь інтарэсам. Была прэзентацыя маёй кнігі („Раяль ля мора”) у Менску.

Адкуль у Вас такі выбар – вучыцца на беларусістыцы ў Варшаве?

– Калі пачала нармальна валодаць беларускай мовай, я амаль адразу вырашыла пайсці на беларускую філологію, калі скончу бакалаўр, і ў мяне было некалькі варыянтаў. Я грамадзянка Еўразвязу, і таму мне было нашмат прасьцей (і танней!) вучыцца ў Польшчы, чым у Беларусі. У Варшаве добрыя спецыялісты, і мне вельмі падабаецца жыцьцё тут.

Што Вас больш за ўсё цікавіць на беларусістыцы?

– У мяне літаратуразнаўчая спецыяльнасьць; я сама з малога пішу (пераважна паэзію, хаця ёсць таксама некалькі апавяданьняў і нават тэатральная п’еса па-беларуску), і таму адчуваю сябе больш свабодна ў гэтай галіне, але лінгвістычныя і чыста моўныя пытаньні таксама мяне цікавяць. Я дужа радая. што выбрала гэты шлях. Магістарскую працу буду пісаць у прафесара Хаўстовіча, пра творчасьць Міхася Стральцова (дакладную тэму яшчэ не вырашыла, бо я толькі на першым курсе магістратуры).
Якія ў вас хобі і зацікаўленьні?

– Мовы і літаратура – зразумела. Люблю вывучаць новыя мовы, чытаць творы ў арыгінале, перакладаць літаратуру, пісаць… Апроч за гэта вельмі люблю вандраваць, шпацыраваць (і пісаць на дварэ ці ў транспарце), глядзець фільмы і серыялы (у тым ліку анімэ, дарэчы), кампутарныя ігры. Яшчэ мушу сказаць, што музыка – істотная частка майго жыцьця. Я скончыла прафесійную музычную адукацыю яшчэ ў Малазе, іграю на піяніна, сьпяваю.

Набліжаюцца Каляды і Новы Год. Як у Вас іх сьвяткуюць?

– Каляды і Новы Год? У мяне ў Гішпаніі вельмі прыязная сям’я. Звычайна збіраемся ўсе, бабуля гатовіць вельмі смачныя сьвяточныя стравы (але неабавязкова 12, як у вас). Распавядаем розныя гісторыі, жарты, сьпяваем (родзічы па мячы сьпяваюць цудоўна амаль усе; па кудзелі – горш, мякка кажучы), гэта вельмі весела. Новы Год у нас – менш сямейнае сьвята – маладыя ходзяць на дыскатэкі з сябрамі пасьля вячэры, звычайна, хаця мы з родным братам (яму 17) і стрыечнымі братамі і сёстрамі любім гуляць у лато з бабуляй да 4-ай ці 5-ай гадзіны. Сапраўднымі грашыма, вядома ж. Бабулька найлепшая! Пра сям’ю ўжо нешта ёсць у іншых адказах, але дадам крыху: у Малазе я жыву з бацькамі, бабуляй (мама маёй маці) і малодшым братам. Мая маці – настаўніца матэматыкі ў школе (5-6 клас, хаця раней працавала з дзецьмі зь дзіцячага садка). Мой бацька працуе ў буйнай страхавой кампаніі. Мая бабуля – сьвятая. Больш, чым другая маці. А мой брат – вельмі разумны хлапец; сканчвае якраз школу, будзе паступаць на фізыку-матэматыку. Бабуля заўсёды верыла ў мяне, і як быццам бы ведала, што ў мяне будзе ўсё выдатна, калі буду займацца ўлюбёнай справай. Бацькі ў пачатку не разумелі, што гэта за філялёгія, але цяпер падтрымліваюць мяне без пытаньняў і вельмі ганарацца. Брат, калі пафасна гаворыць, кажа, што я прыклад для яго. А калі не, дык зьдзекуецца трошкі, але па-добраму. На тое ён і малодшы брат. Нягледзячы на розьніцу ва ўзросце, у нас з братам надзвычайна блізкія і прыязныя зносіны, бо маем шмат суполных інтарэсаў (я не пра філялягічныя, а пра тыя іншыя).

Дзякую за размову і жадаю, каб захапленьне беларушчынай Вам акрыляла!

– А я прапаную свае вершы.

 

Ангела Эспіноса Руіз

Навальніца
Дзяцінства, восень, вечар, навальніца.
Я безь цябе, але я не адна;
Сакрэты раскрываюць мне жыцьця,
Фон Гётэ, гром, залева й бліскавіца.

Чытае Лотта ўслых мне твой адказ,
Няўзнакі час наіўнасьці міне,
Я ціха плачу, гнеўны вецер дзьме,
Баліць мне сэрца сёньня першы раз,

І юны Вертэр мне распавядае,
Што восень міласэрная даволі;
Нашмат цяжэй вясною паміраць.

Яго, я бачу, Лотта не кахае,
Як не кахацьмеш ты мяне ніколі.
Зіма настане – мушу я трываць.

Дзьверы зачыняюцца
Паветра цяжэйшае на пустым месцы,
Дзе колісь ляжалі ружы
У памяць аб тых, хто сыйшоў
На пустым месцы.
Кветкі ніколі не павінны ляжаць
Пад зямлёю,
Без сьвятла, бяз будучыні,
Паміраючы заўчасна,
Нашмат раней, чым настане
Апошні ўздых.
Асьцярожна! Дзьверы зачынаюцца назаўжды.
Тыя, хто застаўся…
Тых разам з сухімі пялёсткамі падхопіць вецер,
Якога няма пад зямлёю,
Бо паветра цяжкім зрабілася.

***
Дождж, дождж першабытны
Ад самога пачатку часу, прасторы,
Мысьленьня.
Ламаецца ноч, як забытая лялька,
І дождж ідзе.
Абяцаю табе небыцьцё
Назаўжды. На пяць хвілінаў,
На дзьве гадзіны, на дваццатае стагодзьдзе.
Мімалётная вечнасьць. Дождж.
Не абяцай мне сонца,
Якога тут няма,
І сьвятла.
Раніца. Канец часу, прасторы,
Каханьня.
Яшчэ адну хвіліну…
Дождж, дождж апошні.
Быцьцё.

Чарната
Мяне ніхто не навучыў, што робіцца,
Калі гнеўныя хмары плямяць неба,
І не відаць ні зоркі, ні планеты,
А на дварэ прахладна й самотна;
Калі дрымота захапляе галаву,
Імгла напаўняе сэрца,
І адказы зьмешваюцца з пытаньнямі;
Калі губляецца ціхі, кволы ранак,
І паміж намі нешта адначасова
Здараецца і не здараецца.
Засталося ўстаць з падлогі,
Сьціраць зь сябе старажытны пыл,
І прайсьці свой шлях да канца,
Хоць павольна, хоць у цемры.

Герніка
Гэта было ў Мадрыдзе, а менавіта
У цэнтры мастацтва каралевы Сафіі
(Які мясцовыя жыхары называюць „Сафіду” –
Націск на „у”).
Малы хлопчык спалохаўся, калі ўбачыў
Велізарную карціну “Герніка” Пікассо
(Дарэчы, па-гішпанску чытаецца „Пікасса” –
Націск на „а”).
Малы спытаў маладую маму:
– Мама, што за карціна?
Мама падыйшла і зачытала,
– Называецца “Герніка”, даражэнькі. Падабаецца?
Хлопчык абурыўся, і адказаў,
ледзь стрымліваючы сьлёзы,
– Не! Брыдкая карціна, цёмная! Я баюся!
Чаму яна такая?
Мама паціснула плячыма,
– Ня ведаю, Пікассо заўжды быў дзіўным, сонейка.
І яны пайшлі далей.
Насамрэч, Пікассо намаляваў гэтую карціну
Не, каб упрыгожваць буржуазную гасьцёўню,
А каб людзі не забывалі пра вайну,
Што ў яго, на шчасьце ці на жаль,
Ня выйшла.

Mourir pour des idées
Казаў мой дзядзька па мячы
(Хай яму зямля будзе пухам),
Што паміраць за ідэю можна й павольна.
Выглядае гэта так, нібы жывеш спакойна,
І нікуды не сьпяшаесься,
Як нармальная, адэкватная авечка,
А ідэя ўнутры цябе расьце,
І забівае цябе патроху,
Пяшчотна, салодка, але настойліва,
Як дасьведчаны каханак.
Так ня станеш волатам, відавочна,
Для шмат каго будзеш толькі крывадушнікам,
Але яны памруць раней за цябе,
А ідэя будзе жыць у тваёй галаве.

Лістапад
Зіма, як белы павук
Апаноўвае вокны старажытнымі ўзорамі,
Вусны крывёю ды болем,
І сэрцы абыякавым холадам.
Які люты час лістападаўскі
Для закаханых!
Жарсьць ідзе спаць, і прачынаецца
Сьвядомая, разумная муза.
Лістападзе, ты – жнівень паэтаў!

Восеньскі парк
Каханы: гібель ты мая, маё паветра
Я дыхаю табой, я дыхаю цябе
Я лісьце, што віхор твой восеньскі нясе
Каханы: гібель ты мая, маё паветра
Марозны твой уздых атрутаю заб’е
І буду крозай я, і буду шэптам ветру
Каханы: гібель ты мая, маё паветра
Я дыхаю табой, я дыхаю цябе.

Сьнежань
Прачнуўся сьнежань, сьнег і не спазніўся
Мяне віхор халодны падхапіў,
Душа ўздымаецца без успамінаў,
Я вольная – гасанна на зямлі!
Сьнег падхапіў і грэх мой першародны,
Дзіўлюся ў захапленьні, як дзіця,
Я чыстая – гасанна на вышынях!
Бо сьнег жыве, а ты – ужо вада.

Albus lepus
Паглядзеў на гадзіньнік раптоўна,
І, як вецер, уцёк ад мяне.
Ты пакінуў тады бестактоўна,
Без краіны й магічных дзьвярэй
І забылася я пра жыцьцё,
Пра ўкус горкае сьмерці-цукеркі,
А жаданае пекла тваё
Ужо зь іншага боку люстэрка.
Як прайсьці вечны нам калідор?
Як дайсьці да твайго мне вар’яцтва,
Калі мне замінае дакор,
А табе замінае грамадства?

***
Далёкае места плавае
У моры цёмнага піва.
Нам – ноч,
Птушкам – ніву.
Далёкае места плавае
У моры замежных моў.
Нам – каханьне,
Птушкам – кроў.
Далёкае места плавае
У моры разьбітага шкла.
Птушкам – неба,
Нам – віна.

16 Comments

Comments are closed.