Пасля нас хоць патоп?

Радкі з лістоў, адгалоскі

На паўночна-ўсходнім ускрайку Польшчы дажывае свой век беларускі народ. Дажывае, бо ўсе сучасныя перапісы насельніцтва паказваюць, што беларусы – адна з найстарэйшых нацыянальных меншасцяў. Адыходзіць старое пакаленне, для якога нацыянальная тоеснасць была звязаная і з традыцыямі, і з веравызнаннем, і з месцам жыхарства. Адыходзіць пакаленне беларусаў, якое магло яшчэ заспець беларускія школы, але гэтае ж пакаленне было адным з першых, хто пачаў дзеля выгодаў адмаўляцца ад тоеснасці, размывацца ў „шырокім польскім моры”.

І зусім бы ўмёрлі, каб не „выбух” на агульнай хвалі пратэсту супраць камуны ў 80-я гады. Маладая гарачая беларуская кроў адчула прагненне сваіх суграмадзянаў жыць па-новаму ў больш справядлівай краіне. Пачалі паўставаць моладзевыя арганізацыі, з’явіліся лідэры і новыя інтэлектуальныя асяродкі. І некаторыя нават паверылі: „дамо рады, ня згінем”.

Але статыстыка няўмольная – нас менее нягледзячы на ліберальныя законы ў адносінах да меншасцяў і стварэння шматлікіх фінансавых магчымасцяў. У чым справа? Гэтае пытанне ня першы год мучае многіх. І адназначнага адказу на яго ня можа даць ніхто. Дык можа час гаварыць, думаць, радзіцца, нешта рабіць?

Ці задумоўваемся мы над тым, як на нас глядзяць звонку? Хто такі беларус у Польшчы ў вачах іншых? Ці нас увогуле нехта заўважае?

Здаецца, нас проста няма. Большасць грамадзянаў Польшчы пачуўшы, што яго суразмоўца „Białorusin” нязменна запытае, а „Jak dawno żyjesz w Polsce?”. Бо нас няма нідзе: ні ў палітычнай, ні ў грамадскай, ні, нават, у культурнай прасторы. Ведаю, што большасць тут абурыцца: ну як, у нас жа „больш за 50 выступовых адзінак”, дзясяткі фэстаў і фестываляў, кнігі, газеты, перадачы на публічным радыё і тэлевізіі, і, нават, амаль сваё Радыё Рацыя. А ўсё гэта – пшык. Беларускія эліты ствараюць бурную дзейнасць, любяць завальваць нас статыстычнымі дадзенымі накладаў, гледачоў, слухачоў, наведнікаў і ўдзельнікаў нашага „беларускага дзейства”. Але якая мэта такога „дзейства”? Кожны, хто нешта робіць на беларускай ніве адкажа, што робіць усё „для падтрымання нацыянальнай тоеснасці беларусаў у Польшчы”. Ці пасля дзясяткаў фэстаў і соцень кніг больш людзей запішуцца беларусамі? Яны і без таго ўжо перакананыя, бо спажываюць гэты „прадукт”. Мы варымся ў сваёй „беларускасці”, якая штораз больш нагадвае балота і „цэпэлію”. І гэта датычыць усяго, што робяць беларускія арганізацыі, суполкі ды паасобныя дзеячы. Ці думае хто з нашай беларускай эліты, што будзе з меншасцю праз 10, 20, 50 гадоў? „Пэўна, асімілюемся, бо ўсяму віною глабалізацыя” – адкажуць адны. „Бо няма беларускай Беларусі”  – адкажуць іншыя. А была Беларусь беларускай калі-небудзь за мінулыя 200 гадоў? Як тую ж глабалізацыю перажываюць іншыя меншыя народы Еўропы? Мы самі шукаем апраўдання для заняпаду беларускай меншасці ў Польшчы звонку, але шукайма яго перадусім у нас. Можа час падумаць, ці мы ўсё робім добра? Каб мы добра рабілі, дык можа не спыняўся б набор на беларускую філалогію, не знікалі ў нябыт тысячы вучняў, якія вывучалі беларускую мову. Беларускасць для многіх маладых людзей на Беласточчыне – гэта бабулі і дзядулі ў касмічных вышыванка родам з „завода мастацкіх вырабаў №5 імя таварыша Варашылава” з-за ўсходняй мяжы, гэта нудныя літаратурныя творы „пра гаротны лёс беларускага селяніна”, а побач прывабны сучасны свет, у якім беларускасці няма, бо беларускасць наша родам з 20 стагоддзя.

Я чакаю „свежай плыні” ў беларускім руху ў Польшчы, якая скаламуціць „беларускае балота”. Вялікія ўскладаю спадзяванні на моладзь, бо яна будзе ствараць будучыню меншасці. Давайце шукаць адзін аднаго і думаць пра будучыню, якая для беларусаў яшчэ можа быць спрыяльнай.

Ян Пятроўскі 

3 Comments

Comments are closed.