Мікалай Несцярэўскі – вядомы беларускі мастак, кераміст, жывапісец, скульптар, сябра Беларускага саюза мастакоў. Нарадзіўся ён 31 сакавіка 1931 года ў вёсцы Бацюты на Беласточчыне. Любоў да сваёй малой радзімы Мікалай Несцярэўскі пранёс праз усё жыццё і прысвяціў сваёй роднай вёсцы паэму „Бацюты”, якая была апублікавана ў „Czasopise” у 2015 годзе.
Мастак нарадзіўся ў сям’і беларускіх сялян праваслаўнага веравызнання. Бацька – Лаўрэн Маркавіч Несцярэўскі – быў хлебаробам, маці – Настасся Лявонцьеўна – хатняй гаспадыняй. У сям’і было трое дзяцей: Мікалай, Вольга і Галіна. На момант нараджэння малога Міколкі, сям’я жыла заможна: Несцярэўскія мелі 25 гектараў зямлі (18 – ворнай, астатнія – паплавы і сенакосы), былі коні, каровы, свінні, куры, гусі.
У 1938 годзе памёр яго бацька. Усе клопаты па хатняй гаспадарцы ляглі на плечы сямігадовага Міколкі і маці. Хлопчык рана навучыўся касіць траву, араць зямлю, сеяць жыта, збіраць ураджай. У верасні 1939 года, калі пачалася Другая сусветная вайна, немцы акупавалі Польшчу, потым на Беласточчыну прыйшлі войскі Чырвонай Арміі, а ў чэрвені 1941 года – зноў нямецка-фашысцкія акупанты. Пасля заканчэння вайны сям’ю Несцярэўскіх, як і тысячы беларусаў па нацыянальнасці, прымусова вывезлі ў Беларусь у мястэчка Дзятлава на арадзеншчыну.
У 1947 годзе Мікалай Несцярэўскі пачаў працаваць вучнем, потым цесляром у арцелі „Чырвоны Кастрычнік” і адначасова вучыўся ў Дзятлаўскай вячэрняй школе рабочай моладзі. У 1953 – 1955 гадах працаваў майстрам сталярнага цэха Дзятлаўскага раённага прамкамбіната. У гэты час юнак актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці – іграў у духавым аркестры, спяваў у хоры, танцаваў, рабіў першыя крокі ў выяўленчым мастацтве. З 1955 года ён – інструктар Дзятлаўскага раённага дома культуры.
У 1959 – 1962 гадах Несцярэўскі працаваў мастаком-афарміцелем у Дзятлаўскім раённым прамкамбінаце, потым настаўнікам працы, малявання і чарчэння ў Дзятлаўскай сярэдняй школе. І вядома ж, вучыўся, атрымаў вышэйшую адукацыю.
Цяпер Мікалай Несцярэўскі жыве ў Мінску. Але з вялікай радасцю наведвае родныя Бацюты і Дзятлава. Нядаўна Мікалай Лаўрэнцьевіч прыслаў мне свае ўспаміны пра Бацюты і Дзятлава. Успаміны ён назваў „З Бацютаў у Дзятлава”. Вядома ж, гэты твор не пратэндуе на нейкі літаратурны шэдэўр. Ды й з паэтычнага боку ён кволы, бо парушаецца і рытм яго, і рыфма ў асноўным дзеяслоўная, і шмат іншых паэтычных недарэчнасцяў. Але твор цікавы тым, што ён напісаны ад шчырага сэрца, ён адлюстроўвае тое, што перажыў чалавек, што бачыў, чым займаўся ў няпросты пасляваенны час, адлюстроўвае савецкую эпоху. „З Бацютаў у Дзятлава” – гэта маленькая споведзь вялікага мастака, шчырага беларуса, лёс якога быў няпростым, але цікавым. У гэтым упэўняцца і чытачы, калі прачытаюць успаміны Мікалая Несцярэўскага.
Сяргей Чыгрын
З Бацютаў у Дзятлава
Успаміны
1.
Ёсць вёска Бацюты на Беласточчыне,
Недалёка за вёскай рэчка Нарва цякла і цячэ.
Там мае родныя людзі жывуць, праваслаўнымі лічаць сябе.
У Бацютах я нарадзіўся, Мікалаем ахрысцілі мяне ў Тапільскай царкве.
Не па сваёй добрай волі ў Дзятлаве жыць апынуўся я,
З Польшчы ў Беларусь пасля вайны беларускі народ перасяліўся.
А польскі народ, хто хацеў, назаўсёды ў Польшчу падаўся,
А я часова жыць у Дзятлаве са сваякамі застаўся.
2.
Горад Дзятлава, ты мой дарагі,
Я цябе люблю і сардэчна кахаю,
Шчырым сэрцам заўсёды з табою,
Дзе б не быў, а цябе ўспамінаю.
Тут жыў я з роднай матуляй,
Пачынаў працаваць цесляром у арцелі.
Праца цяжкай была ў той арцелі,
Ды за працу нам грошай мала плацілі.
Ды сіл мелі многа мы, гарэлкі не пілі,
Бо былі мы зусім маладымі.
Нас не грэла лямпачка Ільіча,
Больш таго, яна нам не свяціла.
„Чырвоны Кастрычнік” – так арцель называлі,
Выконваць розныя планы нас прымушалі.
Мы сацыялізм-камунізм будавалі,
Ды не збудавалі, бо мы дрэнна жылі – выжывалі.
На нас з партрэтаў глядзелі вочы,
Пільна за намі ў арцелі сачылі:
З аднаго партрэта Сталіна чорныя вочы,
А з другога – прыжмураныя вочы Леніна Ільіча.
Дошкі хваёвыя нам абмяралі і выдавалі,
Каб з тых дошак розную мэблю рабіць казалі,
Мы дошкі піламі ўздоўж пілавалі,
Далатамі дзяўблі і гэблікамі стругалі…
Патрэбны людзям былі вокны і дзверы,
Іншым – зэдлікі, а каму і шыфаньеры.
Для школы рабілі мы дошкі і парты,
А для немаўлятак – арэлі і ложкі…
Горад Дзятлава, каханы ты мой, дарагі,
Помню, ты быў зруйнаваны і занядбалы.
Гэта было адразу пасля той вайны…
Я быў малады, пятнаццаць гадоў мне было тады.
Цяжка людзям жылося пасля той вайны,
Праўду кажу – людзі бедна жылі,
Не было ў людзей грошай, не было і яды,
А было гэта ў 1946 годзе пасля вайны.
Тры разы на год людзі святы адзначалі:
7 лістапада і два ў траўні месяцы.
На старой плошчы многа народу збіралі,
Ды чырвоныя сцягі ім усім выдавалі.
Насупраць трыбуны дзятлаўчане стаялі,
А мы на медных трубах маршы ігралі.
А чыноўнікі на трыбуне вышэй за ўсіх стаялі,
І людзям з трыбуны многа ўсяго абяцалі.
А людзі шырока раты свае адкрывалі
І разам ура на ўсю плошчу крычалі.
Рукі людзі ўгару высока ўздымалі
І ўсе, як адзін, аднагалосна за ўсё галасавалі…
Многа часу прайшло з той пары,
Няма больш магутнага СССРа.
Маем больш мы свабоды, ды ўсё на паперы,
А людзі звяртаюцца больш да Божае веры…
3.
Старажытны герб горада Дзятлава
На новай-старой плошчы цяпер стаіць,
Скажы, Божа, людзям, якія жывуць і будуць жыць,
Што будаваць трэба новае, а старое ж зберагаць і любіць.
Калі да былой матулінай хаты ў Дзятлава прыязджаю,
Іду на плошчу, дзе трыбуна старая стаяла, усё ўспамінаю.
У марах і ў сне, бывае, анёлам над плошчай ўзлятаю,
Ды былых дзятлаўчан і сяброў сваіх успамінаю…
Час прайшоў, стаў я вельмі старым,
Нават цяжка ў гэтым прызнацца.
Так было і так будзе заўжды мне здаецца…
Горад Дзятлава становіцца ўсё маладым.
Я вучыўся, ніколі не быў гультаём,
Вельмі многа ў жыцці працаваў.
І людзям сваім, чым мог дапамагаў,
І не піў, не курыў і ніколі не краў…
Мне цяпер не патрэбны дыпломы і медалі,
Іх сёння можна за грошы купіць і прадаць.
За грошы заўжды ўсё куплялі і прадавалі,
За грошы можна і родну краіну прадаць…
Памятаю, як з татам у полі каля Бацютаў збіраў камяні,
Бацька казаў: „Будаваць будзем хату на роднай зямлі,
А для гэтага патрэбны нам гэтыя камяні…”.
Нечакана тата памёр, мохам-травою параслі камяні…
Сёння імкнуся штосьці збудаваць ці зляпіць,
Ды час не стрымаць, неяк хутка ён сёння ляціць.
Да зямлі мяне цісне, цяжка стала рукамі рабіць.
Быццам торба з камянямі, што з татам збіраў, за плячыма вісіць.
Бывала ў юнацтве мне сна не хапала ўначы,
А цяпер я спаць не магу, не закрываюцца вочы,
Думкі розныя лезуць у маю галаву і спаць не даюць,
І доўгімі мне ўсё здаюцца бяссонныя ночы…
Летам на дачы жыву, там працы рознай хапае,
Рыдлёўкай капаю зямлю, адпачываць часу не маю,
Бо без працы жыць не магу, бо яна жыццё прадаўжае,
І мяне ад розных аптэчных лекаў яна зберагае.
У хаце усё, што мне трэба, я маю,
Многа што ўмею, шмат чаго знаю,
Гонар і слава ёсць, і грошы часамі маю,
Вось толькі здароўе дзе браць – гэтага я не знаю.
А яшчэ хвалюе да болю і сніцца,
Што сваіх сяброў не магу ўжо я далічыцца:
Дзе іх магілы і дзе хто ляжыць…
Сэрца старое маё шчыміць і баліць…
4.
Горад Дзятлава, ты стаў мне цяпер дарагім,
Шчырым сэрцам цябе я кахаю.
І паціху табе ўсё на памяць сваё аддаю,
Аддаю усю творчасць сваю, аддаю, што маю.
І толькі адно я шкадую на свеце:
Маці сваю, дарагую матулю сваю,
Што з дарог мяне дома заўсёды чакала…
Мама-мамачка, я адзін у журбе,
Пачакай, і я з Богам прылячу да цябе…
Мікалай Несцярэўскі,
г. Мінск