Верасень– гадоў таму
740 – няўдалая аблога Наваградка ў1274 г. аб’яднанымі галіцка-валынскімі і татарскімі войскамі.
500 – 8.09.1514 г. перамога пад Оршай (на рацэ Крапіўна) 30-тысячнай беларуска-літоўскай арміі пад камандаваньнем гетмана Канстанціна Астрожскага над утрая большым маскоўскім войскам. У выніку бітвы ўсходняя Беларусь была вызвалена ад расейскіх войскаў. Дзень беларускай вайсковай славы.
485 – 29.09.1529 г. зацьверджаньне і ўвядзеньне ў дзеяньне 1-га Статуту Вялікага Княства Літоўскага – збору законаў фэўдальнага права, які зьяўляецца помнікам беларускай юрыдычнай думкі, пісьменнасьці й мовы. Друкам на беларускай мове быў перавыдадзены ў 1841 г. у Познані.
300 – 4.09.1714 г. у Дзітрыках каля Ліды нарадзіўся беларуска-лацінскі паэт Міхал Карыцкі (пам. 10.03.1781 г.), аўтар зборніка „Песьні” (Полацак, 1817 г.).
250 – 7.09.1764 г. польскім каралём і вялікім князем літоўскім выбраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
200 – 2.09.1814 г. памёр Жан Эмануэль Жылібэр, францускі натураліст, хірург і анатом. Нарадзіўся 21.06.1741 г. у Ліёне, арганізаваў і кіраваў Гродзенскай мэдыцынскай акадэміяй (1775-1781 гг.), у Гродне заснаваў таксама акушэрскую і вэтэрынарную школы, клінічны шпіталь, батанічны сад, у 1781-1783 гг. прафэсар мэдыцынскага факультэту Галоўнай школы ВКЛ у Вільні. З 1783 г. у Францыі.
155 – 4.09.1859 г. нарадзіўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла, дзеяч беларускага нацыянальнага руху, якога часта называлі патрыярхам Адраджэньня. Быў адным з заснавальнікаў выдавецкай суполкі „Заглянe сонца і ў наша аконца” ў Пецярбургу (1906-1914 гг.), духовым апекуном многіх пазьнейшых лідараў беларускага руху. Памёр у пэрыяд савецкіх рэпрэсіяў 6.06.1934 г.
130 – 14.09.1884 г. у засьценку Вераскоўшчына Наваградзкага пав. нарадзіўся кс. Фабіян Абрантовіч, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч. Актыўна выступаў перад польскімі касьцельнымі і дзяржаўнымі ўладамі за багаслужбы ў касьцёлах на беларускай мове. У 1939 г. быў арыштаваны і замучаны савецкімі ўладамі (пам. у 1946 г. у Бутырскай турме ў Маскве).
110 – 8.09.1904 г. на Наваградчыне нарадзіўся епіскап Віцебскі і Полацкі Афанасій (Антон Мартас). Закончыў Багаслоўскі факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту (1930 г.), быў манахам у Пачаеўскай лаўры. У час ІІ сусьветнай вайны ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, быў епіскапам Віцебскім і Полацкім, удзельнічаў ва Усебеларускім праваслаўным саборы ў Менску ў жніўні 1942 г., на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы. З 1944 г. у эміграцыі. Памёр 3.11.1983 г. у Буэнас-Айрэсе ў Аргентыне. Напісаў кнігі: „Матар’ялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы” (1947) і „Беларусь в исторической и церковной жизни” (1966).
110 – 24.09.1904 г. у Цяцерках на Браслаўшчыне нарадзіўся Мар’ян Пецюкевіч, этнограф і беларускі дзеяч. Вучыўся ў Віленскай і Радашковіцкай беларускіх гімназіях (да 1928 г.), вывучаў этнаграфію ва Унівэрсытэце Стэфана Баторыя ў Вільні (да 1938 г.). Працаваў у Бібліятэцы Усходняй Эўропы ў Вільні. Дзейнічаў у Беларускім студэнцкім саюзе, Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, Беларускім навуковым таварыстве. Пісаў вершы і допісы ў беларускія віленскія газэты „Сялянская Ніва”, „Беларуская Крыніца”, „Хрысьціянская Думка”. Быў першым рэдактарам часопіса „Шлях Моладзі” ў 1929-1931 гг. У 1939 г. пасьля ўваходу саветаў у Вільню вёў беларускамоўныя перадачы на Віленскім радыё, стаў дырэктарам Бібліятэкі імя Врублеўскіх у Вільні, пасьля – дырэктарам Беларускага музэю. Падчас вайны быў павятовым інспэктарам асьветы ў Ашмяне, выкладаў беларускую мову ў Мэдыцынскім інстытуце ў Новай Вілейцы. Пасьля вайны працаваў на гаспадарцы ў Немэнчынку пад Вільняй. Там у 1949 г. быў арыштаваны і зь сям’ёй сасланы ва Ужур Краснаярскага краю, дзе працаваў у калгасе. У 1952 г. быў паўторна арыштаваны і сасланы на 25 гадоў у Варкуту. У 1957 г. пасьля разгляду справы быў звольнены і прыехаў у Польшчу, дзе ўжо была яго сям’я. У 1959 г. дзякуючы прафэсарам Казіміру Машынскаму і Марыі Знамяроўскай-Прыфэровай атрымаў працу ў Этнаграфічным музэі ў Торуні. Працаваў там да 1970 г., да пераходу на пэнсію. З 1957 г. пісаў у беластоцкую „Ніву”, дзейнічаў у навуковым гуртку пры Беларускім грамадзка-культурным таварыстве, дасьледаваў этнаграфію Беласточчыны, пісаў успаміны, якія былі апублікаваны пасьля ягонай сьмерці: „У пошуках зачараваных скарбаў” (Вільня 1998), „Кара за службу народу” (Беласток 2001), „Лісты (1956-1982)” (Беласток 2005) , „Мой дзёньнік. Пра падарожжа ў Рым” (Вільня 2007). Памёр у Торуні 13.09.1983 г. Яго спадчына захоўваецца ў Этнаграфічным музэі ў Торуні, у Падляшскім музэі ў Беластоку, у аддзеле рукапісаў і рэдкай кнігі Бібліятэкі акадэміі навук Беларусі ў Менску. У 2004 г. Этнаграфічны музэй у Торуні наладзіў канфэрэнцыю, прысьвечаную ягоным 100-м угодкам, якой матэрыялы плянуецца выдаць у гэтым годзе.
105 – 16.09.1909 г. у Скварцах каля Койданава нарадзіўся Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік. У 1931 г. закончыў Беларускі пэдагагічны тэхнікум, уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне „Узвышша”. Пачаў публікаваць аповесьці і апавяданьні з 1927 г. У студзені 1933 г. арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў Ірбіце ў Сьвярдлоўскай вобласьці. Паўторна арыштаваны 2.10.1937 г. і ў гэты ж дзень расстраляны. У 1974 г. выйшаў зборнік апавяданьняў і аповесьцяў „Ні госьць ні гаспадар”.
100 – 25.09.1914 г. у Зэльве Гродзенскага пав. нарадзіўся Аўген Смаршчок, праваслаўны сьвятар, старшыня Саюзу беларусаў у Бэльгіі. Рукапаложаны ў сан сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у 1950 г., быў адным зь ініцыятараў і арганізатараў БАПЦ у Бэльгіі. Памёр 25.09.1984 г. у Грэверы каля Лювэну ў Бэльгіі.
95 – у верасьні 1919 г. была створана Вайскова-Дыпляматычная місія Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі, якую узначаліў Кастусь Езавітаў. Камісія дзейнічала да 1.02.1921 г.
95 – 18.09.1919 г. уваход польскіх войскаў з Язэпам Пілсудскім у Менск.
90 – 23.09.1924 г. у Койданаве Менскай вобласьці нарадзіўся Артур Вольскі, беларускі пісьменьнік. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы (1938-1941 гг.), у час вайны служыў на Далёкім Усходзе. У 1952 г. дэмабілізаваўся. Працаваў у рэдакцыях газэт і часопісаў „Чырвоная змена”, „Бярозка”, „Вясёлка”, рэдактарам у выдавецтве „Юнацтва”. Публікаваў з 1937 г., выдаў зборнікі паэзіі м.ін.: „Водбліскі далёкіх маякоў” (1958), „Дабрата” (1966), „Наваселле дроў” (1990), вядомы аўтар дзіцячай літаратуры, м.ін.: „Маленькім сябрам” (1955), „Жывыя літары” (1973), „Еду ў госці да слана” (1978). Памёр 5.09. 2002 г.
85 – 1.09.1939 г. загінуў Язэп Горыд, мастак. Нарадзіўся 27.07.1896 г. у Адэсе, вучыўся на Мастацкім факультэце Віленскага ўнівэрсытэту (1923-1928 гг.). Вучыўся таксама ў Парыжы, дзе меў выстаўкі (1925, 1928, 1930). Ілюстраваў сатырычны часопіс „Маланка”, афармляў кнігі М. Багдановіча „Вянок” (2-е выданьне), М. Васілька „Шум баравы”, М. Танка „Журавінавы цвет”, Р. Шырмы „Беларускія народныя песні”, падручнікі.
85 – 10.09.1929 г. у Рославе Смаленскай вобласьці нарадзіўся Яўген Глебаў, кампазытар і пэдагог, аўтар м.ін. балетаў „Мара”, „Альпійская балада”, опэры „Майстар і Маргарыта”, апэрэты „Мільянэрка”, сымфоніяў, твораў для аркестру.
85 – 12.09.1929 г. у Калюціне Ра-сонскага раёну Віцебскай вобласьці нарадзіўся Мікалай Матукоўскі, вядомы сучасны беларускі драматург. Пачаў літаратурную працу з 1952 г., аўтар зборнікаў „П’есы” (1979) і „Мудрамер” (1989).
85 – 15.09.1929 г. у Менску нарадзіўся Арлен Кашкурэвіч, мастак. Працаваў у галіне станкавай і кніжнай графікі. Памёр 26.08.2013 г.
80 – 2.09.1934 г. памёр у Вільні Мікола Ільяшэвіч – грамадзкі дзеяч, гісторык, настаўнік (нар. у 1903 г. у Пружане). Выпускнік Віленскай беларускай гімназіі ды Пражскага ўнівэрсытэту. Падчас вучобы ў Празе зьяўляўся старшынёй Беларускага культурнага таварыства імя Францішка Скарыны. Пасьля вяртаньня ў Вільню працаваў настаўнікам у Віленскай беларускай гімназіі ды Праваслаўнай духоўнай сэмінарыі. Рэдагаваў часопіс „Саха”.
80 – 12.09.1934 г. памёр Яўген Барычэўскі, беларускі літаратуразнавец і перакладчык. Нарадзіўся 17.12.1883 г. у Менску, вучыўся ў Бэрлінскім і Маскоўскім унівэрсытэтах, з 1922 г. выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, з 1928 г. – прафэсар. Беспадстаўна рэпрэсаваны.
80 – 30.09.1934 г. памёр Мітрафан Доўнар-Запольскі, гісторык, этно-граф, эканаміст. Нар. 14.06.1867 г. у Рэчыцы, закончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт (1894), заснавальнік Азэрбэйджанскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Баку, аўтар „Гісторыі Беларусі” і шматлікіх этнаграфічных, гістарычных і эканамічных працаў.
75 – 1.09.1939 г. пачатак другой сусьветнай вайны.
75 – 17.09.1939 г. савецкія войскі перайшлі савецка-польскую мяжу. 28 верасьня 1939 г. быў падпісаны савецка-нямецкі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, ў якім, між іншым, абедзьве дзяржавы дамо наконт новай дзяржаўнай мяжы. Беласточчына апынулася ў межах СССР, Віленшчына зь Вільняй (10.10.1939 г.) была перададзеная савецкім бокам летувіскай дзяржаве.
75 – 30.09.1939 г. памёр Стары Улас (Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі), беларускі паэт. Нарадзіўся 22.03.1865 г. у Валожыне. Пачаў публікаваць у 1907 г. у „Нашай Ніве”. У міжваенны пэрыяд жыў у Шашэльгішках Віленскага павету, дзе займаўся земляробствам. У 1990 г. выйшла кніга яго вершаў і публіцыстыкі „Год беларускі”.
70 – 1.09.1944 г. пачалі працаваць Беларускія гімназіі ў Бельску і Гайнаўцы, Беларуска-руская ў Беластоку і беларускія пачатковыя школы ва ўсёй усходняй Беласточчыне. З 1945 г. школы гэтыя былі ліквідаваныя ўладамі. У 1947 г. ня дзейнічала ніводная беларуская школа ды іншая культурная ўстанова.
70 – 12.09.1944 г. памёр у зьняволеньні Алесь Гародня (Аляксандр Функ), беларускі пісьменьнік. Нарадзіўся у 1899 г. у Пярмі (Расія). Да беларускага руху далучыўся ў Маскве ў 1917 г., быў тэхнічным рэдактарам часопіса „Чырвоная Беларусь”. У 1930 г. быў арыштаваны і асуджаны да зьняволеньня. У друку пачаў выступаць з празаічнымі творамі ў 1925 г., выдаў аповесьці „На крэсах” (1927), „Варта на Рэйне” (1930).
70 – у верасьні 1944 г. загінуў пры падаўленьні нямецкімі войскамі Варшаўскага паўстаньня Ілья Ляўковіч (Гальяш Леўчук – нарадзіўся 29.07.1880 г. у Слоніме), беларускі паэт і пратэстанцкі дзеяч. Выдаў зборнік вершаў „Чыжык беларускі” (Вільня 1912).
65 – 1.09.1949 г. рашэньнем сакратарыяту Цэнтральнага камітэту Польскай аб’яднанай рабочай партыі пачалася адбудова школьніцтва на беларускай мове на тэрыторыі Беласточчыны.
50 – 12.09.1964 г. у польскім шпіталі ў Пэнлей у Вялікабрытаніі памёр Сяргей Пясэцкі, вядомы польскі пісьменьнік беларускага паходжаньня. Нарадзіўся 1.04.1901 г. У Ляхавічах, вучыўся ў гімназіях у Менску і Бабруйску. Падчас першай сусьветнай вайны ў бежанстве ў Расіі, 1919 г. – у беларускіх вайсковых фармаваньнях, м.ін. у антыбальшавіцкім „Зялёным Дубе”. У міжваенны час ў Вільні – быў кантрабандыстам, разьведчыкам. У 1926-1937 гг. сядзеў у турмах за бандыцкую дзейнасьць. Там пачаў пісаць кнігі, м.ін. „Kochanka Wielkiej Niedźwiedzicy” (Варшава 1937), якая прынесла яму славу пісьменьніка. Дзякуючы Мэльхіёру Ваньковічу, які паспрыяў друку яго кнігі, выйшаў на свабоду. У час другой сусьветнай вайны быў у польскім падпольлі ў Арміі краёвай, пасьля вайны – у Гданьску. У 1946 г. быў перакінуты за мяжу, апынуўся ў Італіі. З 1952 г. жыў у Вялікабрытаніі. Напісаў 14 кніг, сярод якіх: „Piąty etap” (Warszawa, 1938), „Bogom nocy równi” (Warszawa, 1939), „Jabłuszko” (Rzym, 1946), „Spojrzę ja w okno…” (Rzym, 1947), „Nikt nie da nam zbawienia” (Rzym, 1947), „7 pigułek Lucyfera” (Londyn, 1948), „Zapiski oficera Armii Czerwonej” (Londyn, 1957), „Żywot człowieka rozbrojonego” (Londyn, 1962), „Człowiek przemieniony w Wilka” (Londyn, 1964), „Dla honoru Organizacji” (Londyn, 1964), „Adam i Ewa” (Warszawa, 1999), „Mgła” (Warszawa, 1999), якія шмат разоў перавыдаваліся ў Польшчы пасьля 1980 г. На беларускую мову перакладзеныя Алесем Астраўцом „Запіскі афіцэра Чырвонай арміі” (Менск, 2005) і Фэліксам Янушкевічам „Каханак Вялікай Мядзьведзіцы” (Менск, 2009).
50 – 14.09.1964 г. памёр Язэп Пушча (Іосіф Плашчынскі), беларускі паэт, адзін з заснавальнікаў літаратурных аб’яднаньняў „Маладняк” і „Узвышша”. Нарадзіўся 20.05.1902 г. у Каралішчавічах каля Менску. У 1920 г. закончыў Менскае рэальнае вучылішча, у 1925-1927 гг. вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, а пасьля – у Ленінградзкім (да 1929 г.). Быў стыльрэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. 25.07.1930 г. арыштаваны і прысуджаны да 5 гадоў ссылкі на Урал. У гады вайны мабілізаваны ў армію. З 1958 г. жыў у Менску. Пачаў публікаваць з 1922 г. Славу здабылі яго „Лісты да сабакі”.
25 – 28.09.1989 г. пачала працаваць Жыровіцкая праваслаўная духоўная сэмінарыя.
25 – у верасьні 1989 г. выйшаў у Менску 1-ы нумар часопіса „Спадчына”.
I am no longer certain where you are getting your information, but good topic. I needs to spend a while studying much more or figuring out more. Thank you for fantastic information I used to be on the lookout for this information for my mission.
Mammograms and monitorimg of prostate-specific antigen, hematocrit,
and lipid levels are recommended for patients.
These men are interested inn treatmenbt but nnot conscious of
the ill facts surrounding being uneducated about thee creation of tese
drugs.