Памятаю Баброўку, калі яна была дзікая

Рака Баброўка зімою (Фота Янкі Целушэцкага)

Успаміны


Рэчка Баброўка – правы ціхі прыток ракі Нараўкі. Плыве яна па плоскай даліне (і, між іншым, таму яна ў многіх месцах завілістая) побач даволі доўгай вёскі Новае Ляўкова і ўплывае ў Нараўку ў канцы гэтага сяла. На ўзгорку побач ракі ды пры рухлівай дарозе з Нараўкі ў Новае Ляўкова быў вялікі драўляны вятрак Зыгмунта і Люцыяна Закшэўскіх. У пяцідзесятыя гады мінулага стагоддзя вятрак ужо не малоў збожжа. А стаяў ён яшчэ доўгі час. Відаць яго было здалёк. Я памятаю яго з таго часу,  калі Баброўку я бачыў з акна свайго дома. У далі за ёй плыве рака Нараўка і яшчэ крыху далей на гарызонце віднее магутная Белавежская пушча.

Шэсцьдзесят гадоў таму вельмі прыгожай была гэтая ціхаплынная рэчка. Вада ў ёй была чыстая-чыстая. Рэчка была натуральная, дзікая. Летам прыемна пахла. Пах ішоў ад розных вадзяных раслін і надрэчных вербаў. Яна плыла павольна. Нялёгка акрэсліць, дзе яна бярэ свой пачатак. Адно адгалінаванне вядзе з-пад Лазовага ды іншыя, даўжэйшыя, з ваколіц Леснай і Міклашэва. Усе яны цякуць на тэрыторыі Нараўчанскай гміны. У адным месцы рэчку перасякае чыгунка з Гайнаўкі ў Семяноўку.

Шэсцьдзесят гадоў таму дно ракі зарастала, між іншым, канадскай эладзеяй. На невысокіх берагах раслі купчастыя кусты вярбы, алешніку, чаромхі, каліны ды вялікія старыя вольхі (некаторыя з іх яшчэ стаяць на левым беразе). Месцамі раслі кусцікі чорных і чырвоных парэчак. У маі ў надрэчных густых зарасніках выводзіў свае чароўныя трэлі сціплы начны спявак – салавей.

Хаця гэта невялікая рэчка, але мела яна свае тайны. Мела глыбокія ямы і віры. Між іншым, вялізарнага шчупака ў глыбокай яме на рацэ каля хаты Макара Марчука злавіў бродняй мой аднавясковец Андрэй Пучынскі са сваім калегам (ён расказаў мне пра гэта). А Саша Несцярук лавіў вялікіх мянтузоў рукамі у норах або з-пад навіслых берагоў. У берагах з зараснікамі былі норы і ў іх хавалася вялікая рыба. Вялося ў Баброўцы сама менш сем-восем відаў рыб. Плотак, шчупакоў, уюноў і келбаў была процьма. А колькі было ракаў!

Даўным-даўно тут пасяліліся прыроджаныя вадзяныя жыхары – бабры. Яны мелі свае хаткі. Будавалі гаці і грэблі. Пабудаваныя імі тамы падносілі ўзровень вады і набярэжныя лугі былі падмоклымі. Не ўсюды можна было дабрацца-дайсці на бераг ракі. Часта не дазваляла на гэта глыбокая твань-дрыгва. Бывала, тапіліся ў ёй каровы. Пераважна тады, калі пускалі іх на пашу, як у нашай вёсцы кажуць, спутанымі або яшчэ інакш стрыножанымі. А яшчэ іншых з ланцугом на шыі. Мой субяседнік, той жа Андрэй Пучынскі, бачыў трагічнае здарэнне. Ён якраз адвячоркам пасвіў кароў. Раку хацеў пераехаць фурманкай селянін з суседняй вёскі Плянты. Мужчына любіў выпіць і была к таму нагода – у той дзень дакапалі бульбу. І вось ён вяртаўся падвечар дадому. На Баброўцы ў гэтым месцы не было мастка. Ехаў селянін фурманкай і конь скрунуў на глыбокі брод і тады патапіліся запрэжаны ў воз конь і мужчына, які вельмі намагаўся яго ратаваць. Вось такая здарылася трагедыя.

Над Баброўкай былі і ёсць шырокія страката-квяцістыя сенажаці. Тут прасторная маляўнічая ваколіца. Ранняй вясной цвілі жоўтыя лотаці. Летам касцы касілі лугі і ў пагодлівыя дні паветра было настоенае прыемным пахам сена. Лугі касілі летам і восенню. Уборка атавы не кожны год удавалася. Калі прайшлі праліўныя восеньскія дажджы, рэчка выступала з берагоў і залівала сенажаці. Свежаскошаную траву выносілі на драўляных дручках-насілках на грудочкі. Дасушвалі яе ўжо на панадворках. Бывала і так, што пасля праліўнога дажджу атава так і паплыла з цячэннем ракі.

Сена з абарогаў і стагоў забіралі ў стадолы зімой, калі рака і вада на лугах замярзала. Дзеці мелі дзе катацца на каньках і санках. Рабілі гэтак званыя круцёлкі з драўлянага кола ад воза і падчэпленых да дручка саначак. Лёд быў вялікі ад Баброўкі да грэблі, якую пабудавалі, каб накіраваць цячэнне ракі Нараўкі ў бок існуючага ў пачатку мінулага стагоддзя вадзянога млына. Тут на рацэ быў глыбокі стаў, акаймаваны зараснікамі. Над ставам раслі вялікія вольхі. Шмат гадоў не было смельчака, які згадзіўся б яго пераплысці з аднаго берага на другі. Пра стаў старажылы расказвалі мне легенды, між іншым, пра затоплены ў ім сундук са скарбамі.

Першыя масты цераз раку будавалі драўляныя і паабапал з балясамі. Тоўстыя палі пад іх забівалі ў дно пры дапамозе гэтак званай „бабы”. Старэйшыя людзі ведаюць, як яны выглядалі. Часта летам на мастках моладзь дамаўлялася на вечаровыя сустрэчы ды прастойвала да поўначы. На адным з мастоў з бярвенняў я сядаў з вудай і лавіў плотак і акунёў. Мы лавілі шчупакоў і ментузоў кошыкам або калыскай, у якой нас – калі мы былі малечамі – калыхалі бацькі. Некаторыя вяскоўцы мелі прыхаваныя сеці або невады. Лавіць рыб імі было забаронена. Таму цягнулі сеці і сачкі падвечар ды далей ад рухлівай дарогі. Вудзільшчыкаў таксама кантралявалі стражнікі, ці выкупілі яны г. зв. карты вудзільшчыка і якога памеру рыбы ловяць (малых рыб не дазвалялася забіраць дадому).

Баброўка жыве ў маіх ўспамінах і таму, што падчас летніх канікул я з калегамі часта прыходзіў сюды купацца. Аднойчы летам пасля вялікага дажджу ў рэчцы прыбыло шмат вады. Каля моста яе ўзровень быў мне па шыю. Я набіраў у лёгкія паветра, затойваў дух і прысядаў а вада выносіла мяне на паверхню. Я захацеў навучыцца плаваць і навучыўся.

Паўвеку таму Баброўку меліяравалі. Змяніўся пейзаж і характар навакольнай мясцовасці. Паменшыўся ўзровень вады не толькі ў меліярацыйным рове, на які замянілі Баброўку. Не хапае яе таксама ў калодзежах маіх аднавяскоўцаў. Паменшалі накосы травы на сенажацях. Зніклі-прапалі шматлікія лугавыя кветкі і рачныя расліны. Над сенажацямі не чуваць як калісьці лугавых крыклівых кнігавак. Зараз сяляне пачалі сеяць менш мінеральных угнаенняў на сенажацях. Падчас летніх невялікіх паводак яны, як гэта бывала, не сплываюць у раку-роў і ў ім зноў усё смялей і смялей разводзіцца рыба. Жыве мая Баброўка!

Янка Целушэцкі