Белтурызм – на розны смак (2)

2. Беларусь у 2017 годзе прадставіць магчымасці дзелавога турызму ў Барселоне і Франкфурце. У гэтым годзе Беларусь упершыню робіць акцэнт на ўдзеле ў выставах па дзелавым турызме і запрасіла турфірмы далучыцца. Акрамя таго, сёлета пасля перапынку ў некалькі гадоў вяртаецца з нацыянальным стэндам на выставу ITB у Берліне. У 2016 годзе нацыянальны стэнд Беларусі быў прадстаўлены на міжнародных выставах у Маскве, Мінску, Тэль-Авіве, Пекіне, Урумчы, Баку, Тбілісі, Варшаве і Лондане. На выставах, дзе не быў прадстаўлены стэнд, праходзілі прэзентацыі турыстычных магчымасцей Беларусі. Беларускі турызм таксама прэзентавалі падчас прэс-тураў і рэкламна-інфармацыйных тураў. Адно з галоўных мерапрыемстваў – прэс-тур для журналістаў з інфармацыйных агенцтваў краін СНД, арганізавана было БЕЛТА. Па яго выніках выйшлі матэрыялы, якія можна лічыць паўнавартаснымі даведнікамі. Па выніках прэс-тура фатографаў з Францыі плануецца выстава ў Версалі. Развіццё турызму з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Дадзеная галіна ўзятая пад асаблівую апеку дзяржавы.

Мінск (Фота Міры Лукшы)

Першая Нацыянальная праграма развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь была прынята ў 2004 годзе. Вынікам яе выканання стаў значны рост экспарту турыстычных паслуг, развіццё турыстычнай інфраструктуры ў краіне, спрашчэнне ўязнога рэжыму і ўмоў знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі. Сёння ў Беларусі рэалізуецца шэраг дзяржпраграм, у якіх прадугледжаны меры і сродкі па стварэнні сучаснай інфраструктуры турызму ў розных рэгіёнах краіны.

Рэспубліканскі бюджэт сумесна з абласнымі бюджэтамі прымае ўдзел у аднаўленні помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ў рэгіёнах краіны. У 2012 годзе Саветам Міністраў зацверджана была дзяржпраграма «Замкі Беларусі». У рамках дзяржпраграмы да 2018 года плануецца ўладкаваць 38 замкаў, палацаў і замчышчаў. Асаблівая ўвага ў Беларусі надаецца развіццю аграэкатурызму. У мэтах стварэння спрыяльных умоў для развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь, задавальнення патрэбнасцей грамадзян у адпачынку і аздараўленні кіраўніком дзяржавы быў прыняты ўказ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №371 «Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь» і №372 «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму у Рэспубліцы Беларусь».

У Беларусі актыўна распрацоўваюцца зялёныя маршруты, якія ствараюцца ўздоўж натуральных зялёных калідораў, далін рэк, гістарычных гандлёвых шляхоў і старых чыгунак. Сярод іх – маршрут па Лепельскім раёне Віцебскай вобласці пад назвай «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў», па рэках Грыўда, Шчара і Нёман «Воднымі шляхамі Вялікага княства Літоўскага» і іншыя. Зялёныя маршруты з’яўляюцца асновай для рэалізацыі праектаў, звязаных з захаваннем прыродных ландшафтаў, культурнай спадчыны, з экалагічным турызмам і транспартам, не забруджваючымі навакольнае асяроддзе. Зараз ідзе актыўная работа па распрацоўцы новых турыстычных маршрутаў на тэрыторыі кожнай вобласці, праводзіцца збор заявак жадаючых заняцца аказаннем паслугаў у сферы аграэкатурызму. Для гаспадароў сельскіх сядзіб запланавана правядзенне спецыяльных адукацыйных і навучальных семінараў. Сёння ў Беларусі шырока разгорнута падрыхтоўка турыстычных кадраў. У гэтай сферы працуюць 20 вышэйшых і 8 сярэдніх навучальных устаноў. Агульны набор на гэтыя спецыяльнасці перавышае 2,1 тыс. чалавек.

 

Фота Міры Лукшы

Адпачынак на любы густ

Сёння кожны турыст і падарожнік можа выбраць у Беларусі адпачынак на любы густ. У Беларусі няма заснежаных гор і цёплага мора з пясчанымі пляжамі, але летам тут можна накупацца ў чыстых азёрах, а зімой пакатацца на лыжных курортах, і ў любую пару года – пабываць на рыцарскіх турнірах, народных святах, розных спартыўных спаборніцтвах, фестывалях, у тэатрах, музеях, на экскурсіях. Турыстычная інфраструктура Беларусі дае магчымасць з камфортам размясціцца, пакаштаваць нацыянальныя стравы, бяспечна і хутка дабрацца ў любы куток краіны, набыць сувеніры, – хваліцца Міністэрства. – Дзякуючы развіццю інфармацыйных тэхналогій, у Беларусі ствараецца нацыянальная сістэма анлайн-браніравання, якая дазваляе турысту замовіць нумары ў большасці гасцініц краіны.
Турыстычны патэнцыял Беларусі заключаецца ў разнастайнасці і прыгажосці прыроды, унікальнасці гісторыка-культурнай спадчыны. У рэспубліцы налічваецца больш за 15 тысяч аб’ектаў, якія маюць гістарычную, культурную, архітэктурную значнасць, а таксама памятных месцаў, звязаных з імёнамі выдатных дзеячаў сусветнай гісторыі і культуры. Для аматараў экалагічнага турызму адпачынак у Беларусі – унікальная магчымасць атрымаць асалоду ад прыродай у экалагічна чыстых, не кранутых урбанізацыяй кутках. Многія прыродныя аб’екты краіны лічацца эксклюзіўнымі ў Еўропе. У першую чаргу гэта нацыянальныя паркі «Нарачанскі», «Прыпяцкі», «Браслаўскія азёры», «Белавежская пушча», Бярэзінскі біясферны запаведнік, заказнікі «Налібоцкая пушча», «Блакітныя азёры» і многія іншыя.

Асаблівая ўвага ў Беларусі надаецца развіццю аграэкатурызму. Сёння турыстаў гатовы прыняць больш дзве тысячы сельскіх сядзіб. Усе яны абсалютна розныя і па-свойму каларытныя. У адных турыстам прапануюць асобны домік з камінам, більярдам і вясковай лазняй, у іншых – невялікі пакой у агульным з гаспадарамі доме і ўмывальнік з калодзежнай вадой на дварэ. Але ва ўсіх без выключэння сельскіх сядзібах гасцей смачна накормяць і арганізуюць мноства забаў.

У апошнія гады ўсё больш папулярным становіцца лячэбна-аздараўленчы турызм. Адпачынак і аздараўленне прапануюць гасцям 475 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый, у тым ліку 75 санаторыяў і 2 пансіянаты. Усе санаторыі размешчаны ў зонах з асаблівым мікракліматам, многія з іх валодаюць уласнымі крыніцамі мінеральных вод, гразелячэбніцы. У Беларусь замежных гасцей прыцягвае высокая кваліфікацыя беларускіх лекараў, добрая аснашчанасць клінік, у цэлым высокі ўзровень якасці медыцынскіх паслуг.
Не губляе сваёй актуальнасці рэлігійны турызм. У сілу гістарычнага мінулага на тэрыторыі краіны стагоддзямі пражываюць побач прадстаўнікі розных рэлігій – хрысціяне, іудэі, мусульмане і іншыя. Вернікі прыязджаюць пакланіцца цудадзейным абразам і нятленным мошчам беларускіх святых: Ефрасінні Полацкай, праведнай княгіні Слуцкай Сафіі. У мінскім касцёле Святых Сымона і Алены і гродзенскім Фарным касцёле захоўваюцца дублікаты Турынскай плашчаніцы. У апошнія гады ў моду ўваходзіць ваенна-гістарычны турызм. Людзі прыязджаюць у Беларусь з розных канцоў свету, каб наведаць памятныя мясціны. Пра падзеі мінулага нагадваюць замкі і храмы абарончага тыпу, помнікі і стэлы, устаноўленыя ў гонар знакамітых бітваў, ваенныя і краязнаўчыя музеі. Мноства замежных гасцей прыязджае ў Беларусь, каб наведаць разнастайныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы міжнароднага ўзроўню. У першую чаргу гэта Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», тэатральны фестываль «Белая вежа» ў Брэсце і іншыя. Беларусь удзельнічае ў шэрагу трансгранічных праектаў – «Невядомая Еўропа» ў Гродзенскай вобласці, Еўрарэгіён «Паазер’е», «Бэлла – Дзвіна» ў Віцебскай вобласці. Усе яны дапамагаюць больш эфектыўна выкарыстоўваць гісторыка-культурную спадчыну і ўнікальны прыродны патэнцыял краіны.

Віцебск (Фота Міры Лукшы)

Дзе трэба пабываць у Беларусі

– прапануе міністэрства. Беларусь пачынаецца са сталіцы. Мінск – горад з амаль тысячагадовай гісторыяй. У вялікую айчынную вайну Мінск быў разбураны больш чым на 80%, у сувязі з гэтым тут практычна не захавалася старажытных пабудоў. Аднак сучасная планіроўка і добраўпарадкаванне, архітэктурныя ансамблі з шырокімі, светлымі вуліцамі і праспектамі, пышнай зелянінай бульвараў, сквераў і паркаў ствараюць сваё непаўторнае аблічча і каларыт. Для гасцей беларускай сталіцы распрацавана больш за 40 пешаходных і аўтобусных экскурсійных маршрутаў з наведваннем аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, музеяў, тэатраў, выставачных галерэй. Мірскі замкавы комплекс (Мірскі замак) – выдатны помнік абароннага дойлідства XVI стагоддзя. Уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. У снежні 2010 года пасля рэстаўрацыйных работ Мірскі замак быў адкрыты для турыстаў. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс – унікальны помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVI- XVIII стагоддзяў, звязаны з гісторыяй роду Радзівілаў. Уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. У чэрвені 2011 года пасля актыўных рэстаўрацыйных работ Нясвіжскі замак адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў…

Польска-беларускае прыгранічнае супрацоўніцтва ў галіне турызму.

Прэзентацыя трансгранічных праектаў у галіне турызму, абмен вопытам, а таксама магчымасці фінансавання праектаў у галіне турызму – гэта толькі некаторыя з тэм канферэнцыі па прыгранічнаму супрацоўніцтву Польшчы і Беларусі ў галіне турызму.
Сустрэча адбылася ў снежні 2016 г. у гатэлі Cristal у Беластоку. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі індустрыі турызму на Падляшшы і Беларусі, а таксама намеснік міністра спорту і турызму Давід Лясэк, намеснік падляшскага маршалка Ян Дыюк, член маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства Багдан Дыюк і кіраўнік дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Ганна Муха ды віцэ-прэзідэнт Падляшскай рэгіянальнай турыстычнай арганізацыі Валянціна Пятрочук. Гэта была першая такая канферэнцыя ў Беластоку, якая адбылася па ініцыятыве Міністэрства спорту і турызму.
Як падкрэсліў намеснік міністра Давід Лясэк, сход з’яўляўся часткай плана работы ў галіне развіцця турызму і адпачынку, які пачаўся з 1 студзеня 2017 года. Адзначыў: «Залежыць нам на сустрэчах, падчас якіх будуць прадстаўлены праекты, ідэі, вопыт і дасягненні індустрыі турызму, турыстычных арганізацый». Таксама паведаміў што Рада Міністраў адобрыла рэалізацыю Стратэгіі дзеля адказнага развіцця, у адпаведнасці з якім Міністэрства прапанавала праект пад назвай Дом польскіх турыстычных тэрытарыяльных брэндаў. «Мы хочам стварыць такі магазін тэрытарыяльных турысцкіх брэндаў на аснове прадуктаў, распрацаваных намі на працягу многіх гадоў, якія хочам падрыхтаваць, спрафесіяналізаваць і забяспечыць магчымасці іх інтэграцыі і інтэрнацыяналізацыі». Звярнуў таксама ўвагу на неабходнасць выкарыстоўваць усё больш лепшы клімат у польска-беларускіх палітычных адносінах, таксама геапалітычнай сітуацыі, а гэта азначае, што польскія турысты шукаюць цікавых прапаноў у Беларусі: «Я перакананы, што гэтае найвялікшае культурнае і прыроднае багацце памежжа мае важнае значэнне для стварэння адзінай прасторы для развіцця турызму». На добрае супрацоўніцтва з Беларуссю паказаў таксама маршалак Багдан Дыюк. Ён падкрэсліў важнасць адкрыцця на двух пунктах перасячэння мяжы з Беларуссю бязвізавага ўезду. Рух на мяжы з Беларуссю будзе большы, і гэта адаб’ецца не толькі на развіцці турызму, але і на іншых галінах гаспадаркі ў рэгіёне.

– Для таго, каб людзі сталі супрацоўнічаць адзін з адным, яны павінны сустрэцца, – сказаў Ян Забельскі. – Падарожжа з’яўляецца першым крокам, каб усталяваць адносіны, таксама эканамічныя.

Міраслава Кастанчук