Лёсы беларусаў
Знаёмства
На могілках у вёсцы Яглевічы Івацэвіцкага раёна пахавана Еўдакія Антонаўна Казлова (сапраўднае прозвішча Козел). На надмагільным помніку так і напісана: „Казлова Еўдакія Антонаўна. 23.II. 1917 – 8.IV.1983. Дарагой, каханай жонцы і мамачцы”. У роднай вёсцы і ў суседніх з Яглевічамі вёсках Еўдакію Казлову людзі добра ведалі і памятаюць да сённяшніх дзён. Усё жыццё яна адпрацавала настаўніцай роднай мовы і літаратуры, атрымаўшы адукацыю ў канцы 1930-х гадоў у Вільні.
Сям’я ў бацькоў Дусі Козел (пазней яна памяняла сваё прозвішча на Казлову) была даволі вялікая – шасцёра дзяцей. Але бацьку Антону Фёдаравічу Козелу дастаўся ў спадчыну ладны кавалак зямлі, ён яе прадаў, каб за атрыманыя грошы вучыць дзяцей. Дуся нарадзілася ў бежанстве ў Самары. А калі бацькі вярнуліся на Бацькаўшчыну, дзяўчынка паступіла вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію, якую ўзначальваў Радаслаў Астроўскі. Вучыцца было няпроста. Неяк дырэктар Астроўскі выклікаў Еўдакію да ся
бе ў кабінет і, ведаючы слабое матэрыяльнае забеспячэнне гімназісткі, спытаў, чаму яна не напісала прашэнне аб дапамозе. Дзяўчына прамаўчала.
Яе любімым настаўнікам быў Хведар Ільяшэвіч. Любіла Дуся Казлова і заняткі, якія праводзілі Барыс Кіт, Габрыеля Касінская, Станіслаў Глякоўскі, Вольга Русак, Алёна Лекант-Сакалова, Пётр Шчасны і іншыя выкладчыкі. З ёй на адным курсе вучыліся В. Дук, Б. Сладкоўскі, А. Таўлай, Ю. Чатырка, В. Першукевіч, В. Новік, А. Бразоўскі, М. Лётка, Ю. Мацук, Н. Макоўская, М. Друцька, А. Беласік, Я. Карэтнікава, Я. Бузук. Некаторыя з яе аднакурснікаў, пасля заканчэння гімназіі, адразу паступілі ў Віленскі ўніверсітэт. Напрыклад, Васіль Новік паступіў на матэматычны факультэт, сюды паступіла і Еўдакія Казлова. Але ўсе планы гэтых шчырых беларусаў і іх выкладчыкаў перакрыжавала Другая сусветная вайна. Некаторыя, хто застаўся жыць, назаўсёды пакінулі Вільню і Беларусь, а іншыя трапілі ў сталінскія лагеры.
Еўдакія Казлова вярнулася дамоў. Спачатку працавала ў пачатковай школе ў Яглевічах, а потым – у Косаве. А калі родныя мясціны занялі немцы, дзяўчына зусім засталася без працы.
У роднай вёсцы
У першыя месяцы вайны на ўскраіне Івацэвіч размясціўся лагер ваеннапалонных. Еўдакія Казлова разам з сяброўкамі збірала ў землякоў цёплае адзенне і харчаванне, а потым непрыкметна адносіла ўсё гэта за калючы дрот. А восенню 1941 года ёй нават удалося вывесці з лагера каля дваццаці палонных, сярод якіх быў і Сяргей Зорын.
Хутка ў тутэйшых лясах з’явіліся партызанскія атрады. І Дуся стала сувязной. Яна сустракалася з тым самым Сяргеем Зорыным і перадавала яму ўсю інфармацыю пра немцаў і нямецкі гарнізон у Івацэвічах. А таксама прыносіла яму медыкаменты, перавязачныя матэрыялы, харчаванне. За дзяўчынай хутка пачалі сачыць немцы. І нават спланавалі засаду ў вёсцы Яблонцы. Праўда, івацэвіцкія падпольшчыкі пра гэта даведаліся і ёй хутка паведамілі. Еўдакія Казлова неўзабаве пакінула родную вёску і пераехала ў Слонім. Там праз знаёмых ёй удалося ўладкавацца на працу ў Слонімскую прагімназію. Але Дуся часам наведвала родную вёску і землякоў. З Яглевічаў у Слонім яна дабіралася цягнікамі. Спачатку з Івацэвіч да Баранавіч, а потым з Баранавіч да Слоніма. Аднойчы, набраўшы дома харчавання, дзяўчына ехала цягніком з Івацэвіч у Баранавічы, каб адтуль другім цягніком прыехаць у Слонім. Калі яна села ў купэ, на яе звярнуў увагу адзін высокі мужчына: „Здаецца, Казлова?”. Былога дырэктара Віленскай беларускай гімназіі Радаслава Астроўскага Еўдакія таксама пазнала. Астроўскі пацікавіўся, куды яна едзе. А, даведаўшыся, запрапанаваў: „Кідай працу ў Слоніме і пераязджай у Менск. Я ствараю Беларускую цэнтральную раду. Будзеш працаваць у школьным аддзеле”. Еўдакія Казлова шчыра падзякавала за прапанову і сказала, што над ёй яна падумае.
Прыехаўшы ў Слонім, Еўдакія хуценька сустрэлася з Іванам Міско (паэтам Анатолем Іверсам), якога асабіста ведала даўно. Яна расказала Івану Міско пра нечаканую сустрэчу і прапанову. Прапанова Івану Міско, які ўзначальваў Слонімскую падпольную антыфашысцкую арганізацыю, спадабалася. Тым больш, што Іван Міско не любіў Астроўскага, які некалі выгнаў яго з Віленскай беларускай гімназіі. А цяпер тым больш і за тое, што пайшоў служыць да немцаў.
Іван Міско хутка распавёў навіну сакратару падпольнага Слонімскага райкама партыі Міхаілу Анішчыку. І той даў загад, каб Казлова неадкладна ехала ў Мінску і вяла ў Беларускай цэнтральнай радзе (БЦР) разведку.
У Беларускай цэнтральнай радзе
Еўдакія Казлова спалохалася такой прапановы, але іншага выйсця ўжо не было. Яна напісала пісьмо Астроўскаму і хутка атрымала адказ – прыязджай. І дзяўчына паехала. Гэта было напрыканцы 1943 года. Па дарозе шмат думала, перажывала, хвалявалася. Але ў БЦР яе сустрэлі шчыра, выдалі часовае пасведчанне № 57. На ім было напісана, што Еўдакія Казлова працуе ў школьным аддзеле статыстам. Год нараджэння – 1920, месца нараджэння – г. Самара, № пашпарту АВ 25737. Год нараджэння чамусьці напісаны памылкова, бо яна нарадзілася ў 1917 годзе.
Жыла дзяўчына на тэрыторыі БЦР. Натуральна бачыла, што адбываецца там і вакол. Старалася ўсё запомніць. На сувязь да яе прыязджаў падпольшчык са Слоніма Мікалай Ціхан. Яму ўсё і дакладвала Казлова. А калі 27 чэрвеня 1944 года ў зале Мінскага гарадскога тэатра адбыўся Другі ўсебеларускі кангрэс, Еўдакія Казлова дастала дакументы для некалькіх падпольшчыкаў, якія таксама пабывалі на гэтым кангрэсе. З БЦР дзяўчына падпольшчыкам перадавала пішучыя машынкі, паперу, сакрэтныя дакументы. Для сустрэчы з падпольшчыкамі і партызанамі яна нават сама прыязджала ў родную вёску Яглевічы да бацькоў, а адзін раз у вёсцы Размеркі Івацэвіцкага раёна сустракалася з Міхаілам Анішчыкам і Іванам Міско.
Разам з тым Еўдакія Казлова, карыстаючыся прыхільнасцю прэзідэнта БЦР Радаслава Астроўскага, садзейнічала адкрыццю беларускіх школ не толькі, напрыклад, у Косаўскім раёне, але і ў сумежных раёнах. У вёсцы Яглевічы настаўніцай пачатковай школы працавала яе малодшая сястра Кацярына Козел, якая вучыла дзетак чытаць і пісаць па-беларуску. І ёй на ніве беларускага школьніцтва шмат дапамагала Еўдакія.
Вяртанне дамоў
Калі немцы пачалі адступаць на Захад, з імі сабраліся ў далёкую дарогу і многія сябры БЦР. Яны селі ў цягнік і ехалі ў заходнім накірунку. Сярод работнікаў БЦР была і Еўдакія Казлова, якая з цягніка па дарозе ўцякла дамоў у родную вёску. Але ў першыя дні знаходжання дома, Казловай прыйшлося перажыць шмат непрыемных момантаў. Аднойчы вечарам у іх хату забег сусед Аляксей Прымак і са злосцю закрычаў: „Прыехала ўсё-такі дамоў! Ах ты, нямецкая сука!..”. Ён ускінуў перад сабой вінтоўку. Маці з плачам засланіла сабой дачку, а бацька кінуўся да суседа. „Ты што, здурэў! – закрычаў ён на суседа. – Гэта такая падзяка за тое, што Дуся аднойчы выратавала табе жыццё…”. Прымак апусціў вінтоўку…
І гэта быў не адзіны выпадак, калі вяскоўцы скоса глядзелі на сваю зямлячку. І нават адкрыта казалі, што яна немцам служыла. Не было спакойнага жыццё ёй і ў школе, куды яна пайшла працаваць адразу пасля вайны. Некаторыя настаўнікі ў вочы жанчыну называлі здрадніцай. Еўдакіі Антонаўне прыходзілася апраўдвацца перад настаўніцкім калектывам, казаць, што ў Мінску выконвала адказнае партыйнае заданне. А ёй казалі, калі выконвала заданне, то пакажы даведку. А даведкі не было.
Тады Еўдакія Казлова вырашыла звярнуцца па даведку-пацвярджэнне да сваіх слонімскіх сяброў-падпольшчыкаў. Калі былы камісар партызанскага атрада імя Дзяржынскага Ракасоўскай брыгады Іван Дабрыян, былы сакратар Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта Іван Міско напісалі, зацвердзілі ў натарыусаў і хутка даслалі пацвярджэнні, то былы сакратар Слонімскага падпольнага райкама партыі Міхаіл Анішчык просьбу Казловай выконваць не спяшаўся. Аказалася, што інфармацыю разведвальнага характару лягчэй здабыць у ворага, чым даведку аб падпольнай рабоце ў таго, хто пасылаў на гэтую работу. Зацкаваная настаўніца з вёскі Яглевічы не адзін раз ездзіла да Анішчыка з просьбай. Але ён жа пад рознымі надуманымі прычынамі адмаўляўся, не даваў дакумента. А Іван Міско ў сваім пацвярджэнні пісаў: „Я, Міско Іван Дарафеевіч, 1912 года нараджэння, былы сакратар Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта (даведка партархіва № 6578/н ад 16 кастрычніка 1965 года), пацвярджаю, што т. Казлова Еўдакія Антонаўна з верасня 1942 года была сябрам Слонімскай антыфашысцкай арганізацыі і гарадскога антыфашысцкага камітэта. Тав. Казлова Е.А. у лістападзе 1943 года сакратаром Слонімскага падпольнага райкама партыі т. Анішчыкам М.Т. была накіравана ў г. Мінск у Беларускую цэнтральную раду для правядзення там разведвальнай работы. Я, знаходзячыся ў партызанскім атрадзе ім. Дзяржынскага брыгады ім. Ракасоўскага, разам з т. Анішчыкам М.Т. адзін раз сустракаўся з т. Казловай Е.А. у вёсцы Размеркі Івацэвіцкага раёна ў красавіку 1944 года, куды яна прыязджала для сустрэчы з т. Анішчыкам М.Т. Мне вядома таксама, што т. Казлова Е.А. вярнулася ў Слонім з Мінска пасля яго вызвалення ў ліпені 1944 года. Былы сакратар Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта І. Д. Міско. 8 снежня 1968 года”.
Тым не менш, аднойчы Іван Міско сустрэў Еўдакію Казлову ў Слоніме. Жанчына шчыра павіталася і была нечым задаволена. Іван Міско спытаўся:
– Пэўна ў школе адчапіліся ад цябе?
– Даў Анішчык нумар вайсковай часці, куды перадаваліся па рацыі мае разведдадзеныя.
– Злітаваўся?
– Нічога дарма не робіцца, –дыпламатычна ўсміхнулася Еўдакія Антонаўна. – Праўда, даведку на рукі я не атрымала, яе даслалі ў райана. І адтуль ужо прыйшла каманда ў школу, каб спынілі праследаванне…
Гэты факт прыгадваецца ў кнізе Анатоля Іверса (Івана Міско) „З глыбінь жыцця” (Мн., 2012. С.170). Пасля ўсіх дасланых пацвярджэнняў ніхто больш Еўдакію Казлову ні ў чым не папракаў. Яна спакойна працавала настаўніцай роднай мовы, яе, як ветэрана вайны, запрашалі на сустрэчы, да яе пісалі пісьмы з розных куткоў Беларусі настаўнікі, вучні, сябры, выкладчыкі ВНУ, простыя людзі. У мяне захоўваецца ксеракопія пісьма беларускага літаратуразнаўцы Уладзіміра Калесніка да Еўдакіі Казловай, якое было напісана 7 снежня 1964 года і даслана ёй з Брэста. Уладзімір Калеснік тады пісаў: „Глыбокапаважаная Еўдакія Антонаўна! Да Вас звяртаецца літаратурны крытык Уладзімір Андрэевіч Калеснік. На працягу шэрагу год я займаюся даследаваннем літаратуры Заходняй Беларусі, апублікаваў кнігі „Паэзія змагання” і „Час і песні”, і шэраг артыкулаў. Зараз пішу дакументальную аповесць пра Валянціна Таўлая. Пачатак яе апублікаваны ў часопісе „Полымя”, нумар 10 за гэты год. Ад Анатоля Іверса я даведаўся, што Вам давялося ў часе вайны супрацоўнічаць з Валянцінам Таўлаем, як сувязной партызан. Вельмі быў бы ўдзячны, каб Вы расказалі мне пра свае сустрэчы з Таўлаем. Мне хочацца паказаць у кнізе не толькі Таўлая, але і яго сяброў, людзей, якія дапамагалі яму дзейнічаць, змагацца. Я працую заг. кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педінстытута. Мой службовы адрас: г. Брэст, вул. Савецкая, 8, дацэнту Калесніку… Чакаю ад Вас пісьма. Буду вельмі рады, калі Вы, знаходзячыся ў Брэсце, дасце знаць і зойдзеце да мяне. З прывітаннем Ул. Калеснік”.
У першыя пасляваенныя гады
Цяпер вернемся ў першыя пасляваенныя гады. Еўдакія Казлова вярнулася дамоў, стала працаваць настаўніцай. У 1946 годзе яе арыштоўваюць супрацоўнікі МДБ і прывозяць у Мінск. Дапытаць асабіста Казлову вырашыў сам міністр дзяржбяспекі БССР Цанава. Пасля некалькіх сустрэч з Цанавам, Еўдакію Казлову выпусцілі на волю. Нават цяжка прыгадаць яшчэ выпадкі, каго, пасля сустрэч з Цанавам, выпускалі дамоў, а не адпраўлялі ў ГУЛАГ ці проста расстрэльвалі. Еўдакія Казлова не трапіла ў ГУЛАГ, а апынулася на свабодзе. І тут прыгадваецца адзін факт з пісьма Ларысы Геніюш да Часлава Найдзюка. 27 ліпеня 1947 года беларуская паэтка пісала яму з Прагі: „Акцыю” на беларусаў у Празе праводзіла Казлова з Слоніма – член ведамай Вам жудаснай установы (пры помачы беларусаў тутэйшых)…” (Ларыса Геніюш. Каб вы ведалі…Мн., 2005.С.14). З гэтага вынікае, што былую студэнтку Віленскай беларускай гімназіі завербавала савецкая дзяржбяспека вылоўліваць беларускіх патрыётаў у Чэхіі ў другой палове 1940-х гадоў. Хаця сто працэнтных доказаў на гэта няма. Усе кропкі над і можна будзе паставіць толькі тады, калі будуць адкрыты архівы КДБ.
І яшчэ. Калі Еўдакія Казлова падчас вайны працавала настаўніцай у Слонімскай прагімназіі, яна пазнаёмілася з Рыгорам Зыбайлам (1913-1987). Так-так, з тым самым Рыгорам Зыбайлам – сябрам ЦК Беларускай незалежніцкай партыі, удзельнікам Першага штурмавога звязу, афіцэрам Беларускай краёвай абароны, намеснікам старшыні Беларускай самапомачы, удзельнікам дэсанцкага батальёна „Дальвіц”… Падчас вайны ён знаходзіўся ў Слоніме і працаваў на пасадзе старшыні акруговага камітэту БНС. У Казловай і Зыбайлы ўзнікла каханне і маладыя марылі пра сямейнае жыццё. На адным са сваіх здымкаў, падараваных Казловай, Рыгор па-беларуску напісаў: „Дарагой Дусі на памяць з часоў супольнай працы ў Слоніме. Ад Рыгора, Слонім, 1943 г.”.
Але пасля вайны Рыгор Зыбайла быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў. А калі ён вярнуўся дамоў, то зноў спаткаўся з Еўдакіяй і яны пажаніліся. І разам пражылі да самай смерці. Дарэчы, Рыгор Зыбайла быў другім мужам Еўдакіі Казловай. Зыбайла і Казлова пахаваны побач на могілках у вёсцы Яглевічы на Івацэвіччыне.
Замест пастскрыптума
У пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка, які тады працаваў на Брэсцкім тэлебачанні, захоўваецца пісьмо ад Івана Міско (Анатоля Іверса) ад 24 жніўня 1982 года. У пісьме былы слонімскі падпольшчык прасіў: „У вёсцы Яглевічы Івацэвіцкага раёна жыве мая добрая знаёмая, былая настаўніца, пенсіянерка і былая падпольшчыца Слонімскай антыфашысцкай арганізацыі Еўдакія Антонаўна Казлова. Яна страшэнна хворая і не выходзіць з маёй галавы. Можа, будзеш у Івацэвічах (вёска ў 3 км), напішы пра яе ў газету, хай парадуецца, пакуль жывая. Перадасі ад мяне прывітанне”.
Сяргей Чыгрын
Фота з архіва аўтара
(друкуюцца ўпершыню)