Паэт быў духам малады

З паэтычнай спадчыны


У „Гісторыі беларускай савецкай літаратуры”, выдадзенай у Мінску ў 1964 годзе, літаратуразнавец Уладзімір Калеснік пісаў: „Галоўнай фігурай сярод нацыянал-дэмакратаў быў Казімір Сваяк. На яго арыентаваліся А.Бартуль, Ф.Грышкевіч і некаторыя іншыя”. У рускамоўным выданні гэтай кнігі (1977) сказана, што „дань эстетским вывертам отдавали начинающие авторы из студенческой молодёжи (Е.Бартуль, Ф.Гришкевич и др)”. Сёння я не зусім пагаджуся з тым, што напісаў некалі Уладзімір Калеснік пра Бартуля і Грышкевіча. Адно скажу, што з некаторымі вершамі Франука Грышкевіча сучасны беларускі чытач ужо даўно пазнаёміўся. Аўтар гэтых радкоў у 1999 годзе падрыхтаваў і выдаў у Беластоку кнігу „Вяртанне да сваіх”, куды ўвайшлі творы Станіслава Грынкевіча, Франука Грышкевіча і Уладыслава Казлоўшчыка.

Не менш здольным за гэтых заходнебеларускіх літаратараў быў і яшчэ адзін рамантык у якога „бунтавала кроў бунтарная” і „хто быў духам малады” – гэта Аўген Бартуль. З аўтабіяграфіі Аўгена Бартуля, якая напісана на польскай мове, і захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы (ф.175, воп.2, спр. 556, арк.29), стала вядома, што Аўген Бартуль нарадзіўся ў Пецярбургу 26 лютага 1908 года. Ягоным бацькам быў фармацэўт Данат Бартуль, які працаваў у аптэцы Пелля ў Пецярбургу, а маці – Юлія Бонфельдт была хатняй гаспадыняй.

У 1917 годзе Аўген Бартуль паступіў у першы клас школы імя Сестранцэвіча пры касцёле святога Станіслава. Але праз год хлопчык пакінуў вучобу, таму што ягоныя бацькі, у сувязі з рэвалюцыйнымі хваляваннямі і прадбачанага голаду, выехалі з Пецярбурга на радзіму ў Віцебскую губерню Дзісенскі павет Прыдруйскую гміну, дзе ў іх быў кавалак зямлі, на якой Бартулі і пасяліліся.

Да восені 1922 года Аўгена дома вучыў бацька. А потым юны Бартуль паступіў ў пяты клас Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, якую закончыў у 1926 годзе. Пасля заканчэння гімназіі, стаў слухачом матэматычна-прыродазнаўчага факультэта Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, на якім вывучаў хімію на працягу аднаго года. А потым быў залічаны студэнтам прыродазнаўчага факультэта. Праўда, у 1928 годзе юнак перавёўся на юрыдычны факультэт універсітэта.

Калі вучыўся Аўген Бартуль у Вільні, на Дзісеншчыне памерлі яго бацькі. Апекавацца юнаком стаў просты селянін з Латвіі Уладзіслаў Камараневіч. Магчыма, гэта быў нейкі сваяк Бартуляў.

Падчас вучобы ў Вільні, Аўген Бартуль прымаў самы актыўны ўдзел у беларускім моладзевым руху. У лютым 1927 года юнак становіцца вольным сябрам урада Беларускага Студэнцкага Саюза (БСС). Праз год яго выбіраюць скарбнікам БСС, а ў траўні 1930 года – сакратаром БСС.

У студзені 1930 года ў Празе адбыўся пяты з’езд аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый (АБСА). Ад Беларускага Студэнцкага Саюза з Вільні ў з’ездзе прынялі ўдзел Станіслаў Станкевіч і Аўген Бартуль. На з’ездзе АБСА было вырашана некаторыя яго чэшскія аддзелы перанесці ў Вільню, а ў Празе пакінуць толькі аддзел міжнародных зносін. Прэсавы аддзел у Вільні ўзначалілі Станіслаў Станкевіч, Мар’ян Пецюкевіч і Аўген Бартуль. Як піша гісторык Уладзімір Ляхоўскі ў сваёй кнізе „Ад гоманцаў да гайсакоў” (Беласток-Вільня, 2012. С.344), „беларускае студэнцтва Вільні было добра інфармаванае аб справе „СВБ” і масавых арыштах у БССР. 18 сакавіка 1930 года сябры БСС прынялі першае „пратэстацыйнае веча”, на якім Станіслаў Станкевіч, Яўген Бартуль і Сяргей Сарока ад імя ўсяго Саюза выказалі абурэнне арыштамі дзесяткаў беларускіх нацыянальных дзеячаў”.

Не дужа добра Аўгену Бартулю і яго сябрам жылося і ў Вільні. У 1927 годзе была спроба стварыць згуртаванне маладых беларускіх пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Хлопцы і дзяўчаты хацелі зарэгістраваць літаратурнае аб’яднанне „Веснаход”, але польскія ўлады адмовілі ім у рэгістрацыі. Пашанцавала толькі ў 1928 годзе ў Вільні выдаць асобным зборнічкам творы беларускіх літаратараў „Рунь веснаходу”. Зборнік адкрываўся вершамі Аўгена Бартуля. Надрукаваны там былі і яго празаічныя мініяцюры.

Вясною 1931 года Аўген Бартуль і яшчэ 11 чалавек вырашылі стварыць студэнцкую карпарацыю „Скарынія”. Але, пры гэтым не выходзіць з БСС. Многім сябрам БСС гэта не спадабалася. Пачаліся розныя спрэчкі і крытыка. Уладзімір Ляхоўскі піша, што „з гэтага часу пачынаюцца вострыя спрэчкі паміж дзвюма групоўкамі, якія эпізадычна выліваліся на старонкі іх друкаваных органаў: часопіса БСС „Студэнцкая думка” і „санацыйнага” перыёдыка „Новая варта” (Novaja Varta). У „палеміцы” найбольш шчыравалі прыхільнікі Цэнтрасаюза. Трэба сказаць, што пазіцыя прыхільнікаў „беларускай санацыі” не знайшла належнай падтрымкі сярод беларускага студэнцтва. Большасць засталася ў рамках старога Беларускага Студэнцкага Саюза (прыкладна 45 чалавек). „Цэнтрасаюз” і яго маладзёвае крыло – „Скарынія” – жорстка крытыкавалася як камуністамі, так і хадэкамі. У самой арганізацыі таксама штораз узнікалі ўнутраныя непарузуменні…” (Уладзімір Ляхоўскі, „Ад гоманаў да гайсакоў”. Беласток-Вільня 2012, с. 357). Летам 1934 года „Скарынія” была ліквідавана…

Аўген Бартуль пачаў друкаваць свае вершы ў 1925 годзе. Часопіс „Студэнцкая думка” друкуе яго баладу з даўніх часоў „Голас Нёмна”. А потым вершы паэта з’яўляюцца ў „Народным звоне”, „Голасе беларуса”, „Школьнай працы”, „Беларускай крыніцы”, „Беларускай культуры”, „Шляху моладзі”, беларускіх календарах і розных зборніках. Тры вершы аўтара „Марш моладзі”, „Бунтаўшчык” і „Вечар працоўных” былі змешчаны ў зборніку „Першы крок”, які выйшаў з друку ў Рызе ў 1926 годзе. Народны паэт Латвіі Ян Райніс уважліва прачытаў гэты зборнік. І адзін верш маладога Бартуля „Бунтаўшчык” яму дужа спадабаўся. Ён пераклаў яго на латышскую мову і апублікаваў у газеце „Яўнакас Зінас” 28 ліпеня 1926 года.

У 1927 годзе паэт піша паэму „Машэка”, якая з’явілася ў літаратурна-грамадскім часопісе „Беларуская культура” ў № 2-3 за 1927 год. Дарэчы, выйшлі толькі тры нумары ў двух кнігах гэтага выдання, якое рэдагаваў Францішак Умястоўскі (1882-1940). Вядома ж, паэма Бартуля нашмат слабейшая за паэму таго ж Янкі Купалы. Магчыма, Бартуль, калі прачытаў паэму „Магіла льва”, натхніўся на напісанне сваёй паэмы, дзе вобраз Машэкі Аўген Бартуль паказаў, як героя, які абараняў простых людзей, а калі Машэку зарэзала дзяўчына, то „засталісь бедакі без заступніка, без заступніка, без даглядчыка”.

Наогул, у вершах Аўгена Бартуля шчыра паўставалі адраджэнскія і нацыянальна-патрыятычныя ідэалы, якія былі авеяны рысамі рамантычнага гістарызму. У той жа ў п’есе-казцы ў двух актах „Князёўна” паэт стварыў вобраз высакароднага і адважнага Рыцара, які заступаўся за просты люд, за Князёўну. Пад Князёўнай аўтар падразумяваў родную Беларусь.

Аўген Бартуль вельмі часта выступаў з дакладамі на самыя розныя тэмы. Напрыклад, да 10-годдзя БСС ён зрабіў агульны агляд дзейнасці Беларускага Студэнцкага Саюза. А 13 кастрычніка 1929 года перад сябрамі БСС выступіў з дакладам „Увагі аб мастацтве”.

Пісаў беларускі юнак і прозу, перакладаў з нямецкай, польскай, латышскай, украінскіх моў на беларускую. Нават міжнародны студэнцкі гімн „Гаўдэамус”, як успамінае Антон Шукелойць у кнізе Святланы Белай „Да роднага ганку” (Мн., 2009.С.182), таксама пераклаў.

Да 5-годдзя сваёй літаратурнай дзейнасці, у 1930 годзе Аўген Бартуль падрыхтаваў сваю кнігу вершаў, перакладаў, лірычных мініяцюр і хацеў яе выдаць. Кніга налічвала каля 250 старонак. Але чаму яна не выйшла з друку – застаецца загадкай.

У 1931 годзе, пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта, Аўген атрымаў званне магістар права. Працаваў следчым на Лідчыне і ў Вільні. А з 1937 года жыў у Варшаве. Бо ў гэты час пісаў у Віленскі ўніверсітэт, каб яму даслалі даведку для нейкай варшаўскай установы.

На жаль, у канцы 1930-х гадоў Аўген Бартуль пакінуў пісаць вершы, а таксама нікому не дазваляў перадрукоўваць свае творы. А калі гэта хто рабіў без дазволу, справа нават магла дайсці да суда. Чаму назаўсёды развітаўся з паэтычным пяром таленавіты беларускі юнак, цяжка адказаць. Маленькая адгадка наконт гэтага выплывае толькі з „Лісткоў календара” Максіма Танка: „Каля „Бара Акацімскага” ледзь не напароўся на Х. Ільяшэвіча і А. Бартуля – не так даўно яшчэ двух славутых паэтаў (быў гэта 1935 год. – С.Ч.). Першы, стаўшы ценем Р. Астроўскага, п’е, спыніўшыся на нейкім раздарожжы паэзіі і непаэзіі, піша свае анемічныя, выхалашчаныя вершы; другі, як яго вусаты патрон, які, даехаўшы ў свой час на трамваі да прыпынку „Незалежнасць”, развітаўся з сацыялізмам, дабраўшыся да панскага карыта, развітаўся са сваім былым радыкалізмам і вершамі і зараз памагае пракурору пісаць акты абвінавачання супраць нас. Помню, у 1930 годзе мяне з імі пазнаёміла сястра Лю – Зося. А Бартуль тады, здаецца, адзначаў пяцігоддзе сваёй літаратурнай дзейнасці… Другая сустрэча была праз год, калі мяне ў наручніках прывезлі з Глыбокага ў Вільнюскі акруговы суд і прывялі на допыт да следчага, у пакоі якога я неспадзявана ўбачыў А.Бартуля. Ён увесь час, пакуль мяне дапытвалі, сядзеў за сталом, апусціўшы галаву, не адрываючы вачэй ад нейкіх папер. І вось – трэцяя сустрэча з памочнікам следчага. Добра, што не заўважылі мяне. Я спыніўся каля вітрыны кніжнага магазіна, у якой, быццам у люстры, бачыў, як яны перайшлі на другую старану вуліцы. Ля старой камяніцы, дзе, здаецца, мясцілася калісьці славутая друкарня Мамонічаў, стаяла некалькі рамізнікаў. Удвух яны, уваліўшыся ў сані, паехалі ў бок Нямецкай вуліцы. Можа, куды зноў піць…”.

У пачатку 1930-х гадоў Аўген Бартуль цалкам пераключыўся на публіцыстыку. Публіцыстычныя артыкулы ён друкуе ў часопісах „Novaja varta” (Новая варта) і „Калосьсе”. Калі ў „Новай варце” ён публікуе іх пад сваім уласным прозвішчам (першы дыскусійны артыкул „У дарозе да новага ладу” з’явіўся ў 1931 годзе ў №1), то ў „Калосьсях” артыкулы друкуюцца пад псеўданімам А. Бужанскі. Гэта артыкулы, прысвечаныя Івану Саланевічу, творчасці Максіма Танка, паэмам Міхася Машары, спеваку Паўлу Пракапені і іншыя.

Пасля Другой сусветнай вайны след Аўгена Бартуля губляецца дзесьці на Захадзе. Вядома толькі, што ў 1947 годзе ён яшчэ быў жывы…

Да сказанага вышэй хочацца ўсё ж дадаць, што з гісторыі беларускай літаратуры Аўгена Бартуля выкінуць і выкрасліць немагчыма. Ён быў вельмі таленавітым і дасведчаным чалавекам. Перажыць усе тыя катаклізмы, якія адбываліся найперш у коле творчай беларускай інтэлігенцыі і палітычныя падзеі ў Заходняй Беларусі ён не змог.

Данінай яго светлай памяці няхай будзе ягоны першы паэтычны зборнік „Князёўна”, які я падрыхтаваў да друку. А чытачам „Часопіса” прапаную некалькі вершаў з яго літаратурнай спадчыны.

Сяргей Чыгрын

Бунтаўшчык

Я з ветрам – як сябра,
Я з ім – як з сваім!
Я – сябра і з дымам,
Я – вольны, як дым!
Кручуся, ірвуся
Ўгару, у прастор!
Я – вольны, я – буйны,
Ірвуся да зор!
Як вырвусь, дык разам
Ў прастор крутану,
Памкнуся, як віхар,
Да зор шыбану.
Сарву з неба зорку,
Пушчу на зямлю.
У даль зноў памкнуся! –
Быць вольным люблю!
За хвілю шалёнства
Я ўсё, ўсё аддам! –
Я мкнуся, каб згінуць!
Я – сам сабе пан!

Дзвінск, сакавік, 1926 г.

 

Вечар працоўных

Гаснуць апошнія коскі,
Кладуцца вячэрнія цені.
Хмаркі гараць пазалотай, —
Паволі слабеюць прамені.
Як быццам журба аб мінулым, —
Адценак жалобы разліты.
Чырвона-ліловай імглою
Ўвесь захад, што фарбай, пакрыты.
Гэта дзень да канца падыходзе.
Хутка ноч – на спачынак працоўным!
І з’яднаныя працай агульнай
Ідуць людзі ў натоўпе агромным.
Ідуць людзі, нясуць сваю працу,
Ідуць шляхам,
што ўецца крывава!
Ад рук ў мазалях – моцай вее!
Постаць кажа: „ Мы – сіла, мы – права!”

Дзвінск, люты, 1926 г.

 

З песняў маладосці

Праз шумны і шэры
Рад цяжкіх няўзгод,
Мы поўныя веры
Ідзём у паход.
Ідзём з вольным клічам:
„Гэй, брат, не стагні,
З бадзёрым абліччам
Да сонца цягні”.
Скуём, пабудуем
Стальныя рады,
Жыцця не шкадуем,
Дамо заўсяды,
Як толькі пакліча
Народ, мы пайдзём,
Няхай на нас ліча,
Мы ўсё аддадзём
За шчасце і долю
Свае стараны,
Мы любіма волю,
Мы – волі сыны.
Дык смела й вясёла
Цемру развеем,
Мы іскры наўкола
Ветрам рассеем,
Сцяною ірдзістай
Туды з усіх сіл,
Дзе краскай агністай
Цвіце небасхіл.

1927 г.

 

***

Браты мае, нас не адзін мільён,
Аднак ўкруг нас яшчэ туман,
Яшчэ нас змуча змора-сон
І цяпер смокча кроў кажан.Над нашым краем плыве стогн,
Нядолі стогн  зычыць між хат.
Плыве усюды і праклён,
Ў адчаі брата цісне брат.
Плыве праклён, нясецца стогн,
Ці ж сілы брацця ў вас няма?
Ці ж вечна будзе зычэць ён?
Ці ж так бяздольна старана?
Браты мае, ўзнясема трон,
Для Волі выведзем пасад.
Мы працай злучымся і стогн
Замоўкне, сціхне каля хат.
Замоўкне стогн і згіне сон
І блісне сонца з па-за хмар…
Браты! Нас не адзін мільён,
Наш край – вялізны ёсць абшар.
Патрэбна праца, а ёй ў тон
Ударам моцным загучыць
Наш вечавы, наш Волі звон,
Наш край паўстаў й будзе жыць!

                                                     1928 г.

 

Бацькаўшчыне

Для цябе збудаваў я алтар
ў сваім сэрцы,
У вопратку казак прыбраў я яго,
Для цябе, што стагнала
ў чужой паняверцы,
Што знявагі цярпела
й ад сына свайго.
Прад вяліччам тваім
я схіліўся ў пакоры,
Прад вяліччам тваім,
Прад цярпеннем тваім,
І душа бунтавала, як хвалі на моры,
Дый спявала ўскрашэнню твайму,
маці, гімн.
Даражэйшае шчасце тваё мне за волю,
За ўсялякія скарбы зямлі, за жыццё,
Бо і што ж мне жыццё
ў параўнанні з табою,
Ты ўладар майго сэрца, маё багаццё.
І я вырву бунтарнае сэрца ў ахвяру,
Дый злажу я яго
на твой слаўны алтар.
Потым вып’ю
спакойна прызначання чару,
Дык прымі маё сэрца,
вазьмі яго ў дар!

Вільня, 1928 г.