Змаганне суправаджае чалавечае жыццё. Гэта змаганне паміж любоўю і самалюбствам. Любоў у адступленні.
Мой жыццёвы досвед падказвае, што хрысціяне асабліва думаюць пра Бога толькі, у прынцыпе, двойчы ў год: у Ражджаство і Вялікдзень. Ну, і, вядома, калі здарыцца нейкае няшчасце ў найбліжэйшым акружэнні, паводле народнай мудрасці: „Калі трывога, то да Бога”. Факт – слова „Бог” людзі ўжываюць штодзённа, забываючы, што Свяшчэннае Пісанне забараняе ўжываць яго „всуе” – дарэмна. Але ёсць людзі, якія Богу прысвячаюць вялікую долю свайго жыцця.
Па-мойму, прызванне, гэта перакананне, што трэба трымацца нейкага акрэсленага ладу жыцця. Бог у сваёй вялікай дабрыні дае людзям мноства дароў, напрыклад сілу, здароўе, мудрасць. Чалавек быў першым адлюстраваннем Бога. Нашы істоты Бог стварыў на свой вобраз і падабенства і вызначыў кожнаму чалавеку нейкае даручэнне, місію. Кожны чалавек мае нейкі Божы дар, які нас радуе, які трэба берагчы і памнажаць – дзякуючы такім чынам Богу – раздзяляючы яго
з іншымі.
Некаторыя людзі служаць Богу ў якасці місіянераў, манахаў, пустэльнікаў, святароў ці катэхетаў. У некаторых гэта частка доўгай сямейнай традыцыі, іншыя прывязваюцца да Царквы з наймалодшых гадоў. Заўважаю таксама, што такая прывязанасць часам бывае метадам пракладкі жыццёвай дарогі, ангажавання – афіцыйнага ці неафіцыйнага – у палітыку розных узроўняў.
Калі я вучыўся ў сярэдняй школе, адзін мой аднакласнік прызнаваўся мне, шо марыць мець маёнтак і багацце, каб яго паважалі. Меў ён вясёлы і лагодны характар, не прападаў за мацнейшым і прысмакамі, але вельмі цягнула яго да дзяўчат. Нішто не прадвяшчала, што адыдзе ён ад вывучанай прафесіі механіка. Але так здарылася, што апынуўся ён у Амерыцы, дзе стаў бацюшкам.
Да прызвання адносяцца па-рознаму нават асобы духоўныя. Вось такі адзін, родам з поўдня краіны, з якім я вёў інтэрв’ю, здзівіўся перада мною: «Прызванне – а што гэта такое?». Я не мог яму адказаць. І пакінуў гэтую тэму.
Мне асабіста сфера духоўнасці таемная, іншая ад рэчаіснасці, задзіўляючая і прыцягальная. Хаця я ад яе збоку, то ўсё ж люблю пра духоўнасць чытаць, пісаць, гутарыць з людзьмі, а найбольш люблю фатаграфаваць; лічу, што гэта таксама мой атрыманы ад Бога дар. Ад трыццаці двух гадоў сістэматычна фатаграфую падзеі з жыцця Арлянскага прыхода, важнейшыя святы, візіты іерархаў, прыхаджан, збудаванні. Мяркую, што ў будучыні ўдасца мне наладзіць фотавыставу і мультымедыйную прэзентацыю, у тым ліку і з маімі артыкуламі ў беларускіх газетах, на гэтую тэму. Бо ж, можна так сказаць, і газеты спрыяюць майму дару ад Бога.
Настаяцелем Арлянскага прыхода ад восені мінулага года а. Славамір Хвойка. Ад некалькіх гадоў у Орлі таксама малады а. Андрэй Жукавіцкі. Ад 15 жніўня 1996 года ў Орлі вікарый а. Анатоль Такаюк. Настаяцелем ад 1962 года быў а. Аляксандр Такарэўскі, народжаны ў 1929 годзе, зараз ён ганаровым настаяцелем і ў кожную нядзелю даязджае ў Орлю з Бельска-Падляшскага; так мне прызнаўся:
– Святарскае прызванне, мабыць, было ў мяне з дзяцінства. Вялікае значэнне меў таксама і той факт, што некаторыя мае сямейнікі здаўна працавалі ў карысць Царквы. Дзед Пётр Такарэўскі быў псаломшчыкам у Корніцы. Дзядзька быў святаром у Бельску-Падляшскім і шмат часу выконваў абавязкі благачыннага. І мой лёс так склаўся, што пасля смерці бацькі ў 1942 годзе жыў я ў свайго дзядзькі, які тады быў святаром у Мілейчычах. Ён ставіўся да мяне як да роднага сына, быў для мяне аўтарытэтнай асобай. Любіў я гутарыць з ім на розныя тэмы, суправаджаць яго ў ягоных вандроўках. Сістэматычна наведваў я царкву, удзельнічаў у службах: чытаў, спяваў, прыслугоўваў. Ужо тады вывучаў я «часаслоў» на памяць. Усё гэта мела ўплыў на маё святарскае прызванне.
Айцец Аляксандр Такарэўскі служыць у Орлі ўжо пяцьдзесят пяць гадоў. Тут людзі яго вельмі паважаюць за сумленнасць, добрае кіраванне прыходам у мінулым і – асабліва – за сардэчныя і ўважлівыя адносіны да іх.
З Арлянскага прыхода выводзіцца многа святароў, у іх ліку і ўжо не жывучы сын настаяцеля Георгій; шмат з вёскі Пашкоўчына. Фама Стэмпа з Тапычкал, які тэалогію вывучаў у Варшаве і Румыніі, прызнаваўся мне, што ягоныя жыццёвыя планы фарміраваліся з дапамогай нашага настаяцеля, калі з пятага-шостага класа пачатковай школы аж да трэцяга класа ліцэя прыслугоўваў у арлянскай царкве, пазней прымаў удзел у з’ездах праваслаўнай моладзі на Грабарцы, паломнічаў з беластачанамі і гайнавянамі. Айцец Фама падкрэсліваў: «Вельмі важна не забываць пра сваю рэлігію, пра атрыманую ў спадчыне ад продкаў веру. Трэба працягваць традыцыю і рупіцца пра сваё духоўнае развіццё. Нельга забываць, што на першым месцы Бог, бо тады ўсё будзе складвацца па Ягонай і нашай волі».
Людзі, прагныя ідэальна здзяйсняць прынцыпы сваёй рэлігіі, яднаюцца ў ордэны. З Арлянскага прыхода выводзяцца таксама многія манахі і манашкі.