Наша спадчына
Грамадска-палітычная, літаратурная і гаспадарчая газета Беларускага сялянскага саюза „Сялянская ніва”выдавалася з 6 снежня 1925 года да 7 ліпеня 1930 года ў Вільні на беларускай мове два разы на тыдзень. Выдаўцом і рэдактарам яе быў Фабіян Ярэміч (1891-1958).
Ужо ў першым нумары „Сялянскай нівы” чытачы тады заўважылі смелы верш „Кахаю Беларусь…”. Пад вершам стаяла толькі імя – Алёна. Потым газета яшчэ некалькі разоў публікавала вершы Алёны. У недасканалых паэтычных радках адчувалася, што аўтарка мае паэтычныя здольнасці і дужа перажывае за свой народ, за сваю Бацькаўшчыну, якую моцна кахае і не хоча, каб Беларусь была „служкай розных слуг”.
Паэтка Алёна, як іншыя беларускія паэты, якія друкаваліся на старонках „Сялянскай нівы” смела адстойвала сваю тактыку барацьбы за нацыянальную незалежнасць. Газета з кожным нумарам станавілася ўсё больш папулярнай, а на яе старонках друкаваліся вершы паэтаў Міхася Васілька, Макара Краўцова, Гальяша Леўчыка, Франука Грышкевіча, Пятра Сокала, Язэпа Драздовіча і многіх іншых заходнебеларускіх аўтараў.
Хто такая паэтка Алёна – невядома. Ці гэта проста псеўданім, ці гэта на самай справе жыла ў Заходняй Беларусі сялянская паэтка, лёс які нам зусім невядомы? Але засталіся яе паэтычныя радкі, напісаны ажно ў 1925 годзе. І мне здаецца, што сваёй актуальнасці вершы Алёны не страцілі і сёння. Два
з іх – „Кахаю Беларусь…” і „Праўда аб Беларусі” прапаную чытачам „Czasopisu”.
Сяргей Чыгрын
Алёна
Кахаю Беларусь…
Кахаю Беларусь сучасную – выснену,
Сялянскім сэрцам, ратая душой.
Кахаю творчым дзелам, а не мыслена,
Кладу падмурак мазольнаю рукой.
Кахаю радасным каханнем будаўнічага,
Што кінуў цераз пропасць мост-праход.
Кахаю гордасцей я погляду мужычага
На свой аруд, дзе зверхам умалот.
Кахаю моцай, блескам току электрычнага,
Што сонцам – чарам апраменіць край.
Калі і паляшук задзівіць энергічнасцяй
І загрыміць з пагрозай: не чапай!
Кахаю палкасцяў агонь – каня сталёвага,
Што нетрам і аблогам дзень і ноч
Разводзяць творчы рух, жыццё адмысловае,
Наперад, напралом імчыць наўскоч.
Кахаю дзействам спорным я нутра фабрычнага –
Машынаў дабрадзеек сакатух…
І не люблю мацней узрыва вулканічнага
Я Беларусь, як служку розных слуг.
1925 г.
Праўда аб Беларусі
Вынеслі раз пастанову
Даць святочну абнову
Для батрачкі Беларусі.
Апранулі тым і гэтым
На зайздрасць ўсім кабетам –
То завяліка, то душыць.
Клікнулі краўцоў з усходу –
Навярнула іх з заходу.
Ўрэшце ніваю-тканінай
Беларусь – красу дзяўчыну
Селянін сам упрыгожыў.
Зноў рашылі дабрадзеі
Выдаць замуж нашу жнею
За багатага суседа.
Панічы таўкліся хмарай,
А працоўніца ім жара:
„Не пайду за дармаеда!”.
І купец-брухач з усходу,
Шляхціч-махціц аж з заходу
Хвігу з’елі такжа жвава.
Бо сялянін быў ён мілы,
З ім на век саюз зрабіла
Дзеля шчасця, добрай славы!
1925 г.