Лекі з поля і лесу
(Працяг)
Рэцэпт № 3..Выдатныя народныя сродкі – лімон, пятрушка і часнык, на аснове якіх рыхтуецца наступны лек для лячэння падстраўнікавай залозы. Лімон трэба вызваліць ад костачак, але не чысціць ад лупіны, яшчэ лепш – узяць гатунак лімона, у якім няма костачак зусім. Такім чынам, у лупінах, але без костачак лімоны ў колькасці 1 кг, а таксама па 300 гр. часныку і пятрушкі перакруціць пры дапамозе мясасечкі і змяшаць. У прынцыпе, на гэтым сродак для лячэння падстраўнікавай залозы можна лічыць гатовым, захоўваць яго можна
ў халадзільніку, пажадана ў посудзе са шкла, напрыклад, у слоіку. У працэсе лячэння сродак неабходна прымаць па 1 ч.л. тройчы ў дзень, за 15 мін. да ежы. Для больш моцнага эфекту сродак можна запіваць спецыяльным настоем з лісця суніцы, чарніцы, брусніцы, які рыхтуецца наступным чынам. Лісце пералічаных раслін, а таксама кукурузныя лычыкі і струкі фасолі адмераць у роўных частках і, склаўшы ў тэрмас, заліць кіпенем, пакінуўшы такім чынам на некалькі гадзін запар. Запіваць трэба так: 1 ч.л. прапанаванай вышэй сумесі запіваецца трэць шклянкі настою. Гэтым досыць эфектыўным спосабам варта лячыцца на працягу трох месяцаў.
Рэцэпт №4. Рыхтаваць гэты сродак варта з вечара, для чаго нам спатрэбіцца пакет кефіру – паўлітра,
а таксама адна шклянка грэчкі. Грэцкія крупы неабходна старанна прамыць, а затым заліць іх кефірам, пасля чаго пакінуць настойвацца. Па сканчэнні 12 гадзіны падзяліць атрыманую сумесь на дзве роўныя часткі, адну з якіх з’есці як сняданак, а другую – як вячэру. Карысна было б абыходзіцца без іншых прыёмаў ежы хоць бы на працягу двух-трох дзён, хаця на абед можна зварыць агародніннае рагу, часам можна дазволіць сабе што-небудзь з садавіны. Такой дыеты варта прытрымлівацца на працягу 10 дзён, пасля чаго на той жа тэрмін зрабіць перапынак і паўтарыць усё зноў. Людзі, якія ўжылі на сабе дадзены спосаб, адзначаюць, што паляпшэнне наступае ўжо праз некалькі дзён, болі спыняюцца, адчуваецца лёгкасць у целе, уздуцце кішэчніка праходзіць.
Бабка – трыпутнік
Гэтая шматгадовая травяністая расліна знаёма кожнаму. У яе простае голае сцябло з дробнымі кветкачкамі наверсе, сабранымі ў коласавіднае суквецце. Лісце – у прыкаранёвай разетцы, шырокія, завостраныя,
з трывалымі жылкамі. Плён – яйкападобныя скрыначкі з бліскучымі зярняткамі. Цвіце ўсё лета. Сустракаецца паўсюдна, расце ля дарог, на пустках, каля хат.
Ужываюць лісце, суквецці, карані, насенне і свежы сок. Гаючыя ўласцівасці трыпутніка былі вядомыя яшчэ старажытным рымлянам і грэкам, арабскім і персідскім лекарам. Ён валодае антысептычным, абязбольвальным, ранагаючым, адхарквальным дзеяннямі, ачышчае кроў, узмацняе сакраторную функцыю страўніка. Свежы сок эфектыўны пры гаенні ран, фурункулах, ацёках і ўдарах, укусах насякомых. Насенне, дзякуючы ўтрыманню слізі, дзейнічае змякчальна, ахінальна, супрацьзапаленча, бактэрыцыдна, спазмалітычна і далікатна-паслабляльна. Выкарыстоўваюць трыпутнік пры гемароі, хваробах мачавых шляхоў, малярыі. Не варта ўжываць яго ўнутрана пры падвышанай кіслотнасці страўніка і схільнасці да згортвання тромбаў. Вонкава лісце прыкладваюць да язваў з «дзікім мясам», пры зубным болю. Адварам насення прамываюць вочы пры запаленні. З маладых лісткоў рыхтуюць вітамінныя салаты і дадаюць
у страў. Экстракты з бабкі ўваходзяць у склад крэмаў і ласьёнаў. Пры парэзах, напрыклад пальца, дастаткова сарваць свежы ліст трыпутніка, вымыць, прыкласці да раны, і кроў спыняецца. Настой з трыпутніка ўжываюць пры захворваннях: страўніка, кішэчніка і хранічным гастрыце. Вонкава ўжываюць для лячэння гнойных ран, пры запаленні вачэй. У народнай медыцыне трыпутнік і прэпараты з яго ўжываюць пры коклюшы, запаленні вачэй, пры бранхіяльнай астме, сухотах, захворваннях мачавога пухіра. Адварам з лісця трыпутніка палошчуць рот пры парадантозе, запаленчых працэсах у паражніне рота.
Настой рыхтуюць так: адну сталовую лыжку здробненага лісця трыпутніка заліваюць шклянкай кіпеню, настойваюць 15 хвілін, працэджваюць, выкарыстоўваюць для паласкання, п’юць па сталовай лыжцы тры разы на дзень, хвілін за 30 да ежы.
Рыхтуюць парашок з трыпутніка так: сушаць лісце, здрабняюць у парашок, прысыпаюць парашком з лісця драпіны, язвы, пролежні, раны (калі няма свежых лісткоў).
Для лячэння запалення вачэй: лыжку сухога лісця трыпутніка заліваюць шклянкай кіпеню, кіпяцяць дзве хвіліны, настойваюць паўгадзіны, працэджваюць і робяць кампрэсы на вочы.
Кампрэсы з трыпутніка таксама дапамагаюць для лячэння ран, скурных захворванняў, фурункулаў, апёкаў. Для гэтага свежыя, вымытыя лісткі трыпутніка здрабняюць, накладваюць на тканіну, затым прыкладваюць да раны і мацуюць бінтом. Можна выкарыстоўваць і сухое лісце, папярэдне патрымаўшы іх дзве хвіліны ў кіпені. Таксама можна прыгатаваць настой з насення трыпутніка, які выкарыстоўваюць пры запаленні мачавога пухіра – ён дзейнічае мякка слабільна. Рыхтуюць настой так: дзве сталовыя лыжкі насення заліваюць шклянкай кіпеню, кіпяцяць каля дзесяці хвілін, працэджваюць, прымаюць па адной сталовай лыжцы на ноч.
Як нарыхтоўваюць трыпутнік лекавы?
Перш чым ужываць карысную траву, варта вывучыць віды, якія растуць у канкрэтнай мясцовасці. Зразумела, выкарыстоўваць лісце або іншыя фрагменты ў лячэбных мэтах можна, калі трыпутнік сабраны ў экалагічна чыстым месцы, удалечыні ад дарог, прамысловай вытворчасці, месцаў выгулу хатніх жывёл. Гэтае зелле мае ўласцівасць збіраць і назапашваць шкодныя рэчывы з глебы і паветра. Таксама не трэба збіраць хворых або пашкоджаных шкоднікамі раслін.
У залежнасці ад часткі трыпутніка, неабходнай для лячэння таго ці іншага захворвання, збіраць і нарыхтоўваць лепш лепш у вызначаны час, калі канцэнтрацыя карысных уласцівасцяў ў ім максімальная. Лісце трыпутніка, сцёблы і кветкі найбольш карысныя ў перыяд пасля цвіцення і да пачатку даспявання насення. На лісці характэрны малюнак, з вялікімі жыламі. Іх лепш збіраць на працягу 60 дзён пасля пачатку цвіцення. Насенне набірае найбольшую гаючую сілу да моманту паспявання. У каранях максімальная карысць здароўю аказваецца восенню, у верасні-лістападзе. Зразумела, варта ўлічыць канкрэтныя мясцовыя ўмовы, геаграфічнае становішча, спрыяльнае або не надвор’е
ў канкрэтным годзе.
Раслінная сыравіна падчас збору і нарыхтоўкі не павінна быць вільготнай. Яе лепш сушыць у прахалодным
і цёмным месцы, што забяспечыць доўгае далейшае захоўванне. Не варта збіраць сыравіну па расе або падчас дажджу, бо існуе небяспека, што яна згніе падчас высушвання.
Трыпутнік выдатна захоўваецца ў драўляных скрынках.
Міраслава Кастанчук
Працяг будзе