„Басовішча” – 25-ы раз – Юрка Хмялеўскі (9/2014)

Ва ўрочышчы Барык у Гарадку 18-19 ліпеня прайшоў 25-ты Фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча – 2014”. Выступілі выканаўцы, якія ў большасці вядомыя з папярэдніх выпускаў. З увагі на юбілейны характар канцэртаў не было таксама конкурсу, у якім звычайна бяруць удзел маладыя беларускія і польскія гурты.
Як першы выступіў гурт Тлушч з Мінска, які ўзнік толькі ў мінулым годзе, хаця яго ўдзельнікі даўно з сабою знаёмыя, як і ў панк року, які іграюць.
Пасля на сцэну ўвайшоў заснаваны ў 1999 г. гурт :B:N. з Бярозы, які стаў пераможцам „Басовішча” ў 2002 г.
Як наступны мяшанку року, гіп-гопу, ска і фанку зайграў мінскі гурт IQ48, заснаваны ў 2000 г., пераможца „Басовішча” ў 2003 г.
Затым на сцэне паявіўся фольк-метал-гурт Літвінтролл таксама з Мінска, заснаваны ў 2005 г.
Ужо змяркала, калі на сцэну ўвайшоў адзіны таго дня гурт з Беласточчыны, ад беларускай мяншыні ў Польшчы, – 5set5. Узнік ён у Гарадку ў 1998 г., калі гэтая мясовасць ўрачыста адзначала сваё 500-годдзе (адтуль і назва). З вядомай вакалісткай Ілонай Карпюк у гурце граюць гарадоцкія і міхалоўскія музыкі.
Пасля выступіў гурт Re1ikt, таксама добра вядомы ў Гарадку, не толькі з „Басовішча”, але і канцэрта ў рамках „Бардаўскай восені”. Гурт узнік у 2001 г. у Светлагорску.
Першы дзень фестывалю завяршыў легендарны гурт ZNICH, які ўзнік у Мінску ў 1996 г.
Другі дзень адкрыў Nizkiz з Магілёва. Затым на сцэне з’явілася легендарная Троіца з харызматычным музыкай Іванам Кірчуком. Група, якая выконвае музыку ў стылі folk-fusion, з 1995 г. дала больш за сто канцэртаў у Беларусі, Польшчы, Германіі, Галандыі, Аўстрыі, Венгрыі, Расеі, Бельгіі, Партугаліі, Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіне.
Безумоўна, найбольшай падзеяй юбілейнага „Басовішча” стаў канцэрт незвычайнага гурта АБ-БА Аркестр, які ўзнік вясной гэтага года менавіта з нагоды юбілею фестывалю. Гэта група 25 вучняў Пачатковай школы No 4 у Беластоку і музыкі з Гарадка ды Міхалова пад кірункам Паўла Азяблы. Выканалі яны песні-хіты, якія на працягу апошніх 25-ці гадоў прагучалі ў Барыку. Лідары гуртоў, якія іх выконвалі, выступілі цяпер разам з дзеткамі. Былі гэта м.інш. Лявон Вольскі (заадно артыстычны кіраўнік праекта), Ігар Варашкевіч (з Крамы), Юрка Асеннік (з Р.Ф. Брага). Апякункай дзіцячай групы з’яўляецца Аліна Ваўранюк, настаўніца беларускай мовы ў ПШ No 4.
Пасля выступілі яшчэ польскі гурт R.U.T.A., Крама (адзіны гурт, які іграў на першым Басовішчы), украінскі рок-гурт Гайдамакі, а завяршыў фестываль гурт „цяжкай” музыкі ТТ-34 з Гомеля.
Вядучым быў беларускі рэпер Вінсэнт. „Басовішча” сарганізавалі, так як у мінулым годзе, Беларускае аб’яднанне студэнтаў ды Фонд Villa Sokrates. Многія з маладых арганізатараў – валанцёраў – гэта ўжо дзеці тых, хто арганізаваў першыя выпускі „Басовішча”.
Галоўнымі спонсарамі былі – так як у мінулым годзе – Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі ды Міністэрства замежных спраў (у рамках польска-беларускіх дзеянняў).

У тэксце выкарыстаны інфармацыі з запісу трансляцыі фестывалю на сайце Радыё Рацыя.

18 Comments

Comments are closed.