Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара

Сучаснае жыццё – нягледзячы на няспынную экспансію ўсё новай і новай тэхнікі, электронікі ды аўтаматыкі – у многім напамінае першабытную цывілізацыю рысункаў-абразкоў. Розніца такая, што іх цяпер проста процьма, бо куды не глянеш, усюды рэкламы, плакаты, аб’явы… А найбольш заўладзелі намі рухомыя абразкі – тэлебачанне, інтэрнэт, смартфоны і іншыя падобныя цацкі. Давяло гэта да таго, што час і адлегласць не маюць ужо такога значэння як калісь. Цяпер жывем у няспынным руху, усё кудысьці спяшаем. А калі нават не перамяшчаемся, то ўвесь час падарожнічаем у думках – услед за патокам масавай інфармацыі, які ліецца з медыяў.

На жаль, звычайнае пісанае слова ў бурлівым і шумным рэкламна-інфармацыйным моры на паверхнасць ледзь ужо прабіваецца. Гэта не спрыяе рэфлексіі і задуме, што ў жыцці проста неабходнае. Безумоўна для традыцыйнага месца і спосабу распаўсюджвання ведаў, абмену думкі і дыскусіі пры дапамозе звычайнага друку як у нашым Часопісе, сучасныя цывілізацыйныя абставіны з’яўляюцца вялікім выклікам. Але нягледзячы на ўсё, я ўпэўнены, што варыянт на паперы ўсё-такі больш вартасны ад электроннага, хаця мабыць менш практычны, асабліва для моладзі. Трэба, аднак, заўважыць, што новае інтэрнэтнае пакаленне наогул амаль не ўглыбляецца ў тое, што піша і чытае. Бо і як тут углыбляцца ў бліскучы экран камп’ютара ці смартфона, дзе тэкст паяўляецца і знікае. І хаця ў адрозненні ад паперы там проста неабмежаваны аб’ём, то на даўжэйшыя тэксты няма там нават месца, а папраўдзе часу. Карыстальнікаў такога пераказу цяжка нават назваць чытачамі, хутчэй за ўсё яны проста аглядальнікі. Ну і культура слова там надта нядбайная. На сайтах аўтары пішуць абы-хутчэй, не зважаючы на моўныя і граматычныя памылкі. Але на гэта мала хто звяртае ўвагу, электронныя тэксты хутка знікаюць з вачэй, жывуць яны надта коратка – дзень, два. А надрукаванае, кажуць, вечнае. Напішаш пяром – не вырубаеш тапаром.

Хтосьці можа падумаць, што я вораг інтэрнэту. Нічога падобнага, бо я вельмі часта ім карыстаюся, паколькі ў рэдактарскай і журналісцкай працы вельмі ён прыдатны. Але поўнасцю перайсці Часопісу ў інтэрнэт, што некаторыя нам раяць (не толькі Ян з Прагі), было б вялікай стратай. Дарэчы, нават буйныя выданні з гэтым не спяшаюцца, не гатовы яшчэ да такой рэвалюцыі.

Усё-такі інтэрнэт таксама дае магчымасць унутранага інтэлектуальнага развіцця, паглыблення ведаў, рэфлексіі. Як ні дзіўна, знаходзяцца маладыя пасіянаты, якія пры дапамозе інтэрнэтных рэсурсаў у просты спосаб умеюць прэзентаваць надта цікавыя сацылагічныя і іншыя з’явы, аналізаваць розныя змены, што адбываюцца ў сучасным свеце. Нядаўна выпадкова даведаўся я пра г.зв. экстрэмальную картаграфію. Прыдумаў яе хлопец са Шлёнска быўшы яшчэ студэнтам эканоміі, цяпер ён жыве і працуе ў Варшаве. Мае старонку ў фейсбуку, на якой публікуе „экстрэмальна цікавыя карты-мапы” (адтуль і назва). Гэта тыя абразкі, ад якіх пачаў я вось свой тэкст. Сапраўды, маюць яны ў сабе столькі скандэнсаванай інфармацыі, што каб запісаць гэта тэкстам, трэба было б напісаць даўжэзны артыкул. І наўрад ці быў бы ён такі выразны і зразумелы.

Знаёміцца з „экстрэмальнай картаграфіяй” я пачаў ад незвычайнай карты з пазначанымі месцамі паходжання жыхароў Беластока, узятымі з даступнага ўсім у інтэрнэце рэестру PESEL. Што праўда, для мяне нічога тут адкрыўчага ці неспадзяванага. І без гэтай карты вядома, што насельніцтва сталіцы Падляшскага ваяводства складаюць пераважна выхадцы і іх нашчадкі з навакольных вёсак і мястэчак. Але тут відаць гэта як на далоні. Наехаўшы мышкай на Крынкі, Орлю, Кнышын ці Лапы паяўляецца дакладны лік народжаных там беластачан. І хаця значная частка жыхароў падляшскай сталіцы гэта ўжо ўраджэнцы Беластока, то карані маюць яны нетутэйшыя, бо 300-тысячны цяпер горад над Белай яшчэ70 гадоў таму быў адносна невялікі, знішчаны і абезлюднелы ў выніку вайны. Адразу хлынулі сюды Ванькі, Ваські і Любкі з усходу ды Казі, Стаські і Ядзькі з захаду. І так узнік шматкультурны, польска-беларускі ды каталіцка-праваслаўны цэнтр Падляшша. У такі ж спосаб выраслі Саколка, Бельск-Падляшскі, Гайнаўка ці Сямятычы. Для гэтых нашых гарадоў варта было б таксама разрысаваць падобныя камп’ютарныя карты як у выпадку Беластока. Можа нехта возьме прыклад з таго шлянзака і штосьці такое апрацуе. Даю гэта пад развагу настаўнікам інфарматыкі белліцэяў у Бельску і Гайнаўцы. Тым больш, што ў такі цікавы спосаб можна і візуальна разрысаваць нацыянальную структуру насельніцтва. Дарэчы, стваральнік экстрамальнай картаграфіі зрабіў гэта для шлёнскай меншасці, найвялікшай у Польшчы, хаця афіцыйна непрызнаванай. Апрацаваў таксама карту, на якой зазначыў паветы ў Польшчы, дзе наогул пражываюць нацыянальныя меншасці. Атрымалася сапраўды экстрэмальна цікава. Карта паказвае, што няпольскае насельніцтва ў краіне гэта як кропелька ў моры. Але адзінай белай плямай, дзе палякаў менш за 25 прац., як ні дзіўна, з’яўляецца наша Гайнаўшчына. Цікава, праўда?

Безумоўна, такая візуальная (абразковая) камп’ютарная тэхніка з дапамогай інтэрнэту можа быць прыдатная, каб лепш памятаць, зразумець ці сабе ўсвядоміць, хто і адкуль мы. Дарэчы, дыскусіі пра беларускія справы ў фейсбуку або на розных сайтах ці інтэрнэт-форумах чамусьці найчасцей ялавыя, безвыніковыя, бо паклікаючыся нават на элементарную праўду мы не ў змозе пераканаць там апанентаў да сваіх рацыяў. Яны нас не хочуць нават слухаць, шпараць абы-што, каб толькі насуперак. І наогул, інтэрнэт не ёсць (яшчэ) занадта «апініятворчы». Толькі што цяпер ёсць ствараючым грамадскую думку, дзе шукаць аўтарытэтных выказванняў?

На жаль, рэвалюцыйныя цывілізацыйныя і тэхналагічныя змены, якія адбыліся за апошнія дзесяцігоддзі, амаль цалкам памянялі краявід, з якога мы, беларусы, выйшлі. А выйшлі мы з вёсак, якія ў выніку перамен не толькі абезлюднелі, але і страцілі свой непаўторны, традыцыйны, тыпова беларускі менавіта характар. Мы не дапільнавалі і згубілі вялікую нацыянальную каштоўнасць. Мне прыходзіцца вось вельмі часта пераязджаць на аўто праз нашы вёскі. Ахоплівае мяне жаль, калі гляджу на архітэктурны балаган, прымітыўнасць і брыдоту адрамантаваных дамоў. Яшчэ большы жаль ахоплівае, калі ўсведамляю, што рэдка хто гэтым пераймаецца. У жніўні міне вось ужо два гады, як няма з намі Януша Корбеля. Ён, хаця быў прыезджым і не-беларусам, моцна перажываў зніштажэнне прыгожага падляшскага краявіду, яго штучную ўніфікацыю. Веру, аднак, што не ўсё яшчэ страчана. Можам яшчэ штосьці сваё ў краявідзе нашых вёсак і мястэчак зберагчы. Тым больш, што ёсць прыклады, як можна гэта зрабіць. Да гэтай важнай тэмы напэўна ў Часопісе вернемся.