Амаль ужо два гады уладу ў Польшчы трымае Права і Справядлівасць. За гэты кароткі яшчэ час кіруючая партыя памяняла ўжо шмат законаў. Час пакажа наколькі гэтыя змены былі патрэбныя і апраўданыя. Ацэнку дадуць выбаршчыкі падчас наступных парламенцкіх выбараў, а таксама ранейшых самаўрадавых.
Нядаўна ПіС узялося за рэфармаванне судовага заканадаўства. Першы падыход, праўда, не ўдаўся. Прэзідэнт Анджэй Дуда нечакана адмовіўся падпісаць два з трох прагаласаваных у другой палове ліпеня ў Сойме, а пасля ў Сенаце, законаў – аб рэформе Вярхоўнага суда і навелізацыю закона аб Краёвай судовай радзе. Спроба фундаментальных змен у заканадаўстве дзяржавы выклікала шматтысячныя грамадскія пратэсты.
Палітыкі Права і Справядлівасці на чале са сваім старшынёю Яраславам Качынскім даказвалі як толькі маглі, што судовая сістэма ў Польшчы ёсць хворая. Таму, гаварылі, трэба найперш памяняць многіх суддзёў, якія судзяць неабавязкова на карысць ахвяр і незаўсёды аб’ектыўна. Хтосьці нават адкрыта сказаў, што былі выпадкі, калі суддзёў назначалі зверху, пасля нейкіх неафіцыйных тэлефонаў ад палітыкаў ці іншых важных асоб.
У часе, як ПіС перапіхвала такую рэформу, падпарадкаваныя ўладзе сродкі масавай інфармацыі, найперш публічнае тэлебачанне, падагравалі дзеля гэтага настроі ў грамадстве, даючы прыклады суддзёў-хабарнікаў ці нават зладзейнікаў у гіпермаркетах.
Шчыра кажучы, калісь меў я іншае чымсьці цяпер уяўленнне пра суды. Перадусім, як усё пакаленне з камуністычных часоў я доўга судоў проста баяўся. Маліўся, каб туды не папасці.
Калісь было намнога менш юрыстаў як цяпер, бо і менш было судовых спраў. Затое прафесія юрыста лічылася элітнай і мала хто меў да яе доступ. Юрысты мелі надта высокія заробкі, хаця бралі проста грошы ў кішэню. Ад нас беларусаў прабіцца туды было проста немагчыма. Дзверы юрыдычнага факультэта ва ўніверсітэтах былі для такіх як мы зачынены, не кажучы пра пазнейшыя спецыялістычныя аплікацыі – каб іх прайсці трэба было мець шырокія знаёмствы і канексіі, пераважна сямейныя.
Даволі нядаўна, бо калі Польшча ўвайшла ў Еўрасаюз, доступ да прафесіі юрыста стаў урэшце амаль свабодным, на роўных варунках для ўсіх здатных і ахвотных. Таму юрыстаў цяпер надта шмат. Найлепш відаць гэта па іх візітных табліцах на кожным кроку на будынках ці платах. Дайшло да таго, што юрыдычныя канцылярыі з’явіліся нават у невялікіх мястэчках такіх як Гарадок ці Кляшчэлі. Праўда, там адкрыты яны не кожны дзень і прымаюць у іх юрысты з Беластока, Бельска ці Гайнаўкі.
Аказваецца, кожны пяты грамадзянін хаця раз у жыцці меў стычнасць з судом. Прытым ажно 80 прац. грамадства кепска ацаняе працу судовага апарату.
Я таксама ў сваім жыцці некалькі разоў меў дачыненне з пракуратурай і судом. Праўда, не былі гэта сур’ёзныя і надта балючыя справы, але пасля гэтага досведу і я маю сумненні адносна юрыдычнага заканадаўства ў практыцы і дзейнасці судовай сістэмы ў Польшчы. Найперш абавязваючы закон надта разбудаваны і не заўсёды адназначны. Таму шмат залежыць ад падыходу пракурора ці суддзі. Прыпамінаецца вось шумная справа нашага тыднёвіка „Ніва” ўжо звыш дзесяцігадовай даўнасці. Мяне як члена яго выдавецкай Праграмнай рады таксама тады судзілі. Вышэйшая кантрольная палата знайшла нейкія хібы ў бухгалтэрыі тыднёвіка і павядоміла пра тое пракуратуру. Была ўзведзена крымінальная справа. Пракурор дамагаўся пакараць нас надта лагодна, найменш як можна. Выглядала на тое, што не выкруцімся, бо закон ёсць закон. Канец канцоў суддзя з нас, аднак, поўнасцю зняў віну. Прызнаў, што хібы былі, але ж не прынесла гэта нікому ніякай шкоды і затрат.
Так сабе цяпер думаю, ці на рашэнне суддзі тады не паўплывала часам грамадска-палітычная напружанасць. На працэсе з’явіўся нават устрывожаны сенатар Права і Справядлівасці Збігнеў Рамашэўскі. І падумаць толькі, што калі б нас тады не апраўдалі, не мог бы я, быўшы пэўна яшчэ ў рэестры пакараных, стаць у 2009 г. дырэктарам дома культуры ў Гарадку. Праз такую дробязь…
Шмат працы пракурорам і суддзям даюць цяпер парушэнні асабістай годнасці і выпадкі знявагі палітыкаў і чыноўнікаў, да якіх надта часта даходзіць у інтэрнеце. Такія выказванні пераважна на тонкай мяжы свабоды думкі ці дазволенай крытыкі. Пракуроры, да якіх трапляюць гэтыя справы, адпіхаюць іх ад сябе як толькі могуць. Пакрыўджаным чыноўнікам і палітыкам кажуць заводзіць судовыя справы самім, даказваючы, што няма падстаў да ўзбуджэння справы па лініі і з увагі на агульны грамадскі інтарэс. Але справа найчасцей не ў гэтым, толькі ў грашах. Бо разгляд гэтых спраў каштуе, вядома. Хаця б устанаўленне, хто з імя і прозвішча ананімна напісаў у інтэрнэце хлуслівыя і зняважаючыя кагосьці словы.
Пару месяцаў таму нейкія ідыёты вырашылі зняважыць і мяне як намесніка бургомістра Міхалова ў вачах жыхароў гміы, пра што я ўжо пісаў у майскім нумары. Напомню, што зачэпкай стала кніжка „Nasze tysiąc lat. Z Sokratem Janowiczem rozmawia Jerzy Chmielewski” ды нас палічылі „варожымі палякам” і пачалі пераконваць іншых у маім нібыта беларускім нацыяналізме. Але папраўдзе прыатакавалі мяне не як суаўтара кніжкі, бо перадусім як чыноўніка. Недаспадобы ім стала мая самаўрадавая актыўнасць у Міхалове з увагі на набліжаючыеся выбары ў наступным годзе. Таму раскінулі ананімкі афішкі-ўлёткі з тымі ж сказамі і каментарам абзываючым мяне ад „нацыяналістаў і шавіністаў”. Я не меў выхаду і павядоміў пракуратуру. Фармальна дапамог мне вядомы ў нашым беларускім асяроддзі юрыст Пятро Юшчук (дзякую табе, Пятро). Вядома, нічога з гэтага не выйшла. Маладзенькая пані пракурор, да якой трапіла мая справа, ад пачатку пераконвала мяне, што магу толькі сам накіраваць справу ў суд, бо не бачыць падстаў зрабіць гэта па сваёй лініі. Такое рашэнне замкнула мне далейшую дарогу, бо вінаватых за руку я ж не схапіў і ніхто не бачыў, як раскідалі яны тыя ж абсурдныя ўлёткі. Адно, што пракуратура пасля двух месяцаў разгляду справы адназначна прызнала, то тое, што так не робіцца і было парушэнне закону. Згодна з працэдурай, карыстаючыся магчымасцю, я з рашэннем пракуратуры не пагадзіўся і падаў яго ў суд. Справу прыдзялілі маладому суддзі і думаю, што невыпадкова якраз яму. Ужо на пачатку паседжання прызнаўся мне, што яго дзед пасля вайны як польскі рэпатрыянт выехаў з Гродна, а хтосьці з сям’і вывезены быў саветамі ў Сібір, бо нібыта заўдалі мясцовыя беларусы. З такім настаўленнем я ўжо ведаў, што нічога не даб’юся, але падняў з суддзёю цікавую дыскусію, паколькі несарыентаваны ён быў у сітуацыі нашай выміраючай беларускай мяншыі, адкуль мы тут узяліся і хто мы наогул. Хіба, аднак, крыху я суддзю супакоіў і трохі пераканаў, што мы як польскія беларусы нікому не павінны перашкаджаць, але наадварот – мы ёсць багаццем шматкультурнага рэгіёну Падляшша. У сваёй адмоўнай пастанове суддзя апраўдаў мяне нават з варожых папрокаў у беларускім нацыяналізме ў выдадзенай амаль дваццаць гадоў таму кніжцы.
Для мяне найважнейшае тое, што тая абсурдная спроба пашкодзіць мне ў працы на самаўрадавай пасадзе скончылася правалам. Мала хто з жыхароў Міхалоўскай гміны тыя ананімкі ўспрыняў сур’ёзна і амаль ніхто ўжо пра гэта не памятае.