Лёс сяброў гуртка беларускай моладзі

Гэтаму фотаздымку 105 гадоў. На ім стаяць злева направа Віктар Галаўня, Вітольд Віславух, Рамуальд Зямкевіч, Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Францішак Віславух, Альбін Яхандовіч, Людвік Славінскі, Гальяш Леўчык. Сядзяць злева направа Ванда Кандрацкая, Марыя Сталыгва, Марыя Залеская, Уладзіслаў Сталыгва, Язэп Гапановіч. На падлозе сядзяць дзеці Уладзіслава і Марыі Сталыгваў – Паўлінка, Маня і Геня.

 

Старое фота


Магчыма здымак быў зроблены на летніку Уладзіслава Сталыгвы ў 1912 годзе. Гэты летнік знаходзіўся недалёка ад Варшавы ў Ажарове (цяпер Ożarów Mazowiecki). Туды амаль штотыдзень прыязджалі беларусы, якія вучыліся і жылі ў Варшаве. Свае сустрэчы ў Сталыгваў беларускія юнакі і дзяўчаты называлі гуртком беларускай моладзі. Фактычна, гэта і быў першы гурток беларусаў у Варшаве напачатку ХХ стагоддзя. Таму што першыя беларускія студэнцкія гурткі з’явіліся ў Варшаўскім універсітэце ў 1913-1915 гадах. Але гэтыя гурткі былі больш асабістыя і насілі чыста таварыскі характар. Ды і вынікі іх працы былі невялікія. А пазней у Варшаве арганізоўваецца Беларускі камітэт, які ўжо пачаў сур’ёзна пашыраць нацыянальную самасвядомасць сярод беларусаў.

Але давайце вернемся ў 1912 год, калі быў зроблены гэты прыгожы здымак. Як склаўся лёс гэтых маладых асобаў з гуртка беларускай моладзі? Пра адных звесткі ёсць, пра іншых – даволі мала. Але вядома адно, што падчас сваіх сустрэч гэтыя беларусы шмат гутарылі пра родную мову, літаратуру, культуру, адукацыю, пра тыя падзеі, якія адбываліся вакол іх. Аб’яднаць беларусаў у Варшаве ў той час вельмі клапаціўся Гальяш Леўчык (1880-1943).

Гальяш Леўчык у Варшаву трапіў у 1904 годзе. Ён прыехаў са Слоніма, уладкаваўся на працу чарцёжнікам у гарадскі магістрат і наведваў лекцыі ў школе мастацтваў. За гэты час Леўчык знаходзіць у Варшаве шмат беларусаў, знаёміцца з імі, арганізоўвае сустрэчы, ладзіць вечарыны.

Жывучы ў Варшаве, Гальяш Леўчык сабраў вялікую і каштоўную бібліятэку, ён калекцыяніраваў усё беларускае: кнігі, паштоўкі, творы мастацтва, музычныя інструменты, значкі, фотаздымкі. На жаль, у гады Другой сусветнай вайны ўсё гэта бясследна прапала. Але гэта было пазней. А тады кожнаму беларусу Варшавы і беларусам, якія прыязджалі туды, Гальяш Леўчык з радасцю паказваў сваю калекцыю, дапамагаў матэрыяламі ў напісанні той ці іншай працы. Тады ў Варшаве жыў і яшчэ адзін беларускі калекцыянер кніг і рукапісаў Рамуальд Зямкевіч (1881—1944). Ён нават быў больш заўзятым калекцыянерам і бібліяфілам, чым Леўчык. Кажуць, што Зямкевіч не прапускаў ніводнай старой беларускай кніжкі, асабліва, калі яна „дрэнна ляжала”. У выніку ён сабраў найвялікшую калекцыю рарытэтаў, але, на жаль, і яго ўся калекцыя згарэла ў гады Другой сусветнай вайны. Добра, што Рамуальд Зямкевіч хоць паспеў апублікаваць некаторыя рукапісы ў друку. Не ведаю толькі, як яны мірыліся і сябравалі — два калекцыянеры, два вялікія аматары беларускіх кніг — Рамуальд Зямкевіч і Гальяш Леўчык…

Найбольш багатымі сярод усіх гэтых беларусаў, якія змешчаны на здымку, былі Сталыгвы. Летнік у Ажарове яму праектаваў архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869-1940). Архітэктар атрымаў добрую адукацыю, ён вучыўся ў Пецярбургу і ў Парыжы, меў дыплом архітэктара-мастака. У Варшаве Лявон Вітан-Дубейкаўскі жыў з 1910 года. Выкладаў будаўнічую справу ў Варшаўскай сярэдняй прамыслова-тэхналагічнай вучэльні інжынера Пятроўскага, а таксама стварыў уласную праектную фірму па будаўніцтве прамысловых і жылых дамоў. Шчыра сябраваў з многімі беларусамі, у тым ліку і з Уладзіславам Сталыгвам.

Пра Уладзіслава Сталыгву звестак захавалася мала. Ды і ніхто пра яго грунтоўна так і не напісаў. У адным з дакументаў-успамінаў Зоські Верас, датаваным 04.07.1985 годам, які захоўваецца ў маім уласным архіве,  напісана, што Уладзіслаў Сталыгва быў родам з Віцебшчыны. Сям’я заўсёды захоўвала беларускія традыцыі. Так, напрыклад, як прыгадвала Зоська Верас, на Запускі іх частавалі беларускімі нацыянальнымі стравамі, такімі, як верашчака, стояны кісель і іншымі. Гэта былі менавіта 1912-1915 гады.

У траўні 1906 года ў Пецярбургу была створана выдавецкая суполка „Загляне сонца і ў наша аконца”. Ва ўправу выдавецтва ўваходзіў і Уладзіслаў Сталыгва. Выдавецкую дзейнасць спыніла Першая сусветная вайна. Але сям’я Сталыгваў ужо ў 1910 годзе пакінула Пецярбург і пераехала ў Варшаву.

З Варшавы Сталыгвы перабраліся ў Вільню. А ў сакавіку 1915 года Віленская губернская ўправа па справах аб’яднанняў зацвердзіла статут Беларускага таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. І таварыства пачало працаваць. Старшынёй таварыства стаў Вацлаў Іваноўскі, а адным з сяброў таварыства быў Уладзіслаў Сталыгва. Пазней ён увойдзе і ў Беларускі нацыянальны камісарыят, які падтрымае Беларускую Народную Рэспубліку.

У 1920-х гадах, як прыгадвае Зоська Верас, сям’я Сталыгваў жыла ў Вільні. Але ад беларускасці яны адыйшлі, таму „спатыкацца з імі не было ахвоты”.

Пра Віктара Галаўню звестак захавалася мала. Вядома толькі толькі, што ён быў шчырым беларусам, прымаў удзел у самых розных мерапрыемствах, якія праводзілі студэнты-беларусы Варшаўскага ўніверсітэта. Застаюцца невядомымі лёсы Альбіна Яхандовіча, Ванды Кандрацкай і Марыі Залескай. Калі шукаць звесткі пра Ванду Кандрацкую, то яна пісалася і Ванда Авуля-Кандрацкая, а пазней і Ванда Ястшэмбская.

Прафесар Мікола Хаўстовіч у сваёй кнізе „Даследаваннні і матэрыялы: літаратура Беларусі XIX—XX стагоддзяў” (Варшава, 2017. С.211) апублікаваў пісьмо Рамуальда Зямкевіча да Аляксандра Ельскага. У пісьме Зямкевіч даслаў Ельскаму ў 1912 годзе і фотаздымак, які сёння публікуецца. Гэты здымак даследчыкам даўно вядомы, але справа не ў гэтым, а ў тым, што Рамуальд Зямкевіч падпісаў усіх, хто знаходзіцца на фотаздымку. Сярод якіх прысутнічае і Марыя Залеская. А вось гісторык Юры Туронак, пішучы пра Гальяша Леўчыка („Беларускі каляндар”, Беласток, 1980), прыгадвае там Марылю Залеўскую. Таму паўстае пытанне: якое сапраўднае прозвішча было ў Марыі (Марылі) Залеская ці Залеўская?

Сярод сяброў Беларускага гуртка ў Варшаве ёсць і Язэп Гапановіч (1883-1961). Родам Язэп Гапановіч быў з Будслава. Перад Першай сусветнай вайной знаходзіўся ў Варшаве, з’яўляўся сябрам гуртка. Пасля Першай сусветнай вайной ці напярэдадні яе вярнуўся ў Будслаў, там прымаў удзел у беларускай кааперацыі. А потым зноў прыехаў у Варшаву, быў намеснікам старшыні Беларускага Нацыянальнага камітэту ў Варшаве. Пачаў займацца бізнэсам, меў нават сваю ўласную цагельню. У другой палове 1930-х гадоў Язэп Гапановіч заснаваў і ўзначаліў Беларускае асветнае таварыства ў Варшаве. Ён шмат дапамагаў у Варшаве беларусам, прафінансаваў зборнік вершаў Станіслава Станкевіча „З майго ваконца”, які выйшаў з друку ў Вільні ў 1928 годзе.

Пасля Другой сусветнай вайны Язэп Гапановіч жыў у Варшаве, прымаў удзел у Варшаўскім аддзеле Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). Памёр 20 мая 1961 года.

Вітольд Віславух (1892-1984) і Францішак Віславух (1896-1978) – родныя браты. Іх бацькі Антон і Севярына Віславухі былі даволі адукаванымі людзьмі. Бацька займаўся гісторыяй, маці пісала вершы, любіла маляваць. Вітольд і Францішак нарадзіліся ў маётку Пырковічы Кобрынскага павета (цяпер Драгічынскі раён). Вітольд актыўна ўдзельнічаў у беларускіх арганізацыях Варшавы, ведаў некалькі замежных моў, працаваў выкладчыкам.

Францішак Віславух вучыўся ў Варшаўскай школе прыгожых мастацтваў, прымаў удзел у польска-савецкай вайне 1920 года, а таксама ў Другой сусветнай вайне. Пасля вайны пераехаў жыць у Лондан. Там і пражыў усё жыццё. Пісаў кнігі, а такія выданні, як „Opowiadania poleskie” (Londyn, 1968, Warszawa, 1994), „Echa Polesia” (Londyn, 1979), „Na ścieżkach Polesia” (Londyn, 1976) — гэта своеасаблiвая малая энцыклапедыя Палесся 1930-х гадоў.

Сярод сяброў гуртка беларускай моладзі на здымку ёсць і Людвік Славінскі. Ён родам быў з Ружанаў. Пісаў вершы па-беларуску і па-польску. Дзіўна тое, што некалькі вершаў Людвіка Славінскага на беларускай і ў перакладзе з польскай мовы трапілі ў рукапісны зборнік Гальяша Леўчыка „Жаўранак беларускі”. Гэта зборнік так і не выйшаў з друку, а яго машына-рукапісны вырыянт знаходзіцца ў аўтара гэтага матэрыялу…

Здаецца я прыгадаў усіх, хто сфатаграфаваны на гэтым старым фотаздымку, і хто сто гадоў таму стараўся не згубіцца ў Варшаве і не страціць любоў да Бацькаўшчыны і да роднай мовы.

 

Сяргей Чыгрын