Лекі з поля і лесу
Д’яблава рабро, ostrożeń warzywny (Cirsii oleracei Herba), бадзяк, чартапалох па-нашаму мае цудоўную і проста магічную моц! Сапраўды, выкарыстоўваўся здаўна ў магіі. Лічылася, што мае ён ахоўныя сілы і адчыньвае загаворы і праклёны. Гэту расліну выкарыстоўвалі чараўніцы! Прыбіраў ён чары, навеяныя злымі людзьмі. Ванна з адварам асвяжае, «цягне» хваробы і злых духаў з цела. Пасля купання ў адвары чартапалоху ў ванне застаецца «смецце», пясок ці нават нейкае жэле, на паверхні вады з’яўляюцца нейкія тлустыя плямы. Пасля ванны здаровага чалавека «без праклёнаў» вада празрыстая і не мяняе свой знешні выгляд. Ваду з балеі вылівалі на скрыжаванні дарогі ці ў адасобленае месца, каб «хвароба не пайшла да іншых». У ванну часам дадавалі дробку солі ці святой вады.
Настойкай чартапалоху можна прамываць твар і рукі, без выкарыстання мыла, таму што мае ён ачышчальнае дзеянне. Для таго, каб атрымаць настой, 1 сталовую лыжку травы заліць адным кубкам кіпячай вады і варыць каля 15 хвілін. Працадзіць і ўліць у ванну. Або заліць кіпнем, настаць і выпіць. Смачна і карысна!
Можа займаць значныя прасторы лугоў. Раней ён лічыўся пустазеллем, бо расце буйна, «топіць» суседнія расліны. Лёгка есца быдлам. Для корму падыходзяць толькі маладыя расліны – яны ўмацоўваюць стрававальную сістэму жывёл. Коні, якіх кармілі маладым чартапалохам, мелі гладкую і бліскучую скуру. Расліна даволі распаўсюджаная ў нас. Расце ў лесе на лугах, на палях, на пашах, аблагах, рачных далінах. Любіць вільготную глебу. Верхняя частка расліны і лісця ахінае бутон кветкі, жоўта-зялёнага колеру. Зелле збіраць у перыяд цвіцення або плоданашэння. Найлепш збіраць лісце і верхнія часткі парасткаў, таму што сцёблы цяжкія і доўга сохнуць. Зелле даступнае ў крамах з лячэбнымі зёлкамі (ostrożeń warzywny).
Па дадзеных літаратуры, зелле чартапалоху можа быць выкарыстана дадаткова для ачысткі ад таксінаў. Прадухіляе галаўныя болі, выпадзенне валасоў і перхаць. Ванна асвяжае, выцягвае хваробу з арганізму…
Актыўныя інгрэдыенты чартапалоху складваюць па меншай меры, 7 флаваноідаў, м.інш. лінарын, пекталінарын, трытэрпены, фітастэрыны, дубільныя рэчывы, пектын, вуглевадароды, смолы, эфірныя алеі і мінеральныя солі.
Выкарыстанне ў медыцыне. Чартапалох мае ўласцівасці дэтаксыфікацыі і жаўцягонныя. Фенольныя кіслоты і флавонаіды абараняюць ад цырозу печані і яе стлушчэння. Выкарыстоўваецца ў прафілактычным лячэнні жоўцекамянёвай хваробы, запаленні печані і жоўцевага дэфіцыту. Адносіцца таксама да запаленчых захворванняў дванаццаціперснай кішкі, страўніка, узмацняе рэгенерацыю клетак печані. Мае проціпухлінныя ўласцівасці. Падтрымлівае абмен рэчываў, паскарае выдаленне шкодных рэчываў з арганізму. Зніжае ўзровень цукру ў крыві. Дзейнічае супраць запаленняў у страўнікава-кішачным тракце. Паніжае залішні рост кішачнай флоры, рэгулюе ўспрыманне рэчываў у тонкім кішэчніку. У народнай медыцыне выкарыстоўваюць яго як сродак супраць рэўматычных захворванняў і для паляпшэння стрававання. Мыццё валасоў у адвары прадухіляе аблысенне. Выкарыстоўваўся пры хранічных скурных захворваннях, лячыў запаленне вачэй і насавых бакавых пазух. Валодае антыбактэрыяльнымі і супрацьгрыбковымі ўласцівасцямі. Экстракты выкарыстоўваюцца нават у якасці фактараў, якія падтрымліваюць лячэнне рака.
Ужыванне ў кухні. Карэнішчы і маладыя расліны – смачная гародніна. Іх можна ўжываць цэлыя звараныя, рыхтаваць як гародніну або свежараздробнены і выкарыстоўваць у якасці дадатку да салат. Мае высокую пажыўную каштоўнасць, у сухім рэчыве ёсць бялок, кальцый, калій і магній. З насення можа быць атрыманы алей. У часы голаду зелле чартапалоху ўжывалі як гародніну. Маладыя галінкі і лісце выкарыстоўвалі для прыгатавання баршчу.
Ужыванне ў фармацэўтыцы. Выкарыстоўваецца ў фармацэўтычных і касметычных прэпаратах для паправы стану скуры. На працягу сотняў гадоў трактаваўся як натуральны антыбіётык, які выкарыстоўваўся пры запаленнях і скурных захворваннях. (лук)
Працяг будзе