„Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць” – так пачынаецца вядомая і папулярная таксама ў нас песня з рэпертуару славутых „Песняроў”. Была яна запісана ажно ў 1981 г. Пасля сталі яе спяваць таксама іншыя выканаўцы, напр. Сябры, Данчык ці сучасны гурт Рэлікт. Музыку склаў Ігар Лучанок на словы верша „Жураўлі на Палессе ляцяць” (такі ж загаловак і песні) Алеся Ставера (1929-1995). Народжаны на Віцебшчыне беларускі паэт, празаік і драматург напісаў яго яшчэ недзе ў канцы 60-х, пачатку 70-х гадоў. Верш увайшоў у зборнік „Жураўлі ляцяць” (1972).
Невыпадкова распісаўся я тут пра гэтую песню, якая вельмі кранае душу і заклікае з усяго сэрца любіць Беларусь, якую „не заменіш нічым і нідзе”. Вядома, мы як беларусы з Беласточчыны павінны аднесці гэта і да сваёй малой айчыны. Аднак, рэч у тым, што кранаючыя душу радкі аўтар склаў паўвека таму, у глыбокі савецкі час, калі былі шчыльна зачынены межы, і мала хто мог наведаць тыя ж „розныя краі”. Пасля развалу Савецкага Саюза паступова адкрыліся межы. З таго часу беларусы – хто толькі можа – масава ездзяць па свеце, найбольш у Польшчу, таксама ў Расію. Дзякуючы гэтаму маюць яны магчымасць на свае вочы пабачыць іншыя краіны. Больш і больш беларусаў з’язджае на доўга, а то і цалкам. Сентымент, які б’е з песні „Жураўлі на Палессе ляцяць”, прайгрывае з цвёрдымі рэаліямі жыцця, бо людзі з’язджаюць проста для большага кавалка хлеба. Дарэчы, як і многія з нашых на Беласточчыне. Прытым узровень жыцця ў Беларусі адназначна ніжэйшы чымсьці ў Польшчы.
Апошнім часам даволі часта езджу ў Ваўкавыск і Гродна. За кожным разам уважліва прыглядаюся звычайнаму там жыццю і параўноўваю гэта з Беласточчынай, Польшчай як і захадам Еўропы, куды трохі таксама ўжо паездзіў.
Напрыканцы верасня мае супрацоўнікі па трансгранічнай праграме з Ваўкавыска запрасілі мяне як іх партнёра з Міхалова да ўдзелу ў канферэнцыі ў Гродне. Сарганізаваў яе Еўрарэгіён Нёман, каб пазнаёміць зацікаўленыя суб’екты з Беларусі з магчымасцямі атрымання грошай з Еўрапейскага Саюза. Праўда, я асабіста нічога новага не даведаўся, але пры нагодзе ўпершыню мог пабываць у легендарным гродзенскім Універсітэце імя Янкі Купалы, бо там менавіта праходзіла канферэнцыя. Падчас перапынку, карыстаючыся нагодай, запытаў я некаторых удзельнікаў, як жывецца цяпер у Беларусі. – Церпім, – пачуў я з адказ. Адзін дзядзька, які прыехаў недзе з Берасцейшчыны, стаў крыху наракаць на дарагія цэны ў магазінах і „невялічкія” ўвесь час зарплаты. Нашай размове прыслухоўвалася жанчына з Мінска. Для яе, сказала, матэрыяльны бок жыцця не такі істотны, як супакой у краіне. – Не дай Бог, каб у нас натварылася тое, што ва Украіне, – патлумачыла сваё стаўленне да жыцця.
Мае суразмоўцы на працягу мінулай чвэрці стагоддзя неаднойчы пабывалі ў Польшчы. Тым, што за гэты час прайшло ў іх заходніх суседзяў, яны выразна захоплены. Я, вядома, пацвердзіў, што людзям у Польшчы жывецца цяпер намнога лепш як пры „камуне”, але да заходнееўрапейскага дабрабыту нам яшчэ далёка. А параўноўваць узровень жыцця ў іх і ў нас не так ізноў проста з увагі на цалкам іншыя палітычныя і эканамічныя сістэмы абедзвюх дзяржаў.
Паколькі ў Польшчы вытворчасць тавараў, паслугі і гандаль амаль поўнасцю прыватныя, то ў Беларусі прыватны сектар гэта ўсяго трэць эканомікі краіны. Прэзідэнт асабіста і рукамі магутнага шматтысячнага апарата чыноўнікаў сваёй адміністрацыі ўручную кіруе беларускай эканомікай. І, папраўдзе, у яго руках бюджэт дзяржавы. Аляксандр Рыгоравіч пры дапамозе абласных і раённых уладаў аб перадусім аддзелаў кіравання справамі Прэзідэнта стаіць над дырэктарамі прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў, наказваючы ім прадукаваць так, каб усяго хапала, прытым каб тавары былі якасныя і па „нармальных” цэнах. Але часта гэта аказваецца немагчымым. Такая наказная мадэль кіравання ў практыцы проста не спрацоўвае. Бо прыбытак з прадукцыі і так трапляе ў значнай частцы ў бюджэт дзяржавы. Каб атрымаць назад грошы, бо фабрыкі і прадпрыемствы трэба ж мадэрнізаваць, ужо не так проста. Ну і зарплаты дырэктараў і работнікаў у невялікай ступені залежаць ад выпрацаванага даходу. А людзей звальняць з працы там так сабе немагчыма. Таму існуе скрытае беспрацоўе – работнікаў у фабрыках бывае больш як іх там трэба.
У выніку такой сістэмы цэны ў магазінах аднолькавыя, а то і большыя чымсьці ў Польшчы, а зарплаты ў сярэднім удвая меншыя. Гэтую розніцу ў нейкай ступені кампенсуюць ніжэйшыя там цэны камунальных паслуг, газу, электраэнергіі і паліва. Для прыкладу, літр бензіну ў Беларусі таннейшы на залатоўку. Калі неўзабаве запусцяць атамную электрастанцыю, якую будуюць каля Астраўца, цэны на электраэнергію для насельніцтва маюць быць яшчэ ніжэйшыя. Улады ўжо цяпер заахвочваюць сваіх жыхароў, каб пераходзілі з газавага абагравання на менавіта электрычнае.
Дзякуючы суроваму дзяржаўнаму кантролю ў Беларусі прадаецца ў магазінах адносна якасная, здаровая і смачная ежа, прычым у ста працэнтах радзімай вытворчасці. Вяртаючыся дахаты заўсёды купляю беларускі хлеб. Ён даволі смачны і прыемна пахне. Каштуе столькі што і ў нас, але ў нас такога не купіш. Уявіце сабе, што з вераснёўскай паездкі прывёз я дахаты велізарны бохан чорнага хлеба і можна было яго есці яшчэ нават праз тыдзень. Калі ў сваёй краме купляю хлеб ці булкі, то ўжо на другі дзень немагчыма іх есці. Нават не чарсцвеюць як калісь, а проста рассыпаюцца на парашок.
У Беларусі смачнейшая чым у нас таксама каўбаса. Яна дарагаватая, даражэйшая як у нас, але вартая сваёй цаны. Справа ў тым, што не перавязеш гэтага праз мяжу. Польшча забараніла прывоз адтуль мясных прадуктаў з увагі на афрыканскую свіную чуму.
Значыць, Беларусь здольная прадукаваць якасныя рэчы і можна было б іх экспартаваць у Польшчу і Еўропу. Нічога з гэтага, аднак, у бліжэйшы час не будзе з увагі на палітычныя перашкоды. Пакуль Беларусь не правядзе эканамічных рэформаў, узровень жыцця будзе там ніжэйшы чымсьці ў нас. І штораз больш людзей будзе з’язджаць за мяжу, шукаючы лепшых умоў для жыцця. Таму сістэмныя змены ў Беларусі непазбежныя. Пытанне толькі, калі гэта будзе. Што ж, беларусы гэта народ надта цярплівы…