Календарыюм (11/2017)

Лістапад – гадоў таму:

445 – 12.11.1572 г. у Заблудаве памёр Рыгор Хадкевіч, гетман Вялікага Княства Літоўскага, выдатны беларускі дзеяч, апякун супрасльскай лаўры, заснавальнік у Заблу­даве першай на Падляшшы друкарні, а таксама манастыра, школы ды шпіталя.

300 – 20.11.1717 нар. Георгій (пам. 13.02.1795 г.), праваслаўны архіепіскап магілёўскі. Аўтар вершаў, пропаведзяў.

275 – 6.11.1742 г. нар. Фабіян Саковіч (пам. каля 1787 г.), паэт, перакладчык, пэдагог.

205 – 14.11.1812 г. у Крошыне нар. Паўлюк Багрым, каваль, беларускі паэт.

165 – 13.11.1852 г. у Пецярбурзе пам. Іван Грыгаровіч (нар. 6.09.1792 г. у Прапойску), архео­граф, гісторык, аўтар „Беларускай іерархіі”, складаў слоўнік беларускай мовы.

155 – 6.11.1862 г. у фальварку Якушоўка памёр Віктар Каліноўскі (нар. 21.04.1833 г. у Мастаўлянах, пахаваны на старых могілках у Сьвіслачы), брат Кастуся. Быў членам Віленскай археаграфічнай камісіі і адным з пачынальнікаў рэвалюцыйнага руху.

150 – 27.11.1867 г. у Пінску нар. Іван Жалтоўскі (пам. 16.07.1959 г.), архітэктар, акадэмік, педагог.

140 – 13.11.1877 г. у Маскве
нар. Мікалай Нікольскі (пам. 19.11.1959 г.), гісторык, прафэсар БДУ у Менску.

135 – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мінску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.

130 – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.

130 – 6.11.1887 г. у фальварку
Запольле, Слуцкага павету нар. Радаслаў Астроўскі, грамадзкі дзеяч, настаўнік. У 1924-1936 гг. быў дырэктарам Віленскай Беларускай Гімназіі, з 1928 г. па 1936 г. прапагандаваў ідэі супрацоўніцтва з санацыяй. У сьнежні 1943 г. стаў прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады. З 1956 г. жыў у ЗША. Быў галоўным ідэолягам „бэцээраўскай” плыні беларускай палітычнай эміграцыі. Памёр 17.10.1976 г.

120 – 10.11.1897 г. у Бельску на Падляшшы нар. Якаў Бранштэйн (расстраляны саветамі 29.10.1937 г.), крытык і літаратуразнавец.

115 – 14.11.1902 г. на хутары Падсосна Дзісьненскага пав. нар. Міхась Машара (пам. 7.06.1976 г.), пісьменьнік, дзеяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі.

110 – 30.11.1907 г. у в. Грэлікі Вілейскага павету нар. Мікалай Лапіцкі, царкоўны дзеяч, сьвятар з 1934 г. (пачаткова ў Ашмяне). Удзельнік усебеларускага царкоўнага сабору ў 1942 г. на якім было абвешчана стварэньне Беларускай Аўтакефальнай Царквы. З 1944 г. у эміграцыі, настаяцель прыходу сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры (ЗША). Памёр 8.08.1976 г., пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рывэры.

105 – 6.11.1912 г. у фальварку Мачульня, Наваградзкага павету  нар. Віктар Войтанка, грамадзкі дзеяч, сьвятар, лекар. Выпускнік мэдычнага факультэту Віленскага Унівэрсытэту, член Беларускага Студэнцкага Саюзу. У час нямецкай акупацыі быў бурмістрам Баранавічаў, заснавальнікам мэдычнай школы ў Баранавічах. Пасьля вайны жыў у ЗША. У 1969 г. стаў (пасьля сьмерці бацькі) сьвятаром Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, быў актыўным грамадзкім дзеячам. Памёр 25.04.1972 г.

85 – 15.11.1932 г. была адкрыта ў Менску Беларуская Кансэрваторыя.

80 – 1.11.1937 г. у Менску быў расстраляны Філарэт (Фёдар Раменскі, нар. у 1880 г.), праваслаўны сьвятар, епіскап. Адзін з ініцыятараў абвяшчэньня ў 1927 г. Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы.

80 – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.

80 – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

75 – 10.11.1942 г. памёр Сымон Баранавых (Баранаў), нар. 1.09.1900 г. у в. Рудкова Узьдзенскага раёну, беларускі пісьменьнік. У 1936 г. быў арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў.

65 – 9.11.1952 г. памёр Хаім Вэйцман (нар. 27.11.1874 г. у Моталі на Палесьсі), першы прэзыдэнт Ізраіля, вучыўся ў Пінску.

35 – 16.11.1982 г. пам. Андрэй Макаёнак (нар. 12.11.1920 г. в. Борхаў Рагачоўскага раёна), беларускі драматург.

20 – 5.11.1997 г. у Саўт-Рывэры (ЗША) пам. Сьвятаслаў Коўш (нар. 25.12.1916 г. у Разані, падчас бежанства), рэлігійна-грамадзкі дзеяч, пісьменьнік. Выпускнік юрыдычнага факультэту Віленскага Унівэрсытэту. Член Беларускага Студэнцкага Саюзу. У час нямецкай акупацыі быў старшынёй павету ў Клецку. Пасьля вайны арганізаваў між іншым Беларускую Гімназію й пачатковую школу ў лагеры ў Ватэнштаце (Нямеччына). З 1949 г. жыў у ЗША. 6.02.1969 г. высьвячаны ў сьвятары, быў настаяцелем многіх праваслаўных беларускіх прыходаў. У 1977 г. стаў адміністратарам праваслаўных беларускіх прыходаў ЗША й Канады, якія падлягаюць юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. Рэдагаваў праваслаўны часопіс „Царкоўны Сьветач” (1976-1988). Памёр 5.11.1997 г.

Апрацавалі
Лена Глагоўская
і Вячаслаў Харужы