Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара

У лістападзе ў Беларусі ўказам прэзідэнта была ўведзена лібералізацыя закона ў галіне прадпрымальніцтва. Такім чынам стала надта спрошчанай рэгістрацыя фірмаў ды палепшыліся ўмовы іх дзейнасці. Справа ў тым, што ў краіне, дзе 70 прац. эканомікі з’яўляецца ўласнасцю дзяржавы, ёсць шмат нявыкарыстаных рэсурсаў у выглядзе апусцелых фабрык ды свабодных зямельных участкаў. Абласным і раённым ўладам загадана знайсці для іх гаспадароў з націскам на замежных інвестараў. Як гэта выглядае ў практыцы, нядаўна я мог пабачыць на прыкладзе ініцыятывы адміністрацыі Ваўкавыскага раёна.

У канцы лістапала ў горадзе над Ваўкавыяй прайшоў эканамічны форум „Крок насустрач”, на які былі запрошаны патэнцыяльныя інвестары з Польшчы. Рэкамендаваў іх Падляшскі клуб бізнесу ў Беластоку. Яго прадстаўнік, Рышард Івашкевіч (ён уласнік гатэлю ў Аўгустове) сказаў, што эканамічныя кантакты паміж фірмамі з Падляшша і Беларусі „ўрэшце набіраюць больш канкрэтных кшталтаў”. Дзякуючы за запрашэнне прызнаўся, што паездка ў Ваўкавыск гэта для яго таксама сентыментальнае падарожжа – таму, што тут доўгія гады жыла яго маці.

Мясцовы прадпрымальнік, уласнік транспартнай фірмы, што развозіць тавары па Еўропе і Азіі, пацвердзіў, што ў Беларусі апошнім часам палепшыліся ўмовы для прыватнай гаспадарчай дзейнасці. Сказаў, што калісь крэдыты былі апрацэнтаваныя на 360-400 прац., а цяпер усяго на 12 прац. Раней не было ў краіне таксама дастатковай акцэптацыі для бізнесу так з боку дзяржавы, як і грамадства. Таму часам пра сваю дзейнасць лепш было наогул не прызнавацца нават суседзям. Прадпрымальнік выказаў задавальненне, што гэта памянялася, а з польскімі партнёрамі можна цяпер весці раўнапраўны дыялог.

Уласніца беластоцкай швальнай фірмы, што нядаўна адкрыла свой філіял у Ваўкавыску і стварыла такім чынам дваццаць месцаў працы, хваліла сваіх беларускіх працаўнікоў за іх працавітасць і ветлівасць. Прызналася, што імпульсам было для яе тое, што пачала браць на працу грамадзянкі Беларусі. Звярнула ўвагу на недалёкую адлегласць паміж Беластокам і Ваўкавыскам, бо „70 kilometrów to błysk”, а было б яшчэ хутчэй, „żeby nie problemy na granicy”. Заахвочвала інвеставаць у Беларусі, бо для польскіх фірмаў такі крок пашырае рынак збыту для тавараў далёка, далёка на ўсход, на Расію і Азію.

Я, аднак, неафіцыйна даведаўся, што польская прадпрымальніца адкрыла ў Беларусі аддзел сваёй фірмы з думкай найперш пра рабочую сілу для базавага прадпрыемства ў Беластоку. Цяпер у Польшчы, вядома, ёсць праблемы знайсці працаўнікоў. Таму ваўкавыскія швачкі, як толькі крыху яны падвучацца, кабета адпраўляе на працу ў сябе ў Беластоку. Ім гэта таксама выгадна, бо ў Польшчы нават мінімальная зарплата нашмат большая як заробкі ў Беларусі.

Адна ўдзельніца форума прывезла з сабою бізнесовага партнёра з Галандыі. Прадставіла надта канкрэтную прапанову, кажучы што гатовы яны заінвеставаць у Беларусі 200 млн еўра. Цікавіла іх экалагічная энергетыка. Патрабуюць 30 гектараў зямлі для фотавальтаікі – размяшчэння аграмаднай колькасці панеляў перапрацоўваючых сонечную энергію на электраэнергію. Адразу пасля форума былі праведзены бізнесовыя размовы з беларускімі спецыялістамі па энергетыцы. Польская бізнес-вумен, асабліва яе замежны партнёр, не надта былі імі задаволеныя. Справа ў тым, што г.зв. аднаўляльная энергія ў Беларусі не ёсць яшчэ такой прыярытэтнай як у Польшчы і Еўропе. Да таго цана электраэнергіі там яшчэ намнога ніжэйшая, а мае быць яшчэ меншая пасля запуску атамнай электрастанццыі пад Астраўцом. Інвеставанне ў фотавальтаіку не прынясе затым вялікага прыбытку з продажу электраэнергіі дзяржаве і такая інвестыцыя наўрад ці нават звернецца праз трыццаць гадоў (на столькі часу акрэслена прадуцэнтамі трываласць панеляў). Таму інвестары, што прыехалі ў Ваўкавыск, хутчэй за ўсё схочуць размясціць такі бізнес у Польшчы.

Але негледзячы на ўсё Беларусь фактычна выходзіць насустрач замежным інвестарам. Звольнены яны з прыбытковага падатку за сем гадоў, а гектар зямлі пад інвестыцыі могуць яны купіць за смешную цану 130 долараў (праўда, не на ўласнасць, толькі на вечнае карыстанне). Ваўкавыскі райвыканкам, як арганізатар форума, прадставіў каля дваццаці прапаноў перадаць на такіх умовах нерухомасці ў раёне пад інвестыці. Гэта апусцелыя будынкі, пабудавныя ў савецкі а то і царскі час – м.інш. кірпічны цэх (цагельня), даўні шпіталь, некалькі вясковых дамоў культуры, школьныя і дашкольныя комплексы, асяродкі здароўя, санаторый ці шпіталь. Для прыкладу, санаторый („водалячэбніца”), якога плошча 300 квадратных метраў і 0,3 га зямлі вокал, выстаўлены на продаж за ўсяго 4953 беларускіх рублёў (10 тыс. зл). А паліклініку, якая пабудавана была яшчэ ў 1912 г., 342 кв.м. плошчы з участкам 0,1 га, можна купіць у дзесяць раз танней. Гэта практычна дарма. Але выстаўленыя на продаж будынкі гэта ўжо практычна руіны. Каб іх адрамантаваць, трэба часам укласці больш грошай, чымсьці на пабудову новых.

Прысутныя на форуме прадстаўнікі Падляшскага клуба бізнесу прапановы беларускага боку ўспрынялі памяркоўна. Заахвочвалі польскіх інвестараў, аднак, пацікавіцца імі. Адміністрацыя райвыканкама аказвала адкрытасць, заахвочваючы да часцейшых візітаў. Чыноўнікі сказалі, што гатовы падшукаць іншыя прапановы і не толькі ў сваім раёне. Пераконвалі, што варта інвеставаць у Беларусі і давалі прыклады фірмаў з замежным капіталам з Ваўкавышчыны.

Польскія фірмы ўважліва прыглядаюцца, пакуль, магчымасцям заінвеставаць грошы ў Беларусі. Пабойваюцца, што палітычная сітуацыя ў гэтай краіне можа памяняцца. Значыць, не адчуваюць дастатковай гарантыі для тамашніх замежных інвестыцыяў.

Асабіста ведаю некалькіх прадпрымальнікаў з Падляшша, якія здаўна вядуць бізнес з беларускімі партнёрамі. Адны з усходу прывозяць калоды дрэў, таксама зрубкі да кацельняў. Іншыя купляюць там вугаль, цэмент, угнаенні і розную сыравіну для польскіх а то і еўрапейскіх прадпрыемстваў. Грошы зарабляюць, вядома, дзякуючы розніцы цэн на гэтыя тавары.

Шкада, што сярод такіх прадпрымальнікаў надта мала нашых, беларусаў з Падляшша. Але здаецца прыйшоў момант, каб рызыкнуць. Так як рызыкнулі „нашы хлопцы” на пачатку дзевяностых гадоў. Праўда, для некаторых скончылася гэта сур’ёзнымі праблемамі, як было гэта ў выпадку бельскіх фірмаў Амега і Фарм-Агра. Але Пронар з Нарвы, які тады на бізнесе з Беларуссю зарабіў вялікія грошы, разросся вось да размераў канцэрна. У лістападзе у Гайнаўцы адкрыты быў ужо дзесяты на Падляшшы яго філіял. Пронар дае працу каля 2 тысячам жыхароў нашага рэгіёна, у тым ліку шмат беларусам. Варта ўспомніць, пра што мала хто сёння ведае, што галоўны ўласнік Пронара разгарнуў свой бізнес у значнай меры дзякуючы дапамозе беларускіх дзеячаў з Падляшша, якія пасрэднічалі тады ў кантактах на ўрадавым узроўні ў Мінску. Узамен фірма з Нарвы мела ўспамагчы нашы арганізацыі. Спадзяванні былі вялікія, але падтрымка аказалася не такой, на якую мы разлічвалі. Ну, што ж, у бізнесе сентыментаў няма, але ўсё-такі добра, што Пронар разрастаецца, даючы месцы працы, а для гмінаў немалыя грошы з падаткаў.